12

У лянiвы, сонечны васеньнi дзень, адзiн з тых, пра якiя адвечна з натхненьнем сьпяваюць паэты, станцыя Гацi пульсавала буйным, гулкiм жыцьцём. Цягнiкi з ваеннымi матар'яламi й жаўнерамi сьпяшылi на ўсход, дзесьцi на той пераможны, як гарлапанiла радыё, фронт пад Масквою. А ля чыгуначнага пад'езду, дзе ад бамбардаваньня цэлым i непашкоджаным захаваўся стары склад, завозна было ад сялянскiх вазоў. Там, — гэта бачыў Янук, — звозiлi людзi па загаду новых гаспадароў збожжа. Падаткi… Лягчэйшыя, значыцца колькасна куды меншыя, чымся падчас панаваньня таго ўсходняга маскоўскага «вызвольнiка». I збожжа, мабыць, ссыпалася ў вагоны й ехала на захад.

З будынку школы шнурам высыпалi дзецi i юнакi. Янук паволi йшоў побач свайго двуроднага брата Ўладзiмера й шкадаваў, што няма побач Дунi. I мяркаваў, якой-бы гэта тэмай раскатурхаць гэтага маўклiвага юнака.

— А ты-ж казаў мне некалi, што дзесяцiгодку скончыў? — пачаў Бахмач.

— Ты ўсяму верыш? Я хлусiў…

— Дык колькi ты клясаў там скончыў?

— Угадай.

— Ну ты-ж запiсаўся ў шосты. Дык як гэта разумець?

— Няма чаго рабiць…

Янук зiрнуў на Ўладзiмера й зьбянтэжыўся. Юнак жыў з маткай у тым самым доме, дзе iх некалi наведалi Бахмачы. Мацi ўладзiлася на працу ў кухнi пры вакзале й здавалася, што будучыню мела забясьпечаную, прынамся на блiжэйшую адлегласьць.

Калi Антось Дзяркач наказаў Януку ад Падгайскага, што пачнецца ў Гацях навука, юнак параiўся з бацькам i зь ягонага дазволу пайшоў пацiкавiцца «бiларускай» школай.

Пагалоскi пра беларускае школьнiцтва кружылi даўно. Пацьвердзiлi iх першыя беларускiя ластаўкi — газэты зь Менску. Стараньнямi агранома Падгайскага траплялi ў Гацi менскiя й вiленскiя беларускiя газэты. Дастава тымчасам, кульгала, пошта яшчэ не наладзiлася й газэты развозiлi беларускiя патрыёты саматугам. А з тых газэтаў можна было сёе-тое вымяркаваць пра намеры акупанта.

— Падгайскi казаў, каб ты ў школу йшоў. Нам свае ўчоныя людзi назарэз трэба, — навучаў Янука Дзяркач, перадаючы вестку пра пачатак школьных заняткаў.

— Гэта Падгайскi казаў, што свае ўчоныя людзi трэба?

— Няўжо-ж… А ты думаеш, ня трэба?

— Ну, ну, чаму-ж не…

— Дык што, пойдзiш?

— Нi знаю. З бацькам параюся.

— Думаiш, ня пусьцiць?

— Чаму-ж… Самадумам нi пайду.

Гэткiя Антосевы пытаньнi Янук лiчыў нармальнымi пасьля зблiжэньня зь iм i асаблiва тэй расправы iз Шпунтам у лясьнiчоўцы. Забегся да Дунi, каб перадаць навiну й падахвоцiць яе прадаўжаць навуку. Дзяўчыны ня было дома, цi не пабегла да Клавы, а бурклiвая мацi збыла яго паўсловам.

Вайна аддалялася на ўсход, а ўладу на занятых землях брала ў свае рукi цывiльная адмiнiстрацыяш. Як выбралася адтуль войска, апусьцеў на некаторы час i школьны будынак сямiгодкi. Але ненадоўга. Занялi яго чыгуначнiкi й працаўнiкi Тодт'а.

Галоўна дзякуючы Кастусю Падгайскаму, на войта Немцы згадзiлiся вызначыць руплiвага й разважнага Беларуса Адама Бабра. Як адным з найважнейшых i неадкладных заданьняў, новы войт зацiкавiўся асьветай. Зьвязаўся зь мясцовым беларускiм актывам, нямецкiмi ўладамi, а пасьля i зь беларускай управай раёну, дзе школьным iнспэктарам назначаны быў стары й здольны настаўнiк Барыс Воран, якi неўзабаве падтрымаў Бабра й памог адкрыць у Гацях сямiгодку. Праўда, галоўнай прычынай адвалокi былi нямецкiя чыгуначнiкi, што яшчэ ў школьным будынку гаспадарылi. Хутка й спраўна вырасьлi пры чыгунцы баракi й неўзабаве туды перабралiся Немцы. Нарэшце будынак школьны ў беларускiх руках апынуўся. Ды ён патрабаваў немалога рамонту. Каго просьбамi, а каго навет i пагрозамi, войт Бабёр мабiлiзаваў даволi мясцовых людзей i неўзабаве клясныя пакоi засьвяцiлi сьвежай вапнай, а школа зазьзяла чысьцiнёй.

