34

Дзень усьмiхаўся ласкавым сонейкам, чыстым чысьцюсенькiм, дзе-нiдзе воўнай лёгкiх хмарынак засланым небам i зусiм умеру марозным, слабым ветрыкам. Дзень, як на замаўленьне. I зьзялi ў руiнах сьвежыя, рассыпаныя ноччу сьняжынкi, куды весялей спрэчкi вялi вераб'i. Асаблiва гэты дзень для беларускай сталiцы, а ўжо зусiм адмысловы для Янука — першы дзень волi.

Учора, калi выпусьцiлi, ня ведаў як iсьцi без канвою, па бакох аглядаўся. Ня верылася, што вось ён сам ставiць свае крокi ў якi хоча бок. Цэлы вечар у Рашкевiчыхi, быццам губка ваду, пiў-глытаў усё новае, яму яшчэ кагадзе зусiм недаступнае: што на вайне, што ў горадзе й на Беларусi наагул, што на шырокiм сьвеце. Дзе фронт, хто каго й як? I даведаўся, што сяньня мае на Пляцы Волi быць. Кажную драбнiцу пачутага абмяркоўваў, ацэньваў-узважываў, з большай развагаю ў сьвятле практыкi перажытага прымерваў…

На Пляцы Волi сабралася ўжо шмат цывiльных. Прыйшло й войска. У чорным… Паставiлi ў казлы зброю, фармавалiся прастакутнiкамi пад крыклiвую каманду. Казалi па радыё, што мае быць выпуск афiцэраў i падафiцэраў Беларускай Самааховы. Дык чаму яны ў чорнай вопратцы? Можа пасьля iм зялёную дадуць? Ня ведаў юнак, што згодна волi акупантаў Самаахова мела быць апранутая стараньнямi Беларускае Самапомачы, значыцца ў нейкi самаробны кужаль, а ўжо куды лепш, калi ў паўсуконьнiк. Кужаль, пахварбаваны нейкай альховай карой… Дзе-ж фарбу возьмеш?

На загадцы колеру вопраткi гэных стройных i добра падабраных, ужо навучаных вайсковага рамясла людзей, Бахмач затрымаўся адно мiмалётам. Хоць жывот ягонны, дзякуючы Рашкевiчысе, папаўнеў, хлапец адчуваў нейкую слабасьць, быццам вольнасьць i прылiў усяго новага, што ашаламiла яго пасьля вязьнiцы, пахiснула на нагах.

Перайшоў нейкi Рубiкон. Ня сам iз свае волi. Яго на другi бераг, бадай, сiлы лёсу перакiнулi. А там, дзякуючы цярпеньню й роздумам, адкрыўся i ўстаў перад iм зусiм новы, да гэтага часу практыкай нязьведаны сьвет. Апынуўся на самым доле таго сьвету, безагляднымi валадарамi якога былi вунь гэныя, што цяпер гаспадараць на сьцягамi абвешаным, шчодра ахвярнай крывёю палiтым Пляцы Волi.

I прыносiць, i здаюць iм рапарты людзi ў чорным. А самi гаспадары нейкiя шрубкi цi шасьцярнi зблiжэй неапазнанае Януком машыны, каторая ня ведае любовi, дый наагул ня мае нiякае эмоцыi. Машына тая — аграмадная гаргарына, а рухавiк яе — суцэльная й безаглядная сiла. Для сьмерцяноснай машыны нiчога на сьвеце, апроч сiлы, ня iснуе. Што з таго, што вось гэныя малыя шрубкi прыкiдваюцца тваймi прыяцелямi, цi — як некаторыя маўлялi, хаўрусьнiкамi па зброi супраць бальшавiцкае агiды? Ты-ж ведаеш, што яны гэта звычайныя смактуны, што павалiлi твой народ i смокчуць-цягнуць зь яго асноўныя жыцьцёвыя сокi. Чаму яны называюць сябе тваймi прыяцелямi? Пэўне-ж, гэта — людзi ў масках. Тыя самыя, што спалiлi, разам зь дзецьмi, жанчынамi й старымi Залатуху, Азарцы, Шабунi, што зьнiшчылi сотнi iншых Азарцаў. Яны з таго кодла, што закрывавiла й спапялiла не адзiн пляц волi, можа пачынаючы ад Варшавы, праз Ратэрдам i Лёндан, а можа яшчэ яшчэ раней падчас гiшпанскае вайны. Вышчарбiўшы пару зубоў у Сталiнградзе, гэта ненажэрна-прагавiтая пачвара ўсё яшчэ трывае, бо ня пераламалi ёй яшчэ хрыбетнiка.

