18

Пазiраючы на «дзiравага шляхцiца» й Левандоўскага, што сядзелi на лавах пры стале ў Нiнiнай хаце, Антосю Дзеркачу навет ня трэба было ўгадваць, што яны, пэўне-ж, «нi так сабе ходзяць». Без патрэбы не завiталi-б да яго ў гэты засьнежаны пасьлякалядны дзень. Прыехалi собскай брычкай Паўлоўскага каля абеду. Значыцца, солтыс мусiў у Гацi паехаць, забраць новага фэльдфэбэля-каманданта, што на месца Бронхэра прыйшоў. Як i папярэднiк, гэты таксама фольксдойчам быў, папольску нядрэнна гаварыў, дзесьцi з Памор'я паходзiў.

Чаго яны прыехалi? Хутка шыла зь мяшка вылязе, разважаў Антось. А вылезьцi яму паможа вунь тая пляшка сiвухi, якую Антось на стол паставiў. Хоць сам на гарэлу не ляцеў, жыцьцёвая практыка падказала, каб яе на ўсякi выпадак трымаць, як мясцовыя казалi, — «каб калi ад чарцей адкупiцца»…

Нiна ўвiхалася ля плiты, пад якой буйным агнём заняўся хвораст. Жанчына вялiкiмi скрылямi рэзала сала, што вось неўзабаве засквiрчыць на патэльнi, прыемным пахам будзе дражнiць моздры. Ад таго часу, калi Нiна й Антось цудам вырвалiся з бальшавiцкiх лапаў i вярнулiся дамоў, яны жылi разам, загаспадарылiся. Антось узяў ад бацькi невялiкае сьвiнчо, якое пры доглядзе руплiвай гаспадынi вырасла на добрага парсюка. Перад Калядамi яго закалолi й такiм чынам завёўся рэдкi ў гэны ваенны час «шпэк», за якiм бесьперапынна валачылiся па вёсках чужыя прыблуды.

— Але й баба ў цябе прыгожая! — усклiкнуў Левандоўскi й зусiм бясцырымонна прыглядаўся жанчыне.

Нiна належала да тых вясковых красак, якiя часта ў зарослым лебядой агародзе не дагледзiш. Яна ўвыдатнялася сьцiплай, упарадкаванай, утрыманай красой. Не дарам-жа некалi Паўлюк Бурак на яе палакомiўся. Колькi разоў мяркаваў Антось як выглядала-б жанчына, калi-б прыаздобiць яе ў нешта запраўды дарагое, зьзяючае, скажам у якi якi цэнны шоўк цi дыяманты. Адылi бачыў, што што прынаднасьць ейная ў сьцiпласьцi ляжала. Недарагое й простае, — трант цi неданосак, — умела перашыць, дапасаваць да свае фiгуры, якую запраўды маглi-б песьнямi вялiчаць паэты красы. Жанчына зь дзявочаю постацяй, яна ўсё яшчэ пра першае дзiця марыла. Схавайцеся перад ёю непадстрыжаныя авечкi: хвядосавы манькi, брунiськi, макатунiшкi. Не дарма за ёю бесьперапынна дзяцюкi цiкавалi. Зiрнi хаця-б на гэныя пушыстыя мяккiя каштанавыя валосы, ружовай касынкай перавязаныя ды зiрнi на румяныя шчокi цi вусны, быццам для пяшчоты створаныя. А ў тых сiня-шэрых, вялiкiх i пранiклiвых вачох часамi паказвалася цьвёрдасьць, мяжуючая з крыўдай. Гэта, пэўне-ж, спадчына цяжкое дарогi, якая, калi-б ня перашкодзiла вайна, прывяла-б праз бальшавiцкiя вязьнiцы й канцлягеры да магiлы. Але на зьмену цьвёрдасьцi прыходзiла лагоднасьць i тады Антось пазiраў у вочы каханай жанчыны й жыў асалодай гаючага супакою.

Пакуль Дзяркач удумках зарэагаваў на словы новага каманданта, той борзда ўстаў з лавы, падыйшоў да Нiны ля прыпечку, правай рукой прыгарнуў яе да сябе, нахiлiўшы сваю галаву да ейнае. Чорныя вусiкi апынулiся зусiм блiзка Нiнiных вуснаў.

