Паліто

Ірыне Звярковай


Жыла-была аднойчы жоўтая хатняя мыш, і звалі яе Іхка. Па памеры малая, па розуме вельмі разумная. Захацела аднойчы Іхка набыць сабе каштоўнае паліто з пясцамі, каб ні ў каго гэткага не было. Прыходзіць яна ў краму дый кажа:

— Гэй, цёткі! Давайце сюды паліто! Пакупніца па яго прыйшла!

Прадавачкі на мыш не звяртаюць увагі. Нават і не чуюць, што нехта пішчыць. Іхка тады на прылавак узлезла і западскоквала:

А ўсё ж не бачыць ніхто Іхку, бо памер у яе дробны. Яшчэ так няўдала склалася, што прылавак жоўтага колеру быў. Іхкі і нябачна!

Узяла тады мыш гучнагаварыльнік і ўжо крычыць у яго:

— Паліто, кажу, нясіце! Я з грашыма прыйшла!

Тут яе ўрэшце прадавачкі заўважылі. Рагочуць, гледзячы, як мыш з гучнагаварыльнікам мітусіцца, а паліто не нясуць, бо па-мышынаму не разумеюць.

Раззлавалася тады Іхка, падбегла да паліта, схапіла яго за пясцовы каўнер і пацягнула да дзвярэй. І ніхто яе не спыніў, бо смяяліся ўсе аж да непрытомнасці.

Так цягнула мыш паліто да самай да нары. Бач, прыдбала яго задарма. Толькі вось дрэнна: у нару паліто не лезе і, пакуль па вуліцы волакам цягнута было, сапсавалася і таварны выгляд згубіла.

— Вось і хадзі, як дурная, па польты, — падумала Іхка. — Цьху на вас!

Так яна цяпер і жыве без паліта.

Загрузка...