33

Iдучы па менскай вулiцы пад канвоем, у лiку пяцёх чалавек з групы, якую пасылалi на рашчышчаньне хламу й руiнаў ля будынку камiсар'яту. Янук ледзь цягнуў слабыя ногi. Яшчэ кружыла ад сьвежага паветра галава й ён моцна высьцерагаўся каб не спаткнуцца на якую няроўнасьць, выбоiну, каб ня ўпасьцi. Тады будзе канец, — гэта ведаў. I так ледзь ня скончыўся. А цяпер вытрымаць! Адзiны ратунак. Сьвежае паветра, можа пры працы якая лiшняя крошка хлеба ў рот трапiць. Усё-ж праца — дабраслоўлены Богам занятак.

З жахам прыгадваў, што магло стацца. Яшчэ адзiн дзень, яшчэ тая жахлiвая камэра, дзе з ложка ўжо ледзь мог падняцца. У галаве шматкаляровыя кругi. Насела на яго кароста. З рук перакiнулася ў рот, амаль залажыла яго. Ня мог таго сьцiплага кавалачка хлеба сажваць i праглынуць. Адно, — i гэта зь вялiкiм болем, — ледзь удавалася тую жыжку, што называлi супам, у рот улiць. I так дзён пяць, сем, — пасьля страцiўся лiк, — без харчоў. Далi сьмярдзючую мазь Вiлькiнсона. Намазаўся. Колькi раз прасiўся да лекара, усё абяцалi. Зьняможаны, згаладалы, ляжаў на ложку, сам у камэры, ня мог устаць. Прыйшоў новы сьвет: канчальная нямогласьць, сiлы таялi. Слабасьць узяла ў свае абдымкi. I была яшчэ воля жыць, але ня было сiлы. Праз заложаны каростай рот цяжка было дыхаць. Усьведамленьне гаварыла, што прыходзiць канец. I дзiва дзiваў! Як лёгка памерцi. Цела ўжо здалося. Трэба адно нiчога не рабiць, зусiм не намагацца, ня перашкаджаць таму няўхiльнаму працэсу, якi прывядзе да сьмерцi. I яшчэ адно: зусiм нiчога ня думаць. Аддаць сябе ў рукi Богу. Ён, пэўне-ж, вызначыў Януку свой шлях, а воля Ягоная — гэта пачатак i канец.

Але ў зусiм аслабленым, схудзелым целе ня спыняў сваей дзейнасьцi ягоны загадчык — заўсёды няўтомны й вытрывалы й заўсёды актыўны мозг. I гэты загадчык цягнуў Янука да жыцьця. Уяўленьнем вёў яго да родных гоняў, туды, дзе буйнее шматгранная прырода, дзе як сымбаль няўмiручасьцi стаiць на сугры Гараваткi гiгант Архiп; у кусты, дзе салаўi вяжуць цудоўнай прыродзе свае хаваласьпевы, дзе сьпяваюць жнейкi, у вабдымкi каханай дзяўчыны, у муры вiленскай гiмназii, у пабожную грамаду перад Вострай Брамай. I блукаў зьняможаны юнак па ўсiх месцах роднае зямлi, дзе спазнаў соладзь i горыч жыцьця, якое вось адно ўзялося, каб расьцьвiсьцi, каб завязацца пасьля нейкай асаблiвай завязьзю.

А была перад iм шэрая, патрэсканая, цёмная сьцяна й слабасьць. Калi намагаўся ўставаць, напружваў апошнiя сiлы. Галава важыла некалькi тонаў. Цьмянае сьвятло й чырвоныя, сiнiя, жоўтыя, шэрыя, зялёныя кругi ў галаве. Ох Госпадзе, колькi людзей спазнала, якая цяжкая можа быць галава! Яшчэ дзень, яшчэ вось няшмат часу так паляжаць, капiтуляваць, нiчога не рабiць… Сiлы таялi, быццам воск. Дзесьцi коцiшся ўнiз па пахiлай, а можа й стоць падаеш. I ведаеш, што ўжо ня будзе супыну аж пакуль ахутае цябе поўная й вечная цемра. А пасьля труп твой выкiнуць у нейкую агульную ямiну.

