Падробны паэт


Паўсюдна прызнаны пісьменнік Пятро Пятровіч Піхто-Публіцкі, перакладнік, першадрукар Псалтыра па-беларуску, пражываў побліз Пухавічаў, пісаў паэму пра патрыятычныя памкненні пралетарыяту.

Пасляабедзенным поўднем пад Пухавічы прыехаў пісака-пачатковец. Па пратаколе пачціва прадставіўся:

— Пыжаў, прадстаўнік паазернай плыні, паэт-постмадэрніст.

— Постмадэрніст? — пісьменнік Піхто пабарвавеў, паколькі прытрымліваўся процілеглых поглядаў, — падхвоснік, папіхач?

— Паэт, — піскнуў Пыжаў. — Плыня паазерная.

— Паглядзім, пацыент, — прабасіў Пятро Пятровіч, паварушыўшы плячыма, — папазней праверым паазернасць паэтычнае плыні. Праходзьце па пакоях. Прысаджвайцеся, пакаштуйце парася, падсмажаных піражкоў, печыва, піце піва, паліце папяросы. Прошу пана перакусваць!

Пісьменнікі прыселі паесці, пагутарыць. Паэт, па-сіроцку прыладзіўшыся пры печы, паглынаў прысмакі.

— Пехам прыйшлі? — пацікавіўся пухавіцкі пісьменнік, пасаліўшы памідор.

— Памыляецеся, — паправіў Пыжаў, перажоўваючы піражок, — прыехаў прыватным паштова-пасажырскім паравозам «Полацк-Пухавічы». — Паэт прагна пацягнуў пальцы па парася. — Прывёз паперы пану, пасведчанне першадрукара. Пагляджу, пан прыстойна падрыхтаваўся? Партвейну прыкупіў, патоўк пюрэ, падмёў паўсюль…

— Пагаліўся, пасмы паабскубаў, падпілаваў пазногці… падрыхтаваўся пераапыліцца, — пасміхаецца Пятро Пятровіч.

— Пераапыліцца?! — Пыжаў папярхнуўся парасём.

— Па-нашаму, па-цяперашняму! — пацвердзіў першадрукар, паляпваючы пачаткоўца па плячы.− Пройдземце, партнёр, пакажу паэтычным парасткам парнаграфічны пакой.

Паэт падскочыў. Перапалохана пырскнуў па-за пабудовы.

— Пачакай, постмадэрніст! — пацяшаецца Пятро Пятровіч, пацэльвае па паэце пуховай падушкай. — Патэнцыял! Патэнцыял паэтычны пакажы, пустадомак прыпадачны!

Пыжаў падае паранены падушкай, потым прыўзнімаецца. Паўсюль прымройваюцца парасяты.

— Паперы пад паленам! — пракрычаў паэт, паклыпаў паўз пералесак.

— Постмадэрністы паскудныя, — падумаў Пятро Пятровіч, пачухваючы пад пахамі. — Паказаў паднаготную. Панапрыязджаюць, панапрыкідаюцца паэтамі… Падробкі! Пайду паэму папішу…

Загрузка...