Спявачка


Захацела неяк Iхка зрабіцца опернай спявачкай. Хоць оперу толькi па тэлевізары і бачыла. Ну, каб спяваць у оперы, трэба што? Па-першае, таўшчыня, бо оперная спявачка мусіць быць заўважнай на сцэне. Па-другое, неабходны высокi і пранiзлiвы голас. Гэта акурат было ў наяўнасці. Iхка ж — мыш. Яна нiзкiм голасам i не ўмее, толькi пiшчыць, асаблiва, калi хто не заўважыць (а гэта часта здараецца) і наступiць на хвост. Ён паплюшчаны пасля гэтага бывае, але оперныя спявачкi такiя сукенкi носяць, што пад iмi любы хвост схаваць можна. Карацей, справа была вырашаная. «Хутка, — думала мыш, — пабачыць свет новую спявачку, незвычайную, не горшую за Мансерат Кабалье!»

Найперш узяла мыш бабульчыну швейную машынку і пашыла сабе сукенку. Тут усё ружы, ружы, ружы, пасярэдзiне тыгр з аскаленай пашчай, а па падоле — беларускi арнамент.

Далей — дыета. Каб вагу набраць, насела Iхка на каларыйныя прадукты. Кожны дзень салам, каўбасой, варанымі яйкамі з маянэзам, булкамi, цукрам, макаронамi харчуецца. Не патрыятычна, але ж i «кока-колай» часам запiвае. А калi, дык i пiвам. Ну, і што? Не атрымалася нічога. Не тое, каб дыета зусiм не дапамагла вагу набраць. Дапамагла. Толькі важыла Iхка дваццаць пяць грам — паправілася ўдвая, а далей нешта не ідзе. Скурка на Іхцы расцягнулася, бровы зрабіліся здзiўленапрыўзнятымі, вочкi вялiкiмі i круглымі, а рот заўсёды крыху прыадкрытым — такое нацяжэнне атрымалася! Ужо i па два яйкi ў дзень з’ядала, а больш не таўсцеецца.

Так i не здолела Iхка стаць опернай спявачкай. Хоць жаданне было вялiкае, ды і спявае ж добра! Як, бывала, сяброўкi да яе прыйдуць, зацягне яна песню. «Мыш жыве пад зямлё-о-ю, мыш жыве пад асфа-альтам!». Сяброўкi неўзабаве і пойдуць. Пэўна, слёз стрымаць не могуць, так iх, бывала, i трасе ад расчуленасці.

Хутка вярнулася Iхка да сваёй звычайнай вагі, бо харчы скончылiся. Адзінае, што некаторы час яна да сабакі-шарпея была крыху падобная.

Загрузка...