Не хапала належных падручнiкаў, паперы, алавiкоў, чарнiла. На скорую руку не падбярэш квалiфiкаваных беларускiх настаўнiкаў з тых, што былi ўзгадаваныя акупантамi й асталiся на месцы. Як на дзiва, астаўся калiшнi дырэктар Якаўлеў, якi меў i адпаведныя квалiфiкацыi й надзвычайна ведаў беларускую мову. Быў беспартыйным пры бальшавiкох i спадзяваўся, што Немцы, якiя тымчасам сур'ёзна не зацiкавiлiся яго мiнулым, апрабуюць яго на дырэктарскую пазыцыю. Тымчасам Беларусы пакiнулi яго дырэктарам.

«Свае ўчоныя людзi трэба».

Словы гэтыя глыбака ў Януковай памяцi заселi. Так. Сумлеву быць не магло. Без сваiх вучоных нiчога не здабудзецца, не наладзiцца, адно чужнiк будзе верхом на табе ехаць…

Нейкае дзiўнае адчуваньне. Навокал гучэлi галасы, якiя даўно пачуць хацелася й прыйшлi зьмены, пра якiя некалi марылася… «Беларусы, вас чакае зямля!»… «Уцякла жыда-бальшавiцкая хэўра й больш ня вернецца»… Цi-ж тут дзе хвальшывая нотка? Як гэта чуецца чалавек чадам цi iншай трасцай адурманены, якому паволi, паступова, тымчасам хаатычна праясьняецца ў галаве?

Гiсторыя Беларусi… Такi прадмет у галаве ня месьцiўся. Гэта ня тое, што, прыкладна, гiсторыя Польшчы цi Расеi. То былi вялiкiя i, як iх польскiя й расейскiя цiвуны выхвалялi, моцныя гаспадарствы. Але госторыя Беларусi? Калi яна, тая Беларусь, была? Курам, вiдавочна, такi прадмет на сьмех, выдумка нейкая нiкчэмная… Ну вядома, народ-жа жыў-быў, а значыцца…

Так разважаючы, Янук сябе ў тупiк загнаў. Цi-ж не апавядаў некалi стары дзед Якуб пра вялiкае паўстаньне Кастуся Калiоўскага, цi-ж ня сам ён, Янук, некалi магiлу паўстанцаў у Гаравацкай пушчы адкрыў? А калi народ жыў i за свае правы змагаўся, дык цi ня меў ён дзяржавы сваей? Янук прыгадаў, як некаторыя вучнi, пачуўшы пра прадмет гiсторыi Беларусi, спантанiчна разрагаталiся. Былi гэта ня нейкiя там мясцовыя «пшэкi» цi панкi, што адважылiся парог школы пераступiць, хоць напалоханымi зайцамi трымалiся. Рагаталi свае, дзецi пакрыўджанага народу сялянскага.

Нясумяшчальнасьць двух паняцьцёў — Беларусь i гiсторыя яе, як прадмет школьнае праграмы. Пра такое ня толькi ня думалася, але й iснаваньне такога школьнага прадмету не падазравалася. Чужнiкi быццам таўкачы ў ступе, заўсёды адно таўклi: вы — пагной для тых, што над вамi пануюць, вы — хамы да нiчога няздатныя, адно цяглавая сiла. Так з аднаго боку. А зь iншага цябе заўсёды вызвалялi, каб ты, — калгасная нiкчэмнасьць, або падаткамi й «культналогамi» аднаасобнiк прыгнечаны, — гадаваў, вырошчываў i цягнуў… Мяса — дзяржаве, малако — дзяржаве, яйкi — дзяржаве. Сабе — фiга! На полiўцы праз «шчасьлiвае жыцьцё» лындай. Палiтручая заедзь на «мiцiнгах» бясконцымi гутаркамi марыла, падганяла, заўсёды тое «вызваленьне», каб яно спарахнела, прыгадвала.

А гэтта во «вас чакае зямля», школы свае ў беларускай мове. Сяляне аднагалосна прывiталi вестку пра лiквiдацыю калгасаў. Ды тымчасам гэта адно пачаткi, а далей вiдаць будзе. Няўжо-ж i тут за прынадай бiзун? А мо й горш? Сяляне ўздыхнулi з палёгкай, падаткi куды меншыя…

Усё-ж, хто мог падазраваць, што iснуе гiсторыя Беларусi?

Сьмех…

Нясумяшчальнасьць!

Гiсторыя i Беларусь!

Згадвалiся першыя мамэнты асьведамленьня. Як яны казыталi, лашчылi, паднечвалi сэрца! Гэта ўжо на наступных лекцыях прыйшло. А пачатная лекцыя быццам цябе абухом па галаве!

