У Гаравацкай пушчы часта пераклiкалiся совы, а ў вёсцы не гарлапанiлi яшчэ першыя пеўнi. На чыстым зорным небе рагацiнай вырысоўваўся гiгант Архiп. Лагодны заходнi ветрык ледзь варушыў лiсьцямi дрэваў. Паважна й таямнiча пахiлiўся паточаны шашалем крыж. Дзесьцi на гасьцiнцы ў лесе затарарахалi па карэньнi калёсы, а ў Лiтоўцах спрасоньня лена загаўкаў сабака. Хто там на гасьцiнцы ў гэту пору ехаў? Палiцыя, цi хто? На станцыi ў Гацях, як заўсёды, кiпеў нiколi няспынны рух. Калi мясцовае насельнiцтва спала за пазачынянымi загадам дзьвярмi, на вулiцах, чыгунках i дарогах гаспадарылi людзi ў мундзiрах.
Апрануты ў летнюю сьвiтку, Антось абмацаў нож за пазухай, выцягнуў зь кiшэнi й пачаў смактаць сакавiтую, што проста таяла роце, ранэтку ды цэлы час пiльна ўзiраўся ў адзiн пункт. Калi гэты недабiтак задумае наведаць бацькоў, дый калi мае прыйсьцi па яго, каб яму «лясьнiчоўка бокам вылезла», дык гэта, здавалася, адзiная дарога, на якой яго неспадзеўкi можна злавiць. Знаў Антось гэту Гаравацкую сьцежку, што вяла ў пушчу, як сваю даланю. Ведаў на ёй кажны гарбок, ламень, ямiнку, кажную пахiльнасьць цi зьмяiную крутасьць. А месца сабе выбраў такое, што падарожнiк нiяк не спасьцеражэ. Прылёгшы-ж збоку, яго можна вельмi лёгка асачыць. Iншая рэч, калi-б чалавек з сабакам зьявiўся. Тады небясьпечна. Але ў запасе меў наган. А тымчасам сядзеў на камянi, кусаў ранэтку й думаў.
Насамперш — Нiна. Калi-б зацяжарыла, цi ня прызналася-б яму? Дый вiдаць было-б, як папаўнела-б. А жанчына дамагалася, каб шлюб узяць ды ўжо не намякала, а проста патрабавала, каб дзiця мець.
— Я з гэным старым лунем колька пражыла… Ён, аказваецца, толька сiлу цяглавую хацеў мець, а не сям'ю. А ты што? Дзяцей баiшся?
Нязручнае становiшча. Трэба было тлумачыць тое, пра што Нiна слухаць не хацела.
— Нiначка, любая мая, — пачынаў лагодным, цiхiм голасам. — Цi ты ўжо забылася, як мы проста зь пекла выратавалiся? Цi цяперака той час, каб дзяцьмi абзаводзiцца?
— Што гэта ты ўсё не перастаеш пра гэна пекла? Выратавалiся, ну й дзякуй Богу. Але-ж цяперака жыць ды дзяцей мець трэба.
Жанчына ў сьлёзы кiдалася. «Бабы, дурасьць. Як гэта да вас гаварыць, каб вы ладам жыцьцё скумекалi?» — разважаў у думках Антось.
— А цi ня вiдзiш ты, што робiцца? Як гэта цяперака дзiця на сьвет пушчаць? Сабе рукi зьвяжаш. Навалач нячыстая людзей б'ець, спакою нi даець, жыўцом палiць. Самiм можа яшчо прыйдзецца гняздо пакiдаць… А тады як зь дзiцём?
I намагаўся спатолiць каханую жанчыну цалункамi, абяцанкамi. Цяжэй было вытлумачыць ей, чаму ад некаторага часу, даведаўшыся ад Захарука пра Лявона, у гумно спаць хадзiў. Справа простая. Таго шалапута, самога цi зь кiм, помсты прагнага, калi зьявiцца ў двор зь вiзытаю, прывiтае Ромка. Антось, каторага Лявон будзе спадзявацца знайсьцi з жонкай у пасьцелi, атрымае ў рукi iнiцыятыву. Нiна зразумела й больш ня лiпла з назойлiвымi пытаньнямi.
— Ну а калi ён, цi яны прыйдуць у хату, тады мне што рабiць?
— Ромка разбудзiць. Ня бойся. Старайся задзержыць iх, у плач кiнься, цi што, займi iх. А я, — увiдзiш, — прылаўллю iх сукiных сыноў.