— Гавару, што панi вельмi прыгожая. Як завешся?

Такое неспадзяванае панiбрацтва зьдзiвiла гаспадыню, але яна зусiм не зьбянтэжылася. У сваiм жыцьцi, бяз сумлеву, бачыла цi мала нахабнiкаў i гэты чарнавусы ня быў навiною. Яна спрытна крутнулася, вышмыгнула з учэпiстай палiцыянтавай рукi. У левай руцэ трымала кавалак сала, а ў правай вялiкi нож i пазiрала Левандоўскаму проста ў вочы.

— Паночак, вы што гэта? Рукi пры сабе дзяржыце!

Голас цьвёрды, войстры. Зiрнула на Антося i ў гэным позiрку, здаецца, дакор: паглядзi як ты на такое дазваляеш!

Антось зьбянтэжыўся. Як ты спынiш дзiкуна, калi ён — улада, ды ў тваей хаце да тваей каханай дабiраецца?

— Але-ж панi мае й характар, фу! Агонь! — зьдзiвiўся, як апечаны, палiцыянт. Ён адыйшоўся ад Нiны й пачаў спацыраваць па хаце. Наступiла нязручнае маўчаньне, адно Нiна, умiг паспакайнеўшы, падыйшла да прыпечку i ўзялася за перапыненую палiцыянтам работу. Дзяркач мяркаваў, што не да яго належала iнiцыятыва гутаркi, таму ўважна прыглядаўся новаму каманданту.

Быў гэта чалавек сярэдняга росту, шчуплы, з вайсковай вытрымкай i крокам, якi вандраваў, вiдаць, шматлiкiмi й далёкiмi дарогамi. Ведаў, добра ведаў Антось гэты крок. Ды ён-жа й сяржантам, цi, як панямецку, фэльдфэбэлем быў. Цi мала мог новабранцаў паганяць. З выгляду яму трэба было саракоўку, дадай цi аднiмi год, — даць. Пад носам разьмясьцiўся цёмны паясок каротка абстрыжаных вусаў, а на дробным твары найбольш рухлiвымi былi вочы. Яны рэдка спынялiся, здаецца, на адным пункце. I выглядала, што рэдка калi на цябе пазiралi, а заўсёды абмiналi твае вочы. Спад чорнае пiлёткi тарчэла густая чорная грыва валасоў. На гэтым шчуплым, худаватым чалавеку гладка ляжаў добра дапасаваны чорны мундзiр. Вiдаць, што каманданту на добрага краўца пашанцавала. На нагах у яго былi абшытыя скурай, зграбныя, лепшай якасьцi валёнкi, магчыма, што «трафейныя».

У яго жэстах, паваротах i гутарцы вычуваўся аўтарытэт, упэўненасьць у сябе й няведама колькi да гэтага спрычыняўся ў чорнай кабуры Люгер.

— Пан солтыс расказаў мне пра вас, — гаварыў Левандоўскi, спацыруючы. Выцягнуў зь кiшэнi залатую папяросьнiцу, паважна, быццам нешта абмяркоўваючы, выняў папяросу й круцiў яе мiж пальцаў. Пстрыкнуў запальнiчкай i зацягнуўся першым глытком табачнага дыму. — Так, пане, я вас крыху знаю. Вы дэзэртыравалi з польскага войска?

Пытаньне зусiм неспадзяванае. Левандоўскi спынiўся насупраць Антося, а рухлявыя вочы затрымалiся на Дзеркачовай барадзе.

— Нi дызыртыраваў я, — спакойна адказаў Антось. — Проста ў войска нi папаў.

— Гэта як так?

— Падарозе ў войска згубiўся, — тлумачыў дзяцюк.

— Гэта значыць, што вы за Польшчу не хацелi ваяваць, калi вас мабiлiзавалi? Цi-ж ня так?

