З цыкла «Уклясыкі»



Колас, Купала і пачэсны пасад

«Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!» ― набраў Купала на клавіятуры і задумаўся. У гэты час да яго прыйшоў Колас, сказаў: «Пасунь азадак, жывёліна», сеў з Купалам на адно крэсла і таксама ўтаропіўся ў манітор:

― А што такое «пасад»?

― Сам думаю. Я ведаў, але забыўся. Нешта тут не так.

― Вядома, не так! Можа, ты хацеў напісаць «пасат», а не «пасад», можа, памылка ў цябе? У сэнсе: «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны фольксваген-пасат між народамі!»

Колас адсунуў млявага Купалу ад клавіятуры і выправіў «пасад» на «фольксваген-пасат».

― Вось. Зусім іншая справа! Хоць трохі лагічна. Эх ты, класік! ― Якуб па-сяброўску пабумкаў Купалу па галаве.

Уначы Янку не спалася. Увесь час круціліся ў галаве радкі пра фольксваген-пасат, які мусіць заняць Беларусь.

― Да чаго «пасат»? Гэта ж не беларускі аўтамабіль… Можа, лепей было б «трактар Мінскага трактарнага завода “Беларусь”»?

Купала ўзняўся, уключыў кампутар і паправіў тэкст: «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны трактар Мінскага трактарнага завода “Беларусь” між народамі!» Сеў на ложку.

― Дрэнна. Дрэнна-дрэнна-дрэнна-дрэнна. Да таго ж, па два разы паўтараецца «Беларусь» і «трактар». Нядобра. Лепей пакінуць усё, як было.


Як Колас і Купала бралі Смаленкс

Мала хто ведае, што аднойчы Янка Купала і Якуб Колас разам з’ездзілі ў Маскву з дыпламатычнай місіяй. Купілі ўклясыкі дзве плацкарты (верхнія паліцы) і паехалі. І прыехалі непасрэдна да Крамля. Тут Купала і кажа:

— Будзем размаўляць па тэрытарыяльным пытанні.

— Спачатку трэба пад’есці, — Колас пакорпаўся ў чамадане і з крыкам «А-а-а-а!» двума пальцамі выцягнуў адтуль цяжкі і набрынялы чымсьці беларуска-расійскі слоўнік. З падарункавага выдання сцякалі кроплі незразумелай вадкасці. Гэта быў форс-мажор: кансерваваныя кількі (прынамсі, так падалося Якубу) прарваліся вонкі, і кніжка наскрозь набрыняла расолам з кількавым водарам.

— Кількі! — узрушана закрычаў агаладалы Колас, — кількі-кількі-кількі! — Неспадзявана Якубу пачало не хапаць паветра і словаў.

— Тое былі не кількі! — Купала з задавальненнем пасмактаў вокладку. — Гэта былі высакаякасныя кансервы «сюрстромінг», нацыянальны шведскі далікатэс. Падарунак іхняга амбасадара аднаму (тут Купала ўзняў уверх палец) народнаму пісьменніку! Квашаная салака па-нашаму. Калі такія кансервы ў час не адкаркаваць, адбываецца салакавы выбух. Я хацеў з’есці яе пазапазаўчора.Прабач.

— Сапраўды, салака, — пераканаўся Колас, так-сама не без прыемнасці палізаўшы вокладку, — але як жа мы пойдзем у рэстарацыю без слоўніка? Мы ж не ведаем назваў расійскіх страваў! Wow!

Калі Якуб пачынаў размаўляць па-ангельску без акцэнту, тое значыла, што ён быў моцна незадаволены.

Купала прысеў на ўскрайку Краснай плошчы і адцягнуў за куток вільготную старонку: маленькія кірылічныя літары сапраўды плылі ўверх і ўніз, утвараючы нечытэльныя іерогліфы: карысны слоўнік натуральна ператвараўся ў бескарысную кніжку Арукі Нерукамі ў арыгінале.

Падавалася, што сітуацыя цалкам выйшла з-пад кантролю. У Коласа пачынаўся стрэс — гэта ён параіў Купалу прыхапіць з сабой у падарожжа рыбу, цяпер зрабілася зразумела, што памылкова.

