У кухнi Падгайскага пад абажурам ярка гарэла электрычная лямпачка, а вокны былi суцэльна закрытыя цёмнымi занавескамi. За сьцяной дзесьцi стукаў аканiцай вецер. За сталом сядзеў Антось. Ён узяў да паловы рудой вадкасьцю налiтую аграномам шклянку.
— Выпi, Антось, адным глытком. Разагрэешся. Цябе, мусiць, добра вецер прабраў.
— Дзякую, — адказаў Падгайскаму Дзяркач. Выпiў, зморшчыўся. Шнапс прыемнай цяплынёй расплыўся па жываце.
— А ты ня вып'еш? — спытаўся Антось гаспадара.
— Ня буду. Калi ласка, закусвай, — падсунуў аграном Антосю накроенае на талерцы сала й прыемна пахнучыя кiслыя гуркi.
— Цябе нiхто па дарозе ня вiдзiў?
Антось зiрнуў Падгайскаму ў вочы, падумаў улажыў у рот кавалак адрэзанага гурка.
— А хто-ж мог вiдзiць? Полем iшоў. Знаеш, што вечарам цi ноччу хадзiць нiма як.
— Знаю.
— А чаму пытаешся?
— Таму, што лепi пацiхоньку… Каб вораг ня ведаў. Але можа пра гэта пасьля скажу. Хвалiся, што там у цябе.
— Нiчога, усё пастараму.
Падгайскi ўважна зiрнуў субяседнiку ў вочы, устаў з-за стала, прайшоўся па кухнi.
— Ты, Антось, гэтае самае, ня дуры галавы. Каб нiчога ня было, ты-б сядзеў дома, бяз прычыны ня швэндаўся-б.
Антось усьмiхнуўся.
— Старога ваўка, як кажуць, авечка нi правядзець. Знаеш, думаў я й думаў, а гэтыя думкi, каб iх пранцы, у сваiм сагрэтым кутку пасядзець нi даюць. Я гэта ўсё пра тое, што трэба рабiць, каб злажыўшы рукi нi сядзець. Знаеш, што вытвараецца.
Антось гаварыў паволi, упэўнены, што аграном цярплiва выслухае яго, а пасьля сваё скажа. Як умеў, апiсаў свае роздумы, аграмадную трывогу ня толькi за свой лёс. Падгайскi хадзiў па кухнi, церабiў валосы.
— Ты ўжо скончыў? — спытаў аграном занадта рэзка.
— А што? — зырка зiрнуў на яго, спасьцярогшы нецярплiвасьць гаспадара, Антось.
— Ды тое, што ты, братка, мусiць, забыўся. Таўклi мы раней гэты мак у ступе. Дый ня толькi таўклi, але й згадзiлiся, што няма чаго нашым па завугольлях хавацца, манны зь неба чакаць, а трэба за зброю брацца. Я табе ў палiцыю iсьцi сулiў, а ты адмовiўся. Сказаў мне, што ў чужую палiцыю ня пойдзеш. Воля твая. Рупiць табе ў сваё беларускае войска i ты, як вiджу, вiнавацiш нашых, каторыя дзе-небудзь там пры ўладзе, але нi стараюцца ў Немца дазволу, цi можа й дамагаюцца, але замала. Так цi не?