Цяпер камандант пiльна ўзiраўся ў Антосеў твар. Дзяркач, быццам тое не да яго адносiлася, тупа пазiраў на гэтага чалавека ў чорным, адгадваючы што можа скрывацца ззаду за такiмi пытаньнямi. Ён нiчога не адказаў на апошняе пытаньне й Левандоўскi падыйшоў блiжэй. Ад яго несла адэкалёнам.

Пах скварак i яек квялiў насы. Нiна застаўляла стол пасудай, прынесла хлеб, шыткаваную капусту, агуркi.

— Запрашаю за стол, — зьвярнулася яна да каманданта й солтыса.

Не чакаючы прынукi, Паўлоўскi падсунуўся да краю стала, Левандоўскi зiрнуў на недакурак у руцэ, падыйшоў да печы i ўкiнуў яго ў прысак, а пасьля ўсеўся ля стала пад абразамi. Антось адразу прапанаваў выпiць. Запрашаць два разы ня трэба было. Левандоўскi пiў нагбом, нават ня моршчачыся для чужога вока. Самагонку пахвалiў, але ня пытаўся чыей была прадукцыi. Надзiва маўклiва трымаўся Паўлоўскi, што здалося Антосю крыху нязвычайным.

— Дык ня хочаце мне сказаць? — зноў спытаў Антося камандант. Ён са смакам жваў уложаную ў рот вялiкую скварку й напхаў туды шыткаванае капусты. Вочкi бегалi па вянках цыбулi на жэрдках пад столяй, папрыгожа засланым, iз стосам падушак, саматканым дываном ложку ды па Нiнiных грудзёх. Гаспадыня якраз да стала прысела.

— Што сказаць? — няўцямна перапытаў Антось.

— Цi вы хацелi, цi не хацелi за Польшчу ваяваць?

Небясьпека. Спрабуй адгадай куды гэты няведамы чалавек вядзе. Цi спрыяе ён больш Немцам, цi польскаму падпольлю? Трэба будзе Падгайскага й Паўлоўскага распытацца. «Чэрцi, чаму мяне да гэтага часу не паiнфармавалi?» — злавiў сябе ў думках Антось. — «А гэты во кручкi закiдаiць, злавiць мяне стараецца».

— Я думаю, што пан камiндант ужо ад солтыса пра гэта знаiць, асьцярожна адказаў Дзяркач.

Левандоўскi трымаў у руках усе карты. Пра Антося быў нядрэнна паiнфармаваны, а Дзяркач чуўся, быццам у тупiку. I вiнавацiць некага было. Да агранома трэба было даўно схадзiць, распытаць i разьведаць хто, што й дзе робiць. Нядбайла, у Нiнiных абдымках пра сьвет забыўся. Гэта ня зусiм так. Але рэальнасьць у чорным мундзiры за ягоным сталом сядзела, яго самагонку пiла й намагалася ў нейкую, няведамую яшчэ, пастку загнаць. Цьфу, чорт лазаты!

— Так, ня скрыўлю душой, пане Дзяркач. Пан Паўлоўскi казаў мне пра факт, а ня прычыны. Дык можа вы дапоўнiце?

— А калi не? — упёрся зрокам у чорныя вусiкi Антось.

На шчацэ побач вусiкаў ледзь зьявiлася зморшчына, магчыма адзнака нецярплiвасьцi. Камандант напорна ўзiраўся ў Антося, але сам выдатна маскаваўся, бо з твару ягонага цяжка было дагадацца пра думкi. Пустая маска бянтэжыла.

— Я вам магу загадаць, — ледзь усьмiхнуўся начальнiк.

Антось трымаўся спакойна. Ударыўшы яго па плячы, камандант разрагатаўся.

— Ня бойся, пане Дзяркач, жартую. От спалохаўся. Завiталi-ж мы да свайго чалавека, праўда цi не, пан солтыс? Пасядзець, пагаманiць, ну й пазнаёмiцца. Цi-ж гэта, пане Дзяркач, дрэнная рэч, калi сам камандант палiцыi вам гонар робiць, у хату загляне?

Голас быццам сяброўскi, але напружаны. Асьцярожна!

