23

На шэрым, даўгiм i мясцамi абсмаленым да пашкоджаньня будынку менскага вакзалу, пасярод, на шэрай дошцы вiднеўся цьмянымi лацiнскiмi лiтарамi напiс: МIНСК. Янук выцiснуўся з грамады вiленскiх спэкулянтаў, саскочыў на жвiр ля шпалаў i разглядаўся, працiраў заспаныя вочы. Навокал — жаўнерскi гармiдар, якi, вiдаць, нiколi ня сьцiхаў. Гудзела ў вушах. У цяжкой ад бяссоньнiцы галаве пераклiкалiся адгалоскi начнога, павольнага грукату цягнiка, гамонкi спэкулянтаў, што абложаныя добрадаходным таварчыкам, частавалiся «шнапсам», вяндлiнай, сiтнiм хлебам, каўбасамi.

Перасядаў ля поўначы ў Маладэчне. У таварным вагоне, куды трапiў пасьля праверкi «райзэшайну», было цесна й цёмна. Ня ўсьпеў Янук iм кроку ступiць, як пасыпалася сакавiтая лаянка.

— Пёруне, скру…, гдзе лезеш?

Зьдзiвiў юнака сiпаты, пракураны жаночы голас. У iм апроч басяцкае лаянкi, ледзь далося жаночае распазнаць. Нехта ў куце засьвяцiў лiхтар. Выпучыўшы жывот, абкружаная клункамi й карзiнамi, быццам сьвiньня парасятамi, цётка з пракураным голасам тут-жа ля дзьвярэй разьмясьцiлася. А там з паўцемры чулiся iншыя басы, тэнары й альты, хрыпатыя й войстрыя. I то ўсё на аднэй мове.

«Куды гэта я трапiў?» — падумаў Янук.

Прымасьцiўся ля дзьвярэй, бо далей ня пусьцiлi. Найбольш аўтарытэтныя галасы, чуваць, па кутох разьмясьцiлiся. Трахнулi дзьверы, ледзь ногi ўсьпеў падцягнуць. I тады пачалася, пад лякатаньне колаў, адлеглую дзесь на станцыi нямецкую лаянку, свая, цi не кансьпiратыўная «гавэнда». Пра Збыськаў, Марыськаў, кур…, пёрунаў, гжмотаў i iншае.

Нос пратэставаў супраць часнаку, поту й табакi. Мелася ўражаньне, што народ гэты сустрэўся ня прыпадкова, а вырас недзе ад аднэй атожалкi i ён, Янук, быццам непатрэбны мазоль, iм на рукi сеў. Ад няшчыльных дзьвярэй, калi разагнаўся цягнiк, цягнуў халодны скразьняк, а там нехта ў куце, засьвяцiўшы лiхтаром, «высьменiтэ пане», ўзяўся кагосьцi частаваць. Задаволеннае цмоканьне, адабрэньне самагоннага майстэрства.

I раптам дзесь у куце — плясь!

— Гдзе лезеш, холера!

Жаночы голас. I агульны рогат. Вясёлая кампанiя, цi што?

«Чэрцi, апэтыту наганяюць».

Дзесьцi ў кiшэнi, у маленькай торбачцы чарсьцьвела луста разовага хлеба, скрылёк сала. А асобна, у корабе, вёз сыр, масла й хлеб для Рашкевiчавай сваячкi, у якой затрымацца меў.

Трэба было-б паспаць, але як тут ляжаш? Калi гэтыя людзi сьпяць? Можа ўдзень? Што гэта за яны? Раптам нешта ў галаве праясьнела. Пэўне-ж, гэта «дарабкевiчы». Яны ў часе вайны, можа патрэбную функцыю выконываюць. Калi-б не яны, дык ня было-б чорнага рынку. А мiж iх, пэўне-ж, i тая сувязь польскае разьведкi, пра якую Антось Дзяркач гаварыў. Нiтачкi, дзесь там аж уверх да Лёндану цягнуцца. А ў гэтых двух цi трох, перапоўненыхво такiмi людцамi, вагонах, ёсьць цi адзiн чалавек, якi па сваiх палiтычных i разьведчых заданьнях езьдзiць. У Менску мае нейкi явачны пункт, дзе сядзiць якiсьцi Зьдзiсек цi iншы «гжмот», а можа й мясцовы дзядзька Савось… Пэўне-ж ёсьць i ўмоўны пароль (фраза цi слова) ды ўсё iншае.