— Яно-ж так…
— Ты, Антось, ужо чуў, што нашы ў Менску ўжо даўно дамагаюцца й што нiбыта ёсьць нейкiя рэзультаты. Немцы дазволiлi самаахову зарганiзаваць, але нi так, як Беларусы хацелi. А нашы хацелi, каб паставiць на ногi тры добра ўзброеныя дывiзii, пад нашай камандай. А Немцы сказалi, што па акруговых гарадох можаце мець батальёны, а ў паветавых толькi роты. Дый то Немцы маюць iмi камандаваць, а нашыя афiцэры й падафiцэры на iхных паслугах быць. Што-ж гэта за войска беларускае? Дрэнь, братка. А апранаць i кармiць мае Беларуская Народная Самапомач, значыцца мы самi. Немцы зброю дадуць. Дык вось што сталася: у Мiнску закончыўся курс перашкаленьня афiцэраў i падафiцэраў самааховы. Было паўтары сотнi ўдзельнiкаў, ад былых царскiх прапаршчыкаў пачынаючы да калiшнiх польскiх падхаронжых, а гадамi ад дваццацi пяцi да шасьцiдзесяцi. Ну й што-ж? Кушаль Францiшак вёў той курс i сам выкладаў. Яму, ведама-ж, памагалi iншыя перадавыя нашыя Беларусы. Але, атрымаўшы ўсе патрэбныя веды пра новую зброю й беларускi вайсковы рэгулямiн, людзi разьехалiся па гарадох, пачалi арганiзаваць самаахову. I ўжо сабралi ахвотнiкаў, пачалi муштраваць, школiць падафiцэраў, ды што-ж, братка, людзi ў лапцёх, ботаў няма, вопраткi нi хапаiць, ды Немцы навет зброi нi далi. Нiкаторыя здабылi сабе старыя савецкiя ламачыны… Гэта, братка, ня войска, хоць у нашых ахвота ёсьцiка. Але прыгнечаныя. Баюся, калi не папаравiцца палажэньне, дык дамоў разьбягуцца. Вось табе й самаахова…
— Думаеш, што паправiцца?
— Трэба спадзявацца. Нiкаторыя цьвердзяць, што Немiц памякчэў, ужо нi разяваiць з крыкам ляпы, як раней. Бальшавiкi, вiдаць, яму ў азадак трошкi далi. А бандыты яму як пачнуць дапякаць, Немцу значыцца, дык зброю дасьць, ня дзе дзенiцца. Сам-жа на фронце i з бандытамi ня дасьць рады. Але калi тое што будзiць? Я ўсё казаў, - сам помнiш, — што трэба нашым было адразу ў палiцыю пхацца. Цяпер мы былi-б у сваiм доме гаспадарамi, а нi праклятыя Палякi.
— Ну а цi ёсьць самаахова ў Докшыцах цi ў Глыбокiм?
— Такая во лапцёжная, як я табе казаў. Што зь яе… Вып'еш яшчэ?
— Давай.
Падгайскi налiў Антосю й сабе. Выпiлi.
— Я то трывожуся, — працягваў аграном, — каб ня было для нас запозна нi таму, што заўтра цi пазаўтра бальшавiкi гэтых у Бэрлiн загоняць, а таму, каб нашых бальшавiцкiя й польскiя банды й гэтая басота з палiцыi нi перадушылi. Ты знаеш, што тутака ў Гацях гэта нечысьць рабiла. Але цi знаеш ты тое, што падобна адбываецца па ўсей Бiларусi? Я чуў, што ў Мiры паляч'ё, каторае гэта было на пасадах у дварох i маёнтках, дык цяперака абсадзiла нямецкую камандатуру. У даносах Немцу падалi сьпiскi нашых, каторых некалi судзiлi, знаеш, — людзi-ж судзiлiся й за зямлю й за што другое, — дык падалi Немцам сьпiскi, што судзiлi за камунiзм. Ну а Немiц, кумекаеш, пакуль там разабрацца, бабах i людзей нiма! Вось так Палякi масу нашых найлепшых людзей нямецкiмi рукамi вымардавалi. Пад арышт у Стоўбцах папаўся лейтэнант Чабатарэвiч, добры наш чалавек i надта цэнны, што вайсковы. Ён-жа пасьля не адны лапцi стаптаў, дамагаючыся ў Немцаў, каб дазволiлi самаахову нам арганiзаваць. I Кушалю ён пасьля многа памог. Значыцца, апроч гэтага Вiктара Чабатарэвiча, арыштаваны быў i Сабалеўскi, ранейшы пасол у польскi сойм. Многа iншых было пад арыштам, але гэтых нашым удалося выратаваць. А цi чуў ты, што польская банда напала на Жодзiшкi, гэта месца, што за Вялейкай? Выбiлi ня толькi Немцаў, але й цэлы беларускi актыў. А напад падрыхтавалi Палякi, каторыя служылi ў бiларускай палiцыi. Яны навет паказалi бандытам дзе ў якiх хатах жывуць нашыя актыўныя людзi. Мы тамака многа цэнных людзей страцiлi. Вось, братка, як паляч'ё робiць. Арганiзацыя ў iх, разьведка, акцыя!