Неўзабаве Антосю ў галаву зусiм iншая думка прыйшла. Калi Лявон не жартаваў, - а на такiя жарты ён быў зусiм няздольны, — ды ляпнуў там нейкаму Барабоську пра свае намеры, дык усё-ж ня мог ён зусiм уцёмную ў Лiтоўцы йсьцi. Найлепш, — разважаў Дзяркач, — каб спанатрыць Шпунта, трэба паставiць сябе на ягонае месца. Ведаў таго як сваю пецярню. Значыцца, першае, Лявон Шпунт хоча мець Дзеркача ў сваiх руках. Калi пайсьцi ў Лiтоўцы, трэба ведаць што там робiцца, дзе жыве Дзяркач i што ён робiць. Як здабыць неабходныя весткi? Лiтоўцы не ляжалi ў бандыцкай зоне. Адылi пушча падходзiла да самага калiшняга хутару Лазоўскага, а адтуль, пераз Гараватку, да бацькую як рукой падаць. Дык чаму не пачаць некалi топтанымi сьцежкамi? Асаблiва для маткi вялiкая радасьць была-бы. Ня бачыла-ж дарагога сынка ад таго часу, як некалi ў лес есьцi яму насiла. Магчымасьць адведаньня Лявонам бацькоў была зусiм праўдападобнай. Гэткую думку быццам Паўлоўскi пацьвердзiў.
— Ты ведаеш, Антось, дзе цяпер Лявон Шпунт? — спытаўся не такi, як раней фанабэрысты солтыс.
— Лявон? — пацерабiў галаву Дзяркач. — Дык-жа казалi, што прапаў недзiка. А чаму я маю ведаць?
— Так сабе, можа што дзе чуў. Неяк мне здаецца падазроным, што быў-жыў чалавек i раптам яго нi стала, як пад зямлю прапаў…
— А чаму ён табе ў галаву прыйшоў? Калi хочаш што знаць пра яго то чаму табе старых Шпунтоў за язык нi пацягнуць?
— Стараўся цi раз раней, i ўчорака. Кажуць, што недзе зыйшоў ды ўсё. А пасьля сьцяной маўчаць. Вы-ж, пэўне, можаце дагадацца, кажу, дзе ён ёсьцiка. Дык скоса паглядаюць, як-бы ўквялiў я iх.
— Дык ты i ўчорака да iх хадзiў?
— Ага. Ведаеш, цiкава. Пазаўчорака за поўнач гэта было. Выйшаў я на двор, ня спалася мне, ды чую, што Шпунтоў сабачонак забрахаў. Брэшуць сабакi, вядома, на тое яны сабакi, каб брахалi. Але гэтта нешта ня тое. Брахаў гэты самы Шпунтоў сабака, а пасьля чую, што саўсiм голас пiрамянiў. Гэтак радасна пачаў пiшчэць, якраз так, як сабака робiць, калi некага блiзкага ўвiдзiць. Я тады й падумаў, што каго-ж такога свайго ён так позна ўночы спаткаў. Чаго ён так з радасьцi пiшчэў.
— Дык от, можа дзе стары Шпунт быў, ды дамоў вярнуўся? Кумекаiш?
— Стары? Куды яму ноччу цягацца? Ды я-ж знаю, што немач у яго.
— Немач, цi прытворы? Ну а калi нi старога Шпунта, дык каго сабака мог з радасьцяй вiтаць?
— Ты-ж сам падумай.
Мужчыны разумелiся з паўслова. Паўлоўскага пераказ пра сабаку паставiў Антося перад аднэй рэальнай магчымасьцю зь непрадбачнымi насьледкамi. Але чаму Лявон хвалiўся, што адпомсьцiць яму? Няўжо-ж мяркаваў, што гэта да Антосевых вушэй ня дойдзе? А можа п'яны быў?
Не давяраў Дзяркач Паўлоўскаму. Дзiравы шляхцiц мог нешта лёгка прыдумаць, каб яго, Антося, за язык пацягнуць. Усё-ж магчымасьць адведзiнаў бацькоў Лявонам цяжка выключыць.