Нiхто зь iх Янука ня спытаў — адкуль, хто, куды й чаго… Як гэта яны ўпоцемку разспазналi, што не да iхнае кабалы наллежыць? Можа па вопратцы? Быў супынак. Шырака з грукатам адчынiлiся дзьверы, уварвалася знаёмае нямецкае гарканьне: — Райзэшайн, шнэль, шнэль! I нiводнага «бiттэ».

Янук сама першы. Ужо ня дрыжэла рука. Думаў: «Калi-ж гэты народ, абложаны клункамi, што пiў „высьменiтэ, курды крэў“, меў чыгуначныя пропускi, дык я, Янук Бахмач, ад самага Вiтвiцкага дастаў. А ён-жа — ўлада!»

Аж дзiвiцца трэба было, што ўсе пропускi мелi. Немец сьвяцiў лiхтарыкам, праходзiў мiж карзiн, кашалёў, хатулёў. I чым далей, то цiшэў ягоны голас. Дзесьцi, у цьмяным сьвятле лiхтарыка, цурчэла вадкасьць, навет пачулася Немцава «данкэ шэн». Мужчыны й жанчыны, — цяпер Янук мог iм прыгледзiцца, — апранутыя паместачковаму сьлядзiлi начальнiка. I ня было ўжо крыку. Пасьля якiх пятнаццацi хвiлiн, выпiўшы добрую чарку, закусiўшы, Немец вылез. Хляснулi дзьверы й пад знаёмыя ўжо гукi рушыў цягнiк.

МIНСК.

А чаму ня Менск?

Вылезшы з вагону, Янук затрымаўся на баку, пазiраў на начных суседзяў. Рух пачаўся адразу. Усе, зусiм цьвярозыя, пакiдалi вагоны валочачы цяжкi багаж, станавiлiся ў чаргу перад вйсковымi жандармамi з нагруднымi бляшкамi, што стаялi ля ўваходаў у вакзал. Усюды напiсы «нур фюр Дойчэ». Поўна войска. А гэтта вось праход для цывiльных. I здавалася, што гэтыя, абладаваныя пакункамi людзi не марылiся бяссоньнiцай i ня пiлi «высьменiтэ, пане». I выглядала, што яны ня былi тымi ахвярнымi й гэройскiмi патрыётамi, якiх некалi лiтоўская настаўнiца, панi Раманоўская, так прывабна малявала на лекцыях гiсторыi.

На ўсходзе сонца паднялося над шчарбатымi руiнамi гораду. Янук стануў у чаргу, разглядаўся. З захаду ўкацiўся й спынiўся воддаль цягнiк. Адчынялiся дзьверы пасажырных i таварных вагонаў. Жаўнеры сьпяшылi на кухню-сталоўку. Але… Гэта ня былi Немцы. Эсэссаўская форма. Французы. Пра гэта гаварылi на рукавох шчыткi з напiсамi. Чаго тут Французы? I яны Гiтлеру на помач? Разважаць ня было часу. Якiсьцi «пёрун» таўхануў ззаду i Янук сунуўся наперад, да кантролi, трымаючы ў руцэ свой «райзэшайн».

На шырокiм пляцы ззаду за вакзалам грузавiкi з адкрытымi бартамi паглыналi нямецкiх жаўнераў. А цывiльныя, як спалоханыя зайцы, трымалiся боку.

— Гэр, шус пуцэн?

Малады дзiцячы галасок. Падлётак гадоў дзесяцi, ня больш, прапанаваў Немцу боты пачысьцiць. Гэткiх чысьцiботаў было гэтта некалькi. Трымалiся яны кута вулiцы, там, дзе найбольш жаўнернi валачылася.

