Падземнае царства і Царыца-Вавёрыца


Балахон Балахонавіч усё падаў і падаў, то хутчэй, то павольней, часам зусім-зусім павольна, а часам даволі імкліва. Падаць толькі спачатку было страшна, а цяпер нават і прыемна. Ён раскінуў рукі і ногі на манер зоркі і з цікавасцю разглядаў тунэль, у які зваліўся: відавочна, гэта была своеасаблівая камора, дзе захоўваліся чыесьці закруткі на зіму — шэрагі слоікаў, бутэлек, кадоўбчыкаў і жбанкоў рознага памеру і зместу праміналі ў настаўніка перад вачыма. Было даволі светла, бо на паліцах з прыпасамі гарэлі начныя лямпы пад каптурамі.

Балахон Балахонавіч спрытна выгнуўся і ўхапіў трохлітровы слоік. У ім быў кампот з антонавак, які хтосьці клапатліва закруціў пад металёвую накрыўку. Балахонавіч спрактыкавана ўскрыў яе проста рукамі, выпіў кампот, потым перакуліў слоік, патрос і ласкава ўсміхнуўся, нібыта ўбачыў кагосьці добра знаёмага: цяпер з ім побач ляцелі яблыкі.

У іх кампаніі яму не будзе самотна, таму мы вернемся на паўгадзіны раней, каб высветліць, як здарылася так, што ўсімі паважаны Балахон Балахонавіч быў вымушаны займацца тым, што зусім не да твару рабіць настаўніку, а менавіта падаць, і больш за тое, (строга — аўт.) не проста падаць, а падаць без навучальных мэтаў.

Цудоўным свежым ранкам Балахон Балахонавіч выйшаў пагуляць усцяж сваіх уладанняў і ў школьным садзе сустрэў вавёрку — седзячы на дрэве, яна ірвала антонаўкі і складала іх у вялікі кош. Натуральна, што садавіна была не ейная. Калісьці Балахонавіч сам саджаў гэтыя яблыні дзеля вітамінаў.

Вавёрчыны дзеянні ніяк не траплялі ў спіс ухвальных, таму, паважна склаўшы рукі за спінай, настаўнік вырашыў зрабіць ёй заўвагу:

— А ну павесіла фрухты назад! — наўзроў выгукнуў Балахонавіч.

Вавёрка ад нечаканасці выпусціла кош і звалілася — яблыкі пакаціліся хто куды.

Нячэсная крыху паляжала з заплюшчанымі вачыма, потым села, кпліва паглядзела на Балахона Балахонавіча, абыякава так сказала «А, гэта ты…» (было заўважна, што яна не моцна ўражана), бадзёра ўскочыла і пачала збіраць яблыкі-ўцекачы назад у кош.

— Гэй, хвастатая! — усклікнуў Балахонавіч, закрануты за жывое такой відавочнай непавагай.

— Дарэчы, Балахон, — вавёрка спыніла свае злачынныя практыкаванні з яблыкамі і, таксама склаўшы лапы за спінай, павярнулася да суразмоўцы. — Я падрыхтавала табе месца для адпачынку! Ану паглядзі!

Балахон паглядзеў туды, куды яна паказала, і ўбачыў, што пад адной з яблынь на траве-мураве пасцелены міленькі жоўты дыванок, аздоблены вышытымі валошкамі.

— Праўду кажаш? — Балахон Балахонавіч сурова звёў бровы, каб вавёрка не падумала, што ён памякчэў (а Б. Б. адразу памякчэў).

— Божа мой! — з надрывам вымавіла Вавёрыца (а гэта была яна), прыціснуўшы лапкі да сэрца, — ці ты мяне не ведаеш, Балахоне? Хіба я калісьці цябе падманвала?

— Бывала такое, — помсліва прыгадаў той.

— Ды калі тое было, — адмахнулася выкрадальніца чужых яблыкаў. — Я ўжо зусім не такая. Сядай, Балахон, не марудзь!

Вавёрка падышла да кіліма і пахлопала па ім, як бы запрашаючы настаўніка хутчэй прысесці і пачаць адпачываць пад дрэвам. У яе голасе Балахон прыкмеціў нейкую нецярплівасць, але не надаў гэтаму значэння, падышоў да прапанаванага месца адпачынку і з лёгкім рыпеннем у каленях прысеў на кілім.