А хто гэныя людзi ў чорным? Патрыёты, цi пазадкi? Чым матывавалiся яны, калi йшлi на службу? Няўжо-ж адным патрыятызмам? Якi гэта патрыятызм? На Янукоў юнацкi, да чырвана, здавалася, распалены патрыятызм гэныя тучненькiя «обэрмэншы»-таптуны халоднай вады лiнулi. Праўда, тлела ў сэрцы iскра. А вунь, мiж афiцэраў на Пляцы Волi спасьцярог Янук i высокага, стройнага, прыкладна-вытрыманага ў рухах маёра Чмяля. Твар яго спакойны, самазадаволены, жэсты вывучаныя. Сямейка ягоная на Пляцы Волi сабралася. Гаспадар паклiкаў. Як выглядаў гэты маёр Чмель, калi громам абрушыўся ў сваiм бюро на Лявона Загорнага, пагражаючы яго арыштаваць, калi той прыйшоў помачы Бахмачу шукаць? Зiрнi, якi ён паслухмяны-гiбкi перад гаспадаром. Што гэта за чалавек? Цi можна яму даверыць свой лёс, як камандзеру, якi павёў-бы цябе на змаганьне на сьмерць i жыцьцё з ворагам? Цi дзялiў-бы ён з табой гразь i золь у вакопах, цi перавязаў-бы табе рану, цi падаў-бы табе мiску гарачае стравы, цi спатолiў-бы цябе цёплым словам?

Парываньнi, натхненьне, патрыятызм… Яны можа яшчэ былi, але агiдны сьвет няволi, у якiм Янук амаль не загiнуў з голаду й хваробы, узброiў, насьцярожыў, пасеяў недавер да раней высокiх, у юнацкiм уяўленьнi беззаганных аўтарытэтаў. Яшчэ аставалася вера, хоць i яе разьядаюць сумлевы…

Калi гэта, што маладому Януку давялося спазнаць, пабачыць, пачуць, рэальнасьць, дык чым тады займаецца Бог? Чаму народ, якi даў сьвету Сьвятую Афрасiньню Прадславу Полацкую, Сьвятога Кiрылу Тураўскага, Скарыну, Дастаеўскага, Калiноўскага, Багдановiча, Купалу й шмат iншых выдатных людзей, чаму народ, якi амаль зьлiўся з прыродай i нiкому крыўды не рабiў, пакiнуты сiламi нябеснымi на зьдзек i глум iншых? Чаму тапталi яго ўсе, як той прыказачны гарох пры дарозе?

Побач касьцёл. На яго дзьвярох, зьедзеныя непагодай, парваныя ветрам, шматкi паперы. Ледзь разьбярэш:

…нядзелi адбываюцца служ…

…ксёндз Вiнцук Гадлеўскi

………………………………

Калiшнi Генэральны Iнспэктар Беларускiх Школаў. Родная школа — вялiкая кузьня беларускасьцi, аграмадная работа для вялiкага чалавека. Чалавека зь вялiкай лiтары. Гаротнiка-апостала, што пехатой прывалокся дзесь з Варшавы тады, як яшчэ курылi руiны спаленых гарадоў… каб «будаваць беларускi дом». Мусiць з занадта вялiкiм размахам браўся будаваць. Вырас, узмужнеў, народным, нявыгадным для акупанта аўтарытэтам стаўся. Молах загадаў яго прыбраць. У руках латыскiх забойцаў-эсдэкаў, сваякоў калiшнiх бальшавiцкiх стралкоў, цi ня ў Рызе ахвярнае й пакутнае жыцьцё скончыў. Гэта рэальнасьць.