— Калi тое было?
— Улетку. Ды чакай, раскажу табе яшчо, — гарачыўся аграном. — Ты чуеш што робiцца ў нашай ваколiцы, а я чую што вытвараецца многа па цэлай Бiларусi. Найболi зьверскiя банды ў Шчучынскiм, яны над нашымi сьвятарамi зьдзекуюцца. У вёсцы Туры за беларускую дзейнасьць польская банда замардавала сьвятара Iгнатовiча й ягоную матушку. Паабразалi iм вушы, насы, вочы павыколвалi, а матушцы адрэзалi грудзi. Нараны лiлi бiнзiн, падпальвалi й п'яныя рагаталi зь людзкiх мукаў.
— Госпадзе мой, Матка Боская! — жахнуўся Антось.
— Тамака яшчо недзе, — забыўся мясцовасьць, — дык нашага сьвятара, каторы ладзiў праваслаўную царкву, што Палякi адабралi й замянiлi на касьцёл дваццаць гадоў назад, дык яго жыўцом закапалi ў зямлю, толькi галава тарчэла. Разлажылi вогнiшча й калi чалавек у страшных муках памiраў, вакол таго агня, як дзiкуны, танцавалi… Мог-бы доўга расказаць усё тое, што да мяне даходзiць. Па цэлай Заходняй Бiларусi Палякi стараюцца гаспадарыць, палiць i рэзаць. А рэжуць нашых у корань. Дык цi думаеш, што сам адзiн па начах ня сьпiш i рупiшся, каб сваiх пад зброю на абарону паставiць?
Падгайскi змоўк. Зiрнуў на ручны гадзiньнiк. Вiдаць, што быў змучаны.
— Можа спаць хочаш, а я замiнаю?
— Ды не, сядзi. Я рад, што забегся, хочацца са сваiм чалавекам душу адвесьцi. Знаеш, тутака на месцы я асьцярожненька мушу.
— А што чуваць?
— Я й хацеў расказаць пра гэта, але яшчо раней пра бальшавiцкiя банды. ты сам чуеш, што яны ад Палякаў анiчуць ззаду не астаюцца. Цяперака, вiдзiш, ужо пачынаюць школы палiць. Нашым удалося на курсах маладых настаўнiкаў на скорую руку падрыхтаваць, каб дзiркi пазатыкаць, а гэтыя ўжо разганяюць. За Докшыцамi нiдаўна ў Малiнаўцы школу спалiлi. Чуў? Ды i другiх мясцох паляць, асаблiва дзе блiжэй да лясоў. Настаўнiкаў калi не забiваюць дык напалохаюць, што самi паўцякаюць. Чакай-жа, здаецца зь Лiтоўцаў там недзiка настаўнiчае Янука Бахмача дзяўчына?
— Ага, Дуня Макатунiшка, у Бярозаўцы.
— Гэта блiжэй гораду. Можа туды нi дабяруцца. А хто ў вас у Лiтоўцах вучыць?
— Ды гэта старая дырда Плясьневiчыха. Якая там зь яе вучыцелька… Бэ i мэ можа навучыць, а так яна слаба пабiларуску…
— Што за яна?
— Старая ўдава з гэтых нашых пшэкаў-шляхты. Як помню, лiпела там на хутары пры Лiтоўцах. Мы некалi, малеча, калi ўскапышымся й бяжым Плясьневiчых дражнiць. Яны дзьве з катамi жылi. Мы пад вакно падыйдзем ды як зачнём на розныя галасы! Старэйшая, як ведзьма, зь мятлой празь дзьверы да нас: — Я вам, лайдакi, ногi паперабiваю! Тая старэйшая даўно памерла, а маладзейшая цяперака дзяцей нашых вучыць. Гадоў, мусiць, шэсьцьдзесят ей.
— Гэта зьдзек над нашымi дзеткамi, каб такую вучыць паставiлi.
— Мусiць няма каму.
— Дык калi-б тэй Януковай дзяўчыне горача там стала, чаму яе ў родную вёску нi вярнуць?
