Без атраманту


Нічога сур’ёзнага

Данііл Хармс казаў, што яго цікавяць толькі абсалютна бескарысныя рэчы. «Толькі тое, што не мае ніякага практычнага сэнсу».

Некаторыя людзі ўмеюць рабіць штосьці, што звычайна не лічаць важным, але мне таксама заўжды цікава пра такое даведвацца.

В. можа піць шмат вадкасці і доўга не хадзіць у прыбіральню. А потым, калі ён урэшце ідзе ў прыбіральню, то здзіўляе ўсіх тым, як доўга сікае. Прыяцель ужо скончыць сікаць, а В. робіць тэхнічны перапынак і працягвае сікаць гэтак жа сама доўга, як і першы раз. Напэўна, у яго вялікі нутраны бутэль. В. — у некаторым родзе вярблюд, толькі наадварот.

А. збірае пупам пух. У залежнасці ад таго, якую кашулю ён насіў сёння, такога колеру пух абавязкова знаходзіцца ў пупе ўвечары. Калі А. ўдзень змяняў кашулі, то можна рабіць грашовыя стаўкі на колер пуху ў ягоным пупе. Кажуць, што для гэтага ўмення неабходны валасаты мужчынскі жывот.

П. умее згортваць язык у трубачку. І мяне навучыла.

Доўга думала, што ж такога побытава-незвычайнага ўмею рабіць я. Ну, напрыклад, асаблівым чынам трымаю асадку пры пісьме. Іншым так нязручна. Але не ведаю, ці можа гэта параўнацца з уменнем доўга не сікаць.


Сястра

Апранула малодшая сястра спадніцу старэйшай сястры, майку і кофту старэйшай сястры.

— Ну, бяры, раз такія важныя справы, — кажа старэйшая сястра.

— Боты я таксама твае вазьму, — кажа малодшая сястра.

— Эх, я, праўда, хацела іх памыць, каб яны высахлі да паслязаўтра.

— Мне ўсё роўна, яны да майго паліто пасуюць. А што б мне надзець на галаву замест хусткі?

— Ну, можа, вазьмі шалік… [2]

— О! Давай! А дзе твой шалік?!

Штосьці я нейкая занадта добрая старэйшая сястра…


Імя

За ўласнае імя можна схавацца, і ніхто цябе за ім не ўбачыць. Можна вярнуцца да яго, як дадому.


Матрыярхі і патрыярхі

Нават цяпер пераход на мабільны тэлефон вытворчасці іншага брэнда выклікае пэўныя часовыя нязручнасці: трэба прызвычаіцца да таго, што не так змешчаны кнопкі, іншым чынам арганізаванае меню…

Думаю, з цягам часу чалавек ад нараджэння будзе замацоўвацца за якім-небудзь вытворцам тэхнікі. Калі прыстасаванні ўскладняцца, лягчэй будзе ўдасканаліць сябе новай мадэллю звыклай кампаніі, чым ламаць сваю свядомасць і жыццё зменай брэнда.

Таму да сямейных прозвішчаў будуць дадаваць назву кампаніі-вытворцы, прадуктамі якой карыстаецца сямейства: Кавалёвы-«Атлант» (гэта будзе рэдкае прозвішча прыхільнікаў айчыннага вытворцы), Кузьміч-«Самсунг»… Не выключана, што і рэкламны слоган кампаніі будзе пазначацца ў пашпарце: «Canon — You Can! Ты можаш, Казлоў!».

Прадстаўнікі аднаго брэнда будуць знаходзіць паміж сабой больш агульнага і жаніцца будуць часцей таксама адно з адным. Такім чынам, усе мы можам стаць матрыярхамі і патрыярхамі, ад якіх будуць выводзіць свой радавод сем’і-брэнды.


Святлафоры

Пакуль усе спяць, Літоўская Рэспубліка ціха расстаўляе свае масонскія знакі ў выглядзе святлафораў. Увесь свет акупаваны Літвой.

Каб ніхто не здагадаўся колеры нацыянальнага сцягу запальваюцца не адначасова, а па адным. Да таго ж яны пераблытаныя, каб Літву ніхто не западозрыў.

У той час, калі Літва вырашыць гучна абвясціць аб сваім сусветным панаванні, рознакаляровыя ліхтары святлафораў запаляцца адначасова. І па тэлевізіі кіраўнікі краін скажуць «Labą dieną!» і абвесцяць аб нашым літоўскім грамадзянстве.