Колька можна вырасьцi за чатыры месяцы? Цi льга аж на столькi перайначыцца, каб запярэчыць самому сабе, ранейшаму? Выглядае, што так. Юнак у шэрай, паўсуконнай сьвiтцы, бледны, слабы, худы, што цяпер стаiць пры дзьвярох касьцёлу на Пляцы Волi й прыглядаецца войску, ведае горыч рашчараваньня, безнадзейнасьць няволi, пагрозу цёмнае пропасьцi, што магла праглынуць яго ў нябыт. Вытрымаў. Цяжка сказаць, як гэта ўсё адаб'ецца на ягонай душы: цi прывядзе да моцнага й трывалага гартаваньня характару, цi ня дай, Божа, — да ўпадку. У сэрцы — сумлевы, недавер. Цяжар усьведамленьня, што свой чалавек не абавязкова зьяўльяецца тваiм памочнiкам. Можа быць i ваўком. Iржа сумлеву разьядае кволую тканiну маральнае асновы юнацкага характару.

Дзесьцi над Дняпром тысячамi вогненных зяпаў выпальвае сабе дарогу другая пачварная машына.

«Даёш Бярлiн!»

Тая, што зглумiла мiлiёны людзей на Салаўках, у Сiбiры, Беламорканале, Калыме. Ледзянавокi, з васпаватым твара, таксама як i «обэрмэншы», дзеiць правамi прыроды. Ён — абсалют, пачатак i канец, i найвышэйшы судзьдзя, i пракурор абвiнавальнiк, ён i прысуд. Ён — альфа й амэга ўсяго, што пад ягонай уладай дыхае й варушыцца. Ён разьвяжа ўсе Гордыевы вузлы, усе складаныя пытаньнi жыцьця ў якiх блыталiся мудрацы ўсiх народаў i пакаленьняў ад пачатку сусьвету. Непакорным прынясе вечны супакой… у магiлах, а апрычнiкам дасьць прылады забойства й шчодра ўзнагародзiць iх, каб прадаўжалi сваё нiкчэмна-подлае iснаваньне на ягонай службе. I мiлiёнамi распаўзуцца забойцы па цэлым сьвеце, каб гордае, вольнае й непакорнае выкаранiць, а падатнае пад сваю ўладу ўзяць.

Нiкчэмнiк тыран прыпрог у сваю калясьнiцу найбольш агiднае, антычалавечае, антыбоскае. Вунь ягоныя пасланцы, перапоўненыя гневам i нянавiсьцю да высокага й шляхотнага, забiваюць у менскiх руiнах. Калi не сваiмi рукамi, дык правакацыямi, рукамi працiўнiкаў. Колькi Беларусаў перабiлi! Цяпер вайна, што ня ведае нiякае меры й лiтасьцi. Цяпер бандыты страляюць ва ўпор. А раней? На «мiрным будаўнiцтве» выдушылi цьвет беларускае iнтэлiгэнцыi, моладзi. Каб больш нiяк i нiколi ня змог на ногi падняцца зьняможаны, зьнявечаны, зганьбаваны народ. Душу яму адабраць i так адурманiць, каб рабом, для заваяваньня iншых, у тую вялiкую калясьнiцу падпрогся…

Лявiна агня з-над Дняпра ўжо ў недалёкай будучынi пракоцiцца праз усю зганьбаваную й стоптаную краiну. Каб спынiцца дзесь на райхстагу, яна па дарозе падмяце ўсю моладзь. Пагонiць яе на штурм. Бальшыня моладзi нiколi ў родныя куты ня вернецца. Колькi дзясяткаў гадоў займе народу, выпаласканаму з асноўнае сiлы, каб на ногi стануць? Дваццаць, пяцьдзесят? Колькi рэк цi мораў напоўняць сьлёзы раднi, якая будзе iх аплакiваць? I навошта тыя аграмадныя ахвяры? Каб задаволiць ненажэрны апэтыт някчэмнiка-тырана?

Народ мой шматпакутны, «пан сахi i касы», якiмi мяркаваньнямi Ўсявышнi табе такi лёс наканаваў? Цi даў табе на зямлi месца, каб ты стаўся спажывай зьдзiчэлых, тых, што запярэчылi Ягонае iснаваньне й адраклiся Валадара Нябеснага?