Антось нiчога на гэта не адказаў. Дуню ён паважаў, але ня ведаў як там у Бярозаўцы ўложыцца й цi Дуня дома вучыць згодзiцца.
— Ну дык што там у цябе з палiцыяй i Немцамi? — спытаў.
— Левандоўскi да цябе ня чэпiцца? — пытаньнем на пытаньне адказаў Падгайскi.
— Нi заглядаў.
— А як дзiравы шляхцiц?
— Нiчога. Ён сьлядзiць за Шпунтамi. Хочыць Лявона прыпiльнаваць i падсьцерагаiць як Шпунтоў сабака ўночы брэшыць.
— Кпiны строiш?
— Ды не. Сам мне расказваў.
Падгайскi запрапанаваў яшчэ выпiць.
— Я гэттака, ведаеш, — працягваў аграном, узяўшы малы кавалачак гурка, — ролю абжытага й багатага прыяцеля Немцаў i Палякаў iграю. Гаспадарка мая да гэтага рыхтык падходзiць. I адны й другiя, значыцца Немцы й палiцыя да мяне заглядаюць. Ёсьць варыва, садовiна, ёсьць яшчо тое-сёе. Курэй, сьвiней, карову трымаю. Прыходзiцца да працы наймаць, знаеш. Яшчо трымаю добры запас гарэлкi…
Пра характар гаспадаркi сваей аграном не патрабаваў Антосю гаварыць. Падгайскi практыкаваў так неабходны вайною тавараабмен. I гарэлку, значыцца шнапс, пэўне-ж, ня сам гнаў, а даставаў з ЦТО цi дзе там. Калi-ж мясцовым уладам чаго патрэбна было, а Падгайскi ня меў, дык ведаў дзе i ў каго дастаць можна. Нямецкая ваенная гандлёвая кантроля мела шмат дзiрак, празь якiя можна было лёгка пралезьцi, асаблiва калi з уладамi руку трымаеш. Бязумоўна, — ды пра тое навет не гаварылася, — Падгайскi, як мага, мусiў ладзiць з падобнымi, як ён, гаспадарамi ў мястэчку, якiя супольна маглi рабiць «гяшэфт» для свайго дабра й нажывы дый для частага ратаваньня iншых, што зубы палажылi-б на полкi, калi-б трымалiся правоў акупацыйных уладаў. Антосю ведама было, што Падгайскi не рабiў гандлю на вялiкi маштаб, а адно даволi, каб самому ўтрымацца, наймiтаў аплацiць ды, — самае галоўнае, утрымаць сваю стратэгiчную пазыцыю, зусiм неабходную для помачы загрожаным Беларусам.
— Ты можа й чуў, - усьмiхнуўся аграном, — нiкаторыя сьмяюцца, што ў мяне забягалаўка, толькi от што баб нiма, ато чыста бардачок быў-бы… Ха-ха-ха! Гэтам браток, злыя языкi, перцу на iх. Прыходзяць гэтыя самыя, як я iх называю, свае, значыцца й пазаўчорака нямецкi камандант i гэты фрыц, каторы во па гаспадарскай часьцi ад зондэрфюрэра з Докшыц, пару гадзiнаў тутака прабарабанiлi. Знаеш, выпiць, адыйсьцiся ад сваiх хочацца. Куды-ж iм? Выпiць то, пэўна-ж, яны маглi-б i ў сябе ўдома, шнапсу ў iх даволi, але ўсяроўна iм рупiць далей ад непаклiканага вока. От як… Яны такое месца на водшыбе, як маё, любяць. А мне, сам знаеш, калi катораму з нашых на хвост наступяць, дык iхныя дзьверы тады адчыненыя.
— А цi заплацiлi яны табе за ўсё тое дабро, што войска брала ды квiткi давала?
Падгайскi падумаў, пачухаў рудыя валасы, скрывiў твар.
— Як там заплацiлi… Па нейкай сваей дзяржаўнай цане, акупацыйнымi маркамi. Ну але-ж, заплацiлi. Ёсьць тутака ў мястэчку каторыя на чыгунках працуюць, значыцца цягнiкамi маюць праезд у Вiльню цi Менск. Гэтыя людзi вечна назаляюць, каб iм сала цi яек прадаў. Яны там маюць свае кантакты й сам ведаеш, што ў вялiкiх гарадох людзям вайной пражыць куды цяжэй. Я iм часам чаго адчэпнага, але найболi адмаўляю, бо нажыва мяне ня цiкавiцць а, баранi Божа, каго ўквелiш, дык тады адно глядзi…
— Ну а як Левандоўскi? — цiкавiўся далей Антось.