— А гэта-ж нам гонар зрабiлi, праўду кажаце, пан камiндант, — сказала Нiна проста й натуральна, пагасьцiннаму. Левандоўскi ўсьмiхнуўся да яе.

— От бачыце, пане Дзяркач, i вашая панi са мной згаджаецца. Асьцярожнасьць — залатая рэч, — прадаўжаў Левандоўскi. — Бачу, што цяжка за язык вас пацягнуць, лiшняга слова ня скажаце. I цяпер у гэты момант вы пэўне абмяркоўваеце прычыну, чаму мы да вас заглянулi… Няпраўда?

Камандант спынiўся, роўна й напорна глядзеў Антосю ў вочы. У тым позiрку было нешта няпрыемнае, халоднае, як коўзкi рух гадзюкi. Гэтак вось, бязь нiякае эмоцыi, звычайна разглядаецца нейкую рэч, няжывы аб'ект.

На дварэ зазьвiнеў ланцуг i завiшчэў Ромак. Цi ня пах скваркi квялiў ягоны нос.

— Нiна, ты Ромку сягоньнiка кармiла?

— Ага, ранiцай.

— Дык чаго ён вiшчыць?

— Можа пабегаць прырупiла?

— Iдзi во, кiнь яму якую бульбiну цi кавалак хлеба.

— Ладнага сабаку маеце. Як завуць? — спытаў Левандоўскi пасьля таго як Нiна выйшла.

— Ромак.

Камандант пазiраў на Дзеркача, спадзяючыся пачуць пра «ладнага сабаку» больш, але Антось маўчаў.

— А чаму ты сягоньня вады ў рот набраў? — зьвярнуўся Дзяркач да «дзiравага шляхцiца».

Нiна вярнулася ў хату й прысела каля стала.

— Набраў, цi нi набраў, - пачаў Паўлоўскi, — а калi мне трэба дык нiхто мяне на дробную манету нi разьменiць, сам знаiш. От быў у мястэчку, пан камiндант захацеў праехацца, ну от i да цябе заехалiся.

Было ўсё гэта сказана зь вялiкай натуральнасьцю й самаўпэўненасьцю. А яшчэ важней тое, чаго «дзiравы шляхцiц» не сказаў. Напрошвалася галоўнае i асноўнае пытаньне, на якое, памяркаваўшы, Антось не адважыўся. Лепш памаўчаць, пачакаць.

— Пэўне-ж, вы падазраеце, — быццам у вадказ на ягоную думку пасьпяшыў Левандоўскi, — што для прыезду да вас у нас мусiла быць нейкая надзвычайная, страшна важная прычына. А прадстаўце сабе зусiм адваротнае, скажам, што нiякай такой важнай прычыны i заваду нi было. Як тут пан солтыс проста сказаў: «пан камiндант захацеў праехацца», ды ўсё. Цi можа вы думаеце, што я проста ня мог захацець праехацца? А цi от так падарозе да вас цi да каго iншага забегчыся нельга, каб людзей пазнаць, га? Ну як вам здаецца?

Лiтроўка апусьцела напалову. Антось усьмiхнуўся з такога павароту камандантавай гутаркi ды ўзяўся налiваць чаркi.

— Пан камандант ёсьць гаспадаром свайго часу й калi яму захацелася праехацца то няхай сабе езьдзiць на здароўе… А цяпер можа за гэта i вып'ем? — прапанаваў Антось, падняўшы чарку.

— За камандантава здароўе! — падтрымаў солтыс.

Выпiлi.

— Закусвайце, калi ласка, пан камандант, — прапанавала Нiна. — Бярыце, калi ласка, — падсунула яму яечню.

Камандант узяў скварку на вiдэлку, уважна ёй прыгледзеўся i ўлажыў яе ў рот.

— Мне здаецца, — i вы з гэтым, пане Дзяркач, бяз сумлеву, згодзiцеся, што для мяне, як каманданта палiцыi, вельмi важна пазнаць людзей, дый ня толькi ў мястэчку, але й навокал. Цi-ж ня так?

— Але.

— Ну дык вось. Я бачу, што калi-б вы былi на маiм месцы, дык можа таксама думалi-б?