Над плошчаю, дзе гаркаюць вайсковыя каманды, лунаюць у лагодным ветрыку й перадвясеньнiм сонцы сьцягi. На адных — крыжы зь пераломанымi канцамi. Свастыкi. Быццам павукi. А побач бел-чырвона-белыя. Тыя, што нясьлi ў бой слуцкiя гэроi, каторыя «пайшлi памiраць, каб жыла Бацькаўшчына». Тыя, пад якiмi першы раз, на поўны рост, пасьля сотняў гадоў няволi, устаў на хiсткiя ногi аджылы народ. Колькi яшчэ пройдзе часу, пакуль гэтыя сьцягi, як бясспрэчныя гаспадары, будуць горда й пышна паласкацца ў ветры на менскiм доме ўраду, на вiленскай Замкавай гары й катэдральнай плошчы, на маштах перад урадавымi будынкамi ўсiх беларускiх гарадоў ды ўсiх амбасадаў вольнае дзяржавы па ўсiм сьвеце? Калi тое збудзецца, што сказаў Вялiкi Прарок:

Занiмай, Беларусь, маладая мая,

Свой пачэсны пасад мiж народамi!?

Гук агульнае каманды «Зважай»! Выцягнулася, замерла новавышкаленае войска. Кульгаючы, абапiраючыся на ляску, чыкiльгае перад фронтам калёны групэнфюрэр СС фон Готбэрг. Зь iм, крыху ззаду — нямецкiя афiцэры, а ў iх лiку й пара беларускiх, адзiн зь iх маёр Чмель. Групэнфюрэр высокага росту, на левай грудзiне — мэдалi й крыжы. Даўгая, бусьляная шыя, круглы, пульхны твар, зьверху закончаны шапкай з высокай стрэшкай i чэрапам сьпераду. Спад насунатага на лоб казырка праз акуляры поўзаюць па жаўнерах халодныя й разважныя вочы. Цi групэнфюрэр СС ацэньвае патэнцыял гэтых людзей, што вось маюцца разьехацца ўсiх кутох Генэральнага Камiсарыяту Вайсрутэнii, каб рыхтаваць i школiць мясцовыя сiлы, цi ўжо, чуючы рэха гарматаў з-над Дняпра, думае пра дылему капiтана тонучага мараплаву?

Агляд войска скончыўся й вышэйшыя афiцэры спыняюцца ля правага крыла даўгое калёны. Гаспадар аддае загад камандаючаму парады й той гучным, дзёрзкiм голасам перадае каманду. З калёны выходзяць на цэнтар плошчы чатыры афiцэры. Спыняюцца, паварачваюцца тварамi да сябе, стаяць накрыж, у вадлегласьцi пару крокаў адзiн ад аднаго. Да iх парадным крокам падыходзiць нямецкi афiцэр. Гэта пяцёрка фармуецца на даўжыню рук, а Немец трымае парадную шпагу й лiст паперы з тэкстам прысягi, да якiх усе чатыры дакранаюцца. Iдзе каманда й усе прысутныя ў калёне, стоячы на «зважай», трымаюць левыя далонi на швах штаноў, а правыя рукi, сагнуўшы простым кутом у локцях, падымаюць уверх, далонi на вышынi сваiх пiлётак. Пачынаецца прысяга.

Нямецкi афiцэр з салютам чатырох беларускiх афiцэраў у цэнтры плошчы голасна чытае нямецкi тэкст, а за iм прысутнае на плошчы войска паўтарае. Ёсьць у гэнай прысязе й пра «Гросдойчлянд», i пра «Вайсрутэнiю», i пра жаўнерскую цноту, i гонар, i адданасьць, якой прысягаючыя абяцаюць гарэць у будучынi.

Пасьля сканчэньня ўрачыстае прысягi, афiцэры з Готбэргам iдуць у дом на паўночным баку плошчы i ўзыходзяць на абшырны балькон на другiм паверсе, удэкараваны сьцягамi двух народаў. У гэты час войску даецца каманда павярнуць направа й стаць вольна. У групе вайсковых на бальконе наперад выходзiць куды меншы за Готбэрга ростам, чарнявы, у акулярах, чалавек у цывiльным.