— Спачатку ён, гэтае самае, дзiкавата крыху да мяне ставiўся. Ды пасьля ўвiдзiў, што нямчура сюды заглядаiць дык i ён асвоiўся. Адным словам, злажылася добра. Левандоўскаму, знаеш, давялося часамi чым-небудзь руку пагрэць. Кумекаеш? Нiвядома як далей будзiць, але цяперака лепi мне, значыцца нам, мець iх прыяцелямi чым ворагамi. Гэтак i таньней абыйдзецца, калi часамi сваiх ратаваць трэба. Знаеш, тымчасам улада ў iхных руках. Гэта праблема старая, як сьвет: калi ты слабы, ня рыпайся, мацуйся, чакай свайго моманту, а тымчасам глядзi, каб зь цябе пер'я ня выскублi. Я Левандоўскаму цi раз сказаў, што ўжо час перастаць з нашых людзей камунiстаў фабрыкаваць. Ён зразумеў. Цяперака ўжо з нашых тутака камунiстаў ня робяць хоць, як я табе ўжо казаў, у iншых месцах гэта яшчэ прадаўжаецца. А ты во паглядзi як дырэктар Сабалеўскi сьвята бiларускiх угодкаў нiзалежнасьцi дваццаць пятага сакавiка ў чыгуначным клюбе арганiзаваў, зь якiм шыкам i патрыятызмам. Цымус, браце! I што-ж ты думаеш, цi гэта не калола нашым ворагам у вочы? Ого, як калола! Але-ж нiкога з нашых нi зачапiлi.
— Можа зьмянiлiся? Я iм ня веру, — адказаў Антось.
— Ведаеш, Антось, ня ўсе Палякi сволачы дый ня ўсе нашы — ангелы.
— Ды не, але бальшыня Палякаў якраз i ёсьцiка сволачы й бандзiты. А нашыя? Сам ведаеш, свая кашуля блiжэй цела.
— Ня ведаю як табе вытлумачыць, — пасьля хвiлiны роздуму пачаў Падгайскi. — Можа лепi прыпомнiць, — ты-ж, пэўня, чуў… ды чаму-ж ня чуў? Усе чулi, — прыпомнiць, што ў трыццаць дзявятым, як развалiлася Польшча, рабiлася на Ўкраiне, значыцца ў Галiччыне й на Валынi. Страшна, як расказваюць. Украiнцы рэзалi «ляхiў» без разбору. Пасьля дабралiся й да сваiх сем'яў, мяшаных значыцца. Мацi — Украiнка, а бацькка — Паляк, цi наадварот. От i пашло. Муж рэзаў жонку, цi жонка мужа. I дзетак нi шкадавалi. Ведаеш, народ проста да абсурду скацiўся, зусiм розум страцiў. А цяпер прыгадай сабе, глянь навокал нас: колькi ў нас сем'яў мяшаных? Мясцамi мы вельмi з Палякамi зьлiўшыся, ды яшчо ў нас вялiкая цемната: рэлiгiю лiчаць нацыянальнасьцяй, значыцца каталiкоў — Палякамi, праваслаўных Расейцамi, а рэшта хто? Мы, Беларусы, — гэта тутэйшыя. Ды што было-б, калi-б мы, як Украiнцы, разьню зрабiлi? Бойся Бога, што было-б… Калi-б у цябе была жонка Полька й за польскiх часоў выгадавала дзяцей палякамi, дык што-б ты рабiў, рэзаў-бы iх?
— Ну ты ўжо занадта…
— Ды не, нi занадта. Хачу iлюстраваць табе, як на Ўкраiне было. Людзi саўсiм з глузду зьехалi. Ты ведаеш, чаму нам трэба з камунiзмам змагацца й чаму зь Немцамi нам не падарозе?