Ратунак прыйшоў зусiм неспадзявана. А iм сталася Янукова чарга ў лазьню. Ледзь давалачыўся. Нехта памог. Нехта вытлумачыў, што кароста баiцца чысьцiнi, што пасьля мазi Вiлькiнсона трэба добра выпарыцца, вымачыцца. I зiрнi: вунь за пару дзён пасьля лазьнi кароста пачала раптоўна зьнiкаць, шырэй адчынiўся рот. Аздараўленьне аслабленага цела йшло паволi, але кульмiнацыйны крок зроблены, працэс дужаньня пачаўся.

Неякi тыдзень пасьля тэй лазьнi Янука паведамiлi, што суд пакараў яго на чатыры месяцы вязьнiцы за нелегальны праезд чыгункай. Гэткае паведамленьне пачуў у канцылярыi вязьнiцы. Сухi ўраднiцкi язык сказаў яму пра суд, але адмовiўся паiнфармаваць Янука дзе й калi той суд адбыўся й чаму яго, Янука, на суд не паклiкалi. Калi загадалi вяртацца ў камэру, Бахмач паслухмяна паплёўся за вартавым. Чатыры месяцы! I за што? За праезд чыгункай. Усё-ж адкрылася нейкая шчылiна, прадушына, вiдаць быў наперадзе нейкi рубеж. Ужо падарозе ў камэру Янук аблiчыў, што калi нiчога ня стане ўпоперак дарогi, то павiнен апынуцца на волi 24-га сакавiка.

I назаўтра пасьля таго прыгавору выслалi Янука на працу. Вёў iх мясцовы, у цёмна-зялёным шынялi, iз доўгай савецкай стрэльбай, менскi Беларус. Iшлi на правым баку вулiцы й вартавы часта аглядаўся, мусiць, каб групу ягоную ня пераехала якая вайсковая машына. Прайшоўшы некалькi кварталаў, спынялiся ля новабудаванага, у вадным крыле незакончанага высокага будынку з чырвонай цэглы. Навокал — хлам i руiны. Ранiцай, калi добра цяў мароз, раскладалi вогнiшча. Навокал будынку, прынамсi з фронту яго, стаяў высокi драцяны плот. Вартавы вязьняў не падганяў, адно спанукаў каб выглядалi вельмi занятымi, калi працавалi пры тачках з кiркамi й лапатамi. Ведама-ж, пасьля жыжкi, прысалоджанай цукарынай i маленькага кавалка цьвёрдага, як цэгла, хлеба на сьнеданьне, многа не напрацуеш.

— Давайце, рабяты! На хлеб мусiце зарабiць! — усьмiхаўся вартавы.

«Рабяты» разумелi колькi й як мусяць яны на той нiкчэмны хлеб працаваць. I гэтак, стоячы ля вогнiшча, пакуль узяцца за кiрку, тачку цi лапату, Янук адразу пачаў разглядацца. Па суседзтве ўзвышаўся цiкавы будынак. Сьпераду, паўколам, стаялi высокiя, круглыя слупы, а корпус ягоны, вялiзных разьмераў, быў, вiдаць, адно часткова пашкоджаны. Што ў тым будынку месьцiлася падчас савецкае акупацыi, Янук ня ведаў. Адно цяпер там, як выглядала, важная была ўстанова. Будынак быў абгароджаны плотам, а ў браме стаяў вайсковы вартавы. На машце лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. I вось ранiцай, дзесьцi каля гадзiны восьмай, пераз слверык нацянькi, да гэтага будынку йшлi цывiльныя й вайскоўцы.