Рэбусліка Беларусь

Еду ўвечары дамоў у аўтобусе. Моцна нецвярозы (ледзьве варочае языком) пенсіянер звяртаецца да кандуктара:

— ПРАБАЧЦЕ, КАЛІ ЛАСКА, АЛЕ Я ПАВІНЕН ВАМ НЕШТА СКАЗАЦЬ! Мы с вами учились в одном училище. Вы на маляра учились! (далей шмат няўцямных словаў па-расейску)…

— Нет, вы меня с кем-то препутали…

Пасажыры аўтобуса ўсміхаюцца.

***

Іду ўздоўж яру, дзе цячэ ручай Дзебра. Насустрач маладая жанчына маргінальнага выгляду вядзе сына год чатырох за руку. Хлопчык махае галінкай вярбы і ціхенька скандуе: БЕ-ЛА-РУСЬ! БЕ-ЛА-РУСЬ!..


Прусачыная вайна

У маёй сяброўкі не прайграваліся дыскі ў музычным цэнтры таму, што ў ейным студэнцкім інтэрнаце ў вялікай колькасці жылі прусакі, і жылі яны, у прыватнасці, у музычным цэнтры. Спачатку яны проста выязджалі на талерцы-прымачы для дыскаў. Ціснеш на гузік — і прусакі весела выкотваюцца. А потым талерка перастала выязджаць увогуле. Толькі можна было глядзець у шчылінку, як прусакі там жывуць. І слухаць касеты. Прусакоў у інтэрнаце было так шмат, што яны сяліліся літаральна ва ўсё. І ў ежу траплялі гэтак жа сама, як у апавяданні Салжаніцына «Матрёнин двор», дзе герой раз-пораз знаходзіць у бульбяным супе прусаковыя ножкі.

Магчыма, гэтыя ножкі сведчаць пра тое, што прусакі да целашкодніцтва біліся паміж сабой і нават мелі які ўзброены канфлікт. Ваявалі за правапіс, напрыклад — тараканаўка супраць прусаковіцы.


Магілёўская амбасада

Ці задумваліся вы калі-небудзь пра тое, што ці не ўсе ліфты Беларусі невыпадкова вырабленыя на адзіным у нашай краіне ліфтавым заводзе — у Магілёве?

Паспрабуйце ўважліва паназіраць, як магілёўцы карыстаюцца ліфтам па-за межамі роднага горада: заходзячы ў яго, яны злёгку, каб было незаўважна, разводзяць рукі, альбо, калі гэта немагчыма, хаця б крыху адтапырваюць палец.

«Навошта?» — запытаецеся вы. А справа ў тым, што для ўраджэнцаў Магілёва кожны ліфт — гэта энергетычная капсула. Такім чынам яны падлучаюцца да hot spots з роднай зямлёй, па дзве жмені якой уштукоўваюць у сцены ліфта ласкавыя рукі ліфтабудаўнікоў.

Калі ўраджэнец Магілёва праводзіць далонню ўздоўж сценкі ліфта, у тым месцы, дзе за панэллю хаваецца родная яму зямля, ён адразу адчувае гарачыню. Але калі вы папросіце яго паказаць гэтую кропку, ён адмовіцца, з саркастычнай усмешкай скажа вам, што там нічога няма і папросіць вас не тлуміць яму галаву. Магілёўцы не любяць дзяліцца сваімі таямніцамі. Гэта тая самая качка, у якой схаванае яйка, у якім схаваная магілёўская іголка. Кожны наш ліфт — амбасада Магілёва не толькі ў любым горадзе Беларусі, але і за мяжой. Менавіта ў ліфце сапраўдныя магілёўцы адпачываюць душой.

Разумею горыч тых беларусаў, якія б і хацелі духоўна падсілкоўвацца ў ліфце, але не могуць. Маленькі сакрэт: калі падчас падарожжа з паверха на паверх вы ўбачылі цэтлік «Магілёўліфтмаш», прыцісніце да яго палец і едзьце да канцавога прыпынку — па выхадзе з ліфта адчуеце сябе лепей. Такая жыватворчая моц у нашай зямлі і нашых цэтлікаў.


Пра таго, хто жыве са мной

У маё жыццё ён увайшоў незаўважна. Я пераехала жыць у пакой, які цяпер здымаю, — а ён на камодзе стаіць, у вазоне. Звычайны насельнік кватэр клапатлівых гаспадыняў, у якіх такіх, як ён, — цэлы гарнізон. Я ж гаспадыня, магчыма, і неблагая, але ў дачыненні да кветак ніколі ў клапатлівых не хадзіла. Калі маці з’язджала на тры месяцы і пакідала мне дагляд за кветкамі ў хаце, па вяртанні яе сустракалі толькі самыя трывалыя і непераборлівыя гадаванцы. Гэта недзе палова ўсяго кветкавага саставу. Але вось я ўжо пачала расказваць пра сябе, а галоўнага не зрабіла.