Ці варта штосьці тлумачыць здагадліваму і менш даверліваму за Балахонавіча чытачу? Так, кілімам была прыкрытая пастка, (з жахам — аўт.) яма, у якую паважаны Балахонавіч неадкладна зваліўся — і вось цяпер быў вымушаны ляцець так бязмэтна і безальтэрнатыўна.

Пралятаючы міма вялікага барадатага партрэта ў тонкай раме, педагог зноў не ўтрымаўся і садраў карціну са сценкі, з налёту лёгка абарваўшы вяровачку, — яму падалося, што гэта партрэт дырэктара школы, але не — з карціны на яго пазіраў незнаёмы твар у акулярах, хаця так, вусы і барада былі падобныя да дырэктарскіх, толькі больш самавітыя і, калі можна так сказаць, неяк больш змястоўныя.

Вусы заварушыліся, і партрэт усміхнуўся. Ад нечаканасці Балахон ледзь не выпусціў яго з рук, але не выпусціў — усё-ткі ён быў смелы чалавек з жалезнымі нервамі, іншыя ў настаўнікі не ідуць. Партрэт працягваў усміхацца, пранізлівыя вочы з-пад акуляраў заглядалі Балахону проста-такі ў нутро.

Балахонавіч ажно крыху ўзмок, бо адчуў пэўную няёмкасць, і вырашыў парушыць маўчанне якой-небудзь ветлівай фразай.

— Хочаце яблык?

Б. Б. узяў адзін з кампотных яблыкаў, якія працягвалі спадарожнічаць яму, як верныя сябры, якія ніколі не збочаць, выправіўшыся з табой у дарогу, і пачцівым жэстам прапанаваў яго намаляванаму барадатаму спадару. Чамусьці ён быў упэўнены, што калі партрэт усміхаецца, то і яблыкі можа есці.

Барадаты спадар усміхнуўся яшчэ шырэй і вымавіў:

— А ці ўпэўненыя вы, што гэтыя плады не ёсць пладамі вашага ўяўлення, малады чалавек?

Балахон Балахонавіч сцяміў, што барадач мае намер распачаць гутарку пра метафізіку існавання, і прыняў паважны выгляд:

— Натуральна, што я ўпэўнены, бо плады майго ўяўлення — зусім іншыя! (Балахонавіч зрабіў загадкавую паўзу.) Яны ў школе! Ешце, частуйцеся, калі ласка. Гэта я тут злавіў, сам. Дарэчы, раз ужо мы ляцім разам у гэтым тунэлі, то давайце знаёміцца: Балахонаў Балахон Балахонавіч, эсквайр.

Балахон Балахонавіч адпусціў яблык, які барадаты спадар усё адно ігнараваў, працягнуў руку для вітання і адразу ж прыбраў яе, цвяроза разважыўшы, што калі на партрэце толькі твар, то вітацца за руку ён не можа.

— Чуў, чуў, — прагудзеў партрэт. А я Валакуд. Мяне, з вашага дазволу, няма!

— Як гэта няма? — Такога развіцця падзей наш з вамі Балахонавіч зусім не чакаў і здзіўлена вытарапіў вочы.

— А вось так! — Фарбы на карціне пачалі блякнуць, а абрыс Валакуда таяць. Неўзабаве ён зусім знік, апошняй растаяла вусатая ўсмешка — у руках Балахонавіча засталося пустое палатно, нацягнутае на раму.

***

На завялікім для яе троне ў доўгай сукенцы з фальбонкамі стаяла Вавёрыца і, крыху гайдаючыся і энергічна жэстыкулюючы, тонкім галаском дэкламавала:


…For oft, when on my couch I lie

In vacant or in pensive mood,

They flash upon that inward eye

Which is the bliss of solitude;

And then my heart with pleasure fills,

And dances with the daffodils [1]


На словах «inward eye» вавёрка патэтычна закрыла лапай адно вока і зморшчыла лоб, на слове «solitude» медытатыўны палёт Балахонавіча скончыўся ў стозе сена, на апошнім слове вавёрка раскінула лапы ў бакі, застыўшы так на момант. Потым артыстка пакланілася ўяўным удзячным слухачам, села на трон, надзела маленькую залатую карону, якую выцягнула з-пад свайго сядзення, і вымавіла нізкім грудным голасам:

— Падыдзі да мяне, настаўнік!