Апынуўся Янук у тым самым пакоi, дзе некалi падобны на сьвятара бальшавiк паходжаньне чалавека «от обезьяны» тлумачыў. За вакном добра знаёмая двухшляховая чыгунка, па якой некалi «доблiсная» ваеннае знарадзьдзе бесьперапынна на захад перакiдвала. Цяпер цягнiк iзь iншым ваенным знарадзьдзем, куды магутнейшым, сьпяшылi недзе пад Маскву. Воддаль, на машце, перад будынкам нямецкае палiцыi вецер то выпростваў, то скручваў сьцяг iз павуком-свастыкай. А на франтавой сьцяне кляснага пакою, над пагоняй, з рамак партрэту глядзеў чалавек з чорнымi вусiкамi пад носам, у шапцы з даўгiм, нiзка на лоб насунутым казырком i ў такiм-жа рудым мундзiры, як насiлi некаторыя нямецкiя ўраднiкi. Адно пазьней даведаўся Бахмач, што ня ўсе Немцы, а адно сябры Нацыянал Сацыялiстычнай Нямецкай Рабочай Партыi такiя мундзiры насiць мелi права.

Дзьверы адчынiлiся. Энэргiчным крокам у клясу ўвайшоў лысы, як калена, пуцаты ў твары, сярэдняга росту, у акулярах чалавек, апрануты ў даматканую сьвiтку, сiнiя порткi, напушчаныя на рудыя боты. Чалавек затрымаўся, зiрнуў на вучняў паўз верх рамы акуляраў, падняў уверх правую руку й голасным, цьвёрдым, амаль энтузiястычным голасам скажаў:

— Жыве Беларусь!

У агульнай маўклiнi пачулася хiхiканьне. Зь няўцямнасьцю зiрнуў на Янука двуродны брат Уладзiмер. Чалавек у даматканай сьвiтцы падыйшоў да стала й, пiльна ўглядаючыся ў вучняў, сказаў:

— Сядайце. Жыве Беларусь! Кажны дзень вы будзеце чуць такое прывiтаньне, замiж «добры дзень» ад настаўнiкаў сваiх. Ваш адказ — жыве! Я кажу: жыве Беларусь, а вы адказываеце — жыве! Зразумела?

Выразны, павольны, цьвёрды, зраўнаважаны голас. Паважны, зь ледзь заўважнай лагоднасьцю, твар.

— Прашу ўстаць!

Заскрыпелi лаўкi.

— Жыве Беларусь! — голасна i ўрачыста, выцягнуўшы наперад, на ўзровень iлба, даланёй унiз, правую руку, сказаў чалавек у даматканайа сьвiтцы. Пару вялых галасоў адказала — жыве!

— Ня чую!

— Жыве!

— Яшчэ мацней!

— Жыве!

— Сядайце!

Чалавек роўнамерным вайсковым крокам падыйшоў да вакна й спынiўся. Кляса сiдзела, быццам спаралiжаваная, а ён доўга пазiраў праз вакно. Па чыгунцы звольненым тэмпам кацiўся даўгi ланцуг плярформаў з панакрыванымi брызентам танкамi, гарматамi, грузавымi аўтамашынамi. Чалавек адыйшоў ад вакна, пачаў спацыраваць перад фронтам лавак.

— Тут на пярэдняй сьцяне, — кiўнуў галавой у бок сьцяны, — наш нацыянальны гэрб пагоня павiнен павiнен вiсець побач Гiтлера, а ня нiжэй яго. Няхай старшыня клясы падбае пра гэта.

Настаўнiк памаўчаў.

— Называюся Антон Сабалеўскi й буду выкладаць у вас гiсторыю Беларусi.

Настаўнiк уважна разглядаў твары вучняў, быццам запярэчаньня чакаў.

— Вы, калi будзеце да мяне зьвяртацца, то называйце мяне «спадар настаўнiк». Слова спадар адпавядае польскаму пан цi расейскаму гаспадзiн. Зразумела?

Усё гэта было надзвычайна новае. Вучнi пiльна слухалi.

— Ведаю, ведаю, — прадаўжаў Сабалеўскi, — што ў некаторых галовах вашых проста не зьмяшчаюцца побач сябе гэтыя два словы — гiсторыя Беларусi. Ад няпамятных часоў чужнiкi казалi нам, што мы не народ, што нiколi й нiчога ня мелi, што мусiм толькi на iх працаваць. I зусем зразумела: калi мы не народ, дык якая-ж тады ў нас гiсторыя… Але паслухайце, што сказаў вялiкi наш паэт Алесь Гарун:

А даўней Беларус непадданы

Гаспадарыў, быў сам над сабою,

I далёка у сьвеце быў знаны

За Лiтоўскай i Ляскай зямлёю.

Так яно й было. Беларусы самi на сваiх землях гаспадарылi. Спачатку мелi вялiкае Полацкае Княства, ды iншыя, а потым ужо й сваю магутную дзяржаву — Вялiкае Княства Лiтоўскае. Чужынцы, бязумоўна, ня толькi што скрывалi ад нас нашае слаўнае мiнулае, але калi гаварылi пра нас наагул дык толькi дзеля таго, каб нам, малаадукаваным, сваей мiнуўшчыны нясьведамым, убiць у галаву, што яны нам заўсёды дабро прыносiлi, што яны намi старанна апякавалiся, адзiн ад другога вызвалялi ды пра нашае дабро дбалi. Так, вызвалялi, апеквалiся…

У голасе Сабалеўскага пачуўся выразны сарказм.