Вось адзiн зь iх, дробненька-мiзэрны ў твары, мокра пад носам, з рабацiньнем, у занадта вялiкай, можа пазычанай у брата шэрай сьвiтцы, ды ўпоперак на галаве надзетай пiлёрцы, скончыў жаўнеру чысьцiць боты. Яшчэ лiшнi раз пацягнуў чырвонай бархатнай шматай па наскох ботаў, праверыў глянец. Боты зьзялi, асаблiва-ж самыя наскi дый навет кароткiя шурпатыя халявы.

— Фэртыг, майн гэр, — сказаў хлопчык.

Жаўнер уважна агледзiў боты, задаволена ўсьмiхнуўся.

— Вiфiль? — спытаў.

— Айн гальб марк, — бойка адказаў хлапец.

Немец выцягнуў зь кiшэнi жмут акупацыйных марак, дбайлiва адзьдзялiў адну паперку й даў замурзанаму хлапчуку. Той схаваў грошы ў кiшэню патрапаных портак i ўсьмiхнуўся да жаўнера. А Немец выцягнуў руку й варушыў указальным пальцам, проста хлапчуку ў вочы пазiраючы.

— Айн гальб марк! — дамагаўся шорсткi, як жвiр, голас.

— Iх габэ кайн гальб марк, — апраўдваўся хлопец.

Немцаў твар ператварыўся ў чорную хмару, а рудыя вочы — у калючыя цьвiкi. Жаўнер спрытна прысеў i схапiў хлопчыка за правае плячо. У гэны самы час ягоная рука пачала абкладаць дзiцячы твар аплявухамi. Гэтаму спадарожнiчала сакавiтая крыклiвая лаянка.

Хлапчуковы прылады для чышчэньня ботаў, - скрынка, шчоткi, паста й шматы, — паляцелi ўбок, калi ён, баронячыся левай рукой ад удараў па твары, пачаў босымi нагамi малацiць Немцаў жывот. Магчыма, што трапiў жаўнеру ў чульлiвае месца, бо ў таго твар скрывiўся ад болю й хлапец вызвалiўся зь ягоных рук.

— Фарфлюктэ фашыст швайн! — крыкнуў хлопец.

Сабраная грамада такiх-жа чысьцiботаў прыйшла хлопцу на помач.

— Швайн, швайн, фашыст!

Узлаваны Немец схапiўся за штык, што вiсеў ззаду на шырокiм пасе ў похве, але рука спынiлася. Ён плюнуў, сакавiта вылаяўся й пайшоў у бок вялiкiх шэрых будынкаў i кучаў цэглы.

Быццам заварожаны, прыглядаючыся гэнаму выпадку, стаяў Янук. I што было-б, калi-б ня вырваўся зь Немцавых рук той падлётак? Цяпер Бахмач, ня ведаючы куды, iшоў. Скруцiў налева й неўзабаве стаяў перад аграмаднымi шэрымi, зусiм уцалелымi ад бомбаў, высокiмi на паверхаў сем будынкамi. Перад iмi — вялiкая плошча. Пачаў прыгадваць. Некалi ў савецкiм падручнуiку геаграфii бачыў здымку. Але-ж. Дом Ураду. Вось ён.

Нечага бракавала. Дом домам, але было ў гэнай здымцы, супольна з гэтым домам нешта няменш манумэнтальнае. Але што? Янук змалку меў дасканалую зрокавую памяць i яна нарысавала ў iншай, мазгавой памяцi гiпсавую фiгуру.

— Так, гэтта быў помнiк… а цяпер яго нiма, — сказаў сам сабе хлопец. — Узарвалi, мусiць.

Там, у гэным савецкiм падручнiку цьмяная здымка на дрэннай паперы не магла даць ўяўленьня пра вялiчыню гэтай грамады будынкаў. Трэба было нешта да параўнаньня. А з чым меў Янук параўновываць? З Габiшынай гарбатай, нiзкой, апоўзлай крамай цi, можа, з Макатунiшынай хатай?