Балахон Балахонавіч, тым не менш, вырашыў вытрымліваць характар: ён трошкі паляжаў, сузіраючы, як з пакручастай вышыні павольнымі сняжынкамі лятуць яблыкі і акуратна кладуцца побач з ім то тут, то там. Потым настаўнік здзьмуў з носа сухія травінкі, без паспешлівасці ўзняўся, абтросся і выканаў колькі фізкультурных практыкаванняў. Узяўшыся рукамі за пояс, класны кіраўнік старанна панагінаўся ўлева і ўправа, потым зрабіў чатыры грунтоўныя нахілы, спрабуючы дакрануцца кончыкамі пальцаў кончыкаў пальцаў. (Спадзяюся, з гэтымі пальцамі я вас не заблытала. Частка з іх хавалася ў настаўніцкіх ботах, таму на практыцы Балахонавіч ніяк не здолеў бы да іх дакрануцца, нават калі б гэтаму не перашкаджаў балахонаўскі жываток. Ну, але спроба не хвароба. — аўт.).

Вавёрыца моўчкі назірала за размінкай, падпіраючы твар пальцам, але калі Балахон распачаў пацягванні, яна нервова забоўтала ніжняй лапай. Урэшце цярпенне ў яе лопнула. Трымаючыся за падлакотнікі, яна перавярнулася і асцярожна, каб не пабіцца, на жываце спаўзла з трона — вавёрчынай спрытнасці істотна перашкаджалі багатыя фальбонкі.

Пасля царыца (а Б. Б. не меў сумневаў, што Вавёрыца займала менавіта гэтую пасаду) расправіла сукенку і лёгкім подскакам наблізілася да настаўніка, гасцінна развёўшы верхнія лапы і прышпіліўшы да твару прыветную ўсмешку.

— Ну вось, Балахонавіч, ты і тут.

— Ха! — Балахон Балахонавіч зрабіў скептычны выраз твару, паказваючы, што ў гэтым спектаклі ён не ўдзельнічае.

— Маімі стараннямі, паміж іншым.

У адказ на такую заяву класны кіраўнік кашлянуў, выяўляючы поўную аўтаномію ад усіх прысутных вавёрак.

— Гэта ты там намалявала? — вачыма ён паказаў наверх. — Партрэт. Размаўляў са мной.

— Не маю ўяўлення, пра што ты.

Вавёрка ўзяла класнага кіраўніка за руку і зазірнула яму ў твар.

— Ну што, пойдзем?

Не паспеў Балахон Балахонавіч прыдумаць годны адказ, як убачыў, што яны ўжо борздка шпацыруюць кудысьці: і шлях ім асвятляе лямпа, якую нясе Вавёрыца, і бясконцы провад ад лямпы цягнецца за імі, як нітка Арыядны. Тады ён вырашыў скарыцца лёсу і проста плысці за вадою, як восеньскі лісток, — куды-небудзь ды прыплывем.

Так яны ішлі доўгім, парослым мохам і грыбамі калідорам, які ўвесь час віхляў. Грыбы раслі не толькі ўнізе, але і на сценах, і на столі калідору, на некаторых з іх былі літары. Тыя грыбы, што трапляліся пад ногі, царыца з запалам падфутбольвала, класны ж кіраўнік стараўся іх абмінаць.

На чарговым віражы Балахон неспадзявана заўважыў булачку, што ляжала на паліцы, прымацаванай да сцяны. Прагнучы якога-небудзь рашучага ўчынку, класны кіраўнік схапіў мучны выраб. На булачцы было напісана «З’еш мяне». Настаўнік ужо быў адкрыў рот для яшчэ аднаго рашучага ўчынку, але, не спыняючы хады, вавёрка моцна і рэзка тузанула яго за палец так, што булка выпала.

— Ты, Балахон, малайчына, але гэта іншая казка і іншая літаратура.

Класны кіраўнік уздыхнуў, разважаючы над тым, якую-такую літаратуру магла мець на ўвазе падступная царыца, што заманіла яго ў пастку, але нічога не змог прыгадаць.

Неўзабаве калідор усё-ткі скончыўся, перад чалавекам і зверам лясным адкрыўся круглы пакой, выкладзены каменем. Балахонавіч пазнаў у ім тое самае памяшканне, куды ён прызямліўся, толькі сена было прыбрана, а замест трона стаяў напаўпразрысты надзіманы палац, кшталту дзіцячых басейнаў для лецішча, зусім невялікі — стаўшы на дыбачкі, Б. Б. мог бы зверху агледзець ягоны дах, расфарбаваны пад жоўтую дахоўку.