За некалькi дзён. прыглядаючыся iм, Янук ужо распазнаў некаторых афiцэраў Беларусаў, што да гэнага часу ўжо вымантажылi ў Немацаў права на арганiзаваньне некаторых вайсковых адзьдзелаў. Гэтак, кажнае ранiцы бачыў ён высокага, iз прыкладнай вайсковай вытрымкай афiцэра, што бадзёра, iзь цёмнарудой тэчкай пад пахай, крочыў на працу. Гэтага Янук бачыў некалi ў Вiльнi, калi прыяжджаў на сьвята выпускнiкоў Вiленскай Беларускай Гiмназii. Гэта тады, прыгадаў Янук, iзь вялiкай зайздрасьцю пазiралi на яго вiленскiя студэнты. Як-жа! Беларус i ў чыне маёра. Гэта не абы-што. I адно пасьля даведаўся Бахмач, што да яго пабег з просьбай Лявон Загорны, калi ён, Янук, трапiў у вязьнiцу. А афiцэр гэны, што выглядаў надта заняты, прагнаў Лявона, як назойлiвага авадня.

— Выходзьце адсюль! — крыкнуў, - бо калi будзеце дакучаць, дык i вас загадаю арыштаваць!

Калi бачыў Янук ранiцай гэных беларускiх афiцэраў, што йшлi на працу ў будынак, дзе, як пасьля, даведаўся, месьцiлася Беларуская Цэнтральная Рада, хацелася выскачыць катораму насустрач, схапiць яго за руку, ды прасiць: Даражэнькi, памажы мне! Я-ж беларускi патрыёт, студэнт вiленскай беларускай гiмназii. Мяне нiзавошта пасадзiлi ў вязьнiцу. Я прйду вам памагаць, пайду ў беларускае войска, бо нам трэба супольна за Беларусь змагацца. Памажыце мне, дарагiя!

У Януковым уяўленьнi складвалiся словы просьбы, кароткай i абавязкова драматычнай, каб зьвярнуць увагу гэтыцх людзей, якiя, пэўне, будучы пры ўладзе, маглi-б сваiмi, ведамымi iм сьцежкамi, спрычынiцца да таго, каб Янука пусьцiлi на волю. I ледзь-ледзь цi раз Янук ужо ня кiнуўся да iх. Але… Добра, што не адважыўся. Бо калi той маёр Чмель пагражаў арыштам ягонаму сябру Загорнаму, каб не дакучаў, дык як-бы ён зрэагаваў, калi-б з групы вязьняў, што працавалi пры ачышчэньнi руiнаў, выбег яму насустрач схудзелы юнак ды пачаў вярзьцi нешта зусiм нясумяшчальнае з тымi думкамi, якiя ў той час мог мець важны афiцэр падарозе да сваiх дзённых, пэўне-ж вельмi важных заняткаў? Ён-жа ў той час мог разважаць пра хады й пералазы для пабудовы вялiкай беларускай армii, мог укладаць якiя вялiкiя пляны. А тут, раптам, насустрач, iз крыкам — ратуйце! — вязень, якi ўцёк спад аховы вунь таго вартавога. Чаго добрага, афiцэр мог-бы выцягнуць з кабуры пiсталет i тут-жа юнака застрэлiць.

А ў гэты чырвоны будынак плыло што iншае: у рудых, партыйных мундзiрах i пераважна з шафёрамi на аўтамабiлях, прыяжджалi запраўдныя валадары паняволенай зямлi. Пры ўезьдзе таксама правярала iх варта. Гэтта, вiдаць, быў гэнэральны камiсарыят Беларусi. Але адкуль Януку было тады пра гэта ведаць? Каго спытаешся? Спрабаваў пацягнуць за язык свайго вязьнiчнага вартаўнiка.

— А табе што да таго, хто тут працуе? — буркнуў той.

I запраўды, якая розьнiца? Вось перад табой тачка, кiрка, лапата. Разьбiвай побач мёрзлы мур, кладзi на тачку, адцягвай вунь далей у гэну кучу. Трывай. Даваццаць чацьвертага сакавiка будзеш вольным. А да таго часу трывай. Падзякуй Богу, што ад каросты выжыў, што дыхаеш цяпер сьвежым, а ня смуродным удушлiвым вязьнiчным паветрам.