— Глядзiце, Астроўскi! — чуваць у натоўпе.

У прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады, — гэта добра вiдаць дападлiваму воку зьнiзу, — вялiкiя грудзi. Цi ня зялезную ахоўную жылетку пад касьцюм апрануў? Чаго добрага, каб хто з прысутных, — а мiж натоўпу можна скрыцца, ня стрэлiў у гэты «сымбаль беларускай дзяржаўнасьцi». Чалавек гэты, што, згодна ацэнкi памяркоўных людзей, ратаваў шмат сялян ад забойчых рук бальшавiцкiх бандаў, што запраўды стараўся памагчы, як мог, Беларусам, што апынулiся ў скрыжаваньнi агнёў, карыстаўся мiж сваiх немалой папулярнасьцю. I не дарма гоман у натоўпе сьцiх. Прысутныя хацелi паслухаць пра пляны прэзыдэнта БЦР i нямецкiх акупантаў.

— Афiцэры й падафiцэры Беларускай Самааховы, грамадзяне Беларусi! пачаў Астроўскi гучным, нiзкiм голасам. — Сягоньня мы, тут сабраныя, а з намi i ўвесь беларускi народ, сьвяткуем вялiкi й сьветлы гiстарычны дзень. 25-га сакавiка 1918 году ў Менску, вуснамi прадстаўнiкоў беларускага народу была абвешчана вольная й незалежная беларуская дзяржава. Вуснамi сваiх выбраных сыноў i дачок наш народ заявiў, што ад гэтага часу ён зрывае ўсякiя сувязi з Расеяй, якая, ня пытаючыся яго, кiнула наш народ у полымя жахлiвай, чужой i непатрэбнай яму вайны. Беларускi народ сказаў, што Расея, дбаючы толькi аб сваiх iмпэрыяльных iнтарэсах, давяла нас да найбольшай галечы, адабрала ў нас усе вольнасьцi, запрэгла ў найбольш жахлiвае й непасiльнае рабства. I вуснамi сваiх выбраных прадстаўнiкоў наш народ заявiў на цэлы сьвет, што ад гэнага часу Расея ня мае нiякага права гаварыць цi рабiць якiя-небудзь умовы ад яго iмя, што ад гэнага часу Беларусь абвяшчаецца вольнай i незалежнай дзяржавай! Наш народ ты самым сказаў, што ад гэнага часу ён сам, i толькi ён, будзе ў сваей хаце гаспадаром!

Пасыпалiся з плошчы гучныя воплескi. Астроўскi, якi гаварыў павольным гучным i ўзьнёслым голасам, усьмiхнуўся, зiрнуў на побач стоячых афiцэраў, i ўпэўнена прадаўжаў:

— На вялiкi жаль, нашыя ворагi нiяк не хацелi разлучыцца iз сваiмi плянамi панаваньня над нашым народам; зладзеi й гвалтаўнiкi не маглi дараваць таго, што вось вышмыгнула зь iх рук ахвяра й намагаецца стаць на свае ногi, гаспадарыць у сваiм доме. Таму, пасьля мабiлiзацыi новых сiлаў, яны зноў напалi на маладую беларускую дзяржаву i, як вам ведама, гэтым разам на помач новапаўсталаму ў Расеi жыда-бальшавiзму, што захапiў уладу, прыйшоў i выкiдыш Вярсальскага трактату — шляхоцкая панская Польшча. Трактатам у Рызе яны разрэзалi на дзьве часткi жывое цела Беларусi й кiнулi наш край у новую няволю. Каб поўнасьцю ашукаць наш народ i падпрэгчы яго сабе на помач, маскоўскiя жыда-бальшавiкi ўтварылi Беларускую савецкую рэспублiку, а Палякi ў сваей часьцi акупаванай Беларусi лiкiвiдавалi наша школьнiцтва, арганiзацыi, праводзiлi агульны й пасьлядоўны плян асымiляцыi. Жыда-бальшавiкi забралi ад нашых сялян зямлю, загналi iх у калгасны прыгон, адабралi ад людзей права ўласнасьцi, ад работнiкаў адабралi права страйкаў. Яны вынiшчалi ў Сiбiры мiлiёны нашых сялянаў i iнтэлiгенцыi, найлепшых сыноў i дачок нашых. Толькi дзякуючы Другой сусьветнай вайне мы здабылi магчымасьць жыць без апекi ворагаў. Вялiкая нямецкая армiя, пад правадырствам фюрэра Адольфа Гiтлера, выгнала з нашай зямлi жыда-бальшавiцкую хэўру й дала нам магчымасьць будаваць сваё беларускае жыцьцё!