У вачох яшчэ стаяў зьвярыны, бяздушны твар Немца й вялiзны перапалох на замурзаным, у рабацiньнi, твары хлапца, што ня меў паўмаркi рэшты… Янук зьбянтэжыўся. Куды йсьцi? Дзе тая Камароўка, дзе рэдакцыя газэты? Каго спытацца? А якраз во такi малы хлопец чысьцiбот, ён-жа зусiм мясцовы, ён i ведаць будзе. Ды дзе яго знайсьцi? Тыя ля вакзалу разьбеглiся. Але-ж iх, пэўне, больш на вулiцах. I не памылiўся. Адно нягледзеўся «дому ўраду», павярнуў на першую сустрэчную вулiцу направа, як пабачыў двух чысьцiботаў.

Было ў гэтых хлопчыкаў нешта, чаго Бахмач, сын палёў жытнiх i лёну са званочкамi блакiтнымi, не спасьцерагаў у вясковых падлёткаў такога ўзросту. Ня вопратка, якую льга было-б назваць калекцыяй ваеннага часу: завялiкая шапка на нястрыжанай галаве, кашулёнка, што даўно за мылам зажурылася, сьвiтка не ў разьмер, шэрыя працёртыя порткi, шчарбатыя чаравiкi, або босыя й карэлыя ногi. Не, ня вопратка. Ваеннае лiха загнязьдзiлася ў зараньня пастарэлы дзiцячым тварыку, асаблiва-ж у вачанятах. I м яшчэ трэба было-б сьмяяцца з розных дзiцячых блазнотаў, а ў iх ужо цьвёрдасьць, рашчараваньне, боль. Яны во гэтта, як спрактыкаваныя, гора бачыўшыя, спад насунутых, нахмураных броваў падпiльноўвалi й ацэньвалi цябе, недаверлiва насьцярожвалiся, намагалiся прадбачыць. I ў полi тых вачэй была ўся тэрыторыя заработку.

Прылады заработку, — драўляная скрынка, шчоткi, паста й шматы, стаялi на парэпаным, ад гарачынi ваенных пажараў патрэсканым ходнiку. Тэрыторыяй быў засяг зроку, а галоўным апэрацыйным пунктам — рог вулiцы. Клiентаў, выключна вайсковых, было даволi. Калi на тэрыторыi паказваўся чалавек у ботах, звычайна нямецкi радавы цi афiцэр, хлопцы сустракалi яго сьцiплым запасам чужой мовы. Для параўнаньня вазьмi кагось з Бахмачовай вёскi, зь лiтоўскае малечы, пасадзi яго на гэта самае месца, дай такiя-ж прылады працы. Цi зарабiў-бы ён i цi пражыў-бы з такога заробку? I цi змог-бы памагчы сваяком, як гэтыя во памагаюць?

Янук спынiўся ля хлапчукоў. Воддаль на ходнiку вiдаць былi жаўнерскiя мундзiры, вулiцай праяжджалi й пылiлi грузавiкi. А недалёка, на ўцалелай часьцi будынку, над дзьвярмi, — вось увайшоў туды чалавек, — вiсеў напiс: Гарбата. I нешта меншымi лiтарамi, чаго Янук ня мог адсюль прачытаць.

Што кажух, то ня вата,

а што капуста, то не гарбата…

— прыгадалася Януку зь нейкага апавяданьня. Але чаму «гарбата»? Цi-ж гэта беларускае слова? Яму заўсёды здавалася, што пабеларуску «чай»…

— Бацiнкi пачысьцiць…?

Дзiцячы голас вярнуў яго ад «гарбаты» да запраўднасьцi. Чысьцiбот ня ведаў, вiдаць, як зьвярнуцца да яго.

— …дзядзька, — дадаў хлопец, не зьбянтэжыўшыся.

— Якi я табе дзядзька? — усьмiхнуўся Бахмач.