Вярталiся старыя й назойлiвыя думкi. Усе добрыя людзi сьпяць. Ды цi толькi людзi. Сьпяць вунь i жывёлы, i птушкi й паўзуны ўсялякiя. Даў Бог час працаваць, даў i пару адпачываць, цi забаўляцца. Дык чаму-ж ён, Антось Дзяркач, ня сьпiць а падпiльноўвае на Гараватцы хлыста нейкага? Ды не, няпраўда, ня ўсе сьпяць. Вунь там у гэтай разьлеглай пушчы варушацца помсты прагныя, народнай бядой ненасытныя нiкчэмнiкi. Тыя, што кагадзе сябе «народнай уладай» называлi. А цяпер плянаваньне новых зьверстваў, рабункаў i забойстваў зганяе iм сон з павекаў. Тымчасам, вiдаць, над сваiмi адно ўмеюць зьдзеквацца, бо ня чуваць, каб яны дзе зь Немцамi ўдужкi бралiся. Быццам выклiканы, у ўяўленьнi стануў перад iм Кастусь Падгайскi, з каторым кагадзе даўгую гамонку меў.
— Памятай, Антось, Залатуху. Знаеш, што сталася. Вёску спачатку банды наведалi, пару дзяцюкоў да сябе сiлай забралi. Пасьля чыгунку ўзарваклi. Вёска ў чырвонай зоне ляжала. Немiц свае пляны маiць. А цi ты думаеш, што вашым Лiтоўцам нi пагражаiць такая самая цi падобная небясьпека? Яны-ж таксама пры самай зялезнай дарозе, значыцца ў чырвонай зоне ляжаць. I вось прадстаў сабе, што спачатку гэты Лявон Шпунт прыйдзiць да бацькоў. Нехта даведаецца. У вас-жа гэты самы дзiравы шляхцiц, значыцца даношчык пад бока. Ён, пэўня, вушамi стрыжэць, а для каго працуiць то гэта я табе ўжо казаў. Дый каля вашай вёскi нiдалёка ўжо раз рэйкi разьвiньцiлi Раз цi два прыйдуць цэлай бандай, вёску абрабуюць, можа мiну пад цягнiк падложуць, а там яшчо свае афiшкi параськiдаюць цi папанаклейваюць. Тады й хвашчыся. Яны ўжо пастараюцца, каб палiцыя на наступны дзень знала. I вось вёска трапiць у два агнi. А там ужо далей сам уявi што быць можыць.
— Ты думаеш, што такое можыць быць?
Падгайскi спахмурнеў, некаторы час маўчаў, а пасьля зноў пачаў роўным, зраўнаважаным тонам:
— Браток, Антось, я многа думаў пра тое, што можа быць. Уключу радыё на Маскву й што ты думаеш адтуль барабаняць? Яны цэлы час пра народную партызанскую вайну, от пра што. А цi ты знаеш што гэта паiхнаму значыць народная вайна? Гэта ня тое, што наськiдаць сваiх чэкiстаў, цi прывязуць якiя гатовыя палкi на парашутах, каб Немцаў бiлi. Не! Саўсiм не! Вядома-ж, спэцыялiстаў i палiтрукоў то яны ўжо ськiдаюць i вунь колька наськiдалi. Але заданьне iхнае, — i з гэтым яны ня скрываюцца, — змабiлiзаваць усiх нашых баяздольных людзей, значыцца ўсякага, якi стрэльбу можыць у руках дзiржаць. От як. А як гэта, ты думаеш, яны мабiлiзаваць будуць? Ты знаеш як бальшавiкi робяць. Ня пойдзеш дык кулю ў лоб. I м на наш народ напляваць. Цi тое, што яны справакуюць Немцаў, каб нашы вёскi палiлi разам зь людзьмi, цi тое, што Немцы будуць за аднаго свайго па сто нашых расстрэльваць, гэта, думаеш, iх абыходзiць? Наадварот. Кажу-ж, iм на нас напляваць. Мы чулi колька Сталiн людзей у Сiбiр на сьмерць пазаганяў пакуль свае праклятыя калгасы пазакладаў. А цяперака вайной, калi яго самога Немiц за горла схапiў…
Доўга сядзелi, разважалi, думалi.
— Што-ж рабiць? Трэба неяк арганiзавацца, баранiцца, — сказаў Антось.