У гэтым месцы Астроўскi крыху затрымаўся. Вялыя воплескi зараз-жа й ацiхлi. Яны выразна выявiлi тое, што думалi сабраныя грамадзяне пра гэтага апошняга «вызвольнiка». Прэзыдэнт БЦР прадаўжаў:

— Мы, Беларусы, удзячныя правадыру вялiкага нямецкага народу Адольфу Гiтлеру за тое, што вызвалiў нас ад нянавiснай жыда-бальшавiцкай няволi, даў нам магчымасьць свабодна жыць…

«Астроўскi, пэўне-ж, так павiнен гаварыць, — думаў Янук, прыпёршыся да дзьвярэй апушчанай сьвятынi. — Якая тут свабода? Цi-ж ён ня бачыць, што за свабоду гэтыя галаварэзы прынесьлi? Цi-ж каму ня вiдаць, як карнiкi вынiшчаюць вёскi, жывымi паляць жанчын, дзяцей i старых, а моладзь вывозяць на рабскую працу ў Нямеччыне? Гэта свабода? Так, Астроўскi, пэўне-ж, гэта бачыць, але што ён можа зрабiць… Нашто ён? Яго ня пытаюцца, яму загадваюць. Калi можа сваей працай ён i ягоныя памочнiкi палегчаць цяжкую долю беларускага народу, выратуюць каго ад глуму бальшавiцкiх бандзюгаў, эсэсаўцаў i Латышоў або польскiх бандытаў, дык тое й трэба. Хто бяз зброi, той прападзе…»

— Афiцэры й падафiцэры Беларускай Самааховы! — прадаўжаў прэзыдэнт БЦР. — Я вiншую вас з заканчэньнем ваенных курсаў i з прысягай якую вы злажылi на вернасьць беларускаму народу й нашаму нямецкаму хаўрусьнiку. Сягоньня й вы перажылi гiстарычны дзень. Будзьце-ж верныя гэтай прысязе, высака трымайце ў сваiх сэрцах бел-чырвона-белы сьцяг i йдзiце баранiць беларускiя вёскi ад маскоўскiх жыда-бальшавiцкiх бандаў. У вашых руках цяпер бясьпека нашага сялянства. Вышкалiўшы кадры на месцах, вы станецеся фундамантам новай беларускай армiii, у вашых руках будучыня беларускага народу. Маскоўская жыда-бальшавiцкая хэўра рукамi сваей партызанкi намагаецца вярнуць на нашай зямлi ненавiсную калгасную ўладу, зноў паняволiць наш народ. Бiце бандытаў, каб i сьледу iх у Беларусi не засталося. Ганiце маскоўскую хэўру з нашых лясоў. На вас спадзяваецца беларускi народ i я веру, што вы яго спадзяваньнi апраўдаеце!

«Словы, словы, мора словаў, - думаў Бахмач. — Колькi тут таго „фундаманту“ новай беларускай армii… Але пачатак павiнен быць…»

Iзь зьмешаннымi пачуцьцямi йшоў Янук з Пляцу Волi. Зайшоўся ў рэдакцыю «Беларускай Газэты», дзе пастукаў у зачыненыя дзьверы. Сьвята. Шкада. Ад апошняга разу, калi ў iх быў i атрымаў колькi марак, больш нiчога не атрымлiваў. А цяпер яму, слабому й худому, нейкiя грошы вось як памаглi-бы. Вечарам, пасьля доўгага чаканьня, Бахмач ад'ехаў цягнiком зь Менску.

Загрузка...