— Бо камунiсты прынесьлi нам прыгон калгасны, а Немцы хочуць нас усiх выкаранiць, каб пасьля самiм тут загнязьдзiцца.
— Праўда твая, ды ня ўся. Гэта толькi вынiкi iхных палiтычных таталiтарных сыстэмаў. I камунiзм i нямецкi фашызм — абое рабое. Партыя, дзяржава, дыктатура — гэта ўсё, а чалавек у iх ноль. Ён нi маiць голасу й права, а толькi тыя маюць, каторыя да ўлады дабяруцца. А чалавек маiць душу й сэрца i каб ён разьвiваўся, каб дабро рабiў, мусiць быць вольным. Гэта ведама думаючым людзям ад пачатку сьвету. Каб трымаць нявольнiкаў у послуху, тыя басякi, што ўладу маюць, мусяць ужываць сiлу. Галоўная зброя таталiтарнага рэжыму супраць людзей, яму падпарадкаваных, ёсьць суцэльная, значыцца груповая адказнасьць. За мужа адказваiць жонка й наадварот, за бацькоў адказваюць дзецi, навет сусед за суседа. А рэлiгiя наша хрысьцiянская вучыць, што кажны за свае грахi мае адказваць. Кумекаеш? А цяпер паглядзi што робiцца. У Менску за забойства аднаго Немца робяць аблаву й расстрэльваюць па сто саўсiм нявiнных людзей. Бальшавiкi за грахi — гэта значыцца за грахi ў iхным антычалавечым паняцьцi, — аднаго чалавека высылалi на Сiбiр цэлыя сем'i. Гiтлерава сыстэма такая самая, як i Сталiнава. А цi-ж тая думка, якой кiравалiся Ўкраiнцы, выразаючы нявiнных нi ў чым Палякаў, гэта ня тое самае? Чаму ў паняцьцi тых разьнiкоў нейкае польскае дзiця цi жанчына на Валынi была вiнавата за грахi быўшай польскай дзяржавы? Я-ж кажу, нi дай Ты, Божа, каб мы рабiлi тое, што зрабiлi Ўкраiнцы. Нашае заданьне, каб выйсьцi з гэтае вайны ня толькi з найменшымi стратамi, але каб i захаваць сваю душу, каб ня зьдзiчэць, не асьлепнуць. Бо калi-б мы прынялi аснову суцэльнае адказнасьцi, — найбольш нялюдзкае й д'ябальскае, што ў камунiзьме й фашызьме, — дык якi тады з нас народ? Навошта тады змагацца за волю, калi мы самi адкiнем сваё найлепшае, беларускае, на чым наш народ базаваў сваё жыцьцё тысячу гадоў: глыбокую веру ў Бога, любоў да волi, iндывiдуальная адказнасьць i iнiцыятыву, любоў да блiжняга, помач слабейшым i гэтак далей? Мы-ж тады былi-б няздольныя да сапраўднае волi, бо самi сябе паняволiлi-б гэтым антычалавечым дзiкунствам. Кумекаеш?
Антось прыглядаўся аграному, нiчога не адказаў.
— Вядома, няма роду бяз выраду, але ня ўсе Палякi — лайдакi, як i ня ўсе Немцы — фашысты. Трэба адзьдзялiць народ ад сыстэмы й надта небясьпечна абагульняць, асаблiва вайной.
— Дык чаму тады Палякi нас так суцэльна стараюцца вынiшчыць, нашых найлепшых людзей закопваюць жыўцом, паляць, мардуюць?
— Яны б'юць па нашай галаве, значыцца па людзях, якiя ў галаве стаяць, народ вядуць. Наша заданьне — ня дацца, а змабiлiзавацца, ды бiць па тых Паляках, каторыя iх вядуць, ды па iхных зарганiзаваных групах, асаблiва збройных. Вось як. Кумекаеш?
— Яно так. Ну але мне, мусiць, трэба пад дом, — сказаў Антось.
Пагаварылi яшчэ пра драбнiцы й разьвiталiся. Падарозе дадому, шчуруючы сваймi сьцежкамi, высьцерагаючыся, каб дзе не натрапiць на якi вайсковы цi палiцыйны патруль, Антось доўга перажоўваў тое, што так спрытна вытлумачыў аграном.