На шчасце, у Купалы была добрая памяць, і ён прыпомніў цьмянае паводле значэння расійскае слова «щец». Яго пачатковую форму вызначыць было немагчыма, тым не менш Янка і Якуб здолелі тры разы замовіць харчы ў рэстарацыі. Адно толькі ежа была досыць аднастайная.

Аднак мы адышлі ад сутнаснага. Сутнасць спрэчнага пытання, якое мусілі ўзняць упаўнаважаныя пасланцы, была ў тым, што ва ўсходняга суседа трэба было забраць Смаленкс, каб далучыць яго да шэрагу гарадоў Пінкс і Мінкс, праз якія меркавалася пабудаваць стратэгічную шашу Пінкс — Мінкс — Смаленкс. Магістраль мусіла злучыць гэтыя буйныя аграрныя цэнтры ў адзіны магутны комплеск і такім чынам давесці краіну да апафеозу.

Дыскусія ўрэшце атрымалася вельмі гарачая. Купала нават крыху забыўся і пачаў чытаць свае вершы і ўрыўкі з паэмы Коласа «Новая зямля», што амаль нейтралізавала довады суразмоўцаў.

Але падчас дэбатаў Колас раптоўна зразумеў, што асабіста яму Смаленкс ужо не патрэбны. Справа ў тым, што разам са Смаленксам у магістралі Пінкс-Мінкс назовам выходзіла цалкам бабская абрэвіятура: ПМС. Запахла міжнародным скандалам.

— ПМС, — шапнуў Колас на вуха Купалу, калі той апантана размахваў графінам з вадой перад насамі апанентаў. Купала зразумеў усё. Ён паставіў графін на месца, і сябры паехалі дадому.


Купалле і Калоссе

— Добры дзень у хату! — тэлефануе Якуб Колас Янку Купалу.

— Э-э-э-э, — крэхча Купала ў адказ.

— Ці ты не прачнуўся яшчэ?

— А, ляжу тут, — адказвае Купала кволым галаском.

— Можа, што адзначалі ўчора?

— Так, Купалле адзначалі, — адказвае Купала кволым галаском, але ў галаску чуюцца нейкія новыя ноткі, якія непрыемна казычуць Коласа дзесьці ўсярэдзіне.

— Якое-такое Купалле? (Што за назва такая падазроная? — думае Якуб сам сабе.)

— Купалле — гэта свята ў гонар аднаго (у слухаўку чутна, як Купала ўзнімае ўверх палец) народнага пісьменніка! Там трэба паліць вогнішча і скакаць праз яго з прыўкраснай мадамай.

— І ты скакаў?

— Скакаў!

— І мадама скакала?

— І мадама! Прыўкрасная, паміж іншым!

«Вось жа конь табадамскі!» — думае Колас і кідае слухаўку…

«Як жа гэта так! — працягвае думаць Якуб, ідучы па праспекце і засунуўшы рукі ў кішэні (на Коласу элегантны джынсавы гарнітур). — Яшчэ і з мадамай!»

Колас збочвае з праспекта Францішка Скарыны і трапляе на вуліцу Францішка Скарыны, прайшоўшы крыху, збочвае яшчэ раз у завулак Першадрукара. Там у зямлі, пад пастаментам помніка аголенаму Францішку Скарыну, які раздзірае пашчу Івану Фёдараву, знаходзіцца круглы, парослы зялёнай травой уваход у нару. Металёвыя ягадзіцы Скарыны зіхотка блішчаць.

— Тук-тук-тук! — стукае Колас у вабныя круглыя дзверы з вензелем У. К. Ніхто не адчыняе. — Дзынь-дзынь-дзынь! — Якуб цягне за шнурок прыгожы бронзавы званочак.

Неўзабаве дзверы адчыняюцца.

— Добрай раніцы, Якубе! О-хо-хо! — гаспадар дома, Уладзімер Караткевіч, у свежай жоўта-зялёнай кашулі і камізэльцы з бліскучымі меднымі гузікамі прыветна ўсміхаецца і шырокім жэстам запрашае госця ў вітальню.

