(Нібыта пераклад)
Ліпень схіляецца да свайго пышнага фіналу. Вольга Францаўна Пакемонава, дваццацідвухгадовая выхавацелька дзіцячага садка № 3 горада N., стомлена выцірае пот з натруджанага лба. 56 дзяцей малодшай групы паклала яна сёння спаць, а потым вывела на шпацыр. Мы сядзім з ёй пад шатамі старых яблынь, у прыемнай у такія спякотныя дні прахалодзе. Побач у прасторнай сучаснай пясочніцы дваццаць на дваццаць метраў са светлымі хваёвымі парэнчамі — падарунак мясакамбіната, які мае над садком шэфства, — гуляюць у «кашу-малашу» Вользіны выхаванцы.
— Якія планы на будучыню, Вольга? — пытаюся я ў маладой жанчыны, сакратара мясцовай ячэйкі Бэ-Зэ-Зэ-Зэм, сталай госці дошкі гонару.
— Планы самыя аптымістычныя, — адказвае Вольга, маладымі белымі зубамі разгрызаючы сакавіты яблык, пырскі якога застаюцца ў мяне на твары. — Думаю, што гэта не мяжа. Заўтра я планую вывесці на паветра 57 альбо нават 58 дзяцей. Падключым сярэднюю групу.
— То бок ёсць рэзервы?
— Ёсць, — упэўнена сцвярджае Вольга, і яе твар нібыта святлее, — ёсць, ёсць рэзервы!
Мяккай шырокай далонню яна па-мацярынску заляпляе па азадку аднаму з падапечных. Другая яе далонь дае ўкусіць яблыка іншаму выхаванцу.
І верыцца ў тое, што ў Вольгі ўсё атрымаецца.
Паўлу Мятліцкаму
з удзячнасцю за гасціннасць
Пышнавусы цырульнік Сяржук Цярэнцьевіч Кірпыкла хавае сціплую ўсмешку на грудзях у карэспандэнта «Экс-Бэ».
— Не прызвычаіўся я да ўвагі, — тлумачыць рэкардсмен. — А вы яшчэ і з фотаапаратам!
— Што вы, Сяржук Цярэнцьевіч! А ну дзяліцеся, колькі настрыглі за сённяшні дзень?
— Ну, колькі настрыг… Бадай, усю нашую вёску і пастрыг, і ўсіх пад нуль.
— І жанчын?
— І іх, а як жа!
— Дык, ці не занадта радыкальна?
— Не, нашая вёска — і не вёска ўжо, — Сяржук Цярэнцьевіч глыбока зацягваецца цыгарэтай «Вярблюд» вытворчасці Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі, сусветна вядомай якасцю сваёй прадукцыі. — З мінулага года нашыя Шырокія Гузкі — сучасны аграгарадок, таму і фрызуры мусяць быць модныя, свежыя. Слова «fashion» для мяне — не пусты гук.
І гэта так. Цырульнік Кірпыкла не толькі аказаў сёння палікмахерскія паслугі сваім аднавяскоўцам, але і бясплатна зрабіў актуальныя тату.
Атрасаючы з рук рэшткі гною (карова трапілася з норавам, на спіне ў працаўніц след ад яе капытоў), да нас падыходзяць трактарыстка і даярка ў адной асобе Святланы Кузьмінічны Дрэвапінск.
— Дзякуючы Цярэньцічу мой імідж змяніўся кардынальна! (Кузьмінішна хваліцца нашаму фатографу навюткай, як з іголкі знятай, татушкай — гэта вам не дзіцячыя перавадныя карцінкі). З наступнага панядзелка я буду працаваць на Першым музычным канале падменшчыцай вядучай Плюсі Плюшчык.
Вось такія моднікі працуюць у аграгарадку Шырокія Гузкі Віцебскай вобласці.