— Але.

— Вы-ж, пэўне, знаеце, пане Дзяркач, што майго папярэднiка нехта замардаваў i што яго, таго забойцы, не знайшлi. А як вам здаецца, пане знайсьцi трэба, цi не?

— Гэта дзела ваша, — проста адказаў Антось.

— Ага, ну бачыце. А калi гэта мая работа, дык ясна, што я яе пастараюся сумленна й добра выканаць. Ну але знаеце, я такi чалавек, што от люблю з разумнымi людзьмi параiцца, як i што рабiць. Давайце мы цяпер i падумаем над гэтым супольна. Значыцца спачатку возьмем факты: чалавек, каторы Бронхэра забiў, не пакiнуў па сабе нiякiх сьлядоў. Усё шыта-крыта. Немцы навет старалiся сабак па сьлядох пусьцiць i то нiчога ня выйшла.

Сказаўшы гэта, палiцыянт упiўся рудымi вачмi ў Антося. Дзяцюк добра вытрымаў гэткi наступ.

— Сабакi, кажаце, па сьлядох нi знайшлi? Ай-я-яй! Можа гэныя сабакi нi знаюць як шукаць?

— Мяне запэўнiлi, што сабакi надта добра вымуштраваныя, але-ж я там ня быў. Адным словам, забойца як пад зямлю кануў, а цяпер ты шукай яго. I ўсё-ж знайсьцi трэба.

У хаце было цiха, адно цiкаў на вакне малы будзiльнiк. Антось мяркаваў, што паляiцыянт тропiць так, як яму падказвае ягоны, палiцыянтаў абавязак. Няхай сабе. Нi такi ён, Антось, дурны, каб дацца гэтаму чужому прыблуду на якi хiтры кручок.

— От як-бы вы, пане Дзяркач, калi-б вы былi на маiм месцы, пачалi расьсьледаваць? Падумайце.

— Ня ведаць мне, — цiха адказаў Антось, — як рабiць палiцыйную работу. Знаеце самi, панок, што я — цёмны мужык, дык дзе мне там у чым мудрым разьбiрацца.

— Ну гэта ўжо вы крыху ў перабор. Па сьвеце-ж бывалi, у войску былi, у вязьнiцы таксама, дык вунь чаго на сьмерць вас не загналi. Дык галаву, вiдаць, маеце.

Антось уважней «дзiраваму шляхцiцу» прыгледзеўся. Той варушыў вуснамi, вiдаць, што ня мог скваркi перажваць, бо кагадзе на зубы скардзiўся. Быццам злоўлены, спадылба зiрнуў на Антося й неяк надта-ж скора вочы ўбок адвёў. Здалося Дзеркачу, што ў тых вачох проблiск вiны спасьцярог. Ды цi не памылiўся? Дроб часiны. Мог памылiцца. А знаў-жа гэтага чалавека, як разьдзетага. Нешта крылася за гэтым прыездам. Звычайна гаваркi й фанабэрысты солтыс сяньня вады ў рот набраў.А гэта-ж яму нялёгка далося. Любiў язык у падарожжа з прывязi спусьцiць, ой як любiў! А гэтта… Трэба быць асьцеражней… А можа Паўлоўскi спэцыяльна маўчыць, каб чаго лiшняга не сказаць?

— Вы гэтага самага Бронхэра добра зналi? — проста спытаў Антося Левандоўскi.

Антось скончыў жваць скварку, паволi абцёр рукою вусны, зiрнуў на каманданта, каб што вычытаць на ягоным твары. Там як-бы распагодзiлася. Здаецца, што пытаньне сяброўскае.

— Знаў, чаму-ж не… Лясьнiком быў, дык усе яго зналi. Здалёку, значыцца…

— А як да яго людзi, як да лясьнiка, адносiлiся?

Антось зноў зiрнуў на палiцыянта, але не сьпяшыў з адказам. Запавольваў наўмысна.

— Гэта мяне пытаецеся? — перапытаў.

— Так, вас.