Хлапчукi пазiралi на яго ўважлiва, ацэньвалi. «Не, не ўгадаюць», думаў юнак. Але ня было часу. Дзесь на Камароўцы жыла жанчына, адрас якое трымаў у кiшэнi, а дзесь ля Пляцу Волi гнязьдзiўся новы беларускi Парнас, на якi Янук можа дабярэцца яшчэ сяньня. Няма часу на падшыванцаў.

— Скажыце, хлопцы, дзе тут Камароўка й як да яе дабрацца?

— Камароўка? — адказаў старэйшы выглядам. — Дык яна от там, — паказаў дзесьцi ў кiрунку на ўсход. — Iдзi во гэтай вулiцай проста туды й як дойдзеш да радыёзаводу, там яна й ёсьць.

— Далёка?

— Ды не, кiламетры два…

Падыйшлi жаўнеры й зноў пачулася «шус пуцэн». Янук рушыў паволi, разглядаўся. Бакi вулiцы, як вокам сягнуць, абступiлi руiны. Адно зь левага боку ўзвышаўся зусiм цэлы, з чырвонай цэглы будынак нейкай сьвятынi. Паводля Януковай ацэны гэта мог быць касьцёл, а каб хто яго папрасiў апiсаць стыль будовы, ня змог-бы.

Мiнуўшы некалькi скрыжаваньняў вулiц, вачом юнака паказалася вялiзная, адкрытая панарама зруйнаванага гораду. Хлапец спынiўся, зыйшоў на бок ад вулiцы, прысеў на кучы цэглы, выняў з торбы чэрствы хлеб i сала, паволi жваў i разглядаўся. Воддаль, наўскасяк налева, як быццам нейкi вялiзны, круглы, шэры маўзалей на суцэльным могiльнiку, шарэў у раньнiм сонцы тэатр опэры й балету. Магчыма, што ў нязьнiшчаным, забудаваным горадзе будынак гэты, навет з маста на Сьвiслачы можна было заўважыць яго вялiкi разьмер, — ня быў нiякiм кантрастам. Пэўне-ж, калi ўжываць тэрмiну будаўнiкоў, мог быць ён некалi арганiчна ўпiсаныў ансамбль вакольных будынкаў. Хто яго ведае… Чаму ўцалеў? Навокал, вiдаць, мора агню шалела. А гэты во, — зiрнiце на яго! быццам, каб пратэставаць супраць зьдзекаў зямных i нябесных, стаiць бадзёра, усiм i ўсякаму на выклiк. Помнiк на могiльнiку.

Янук зiрнуў вышэй налева, туды на Верхнi горад. Перад прыездам сюды прыглядаўся старой мапе Менску й агульна ар'ентаваўся. Там воддаль шарэлi вежы барокавае сьвятынi. Сьвiслач плыла быццам у парэпаных па берагох начоўках, зямля апускалася да ракi з абодвух бакоў лагодным нахiлам. Вада абмывала розны хлам, а пры беразе босыя дзеткi вазiлiся iз чэрапам старога чаўна.

За тэатрам уцалеў вялiкi, чатырох- цi пяцiпаверхавы зялёны будынак. У ягоных зашклёных вокнах адбiвалася сонца. Там, мабыць, жылi людзi. А з правага боку галоўнай вулiцы, у тым баку, дзе чысьцiбот казаў была Камароўка, але далекавата ад яе, залацiлiся купалы сьвятынi, налева-ж чарнелi стрэхi хатаў. А што, калi тая часьць Камароўкi, куды ён iдзе, ды хата тае жанчыны не ўцалелi?

Хлапец доўга стаяў i пазiраў на вулiцу, быццам у памяцi зрокавай i ў галаве на векi вякоў хацеў утрывалiць вобраз дашчэнту зруйнаванага гораду. Як гэта там пра яго ў «Слове аб палку Iгаравым»?

Ня Нямiзе снапы сьцелюць галовамi,

А малоцяць-жа стальнымi iх цапамi,

На таку жыцьцё кладзецца неспадзеўна,

I душу ад цела веюць безнадзейна.