— I вось, дарагiя мае, — пачаў, роўнамерным крокам ходзячы перад лаўкамi Сабалеўскi, — нам абавязкова трэба пазнаць, хто-ж мы ёсьць. Цi мы запраўды «хамы» й парабкi, нiжэйшыя iстоты, гной для росту чужынцаў, рабы паслухмяныя без нацыянальнае прошласьцi, свайго собскага «я», цi, наадварот, — мы — стары ў гiсторыi, слаўны народ, зь вялiкай i пакутлiвай, цяжка пройдзенай дарогай, са старой i багатай культурай, слаўнымi традыцыямi, але часова чужой брутальнай сiлай на каленi пастаўленыя, але не заламалiся яшчэ таму, бо ня гледячы на ўсялякае лiха, годнымi й непакорнымi ў сваiх душах i сэрцах засталiся. Так…

Вандруючы перад лаўкамi, Сабалеўскi схiлiў чало й перазь верх акуляраў уважна зрокам абвёў клясу. Хiхiканьне даўно прапала. На яго пазiралi сур'ёзныя, зацiкаўленыя, задуманыя юначыя твары.

— Нам трэба пазнаць, хто мы такiя, бо, — як сказаў нi раз i нi адзiн фiлёзаф, — каб ведаць куды йсьцi маеш, даведайся спачатку адкуль ты i як прыйшоў. I таму, дарагiя мае, мы й даведаемся адкуль прыйшоў наш народ. Супольна павандруем у далёкую мiнуўшчыну i адтуль, ад карэньня, праверым зь якое глебы расьце нашае нацыянальнае дрэва. А падарозе, вандруючы, правяраючы, распытваючы, параўноўваць будзем праўдзiвыя гiстарычныя факты iз тымi, што ўбiвалi нам у галаву чужынцы. Толькi тады, шляхам праверкi й параўнаньня, мы нашу родную, дарагую нам, праўду знойдзем.

— Такiм чынам перш за ўсё даведаемся, што з асноўных трох плямёнаў, Крывiчоў, Дрыгавiчоў i Радзiмiчаў, злажыўся на працягу стагодзьдзяў наш народ i што першым нашым магутным гаспадарствам было Полацкае Княства, з калыскай нашай дзяржавы ў недалёкiм ад нас i слаўным горадзе Полацку. Пазнаем мы падарозе князёў полацкiх ды вялiкую жанчыну, слаўную палачанку, асьветнiцу й патронку Беларусi, сьвятую Афрасiньню Полацкую.

— Мы заглянем у Наваградак, стары й ведамы горад у цэнтры нашае зямлi й першую сталiцу Вялiкага Княства Лiтоўскага. У ходзе навукi пра Вялiкае Княства Лiтоўскае мы пазнаем, — што Лiцьвiны цi Лiтоўцы гэта i ёсьць мы, пазьней чужнiкамi Беларусамi празваныя, а ня тыя каторыя сяньня сябе Лiтоўцамi, а краiну сваю Лiтвой называюць. Яны былi й ёсьць Жмудзiны, Жамойцы, а паiхнаму — Жэмайцiсы. Такiмi былi яны ад веку, а назоў наш гiстарычны — Лiтва, прысабечылi сабе зусiм нядаўна, а гэта пасьля таго, як народ наш страцiў сваю незалежную дзяржаву ў 1919-ым годзе.

— Павандруем мы пасьля ў сталiчнае, старое беларускае места Вiльню, заглянем на княскi двор, пачуем на двары Вялiкага Князя й iншых лiтоўскiх магнатаў беларускую мову. Зацiкавiмся мы польскiмi панамi й ксяндзамi ды iхнымi дзяржаўнымi мужамi, якiя выдалi сваю Ядвiгу за нашага Ягайлу й пасадзiлi яго на свой пасад у Кракаве толькi таму, каб пасьля выцягнуць сваю сквапную руку ня толькi па нашыя землi й багацьцi, але — што найважнейшае, па нашы сэрцы й душы.

— Падарозе пачуем вялiкi розгалас бiтвы пад Грунвальдам, дзе Крыжацкi Ордэн выступiў сваiмi мячамi супраць вояў супольнае армii Лiтвы й Кароны. Наўсуперак цьверджаньня гiсторыкаў Польшчы, што для сваiх мэтаў схвальшавалi факты, мы ўбачым, што галоўным камандзерам армiяў з нашага боку быў не кароль Ягайла, што iз сваiм дваром сядзеў ззаду. Бiтвай кiраваў наш вялiкi й слаўны князь Вiтаўт. I ў крытычную хвiлiну, калi трэба было ня толькi маланкава думаць i стратэгiчна цi тактычна плянаваць, але й вояў адпаведных мець, тады Вiтаўт кiнуў у бой Беларусаў Смаленшчыны. Гэтак наш Вялiкi Князь i нашы з крывi й косьцi браты са Смаленшчыны перамаглi Крыжаносцаў, выратавалi Лiтву й Карону ды на стагодзьдзi затрымалi нямецкую пагрозу. Гэтага, са зразумелых прычынаў, не казалi нам польскiя гiсторыкi. Факты яны схвальшавалi, а славу, што нам належылася, сабе забралi.