— …Такія справы, Уладзімер Сымонавіч, — распавядае Колас Караткевічу, — калі ёсць свята Купалле, мусіць быць і Калоссе!

Папыхваючы люлькамі, пісьменнікі сядзяць у працоўным кабінеце Уладзімера Караткевіча і запіваюць люлечны дым кавай. Сцены і столь пакоя ўтвараюць круглы купал, праз круглае ж, як ілюмінатар, акенца, зарослае звонку дзікім агурком, на пісьменніцкі стол ліецца ранішняе святло, дзе ляжаць кніжкі: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», «Ладдзя роспачы»…

Босы Караткевіч узнімаецца і падыходзіць да акна падумаць. Ступні ў яго вялікія, большыя за звычайныя, ногі парослыя мяккай курчавай поўсцю, падэшвы шорсткія — абутак Караткевіч ніколі не носіць, нават на дварэ. Падумаўшы хвіліну, ён кажа Якубу:

— Са святам я нічым табе дапамагчы не магу, бо Купалле (Уладзімер Сымонавіч робіць шматзначную паўзу) — гэта свята народнае. Во! — пальцам з прыгожа падпіленым пазногцем пісьменнік паказвае на падваконніку папараць-кветку ў вазоне. — А што датычна Калосся, то няма такога свята. (Колас апускае нос.) Але ці ўсцешаны ты будзеш, калі сваю новую кніжку я назаву ў гонар цябе?

Караткевіч бярэ са стала рукапіс, на якім напісана «Купалы пад сярпом тваім», абмаквае кончык сярпа ў чарніла, тлуста закрэслівае слова «Купалы» і зверху надпісвае «Каласы». Серп урачыста скрыгоча па паперы. Па радыё гучыць уступны акорд дзяржаўнага гімну, на сцяне пачынае біць гадзіннік-хатка і падае, з гадзінніка на падлогу вывальваецца зязюля, з зязюлі ў загадзя падстаўлены гаспадаром кошык — яйка, з яйка — новая зязюліна хатка, толькі маленькая. Далей ужо не бачна, што адбываецца ў кошыку… Зязюля нейкі час туды ўзіраецца, потым ізноў лезе ў хатку.


***

Янка Купала нервова круціцца ў ложку і не разумее, што яго турбуе. Ён прыўзнімае пярыну, але нічога пад ёй не знаходзіць. Тады ён прыўзнімае пярыну, якая ляжыць на першай пярыне, але таксама нічога там не знаходзіць. Такім чынам ён прыўзнімае трыццаць восем пярынаў і пад апошняй Ян Дамінікавіч знаходзіць гарошыну, якую кладзе ў рот і з’ядае. І тады Купала зноў кладзецца ў ложак. Але зноў штосьці яго турбуе. Купала разумее, што яму не палепшала, але не разумее, чаму.


Паўлінка

― Вой, не магу больш! ― стагнаў Купала, абдымаючы дрэва. І словы Купалавы цалкам зразумелыя сучаснаму пакаленню, бо дрэвам была елка.

Махнатая ўнізе і ўверсе, яна лезла Купалу ў вочы і рот, задзірала кашулю і калола жывот. Ішла рэпетыцыя знакамітай купалаўскай п’есы «Паўлінка». Колас быў за рэжысёра, Купала ― за героя-палюбоўніка, елка ― за выканаўцу галоўнай жаночай ролі. Паводле рэжысёрскай задумы, Паўлінка мусіла выглядаць недатыкальнай і надзвычайна бадзёрыць закаханага ў яе Якіма. Было заўважна, што елка няблага спраўлялася з ускладзенымі на яе абавязкамі. Так і рэпетавалі. Прэм’ера спектакля прайшла выдатна, публіку абаяла колкая ў сваёй ролі елка і інтрыгавала падрапанае чало героя-палюбоўніка. «Паболей бы такіх пастаноў», ― напісала ў рэцэнзіі заўзятая тэатралка В. Харужая.

Загрузка...