— А ты думаеш, што нашы над гэтым ня думаюць? Вось хацеў табе расказаць, што нашыя ў Менску стараюцца самаахову арганiзаваць i даўно ў Немцаў парогi абiваюць. Самаахова, — як самое слова гаворыць, — значыць сваё войска для аховы, для абароны самiх нас. Я ўжо чуў, што быццам нашы атрымалi дазвол арганiзаваць свае батальёны самааховы, разумеецца пад нямецкай камандай. Недзе мусiм пачынаць, сваё войска трэба. А я спадзяюся, што як напор бальшавiцкiх бандаў узмоцнiцца дык Немцы ня дзе нi дзенуцца, нам i большую армiю дазволяць i аружжа дадуць. I тады такому, як табе, трэба туды было-б… Ну а да гэнага часу, сам ведаеш. Той Шпунт, каторага ты ня выканчыў, як у сваiх руках меў, табе, пэўня-ж, нi даруiць. Сам вiдзiш, што ня можаш у шапку спаць…
Упоцемку, сочачы за сьцежкай, Антось прыгадваў тую гамонку. Найцiкавейшае было пра самаахову. Калi-б яна зарганiзавалася, прыкладна, у Глыбокiм… Што тады? Пайсьцi? А як-жа зь мясцовай палiцыяй? Левандоўскi больш да яго не заглядаў. Мусiць ня было за што зачапiцца. Але што рабiць з гэтым Лявонам? Пагайскi слушна яму ўпiкнуў, што тады ў лесе басяка ня выканчыў. Як гэта сталася? Усяго адзiн патрон… Нiхто, апроч Янука, ня ведаў-бы, а гэты хлопец зусiм надзейны. Дык-жа не, у апошнi момант рука задрыжэла. Больш таго, яшчэ стрэльбу Лявонаву аб пень раструшчыў, плюнуў. Няйнакш нейкая нянавiсьць да гвалту, да прылады забойства на такi крок таўханула. А можа што глыбейшае, што ў беларускай сялянскай натуры сядзела. Памылка. Цябе за гэта ворагi не памiлуюць. Навет свае вырадкi сваймi-ж рукамi задушаць… I што рабiць з гэтым брыдой Лявонам, калi ў рукi трапiць? Цi яго палiцыi ў Гацях аддаць? I што з гэтага? Падзяку ад Левандоўскага атрымаеш? Фiгу. Падумае сабе, што калi ты гэтага басяка ўночы дапiльнаваў, дык чаму дзядзька такi спрытны, як ты, ня мог некалi Бронхэра забiць? Яшчэ прычэпiцца… Не, гэта выключана.
Каля Шпунтовага двара было цiха. Усьведамiўшы, што ўжо ноч на зыходзе, Антось устаў i мяркаваў, цi йсьцi дахаты. I тады раптоўна, амаль зьнiкуль, зьявiлася выдатная думка. Здалася такой надзвычайнай, што Антось аж зьдзiвiўся, як гэта яна раней яму ў галаву ня прыйшла. Ня трэба будзе болш спаць у гумне цi падпiльноўваць таго Шпунта ў Гараватцы. Нармальнае жыцьцё зноў пачнецца. Ня трэба будзе баяцца, што Шпунт цi iншая брыда якая яго ў пасьцелi зь Нiнай знойдзе. А кажны дзень, не ўкарацiўшы вартаваньнем злыдняў ночы, можна будзе спарней ля гаспадаркi папанатужыцца.
I зьдзiвiлася на наступны дзень Нiна, калi Антось, памяркаваўшы й расплянаваўшы ўсё, як належылася, дзiрку ў падлозе праразаць узяўся.
— Гэта што такое? — спыталася спакойна, бо ведала Антосеву разважлiвасьць.
— Нару рабiць буду, — усьмiхнуўся Дзяркач.
— Нару?
— Ага.
Нiна пазiрала на шчацiнай аброслы Антосеў твар i намагалася нешта вымяркаваць.
— Вiдзiш, як зраблю нару, тады пачну спаць з табой, у гумно на сена болей нi пайду. Калi сам ён цi зь кiм прыдзiць, тады я яго ў руках маю.
Нiна падумала i ўсьмiхнулася.
— Калi ён прыйдзiць, дык ты шмыг, як мыш, у нару?
— Нiхай сабе як мыш, — усьмiхнуўся Антось, але нi ад ката. I мая нара два выхады будзiць мець.
Колька ночаў, асьцярожна, каб нiхто зь вясковых не спасьцярог, Антось добра папрацаваў. Пры гэтым трэба было вырашыць цi дну праблему, як, прыкладам, куды падзець выкапаную зямлю, або куды адвесьi сьцёк на ваду. Трба-ж, каб нара была сухая, калi лiвень здарыцца. I як-жа тады дзякаваў Антось будаўнiку гэнай хаты, што калiсь паставiў яе на высокай каменнай аснове.