Берагi ў крывi Нямiгi па каленi…

Янукова памяць адтварыла радкi, якiя з такiм смакам дэклямаваў ягоны настаўнiк, гiсторык Сабалеўскi…

Калi стары летапiсец гаварыў пра «снапы, што сьцелюць галовамi» й «малоцяць стальнымi цапамi», дык што сказаў-бы ён, як-бы ацанiў гэты нядаўны вогненны глум?

Мясцамi стаялi абгарэлыя цагляныя сьцены, тарчэлi комiны. Некаторыя зь iх, здавалася, лёгка было-б павалiць. На ўзьбярэжжы ракi лапiкламi й палоскамi зеклянела трава, асiрацела стаялi абгарэлыя й шрапнэлем пашарпаныя дрэвы. Пышнела на руiнах лебяда, пырнiк i дзядоўнiк. Дзесьцi ў завалах хламу спрэчку вялi вераб'i. Мясцамi тут тлела жыцьцё: вунь на скупенькiм, малым лапiклу гароду сагнулася над матыкай жаночая фiгура. Такiх лапiклаў — аазаў жыцьця ў гэтай пустэчы, юнак спасьцярог больш. Яны — быццам кволыя першыя завязi скуры, першага гаеньня аграмаднае раны.

Здавалася, што бомбы ў Гацях шмат зьнiшчылi. Янук першы раз бачыў такое разбурэньне. А як-жа ашаламляе, прыгнятае бянтэжыць вялiкi зруйнаваны горад. Але маладосьць сваiмi крыльлямi лунае, да жыцьця няспынна iмкне-цягне. Янукова прыгнечаньне хутка зьмянiлася цiкавасьцю, асаблiва-ж калi ўзыйшоў крыху вышэй паказанай чысьцiботам вулiцай i адтуль пазiраў на тое месца, дзе быў Пляц Волi, «беларускi Парнас» i яшчэ гэныя калiшнiя «берагi ў крывi»…

Гэтта-ж непадалёк, ля ўсходняга боку вулiцы цягнуўся часткова зьнiшчаны будынак з высокiм комiнам, што нагадваў нейкую хвабрыку. Магчыма, што гэта й быў той радыёзавод, пра якi чысьцiбот гаварыў. А калi так, дык тут-жа была й Камароўка. Цяпер Янук уважна разглядаўся навокал. Заходнi бок вулiцы абселi малыя, уперамешку з большымi, хаты. Гэты раён нагадваў вёску. I калi Янук пайшоў у той бок, каб знайсьцi адну, яму патрэбную, хату дык i запраўды, на мiлае сваё зьдзiўленьне, быццам у вёсцы апынуўся. Стрэхаў саламяных, праўда, ня бачыў, але з-за парканаў усьмiхалiся сланечнiкi, садовыя дрэвы, а пад вокнамi бушавалi астры, чаравiкi, вяргiньнi й пiвонii. Над плотам распусьцiла свае косы стройная бярозка. Даўно вылiняла шалёўка сьценаў, пакрывiлiся вокны, пахiлiлiся тыны й парканы. На нябрукаванай вулiцы стаялi лужыны вады, ля якiх дзеткi басанож рабiлi свае дарожкi, дзяўчаткi забаўлялiся ў чарапочкi. Каб дапоўнiць тутэйшы вясковы пэйзаж, трэба яшчэ колькi курэй цi гусей, у сады — вульлi з пчоламi ды можа пару кароў цi козаў…

Янук чуў, што Камароўка — старая часьць гораду. А перад iм паказалася вялiкая вёска, якую горад, як выглядала, апошнiмi часамi аброс i абкружыў i адно вось разiнуў свой прагавiты рот, каб яе глынуць, як перашкодзiла вайна. Магчыма, што некаторыя з гэтых хатак сваймi, тады-ж новымi й простымi вокнамi праводзiлi некалi на этап у Сiбiр Маскалямi гнаных лiтоўскiх паўстанцаў.