— Нам туды, — сказала вавёрка.

Палац быў зусім пусты, і класны кіраўнік ніяк не мог узяць на цям, навошта ім туды лезці, але іншага не выпадала. Што можа сухі вераснёвы лісток супроць бурлівае плыні, якая круціць яго і верціць, як хоча? І круціць яго, і верціць, і круціць…

— Не спі, Балахоне, — царыца пашчоўкала пальцамі пад носам у педагога. — Глядзі сюды, зараз я адчыню дзверы і — у будан, а ты не марудзь, кідайся хуценька за мной.

— Мгм, — невыразна вымавіў Балахон Балахонавіч, каб не адказваць, ані так, ані не.

— Оп-ля! — вавёрка адчыніла дзверы і заскочыла ў палац. Балахон паспрабаваў зрабіць тое самае, але захрас у дзверцах, што былі для яго замалыя. Палац тым часам прасеў, бо праз адчынены ўваход з яго выйшла паветра.

— Божа мой, што за людзі! Разгадуюць тлушчы, потым у дзверы не пралазяць, — беспардонна заўважыла вавёрка, дапамагаючы слаўнаму Балахонавічу ўвабрацца ўнутр. Потым, зусім не зважаючы на пакрыўджаны твар госця, яна дзелавіта панаціскала нагой на аднекуль узятую помпу, каб вярнуць палацу згублены аб’ём.

Раптоўна класны кіраўнік убачыў, што ўнутры палац зусім не такі маленькі, як звонку, і зусім не празрысты, і не пусты, а нават наадварот, contrariwise. Яны апынуліся ў агромністай, значна большай за папярэднюю, купалападобнай залі з дзясяткамі акенцаў рознага памеру і формы — у большасць з іх зазірала начное неба, але праз шыбы некаторых свяціла ранішняе сонца. Святла хапала, каб разглядзець шматлікія шафы і камоды. На сцяне вісеў густоўны віцебскі дыван са штучнага валакна. З выглядам знаўцы (а так яно і было) Балахонавіч памацаў дыван і прыцмокнуў, а потым з цікаўнасці прачыніў адну з шафаў. Неадкладна адтуль выпырхнулі тры драбнюткія свінкі з крыльцамі. Адна з іх усміхнулася і сказала: «Рох-рох».

— Вось халера! — выгукнуў эсквайр Балахонавіч.

Адчыненая шафа была поўная ўсялякіх даброт: жаночых пантофлікаў і мужчынскіх ботаў, дзежак з квашанай капустай, скрыняў з сургучом і да таго падобных карысных рэчаў.

— Такім чынам! — урачыста абвясціла вавёрка і стукнула кіем аб падлогу — віцебскі дыван адразу ж з грукатам паехаў уніз разам са сцяной, на якую быў павешаны. За сцяной выявілася вялікая спальня з тысяччу ложкаў, на кожным з якіх хтосьці спаў; у залі разлягаўся хроп.

Вавёрка паправіла на сабе карону, падышла да Балахона, зноўку ўзяла яго за руку і ўрачыста павяла ў спачывальню.

— Глядзі, Балахоне, — сказала царыца, ведучы яго паміж ложкамі. Тут ты знойдзеш сабе жонку.

Балахонавіч спыніўся і закашляўся. Вавёрыца паляпала яго па спіне.

— Табе зараз таямніцу адкрыю. Гэта ж не проста нявесты, а настаўніцы!

На шчоках Балахонавіча з’явіўся ўсхваляваны румянец, ён ледзь не сеў на халодную падлогу — тут таксама быў бы дарэчы віцебскі дыван падвышанай калматасці, але яго не было. Рэч у тым, што сам Балахон Балахонавіч настаўнікам нарадзіўся, але ў сваёй школе быў адзіным прадстаўніком сабе падобных (партрэт дырэктара школы, безумоўна, нельга лічыць кампаніяй) і прызвычаіўся да самоты. Бачыць сапраўдных жывых настаўніц яму яшчэ ніколі не даводзілася. Ці варта казаць, што сэрца ягонае шалёна закалацілася.

Стаіўшы дыханне, ён разглядаў твары. Настаўніцы былі адна прыгажэйшая за другую: бялявыя і чарнявыя, рудзенькія і паголеныя налыса, смуглявыя і светласкурыя, худзенькія і не вельмі — на любы густ. Але вавёрка цягнула яго ўсё далей і далей, пакуль яны не наблізіліся да самага вялікага і высокага ложку, закрытага полагам.

