Ылк

Аляксею Салонку


Вось яшчэ вам распавяду, што ў лесе жыве Ылк. У Ылка рогі, у Ылка капыты немалыя. А хвосцік у яго мале-енечкі. У вялікім патрэбы няма. Жыве ён дзе давядзецца. Ну, і ад падвіду залежыць. Дупляны Ылк — той збольшага ў дупле, а норны, зразумела, у нары. Хоць, ведаеце, і наадварот часам здараецца. Памяць у Ылка аніякая — тыдыц, калі па-шчырасці сказаць. Забудзе Ылк, што ён норны, — дый шусць у дупло, вось табе і капытны! Ужывае ён мюслі паціснутыя альбо біфідакефір. А для госцейкаў дарагіх у яго запаветны слоік прыпасены. І што ён у ім захоўвае, Ылк-гаспадар не ведае, бо сам адтуль — ні-ні.

Дзяўчаты, якія дасведчаныя, любяць на Ылкаў паляваць, асабліва талакою. Яно і зразумела: Ылк — сімвал плоднасці і мужчынскага хараства. Якая дзяўчына Ылка за бараду ўхапіла — тая ўжо неўзабаве замуж і пойдзе. А за хвост яго хапаць не тое што нельга — бессэнсоўна: паўнагадовы Ылк яго адкідае на манер яшчаркі, а дзеўцы — дулю. Іншыя дзяўчаты, здараецца, і малін назбіраюць дый Ылку ў мюслі пнуцца насуваць. Дык ці возьмеш яго тым? Вядома, што не.


****

Хамстэр — наадварот, жывёла танная і нявартая. Разам з самкай-хамстэрыхай ён падгрызае тоўстае дрэва, покі яно не паваліцца каму-небудзь на купал, робіць у ім кватэру і жыве ў ёй да старасці. Галоўнае — тэлевізар.

У пяцьдзясят гадоў хамстэр абавязкова выйграе ў латарэю. Ды не па дробязі! «Супер-лапто», прыкладам. У яго бяруць інтэрв’ю, і на пытанне пра яго ўлюбёны занятак хамстэр жартуе: «Занімаца сэксам». Болей пра хамстэра няма чаго казаць. На гэтым ён заканчваецца.

Загрузка...