— Заглянем мы з вамi i ў Прагу, цяперашнюю сталiцу Чэхаславаччыны, дзе наш слаўны доктар Франьцiшак Скарына, сын Лукаша «са слаўнага места Полацку» ўжо ў 1517 годзе выдаў i сам надрукаваў першую кнiгу бiблii старой беларускай мовай. Скарына, такiм чынам на цэлага паўстагодзьдзя апярэдзiў у друку сваей мовы iншых усходнiх Славянаў, перадусiм Маскалёў. Ён-жа ўжо ў 1525 годзе залажыў першую друкарню на роднай зямлi ў Вiльнi. А хiба-ж ня трэба вам гаварыць, што ў той час друкаваная кнiга азначала вялiкi крок поступу асьветы для народу. Далей даведаемся, падарожнiчаючы ў мiнулым, што наша бацькаўшчына, вялiкая тады й магутная Лiтва, мела свае, пiсаныя ў роднай мове правы, i ўжо ў 1529 годзе быў прыняты для ўжытку зборнiк гэных правоў. Называўся ён Статутам Вялiкага Княства Лiтоўскага i быў адным зь першых кодэксаў правоў у тагачаснай Эўропе.

— Гэну пару, асаблiва шаснаццатае стагодзьдзе, называюць некаторыя залатым векам беларускай культуры. З пашырэньнем друку, — а неўзабаве, пасьля Скарынавай у Вiльнi, паўстала ў Беларусi яшчэ некалькi друкарняў, друкаваная кнiга сталася даступнай многiм людзям, што раней аб пiсанай кнiзе й марыць не маглi. Пашыралася асьвета, разьвiвалася культура. У Беларусь пачалi пранiкаць рэфармацыйныя iдэi з Захаду. Яны йшлi праз Польшчу. Самай Польшчы, зразумела, залежала, каб апанаваць нашу бацькаўшчыну. Рабiлася гэта галоўна праз рэлiгiю й асьвету, больш канкрэтна праз каталiцкi ордэн Езуiтаў. Пра гэта мы будзем разважаць даволi падробна.

— Заглянем мы ў 1569 годзе ў Люблiн, прыслухаемся да нарадаў лiтоўскiх, значыцца нашых i польскiх магнатаў i шляхты. Прасочым якiмi махiнацыямi, наўсуперак жаданьням нашых прадстаўнiкоў, Палякi ўбiлi першы цьвiк у дамавiну нашага нацыянальнага, незалежнага ад Польшчы, жыцьця, стварылi акт, званы Люблiнскай вунiяй, значыцца фактычна на векi вечныя прылучылi нашую бацькаўшчыну да Кароны. Трэба вам ведаць, што перад Люблiнскай было некалi падобных умоваў-вунiяў на працягу папярэдняга стагодзьдзя. Мэта Палякаў цалком праглынуць i спаланiзаваць нашу бацькаўшчыну. Нашыя кiруючыя магнаты такой вунii не жадалi. Аж па шматлiкiх спробах у Люблiне Палякi нарэшце асягнулi сваё. Прасочым далей, што рабiла польская палiтычная вярхушка, пабачым там гнiль i парахно, спасьцеражэм ненасытную прагавiтасьць i поўны маральны расклад пануючага там элемэнту. Убачым тыя катастрофы, што гэткiя гаспадары сьцягнулi на сябе й нашу краiну, доўгiя войны з Маскоўшчынай, зьнiшчальную швэдзкую навалу ды руiну вялiкага, багатага й магутнага гаспадарства.

— У гэны час, з багаславенства й пры помачы Ватыкану, польскiя Езуiты, быццам краты, тачылi беларускую душу. Са сваiх касьцёлаў, манастыроў i школаў пачалi яны запраўдную афэнзыву. Першая iх мэта — апанаваньне вялiкiх беларускiх магнацкiх родаў. Пад такiм заядлым напорам нашыя магнаты прыймалi чужую, значыцца каталiцкую веру, пакiдалi свой народ. Яны сталiся тымi, пра якiх пазьней ведамы кашталян Мялешка сказаў, што «костка наша, але чужым мясам абрасла й ваняе».

— Мы далей пабачым, як безгаловая польская палiтыка прынесла для нашай бацькаўшчыны катастрафальныя вынiкi. У другой палове васемнаццатага стагодзьдзя Рэчпаспалiтую падзялiлi суседзi — Прусы, Аўстрыя й Расея. Запраўды, у гiсторыi народаў гэта рэдкi выпадак, каб безгалоўе й безгаспадарлiвасьць кiраўнiкоў зруйнавалi ўсю сваю дзяржаву, а разам з тым i нашу бацькаўшчыну Лiтву ў пропасьць маскоўскае няволi пацягнулi.