— Ну дык як вам гэтта сказаць, нi знаю. Людзi, як да лясьнiка, значыцца служачага… А каторы служачы, дык ён-жа, вядома, свайму пану служыць. Дык от так i адносiлiся, значыцца…

— Як? Добра, цi дрэнна?

Пытаньне было кiнута зручна. Яно, гэтае пытаньне, здаецца такое нiкчэмнае й звычайнае, але да чаго яно вядзе? Быў Дзяркач ужо ў руках добрых iнквiзiтараў i ведаў небясьпеку аднаго намёку, аднаго неасьцярожнага слова, навет позiрку. Найлепш паволi языком баранаваць, старацца як мага працiўнiку наперад забегчы.

— Знаiця, нi нам яго судзiць. Спытайцеся, каго хочаце…

— Я вас пытаюся, — насядаў Левандоўскi.

— Ну дык я вам скажу гэтак: ён мне мяжы нi пiраараў, куры ягоныя мае лехi нi падзерлi, анi за дзеўку якую мы зь iм узагрудкi нi бралiся…

— Што гэта значыць? — спытаў камандант солтыса.

— Пане камандант, гэта тут у нас так гавораць. Значыцца калi чалавек табе ворагам ня быў.

Фольксдойч хiтравата ўсьмiхнуўся, палез у папяросьнiцу, прыкурыў. На твары ягоным зьявiўся цень.

— Ну а калi камандантам палiцыi яго паставiлi, то таксама вам ворагам ня быў?

Антосеў твар налiўся нявiнна-наiўным зьдзiўленьнем.

— Што гэта такое вы пытаецеся? А чаму ён меў мне ворагам быць? Гэта што, я якiя парахункi зь iм меў мець, цi абакраў каго?

Гаспадароў голас гучэў абурэньнем. Камандант зварухнуўся на лаве, зiрнуў на Нiну й «дзiравага шляхцiца», усьмiхнуўся.

— Ну што вы, пане Дзяркач, хвалююцеся. Я-ж от так папрыяцельску спытаў. Анiчога дрэннага пра вас ня думаў. Здавалася мне толькi так, што калi чалавек сьцярог урадавага дабра, значыцца лясьнiком быў, дык мог каму на нагу наступiць. Цi пасьля, як камандантам быў… Нехта-ж меў прычыну яго забiць. Ну як вы думаеце, была прычына цi не?

— Ясна, што бяз прычыны ня было, — вялым голасам згадзiўся Антось. Лес лесам… Трэба каму якая жардзiна, цi што, дык што-ж бывала, што каторы паедзiць i высячыць, а лясьнiк яго паганяiць. Каторы-ж папаўся дык пэўня-ж, што лясьнiку за гэта ў рукi нi цалаваў. Ну а камiндант зноў-жа камiндантам. Ня ўсе яго любяць, але-ж каб забiваць за гэта чалавека, дык дзе тамака…

— Значыцца, — падхапiў Левандоўскi, — вы гэтым кажаце, што людзi маглi крыўду мець, але не такiя вялiкiя, каб за iх чалавека забiваць?

— Яно так выглядаiць, — згадзiўся Дзяркач.

Камандант зацягнуўся папяросай, пусьцiў кружкi дыму й глыбока задумаўшыся, паволi прыглядаўся iм аж пакуль расплывалiся пад шэрай столяй. Нiна ўстала з-за стала, села на табурэце ля вакна i ўзялася цыраваць шкарпэтку.

— З нашай гаворкi тады выходзiць, што чалавек мог мець ворагаў, але не такiх вялiкiх, каб яго каторы забiў. А вам пэўне-ж вядома, што яго абскардзiлi, што ён тут адну жанчыну з вашай вёскi ўлетку нiбы за ягады застрэлiў.

— А гэта…, было такое. Ды гэта нi даказана за што. Казалi, што выпадак быў. От нiхай солтыс скажыць…

— Бжончэк старую Бахмачыху застрэлiў, - сказаў Паўлоўскi. — Але гэта так сталася, што яна нiбы за лясьнiкову стрэльбу схапiлася, каб за мужа заступiцца. Знаеце, выпадак такi няшчасны…

Левандоўскi зноў падумаў, зiрнуў на недакурак, устаў ад стала й занёс ды выкiнуў у прысак пад плiтой.