I як яна, гэтая вёска, ўцалела? Мясцамi й тут чарнелi пагарэлiшчы. Але-ж… Янук выняў зь кiшэнi свой нататнiк, зiрнуў на адрас. Неўзабаве стаяў перад нiзкай, у два вакны на вулiцу, шэрай, абшаляванай i даўно немаляванай хатай. Скрыпнуў весьнiчкамi ў двор, асьцярожна зашчапiў iх i пастукаў у бакавыя дзьверы. Нiхто яму не адказаў. Дзесьцi ззаду, за хатай, чулiся галасы й дзявочы сьмех. Янук пайшоў на тыя галасы й трапiў ў невялiкi садзiк. Ля платоў — густы малiньнiк. Пад яблыняй, над нiзкiм сталом, над абрэзамi матар'ялу стаяў лысы, сярэдняга росту дзядзька, нешта адмяраў i значыў, ды гучна гаварыў парасейску. Збоку, у плеценым крэсьле, сядзела чарнявая, Януковых гадоў (як даведаўся пасьля, звалася Галька), надта прывабнага выгляду, смуглявая ў твары дзяўчына. Яна трымала ў руках кнiжку. Старэйшая, таўстая жанчына сядзела ў плеценым крэсьле, бокам да Янука. У руках трымала нацягнутае на драўляныя абручы кужэльнае палатно, вышывала. Усе гэтыя галоўныя дэталi Янук спасьцярог адразу. Здалося тут надта ўтульна й цiха, быццам вайны на сьвеце ня было.

Першы спасьцярог Янука мужчына, спынiў нейкую гутарку й ягоныя вочы ацэньвалi наведвальнiка. Неўзабаве й ягоныя суседзi адвярнулiся й зь цiкавасьцю пазiралi на хлопца. На круглым твары мужчыны мiльганула нешта наводля зразуменьня й лёгкай усьмешкi. Старэйшая жанчына, тоўстая, пульхная ў твары, пазiрала лагоднымi, цёплымi блакiтнымi вачмi, адно чарнявае дзяўчо, — аганькi ў вачох, — здавалася, што ня ведала, цi сьмехам пырснуць, цi пабожна, зьмiрэнна прыглядацца. I цi раз пасьля думаў Янук, сам зь сябе ў галаве кпiны робячы, якiм сьмешным мог ён гэным людзям на першы зiрк вока паказацца: няўзрослы бляндын, кепка на галаве, самаробная вясковая сьвiтка й кораб зь вечкам пераз руку наперавес. Проста дзядзька на рынак выбраўся, адно што дзядзьку гэтаму толькi сямнаццаць споўнiлася. Але, самае галоўнае, што ўваколiцах Менску ў гэны час такой хатняе прадукцыi вопраткi ў былых калгасьнiкаў i заваду ня было. Дык пытаньне: адкуль гэты «дзядзька» на рынак зьявiўся?

— Добры дзень. Прабачце, я — Янук Бахмач з Гацяў. Мне Нiна Рашкевiч гэты адрас дала, казала, што ў яе сваячка тутака…

— Ага, дык вы той западнiк? Мне Нiна пра вас пiсала. Калi ласка заходзьце й сядайце, — прыемным павольным альтам прывiтала старая жанчына.

Янук спынiўся, ня ведаючы што далей рабiць.

— Дык вы Беларус? — спытала жанчына. — Ну добра. I я таксама Беларуска i Галька, мая пляменьнiца, таксама. А гэта во ў нас кравец жыве. А я сама гадавалася на поўнач ад Лагойска. Але-ж, сядайце, — паказала яна на незанятае плеценае крэсла.

Янук падбадзёрыўся такiм ласкавым тонам гаспадынi, усьмiхнуўся да прыгожай чарнявай Галькi, якая сачыла ягоны кажны рух i ўсеўся ў крэсла, паставiўшы побач свой кораб. Ведаў, што знайшоў часовы прытулак у вялiкiм разбураным горадзе.

Загрузка...