— Уважна прыгледзiмся, як маскоўскiя вяльможы, салдаччына i ўраднiкi, з волi насамперш Кацярыны Другой, а пасьля iншых цароў як п'яўкi ўсысалiся ў мякаць беларускую, пачалi пiць жывыя сокi нашага цела, рабаваць народныя й прыватныя скарбы нашыя. Моладзь гналi ў маскалi этапамi на Сiбiр, дома-ж сялян упраглi ў ярмо зьдзеклiвага й бязвыхаднага прыгону. Пабачым, як народ наш нi раз паўставаў супраць Расеi, стараўся вярнуць зрабаванае маскалямi. Кстусь Калiноўскi, наш выдатны нацыянальны правадыр-рэвалюцыянер, падняў супраць Маскоўшчыны вялiкiя народныя масы ў паўстаньнi 1863-га году. Залатымi лiтарамi ўпiсаныя ў гiсторыю нашу словы Калiноўскага зь ягона «лiсту спад шыбенiцы»:

«Ваюй, народзе, за сваё чалавечае й народнае права, за сваю веру, за зямлю родную. Бо я табе спад шыбенiцы кажу, народзе, што тады толькi зажывеш шчасьлiва, калi над табой маскаля ўжо ня будзе».

— Мэтэорам праляцеў Кастусь Калiноўскi празь беларускае, завалочанае маскоўскiмi хмарамi неба, паказаў нам шлях да волi. Але паядынак быў надта няроўны, бо маскоўскiя сiлы празь меру вялiкiя. Сам гэрой меў усяго 26 год, калi павесiлi яго ў 1864-ым годзе на Лукiскiм пляцы ў Вiльнi.

Сабалеўскi гаварыў з выразнай насалодай, iнтанацыйна падчыркiваў словы й цэлыя сказы. Цьвёрда-мiлагучны нiзкi бас вызначаўся аўтарытэтнасьцю й фiнальнасьцю, якую звычайныя слухачы рэдка калi адважацца аспрэчваць. Настаўнiк вандраваў перад лаўкамi, часта з-над акуляраў пазiраў на вуйняў, спыняўся перад вакном i задумана стаяў па некалькi часiн. Выняў зь кiшэнi настаку, выцер шырокi, блiскучы лоб, паправiў акуляры. Зачараваная ягоным дарам мовы, зьдзiўленая зусiм iншым насьвятленьнем некаторых гiстарычных фактаў, чымся рабiлi некалi акупанты, кляса застыла ў задуме.

— Спынiмся над працэсамi беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня. Пазнаёмiмся з Дунiным-Марцiнкевiчам, што ўжо ў палове дзевятнаццатага стагодзьдзя шмат пiсаў пабеларуску. Пачуем голасны клiч бацькi беларускага адраджэньня Францiшка Багушэвiча: «Не пакiдайце мовы роднай, беларускай, каб ня ўмерлi!». Паўсталая ў Вiльнi ў 1906-ым годзе беларуская газэта «Наша Нiва» клiкала народ да асьветы, баранiла ягоных нацыянальных i сацыяльных iнтарэсаў. На яе старонках чытаем першыя творы будучых волатаў лiтаратуры: Янкi Купалы, Якуба Коласа, Максiма Багдановiча й цэлага шэрагу iншых.

— У сваiм вершы Янка Купала, ведамы як беларускi народны прарок i правадыр, заклiкае:

«На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход

Iдзi аграблены, закованы народ!»

Галадаўшаму доўгi час нельга, да ежы дабраўшыся, аб'ядацца, бо страўнiк ня справiцца. Прагавiтым ведаў пра сваё й роднае вучням нельга было адразу зашмат даваць. Раптоўная лявiна вестак з вуснаў таленавiтага настаўнiка магла быць няперадуманай, астацца няпераваранай. Яна ашаламляла сваей праўдзiвасьцю, эмацыянальна ўзбуджала кволыя маладыя сэрцы.

Сабалеўскi затрымаўся пасярод клясы, доўга i ўпорна глядзеў на зьзяючыя вочы й твары.

— Ведаю, дарагiя мае. Тое, пра што я тут сягоньня так павярхоўна гаварыў, ёсьць для бальшынi з вас неспадзеўкай. Дзiва няма, калi некаторыя з вас проста ашаломленыя.

Перад вучнямi цяпер стаяў ласкавы, дбайлiвы бацька. Ён усьмiхаўся, быццам па галоўках iх гладзiў.

— Гэта зусiм натуральна. Некалькi хвiлiн таму назад, — настаўнiк выцягнуў зь кiшэнi сярэбраны гадзiньнiк «цыбулiну», адкрыў яго, уважна паглядзеў на стрэлкi, некаторыя з вас рагаталi з таго, што ёсьць гiсторыя Беларусi, гiсторыя не як прадмет, так сказаць, а запраўдная. Я наўмысна ўзяў вас за руку й паказаў некаторыя мамэнты з машай слаўнай тысячагадовай прошласьцi. Самi бачыце, што нiва гэта прасторная й па ёй мы пастараемся прайсьцiся як дбайлiвы й руплiвы гаспадар. Але вы ўжо, здаецца, уявiлi, што Беларусь была вялiкая, змагарная i слаўная. Змагарная, непакорная й нязломная яна й асталася.