Калі вырашыла напісаць пра расліну, з якой жыву, значыць выходзіць, што гэтая расліна — герой апавядання, і трэба яго апісваць як належыць.

Колер у яго самы распаўсюджаны, зялёны. Адценне травяное. Лісцем і камлём кветка падобны да лімона. Усе думаюць, што ён — лімон (і я так спачатку падумала), але ён не лімон.

Этыкетку, якая была з ім пры пакупцы, згубілі, адпаведна згублены і радавод кветкі, і цяпер невядома, адкуль яго карані. Пры мне кветка не цвіў. Вазон у яго літры на паўтара, прыгожы, керамічны з глянцам. На крэмавым тле намаляваныя зялёныя кветачкі.

Алена Пятровіч, якая жыла ў маім пакоі да мяне, пакінула расліну тут, бо ў іх з мужам новай кватэры яе пакуль няма куды паставіць. Гэты факт, тым не менш, мала цікавіў Аленіну суседку Палікарпаўну, якая пасяліла на Аленін гаўбец два залатыя вусы. Таксама часова, («на сорак восем дзён», — сказала Палікарпаўна), да тае пары, пакуль яна не вернецца. Думаю, што калі я завяду ўласную пакаёвую кветку, мне трэба будзе пасяліць яе ў кватэру да Палікарпаўны, каб замкнуць гэтае д’ябальскае кола. Але пакуль з чужымі кветкамі жывем я і Алена Пятровіч.

Жыць з чужой кветкай цалкам этычна, у адрозненне ад таго, напрыклад, каб жыць з чужым мужам. І нават гэта пахвальна, бо я выяўляю сябе як надзейная прыяцелька і дапаможца, што наўрад ці было б занесена ў спіс маіх дабрадзейнасцяў, калі б я жыла з чужым мужам.

Нягледзячы на граматыку, кветка, безумоўна, мужчынскага роду. Я называю яго Цвет.

Спачатку я не паставілася да кветкі сур’ёзна, а паставілася так, як ставілася да любых іншых пакаёвых кветак, то бок ніяк. Алена даручыла мне яго паліваць, і я рабіла гэта, калі згадвала. Паколькі папярэднія палівы цалкам выляталі ў мяне з галавы, то мне падавалася, што я даўно яго не палівала, і кожнага разу я паіла кветку як след, пакуль ён не даў мне зразумець, што з яго хопіць, выпусціўшы з вазона дзве лужыны. Яму давялося выпусціць другую лужыну, бо першую я проста выцерла, не задумваючыся пра прычыны яе ўзнікнення на паліцы камода, на самым версе якога пражывае кветка.

Другая лужына мяне ўсхвалявала. Памацаўшы пальцам зямлю ў вазоне, я высветліла, што кветка жыве ў балоце. Пасля гэтага прыкрага адкрыцця я вырашыла не паліваць яго, пакуль зямля не высахне, і ўвогуле шчасна забылася на паліў. Узгадала пра яго толькі праз тыдзень, калі адчыніла адзежную шафу і перакуліла бутэльку з вадой для кветкі.

Цяпер вы бачыце, што кветка вельмі рызыкаваў, застаўшыся сам-насам з такой гаспадыняй, як я. І вы адначасова бачыце, як пашанцавала з кветкам мне, бо ні разу ён не паспрабаваў адпомсціць мне за кепскае абыходжанне, а наадварот рос сабе і рос. І калі Алена зазірнула да мяне ў госці, то заўважыла, што я добра-такі яго разгадавала, і што вось гэтых галінак з лісцем не было, і вось гэтых.

Перажытыя разам цяжкасці збліжаюць, так здарылася і з намі. Цярпенне і ўзаемаразуменне я лічу прыкметай моцных стасункаў любога роду. Як для расліны кветка паказаў сябе з самага лепшага боку, і я паважаю яго за гэта, таму ў нашых адносінах няма змушанасці. Толькі з тым, каго паважаеш, можна сябраваць. Калі б я раптам даведалася, што кветка мяне не паважае і не цэніць, я, не вагаючыся, выкрасліла б яго са свайго жыцця, то бок сама завезла б яго да Алены. Але кветка не такі.

Алена Пятровіч збіраецца забраць у мяне кветку. І гэта правільна. Кветкі павінны жыць з тымі, хто іх ну хай не нарадзіў, але завёў. Кветку Алене падарыла сяброўка на дзень нараджэння, і таму сумленне не дазволіць мне сказаць, што мяне няма дома і што Алена не можа забраць кветку. Магчыма, я нават буду наведваць кветку, калі ён пераедзе.

Цяпер я ўсур’ёз пачынаю думаць пра тое, каб і сапраўды завесці сваю ўласную пакаёвую кветку, з якой мы будзем жыць доўга і шчасліва.


Загрузка...