А ў тым чырвоным будынку, чуваць, званiлi тэлефоны, скрозь гучэла нямецкая мова. Розныя таўстапузыя партыйныя валадары гэтай паняволенай краiны наматвалi й разматвалi ўсялякiя, Януку няведамыя, клубкi, дзякуючы якiм павiнен быў жыць, мардаваць i дзеяць акупацыйны апарат гэтай зямлi.

Перад абедам да вушэй вязьняў далятаў бразгат пасуды iз сталовай, а насы казыталi пахi страваў кухнi. Пахi тыя, асдаблiва мясныя, дражнiлi вычарпаныя арганiзмы. А галава марыла пра тое, каб калi-небудзь сесьцi за добра застаўлены стол, убачыць перад сабой чыстую талерку, з ножам i вiдэльцам побач, спажыць чыстую й нармальную страву, абавязкова iзь нейкай добрай скваркай цi кавалкам мяса. Якая гэта вялiкая мара! Нешта недасягальнае.

Дзесьцi пасьля таго, як зьбiралiся на абед нямецкiя вяльможы, калi грала ў сталовай музыка й даляталi на руiны вясёлыя галасы, лёгкi жаночы сьмех, дзесьцi ў той час вязьням прынасiлi зь нейкай, а можа i з гэнай кухнi вялiкi гаршчок духмянага гарохавага супу. I кажны дзень, i абавязкова гарохавага. Суп той пахнуў мясам, быў надта густы i яшчэ адно важнае: быў вельмi й надта гарачы. А маладому, дарэшты зьняможанаму арганiзму, якi прагнуў нечага тучнага, якраз тая гарачыня была найбольш патрэбная. I хоць скупая порцыя супу з бляшанай круглай банкi занадта скора апыналася ў бурклiвым жываце, тыя некалькi хвiлiнаў, калi яго спажывалася, здавалiся найбольшай насалодай на сьвеце. Усё-ж гарачы густы гарохавы суп — гэта ня тая турэмная баланда, дзе «крупiна за крупiнай ганялася з дубiнай».

У вадзiн зiмовы дзень далёка перад полуднём, да плоту, што перад будынкам камiсарыяту, прыблiзiўся апрануты ў чырвоны, даволi палiнялы ў ужытку паўшубак, сiвыя паўсуконныя штаны, упхнутыя ў рудыя боты й баранкавую шапку на галаве высокi ростам чалавек. Пад рукой трымаў кужэльную торбачку. Затрымаўся, здалёку разглядаў групу вязьняў. Ягоны прадаўгаваты, з рудынмi вусамi, пабiты ў разоры твар паясьнеў, а ў блакiтных вачох зьявiлiся iскры радасьцi.

— Янук!

Голас, здаецца, знаёмы, даляцеў да Януковых вушэй разам з гукам кiданай у тачку цэглы. Што за капрыз гукаў. Хлапец нагнуўся, каб прадаўжаць працу, але клiканьне паўтарылася. Воддаль крокаў дзесяць вартавы спакойна круцiў з газэты й самасейкi чарговую папяросу. Янук перш зiрнуў на яго, а пасьля спасьцярог куды той пазiраў. Ля плоту стаяў чалавек, што пiльна ўзiраўся ў яго. Хлапец ня верыў сваiм вачом. Ён кiнуў працу, падыйшоў да вартавога.

— Гэта мой бацька, — сказаў ледзь чутна, з хваляваньнем.

Вартавы ўлажыў ў рот скручаную папяросу.

— Ага, — адказаў юнак i ўсьмiхнуўся да дарагога яму чалавека.

— Ты-ж знаеш, што на рабоце вiзiтаў няма, — адказаў вартавы.

Янук ня верыў сваiм вушам. Няўжож гэты мянчанiн не дазволiць яму сустрэцца з родным бацькам? У голасе вартавога ня было фiнальнасьцi.

— Бацька прыехаў з дому за дзьвесьце кiлямэтраў… Як-жа так нi спаткацца?