— Да прадмету гiсторыi раю вам адносiцца з найбольшай сур'ёзнасьцю. Вывучаючы факты ў iх праўдзiвым, нашым, беларускiм асьвятленьнi, паволi адчыняцца вашыя вочы. Ня толькi пазнаеце адкуль мы прыйшлi, хто мы ёсьць i куды, мусiць, iсьцi,але настолькi пабагацееце духова, што стане ў вас сiлаў для тэй далейшай i нялёгкай дарогi. Пазнаньне сваей прошласьцi ўзбагачае ўсiх нас разам i кажнага паасобку. Параўнальна гаворачы, наш рост у няволi пад чужым ярмом можна ўявiць як вэгэтацыю кволае расьлiны дзесь у глухой засенi або змроку. Тая-ж самая расьлiна, няхай i кволая, узбуйнее й налiецца сокамi, набрыняе, успышнее, умацуецца ўсiмi сваймi клеткамi калi толькi даць ёй даволi сонца й добры корм. У даным выпадку сонцам для нас ёсьць воля й праўдзiвае асьвятленьне нашае прошласьцi дый прошласьцi нашых суседзяў, што нас сiлаю, глумам i маною ў ярме й галечы трымалi.

— Я спадзяюся, што вы будзеце сур'ёзна адносiцца да прадмету гiсрорыi яшчэ й таму, бо патрабуе гэтага цяперашнi час, так сказаць гiсторыя, што на нашых вачох творыцца. Я-б устрымаўся ад спасьцярогаў адносна цяперашняе сытуацыi беларускага народу, у тым лiку й кажнага з нас, калi-б ня лiчыў гэта абсалютна неабходным. Бачыце ня зьбiраюся прадказаць будучынi, адно можна з пэўнасьцю ўжо цяпер сьцьвердзiць, а гэта тое, што завiруха, даруйце, магчыма ўжываю занадта клагоднае слова, — значыцца, што завiруха будзе патрабаваць шмат ахвяраў, пралiецца многа крывi, у тым лiку й нашай. Мейце на ўвазе, памятайце адно, што чужнiкi, якiя цяпер ёсьць на нашай зямлi, якiя валодаюць зброяй, ня будуць нас пытацца, што рабiць маюць, ня будуць нас па галоўках гладзiць, а пэўне зусiм наадварот…

Апошнi сказ Сабалеўскi вымавiў наўмысна павольна, нiзкiм, сур'ёзным, здавалася, што прарочым голасам. Спынiўся й доўга прыглядаўся юнацкiм тварам перазь верх акуляраў. Цi хацеў перадаць нясказанае?

— З гэтага выснаў, - зноў пачаў, ходзячы паволi, настаўнiк, — што нам трэба за сваiх, значыцца адзiн за аднаго пастаяць, падтрымаць адзiн другога, самiм сабе памагаць. Параўнайце сытуацыю да пажару вялiкае вёскi, дый не абавязкова ў ветраны дзень. Калi адна хата загарыцца, усё, што жывое, сьпяшыць тушыць яе. Тут дзеiць можа ня так звычайная людзкая даброць, як патрэба самазахаваньня. Практычна й проста справа зводзiцца да таго, што калi вяскоўцы не патушаць агня, што жарэ тую першую хату, дык ён зь ветрам цi безь яго можа перакiнуцца на далейшыя гасподы цi будынкi й зглумiць усю вёску. Зразумела? Гарыць маё, а ты будзеш разiнькай цi зь iншых прычынаў не паможаш тушыць, дык можа й тваё згарэць. Выбару тут няма.

— Гэтаксама i зь цяперашнiм вялiкiм сусьветным пажарам. Ужо ясна, што гарыць наша бацькаўшчына, наша адвечнае дабро й багацтва й калi нам нiчiога не рабiць, стаяць рукi апусьцiўшы, дык агонь можа выкацiць вялiкiя полацi нашых нiваў, загубiць людзей нашых. Вось чаму трэба вам як мага шпарчэй самiх сябе пазнаць, значыцца добра гiсторыю народу свайго вывучыць, а там ключ знойдзеце, як дзьверы ў свой, у новы сьвет адчынiць… Тады, каб жыць i выжыць, змагацца й перамагчы, супольна й дружна за свае iнтарэсы, за волю дарагое бацькаўшчыны Беларусi станеце!

Януку здавалася, што гэтага чалавека можна было-б слухаць без канца. Прыгожая, багатая, лёгкая мова роўным патокам, без найменшых намаганьняў бурлiла. Гэтак гаварыў пястун, руплiвы гаспадар, што кажнае слова цанiў-узважаў i ашчадна, як грошы выдаваў. А якiя важныя, заўсёды абаснаваныя, закругленыя й падсумаваныя думкi! Так мог гаварыць чалавек, што палка, усiм сэрцам, бязь нiякiх засьцярогаў свой народ любiў.

Пра гэта ўсё, што зь вялiкай мастацкай сiлай у ягонае ўяўленьне ўляглося, думаў цяпер, па дарозе са школы, Янук. Побач крочыў маўклiвы й журботны Ўладзiмер.

— Цi табе падабалася лекцыя гiсторыi? — спытаў Янук.

Уладзiмер маўчаў.

— Чуеш, што кажу?

— Чую.

— Ну дык?

— Пусьцяк, — буркнуў двуродны брацiшка.

— Гэта значыць што такое пусьцяк?