— Прыйшлі, — сказала Вавёрыца. — За твае, Балахоне, выбітныя вартасці вырашыла я аддаць табе за жонку самую прыўкрасную перліну з гэтай скарбніцы!

Балахон схапіўся за галаву — ці магла існаваць настаўніца, прыгажэйшая за тых, што ён бачыў толькі што?

— Ідзі і глядзі, — вавёрка адпусціла яго руку, і настаўнік на дыбачках увайшоў пад полаг.

Ах і вох! На тонкіх шаўковых прасцінах, пад коўдрай з лёгкага і цёплага сінтэпону ад ААТ «Магілёўхімвалакно» спала не проста настаўніца — Балахонавіч адчуў гэта інтуітыўна, — пад залатым полагам спала Выкладчыца. І апісаць яе прыгажосць не можна ніякімі словамі, таму нават не будзем і спрабаваць. Адзначым толькі тое, што Балахон Балахонавіч адразу зразумеў, што гатовы жаніцца.

— Ну, з богам, — сказала вавёрка.

Балахон Балахонавіч нахіліўся, каб пацалаваць выкладчыцу. І ў той момант, калі настаўнік быў так блізка да мэты, балахонаўская нага наступіла на фіранку. Час замарудзіўся. Балахонавіч убачыў, як нібыта ў акварыуме з гелем, канструкцыя над ложкам едзе ўніз і абрынаецца на выкладчыцу, узнімаючы ўверх зорны пыл, што пакідаюць пасля сябе феі, убачыў, што міма яго пралятае царыцын хвост разам з царыцай жа, і, праплываючы міма ягонага твару, яна бязгучна крычыць яму: «Лягай, Балахон!», але гэта запозненая прапанова, ён і сам падае, і на яго падаюць нейкія бясконцыя тканіны і карункі, і грыбы, і яблыкі, і вось ён не лісток ужо, а саспелы гомельскі яблык, што боўтнуўся ў ваду і ўсплыў, і плыве цяпер па шырокай шэрай рацэ, пагойдваючыся і вымалёўваючы хвосцікам спіралькі, і ад чагосьці цёпла ўнутры, хоць і прахалодна звонку. …БУМ!!


***

Проста ў твар Балахонавічу цурчэла вада. Ён чмыхнуў і сеў, выцер далонямі мокры твар. Паступова сфакусаваўся зрок: побач стаяла занепакоеная вавёрка з бутэлькай, напалову поўнай вады.

— Балахонаў, гэта не я! Гэта цябе яблык па галаве стукнуў! Проста, разумееш, ты сеў, а ён…

— А дзе ж?.. Дзе выкладчыца?! — перабіў Вавёрыцу педагог.

— Якая выкладчыца? Не ведаю ніякай выкладчыцы.

— Ведаеш! Куды ты яе падзела?!

— Я пайшла дадому, — сказала вавёрка.

— Ага, зараз!

У адчаі Балахон Балахонавіч схапіў падступнае стварэнне, узняў над галавою і патрос.

— Ууууууу!!! — крычаў Балахонавіч.

— Аааааааа!!! — крычала вавёрка.

Яна махала лапамі, але выкладчыца не з’яўлялася.

— Малады чалавек, не мучце жывёліну.

Паважны спадар у акулярах асцярожна выняў вавёрку з аслаблай настаўніцкай рукі. У спадара былі вусы і барада. «Нейкія такія з сэнсам, ці што», — падумаў Балахонавіч.

— Бяжы, божае стварэнне, — сказаў барадаты спадар, паставіў вавёрку ў траву — і яна тут жа кінулася наўцёкі.

— А я вас пазнаў, — сказаў Балахонавіч. — Вы Валакуд, і вас няма!

— Я проста іду… — барадаты спадар задумаўся. — Я проста іду, — завершыў ён упэўнена, і сапраўды павярнуўся і пайшоў. За спінай у яго быў турыстычны заплечнік, поўны антонавак.

Балахон Балахонавіч падумаў, што Валакуд напэўна ведае, дзе выкладчыца, але дакладна яму нічога не скажа, і даганяць яго бессэнсоўна. Ён узняўся, цяжка ўздыхнуў, падабраў з зямлі антонаўку і пайшоў у іншы бок, каб кінуць яблык у Сож.

Загрузка...