Канвойны стаяў i думаў, пазiраў то на бацьку, то на Янука.

— Хадзi сюды, — кiўнуў ён галавой Пракопу Бахмачу. — А вы чаго вочы паказелiлi? — зьвярнуўся да чатырох iншых вязьняў, што спынiлi працу й прыглядалiся вiзытару. — Прадаўжайце!

— Няхай сабе, спаткайцеся, але каб начальства ня бачыла, — сказаў вартавы, праводзячы Янука далей ад чырвонага дому. Пракоп абыйшоў плот i воддаль, у засягу зроку вартавога прыблiзiўся да сына.

— Тата, як ты тут? — спытаў юнак. Пасьля дакараў сябе за тое, што ня кiнуўся бацьку на шыю, не расцалаваў яго з радасьцi. Але, вiдаць, замiналi гэтаму ранейшыя суадносiны, тыя даўгiя спрэчкi, бацькава неразуменьне новага пакаленьня. Абое прыселi на кучы цэглы й бязь нiякае цяплынi, быццам учора бачылiся, пачалi гаварыць.

— Як я во тут? Прыехаў во, дый усё, — адказаў Пракоп.

— Тата, ня трэба было, такую даль…

— Сынок, ты ня ведаеш бацькавага сэрца. Начамi ня мог я спаць. Нялёгка гэта. Колька разоў езьдзiў у Глыбокае, каб бiлет далi. Нялёгка мне…

Бацькаў голас раптам абарваўся, а Януку нейкi камяк залажыў горла. Колькi цяжкасьцяў мусiў перамагчы гэты гаротнiк, каб знайсьцi яго ў так далёкiм горадзе, ды яшчэ ў вязьнiцы! Але Янук, згодна раней засвоенага iм правiла, намагаўся, каб не паказаць слабасьцi, хоць куды лягчэй было-б расплакацца.

— Ты, тата, быў у турме?

— Ага, быў.

— I яны табе сказалi, дзе я ёсьць?

— Ды дзе там… Сказалi прыйсьцi заўтра вечарам на вiзыту.

— Калi тое было?

— Ды ўчора сказалi.

— А як-жа ты мяне знайшоў тут?

— Рашкевiчыха сказала.

— А яна ведала?

— Ну ей-жа Лявон Загорны гаварыў куды ты папаўся. А пасьля яна колька разоў даведвалася ў цюрме, дый мусiць неяк вынюхала куды цябе на работу ганяюць.

— Глянь ты, гэта-ж залатая жанчына, — дзiвiўся Янук. — А сама нi прыйшла мяне адведаць.

— Нi здаровiцца ей, можа й прыйшла-б.

— Добрая вельмi жанчына. Ты ў яе задзержыўся?

— Так. Ды от знаiш, прывёз табе кавалачак сала, але як увiдзiў, што ў бядзе Рашкевiчыха жывець, дык ей трошкi даў. Ну за гэта прабач.

— Нiма за што прабачаць. Добра зрабiў.

Калi бацька пасьля перадаў яму торбачку, знайшоў там Янук паўбохана чэрствага хлеба, кавалак сала, некалькi сухароў, ды яшчэ добра адлежаных на гарышчы ў кастрыцы сочных пахучых антонавак. Пах тых харчоў, асаблiва-ж антонавак, прынёс яму ў няволю духмянасьць родных гоняў.

Янука як апякло, калi бацька сказаў яму, што Лявон Загорны бегаў прасiць маёра Чмеля, каб памог вызвалiць Янука. Гэты Чмель, тойсамы, каторага бачыў ранiцай як сьпяшыў на працу, каторага, — ох, жах! — думаў сам прасiць, каб зь няволi выратаваў, гэты самы маёр Чмель прагнаў Загорнага з канторы, пагражаючы яму арыштам.