— Да нiчаво…

Янук, зьдзiўлены, доўга i ўважна глядзеў на свайго нядаўна прыдбанага сваяка. Праходзiлi перад будынкам, дзе лянiва ў вялым васеньнiм ветрыку, на машце перад уваходам трапятаўся чырвоны сьцяг зь вялiкай чорнай, на белым крузе, свастыкай пасярэдзiне. Калiшняе «ортскоммандатур» на дошцы перад сiняй, аблезлай з хварбы, брамай замянiла цяпер «ортсполiцай». У гэтым будынку iз тэй прыбудоўкай ззаду, дзе Адась Вадзiмскi зь вялiкай насалодай адбiваў Пракопу Бахмачу нутро, некалi мясьцiлася польская палiцыя. Ужо ўвайшло ў звычай, што мясцовыя людзi, а ў iх лiку i Янук, калi трэба было мiнуць будынак, дык на другi бок вулiцы пераходзiлi. — Далей ад чарцей, каб яны галовы скруцiлi! — казаў каторы селянiн, адчуўшы бiзун акупанта. Пра гэтых найнавейшых «чарцей», што прыйшлi на зьмену вайсковай камандзе нямецкага гарнiзону, яшчэ мала вядома было. Насiлi яны вопратку бледна-зялёнага колеру. «Ортсполiцай» на дошцы нешта-ж выясьнiла. Нехта, — а было-ж навокал шмат розных «дойчаў», як грыбоў пасьля дажджу ў лесе, ператлумачыў, што гэта — метсчковая палiцыя, пасьля яшчэ нехта далажыў «эсдэ». А апошнiм часам нарадзiлiся весткi, быццам нямецкiя ўлады арганiзуюць палiцыю зь мясцовых людзей.

Калi-б Янук сваiм уяўленьнем ня прысутнiчаў на гэнай надзвычайнай лекцыi гiсторыка Сабалеўскага, пэўне-ж пастараўся-б перад палiцыйным будынкам на другi бок вулiцы перайсьцi. Побач крочыў маўклiвы, пануры Ўладзiмер. Задуманаму юнаку, як праз туман, прадставiлiся воддаль ад брамы, перад галоўнымi прачыненымi дзьвярмi будынку дзьве постацi — адна ў шэра-мышыным колеры, iншая ў чорным. I можа-б далей ня ўзяў Янук iх на ўвагу, калi-б ня згадка. Адзiн мiг… Перад занятым глыбокiмi думкамi падарожнiкам у натоўпе цi на дарозе мiльгне сiлуэт… Кароткi момант, дроб часiны. Але памяць, упартая i як-жа часта ненадзейная, здаецца незалежна ад цябе, стараецца на гэтым дробе-макулiнцы цэласьць пабудаваць. Фiгура ў чорным, каржакаватая, зь пiлёткай набок на галаве, рыжымi валасамi, малой гарбiнкай на носе, гаварыла нешта чалавеку ў зялёным мундзiры. Правая рука ў кiшэнi, а левая разложанымi пальцамi нешта падчыркiвала энэргiчным рухам.

Янук раптам спынiўся. Людзi ў мундзiрах стаялi крокаў дваццаць воддаль, бокам да хлапцоў.

— Ты чаго? — спытаў просты Ўладзiмераў голас.

у гэны момант чалавек у чорным зiрнуў у гэты бок. Рудыя, калючыя, няпрыязныя вочы. Янук пазнаў яго. Не, сумлеву не магло быць. Аслаблi ногi. Мурашкi ў панiцы пабеглi па целе… Сустрэча вачэй трывала часiнаў пяць. Янук схапiў Уладзiмера за руку.

— Хадзi, скарэй!

— Што такое?

Янук не адказаў. Iмкнучыся якнайскарэй адыйсьцi, Бахмач азiрнуўся. Здавалася, што гэны ў чорным уважнас пазiраў за iм усьлед. Спынiлiся воддаль, паза засягам вока палiцыi.

— Што стаклася? Чаго цябе, як падарвала? — зацiкавiўся цяльпукаваты Ўладзiмер. — Ты зьбялеў, дрыжыш…

— Знаiш… знаiш, каго я там увiдзiў, таго ў чорным? — гаварыў дрыжачым голасам Янук.

— Кажы.

— Чалавека, што маю матку забiў…

Наступiла доўгае маўчаньне.

Дзесьцi з захаду ад сьветафору падпаўзаў вуж вагонаў i плятформаў, наладаваных гарматамi, танкамi, горамi скрыняў з амунiцыяй. Паравоз звольнiў, незадаволена чмыхнуў, прарэзьлiвым тоненькiм сьвiстком сьцебануў васеньнюю млявасьць. Гэны сьвiст быццам крапiва-джгучка апёк Янука, што ля рухлiва-бразгатлiвае майстэрнi да Падгайскага сьпяшыў. Буркнуўшы пад носам адчэпнага, што рупiць яму некуды, Уладзiмера ззаду пакiнуў. Пагутарыць, параiцца трэба. Пэўне-ж, Падгайскi можа больш пра гэтага польскага недабiтка ведаць…

Загрузка...