— А ў гэтых Бахмачоў якая сям'я?

— Пракоп Бахмач, удавец цяперака ну й два сыны.

— Якiя сыны?

— Адзiн малады, цяперака ў школу ходзiць, а другi старэйшы. Той на нагу кульгавы, ён за шаўца вучыцца.

— Вы думаеце, што каторы зь iх хацеў адпомсьцiць?

— Што вы! Стары Пракоп, ён нядужы, а гэтыя-ж адно яшчо дзiця, лiчы, а другi калека… Спытайцеся от пана солтыса.

— Бахмачы нi такiя людзi, каб каго забiваць асьмелiлiся, — аўтарытэтна адказаў Паўлоўскi.

— Ага… Ну што-ж, мне трэба будзе зь iмi пабачыцца. Калi вы кажаце, што ня меў ён тут ворагаў, дык пытаньне астаецца пра матыў. Хто меў прычыну, каб яго забiць? Палiтычнае забойства, цi што? Яно так выглядае.

Левандоўскi зноў упёр свае рухлiвыя вочы ў Антося. Дзяркач трымаў наiўны выгляд.

— Як самi кажаце, яно так выглядаiць. Але калi думаеце, што каторы з нашых за палiтыку, дык гэта курам на сьмех. Нашы нiколi ў палiтыку ня лезьлi, з боку дзiржалiся, а ня тое, каб каго яшчо за палiтыку забiваць.

— I камунiсты таксама?

Антось адразу спахапiўся.

— Ад якога часу раўняць нашых з камунiстамi? Вы што, ня вiдзiця, што нам камунiсты нарабiлi? Я сам во ледзь вырабiўся. Каб ня Немцы, дык косьцi недзiка на Сiбiры зямлю парылi-б…

— Знаю, знаю, — пасьпяшыў згадзiцца камандант.

— Ведаеце, камiндант, давайце во яшчо па чарцы вып'ем. Можна? — спытаў Антось, бяручыся за лiтроўку. Ён прыгледзеўся пляшцы й мяркаваў, што яшчэ па чарцы выйдзе. Госьцi былi зусiм цьвярозыя, а другой пляшкi не хацелася даставаць. Камандантавы пытаньнi былi яму не на карысьць. Начальнiк намагаўся лавiць Дзеркача за язык. Важна, каб нiводнага слова лiшняга не сказаць.

— Ну дык за ваша здароўе, — запрапанаваў Антось.

— Вы думаеце, што тут нiдзе камунiстаў ужо няма? — выпiўшы самагонку, вярнуўся да спыненай тэмы Левандоўскi.

— Чорт iх ведаiць, — адказаў Дзяркач. — Можа дзе ў якiя дзiркi й пазалазiлi. Вам лепi пра iх ведаць. Мне толька плуг ды каса, а палiтыка мне, як кабыле пятая нага.

Левандоўскi спасьцярог, што на гэну тэму нiчога ад Антося больш не даведаешся й таму да яе не вяртаўся. Выходзячы з хаты, паны начальнiкi ветлiва дзякавалi гаспадынi за пачастунак. Антось стаяў ля вакна й прыглядаўся засьнежанай дарозе аж пакуль брычка за паваротам зьнiкла.

— А ўсё-ж цiкава, хто таго Бжончка забiў, - сказала Нiна, крыжуючы ваўняную нiтку ў пяце шкарпэткi й ня гледзячы на Антося. I Антось удзячны быў ей, што блiзка i ўважна ў вочы яму ня зiрнула, бо магла-б там штосьцi непажаданае спасьцярэгчы.

— Так, цiкава, — адказаў Дзяркач.

Ён выйшаў на двор. За бальшаком, ля школы чуваць былi дзiцячыя звонкiя галасы. Вiдаць, што дзецi кончылi заняткi. Вучыла iх старая Плясьневiчыха, удава нейкага польскага ўраднiка. Як вучыла! Даўно трэба было-б свайго настаўнiка, каб гэта недалуга дзяцей не калечыла.

Загрузка...