Янук распытваўся пра вёску, знаёмых, асаблiва пра Дуню. Бацька перадаў яму Дунiн лiст, якi юнак зараз-жа схаваў у кiшэню. Ён расказаў бацьку агульна пра жыцьцё ў вязьнiцы, ды паведамiў, што за два месяцы будзе на волi. Янук пазiраў на вартавога. Той спакойна рзглядаўся навокал, ды неўзабаве падыйшоў i сказаў: — Даволi. Я й так рызыкую.

— Вiдзiш, сынок, каб слухаў мяне, — пачаў яшчэ бацька на разьвiтаньне, але тут Янук раптоўна перарэзаў яму:

— Тата, ня трэба. Знаю, што хочаш сказаць. Ня трэба. Я выжыву.

— Ну давайце, даволi, — налягаў вартавы.

— Бывай, тата. Дзякую за ўсё. Прывiтай ад мяне Дуню i ўсiх…

— Бывай, сынок. Глядзi-ж, як выпусьцяць, то едзь адразу дамоў.

Разьвiтаньне такое-ж сухое, як i сустрэча. Дзесь мiж iмi была мяжа, а што за яна — абое добра ведалi. I пераступiць яе нiводзiн не хацеў. Стары, змучаны горам селянiн, i малады, цяпер фiзычна зьняможаны сын. Але мяжа асталася мяжой. Павольным крокам крышку ўжо пахiлiўшыся наперад, бацька спакойна, яшчэ раз яглянуўшыся, пайшоў праз малы пляц. Янук вярнуўся да працы.

— Ну что, ацец падачку прынёс, западнiк? — зьвярнуўся да яго пензенскi злодзей.

— А табе што? — суха адказаў Янук.

У гэны дзень ён пiльна сьцярог свае торбачкi. Але найбольш пёк яго Дунiн лiст, якi толькi падчас абеду, зьеўшы гарох, адыйшоўся ад iншых вязьняў, пачаў чытаць.

«Дарагi Янучок,

Каб ты ведаў, як я ўзрадавалася, калi даведалася, што ты знайшоўся й што твой тата адведае цябе» — пачала мiлым почыркам каханая дзяўчына.

«Я малюся Богу, каб ты як найскарэй вярнуўся на волю. I як-жа ты, дурненькi, папаўся? Ты мне прабач, што пiшу „дурненькi“, — гэта так сабе ў мяне вырвалася. Ты знаеш нашыя адносiны. Калi я даведалася, што ты недзе аж у Менску ў вязьнiцу трапiў, дык моцна перажывала. Вайна прыносiць розную небясьпеку, але кажны спадзяецца, што бяда яго абмiне.

Знаю што ты можа ня будзеш мець магчымасьцi адпiсаць мне, але твой бацька раскажа мне пра цябе.

А цяпер раскажу крыху пра сябе. Вучу я ў сваей школе ў Лiтоўцах…»

Лiст даволi даўгi. Зь яго даведаўся Янук, што Антось забiў двух вясковых бандзюгаў, прачытаў i пра нялёгкасьць Дунiнага настаўнiчаньня ў вясковай школе. I пажаданьне, каб вярнуўся ён, каб разам настаўнiчалi. Даведаўся й пра тое, што Дзеркачыха Нiна перабралася да мужа ў Гацi й забрала навет з сабой усю хатнюю жывёлу. Сама-ж Дуня пражывае цяпер у старых Дзеркачоў, бо дома няма як працаваць.

I наапошку:

«Чакаю цябе, мiленькi. Вяртайся да сваей гарэзьнiцы-рагатухi. Хоць ад часу нашага расстаньня мiнула некалькi месяцаў, я зусiм мала зьмянiлася, а ўжо сам ты скажаш, як спаткаемся, цi папрыгажэла цi пабрыдчэла. Чакаю цябе на волi. Цалую цябе.

Адданая табе Дуня.»

Патрэбныя былi Януку гэныя цёплыя словы, як сонца й паветра. А яшчэ больш цэннынм стаўся лёгкi гумар «гарэзьнiцы». I м, як можа больш нiчым iншым, падмацаваўся юнак, каб ператрываць рэшту часу ў вязьнiцы й дажыць да ўжо ня так далёкага дня.

Загрузка...