(Пераапрананне ў гендэрныя стэрэатыпы)
Лепей апрануць шапку-аблавушку: яна мне пасуе, а на вуліцы -10.
— Ян, ты куды?
— На шпацыр.
— Хлопчык мой, а чаму так позна?
— Дзевяць — гэта не позна, тата. Тым больш я з Інай буду. Ты ж ведаеш, яна калі што…
— Добра, Іна і сапраўды волат, прыемна зірнуць — адны мышцы. Толькі глядзіце не піце. А то апошнім часам усё піва ды піва. А чаму Іна не завітала па цябе?
— Каля кінатэатра чакае.
— Яна хоць электрычнасць у сябе адрамантавала?
— Адрамантавала!
— Дык хай бы і нам адрамантавала!
— Та-а-ата!
Насамрэч мы збіраліся не проста пагуляць. Бацьку праўду ведаць было не след, бо Іна запрасіла мяне сустрэць адну паненку пасля трох сутак у камеры. Тры дні таму ейная прыяцелька Маргарына і Алеся Віталеўна з эканамічнага каледжа вадзілі карагод у скверы каля помніка Алаізе Пашкевіч. Там да іх прычапіліся супрацоўніцы праваахоўных органаў. І тое неспадзяванка, бо яны абралі дзіўных ахвяраў: Алеся Віталеўна — выкладчыца, ніколі не кідае недапалкі на зямлю, носіць акуляры, інтэлігентны вожык на галаве і ні за што («Толькі праз мой труп!» — кажа) не дазваляе сабе ўжыць бруднае слова ў прысутнасці джэнтльмена. А Маргарына — бібліятэкар і мастачка, што тут дадаць? У яе было чатыры персанальныя выставы.
Спадарыням міліцыянткам не спадабалася тое, што ў жанчын на дамскіх валізках не было флікераў: значыкаў ці стужак, якія свецяцца ў цемры. Нядаўна выйшаў чарговы ўказ, які забараняў пасля 21.00 вадзіць карагоды каля помнікаў, не маючы на сабе святлоадбівальных элементаў.
Вядома, што маленькія (змяшчаюцца толькі абавязковыя памада, люстэрка і пісталет) валізкі мянтоў былі аздобленыя гэтымі флікерамі ўздоўж і ўпоперак. Выглядалі яны «як дуры», што Маргарына ім і паведаміла. Слова за слова — і бібліятэкарцы надзелі кайданкі, а Алесі Віталеўне навесілі велізарны штраф. У пастанове суда яшчэ напісалі, што яны п’яныя былі, і Маргарына нібыта хапала зубамі адну з мянтовак за валасы і гумавы дручок…
Разам з маёй прыгажуняй у элегантным клятчастым паліто мы падышлі да турмы на Ахрэсціна. Каля брамы ўжо мерзлі дзве маладыя жанчыны. З кожнай з іх Іна па-жаноцку моцна парукалася, потым патлумачыла: «Алесю Віталеўну ты ведаеш, а гэта Наталка».
Прывабная Алеся Віталеўна ў пухнатым трусікавым футры павіталася. Наталка, мастачка, з якой Маргарына мела агульную майстэрню, пазяхнула. Па-мойму, я ёй не спадабаўся, але як след падумаць пра гэта я не паспеў, бо брама адчынілася, і на волю выйшла расхлістаная, без шаліка і без шапкі Маргарына Вялікі-Дзякуй з сіняком пад вокам.
Маргарына абнялася з усімі жанчынамі, паляпваючы іх па спінах:
— Алеся! Віталеўна! Ты як, родная? Дзякуй, дзякуй, што прыйшлі! Для мяне найвялікшы гонар, што мяне сустракаюць самая дасціпная паэтка ў краіне… — Маргарына патэтычна паказала на Іну. — Наталка — самая таленавітая беларуская мастачка. Вядома, пасля мяне! — Маргарына рагатнула. — Ну і, зразумела, мая дарагая сяброўка Алеся Віталеўна!
Мяне Вялікі-Дзякуй заўважыла, але не адзначыла.
— І яшчэ мужык нейкі, — шапнуў я на вуха Іне.
— Добра, дзяўчаты. Я зараз дадому. Жахліва хочацца ўрэшце прыняць ванну з марской соллю і вымыць галаву шампуняй з кандыцыянерам.
Маргарына па чарзе сардэчна паціснула сяброўкам рукі, абмінуўшы мяне, як заснежаны пень, і пабегла да тралейбуса. А я канчаткова адчуў сябе мужчынам у гэтым жаночым свеце.