Аказваецца, гісторыя не можа абыходзіцца без загадак, таямніц і сваіх уласных легенд. Так здарылася і з Кейстутам. Шмат хто з пазнейшых даследчыкаў вылучаў розныя версіі, дапушчэнні і здагадкі адносна ягонай ролі ў гісторыі Вялікага княства, узаемаадносін з Ягайлам і прычын смерці. Свой падыход выявіў і польскі даследчык Стэфан Кучыньскі ў кнізе пра караля Ягайлу, выдадзенай у Варшаве ў 1987 годзе.
Ён ставіць пад сумненне тое, што Кейстут быў задушаны па загаду Ягайлы. Спасылаецца на крыніцы, адны з якіх лічаць, што ніхто не ведае, як памёр Кейстут, другія сведчаць, што адбылося самазабойства, трэція абвінавачваюць Ягайлу. Кучыньскі прытрымліваецца іншай версіі. Ён мяркуе, што віна Ягайлы не мае неабвержных доказаў. А калі дапусціць, што гэтае забойства нават мела месца, то адбылося альбо насуперак волі Ягайлы, альбо без яго ведама і тым больш без папярэдняй згоды.
Як адзін з доказаў гэтага Кучыньскі прыводзіць дапушчэнне, што калі б Ягайла захацеў пазбавіцца ад сапернікаў, то загадаў бы знішчыць абодвух: Кейстута і Вітаўта, а не аднаго састарэлага свайго дзядзьку, якому і так заставалася жыць нядоўга. Аднак жа Кучыньскі не згадвае, што шмат якія крыніцы менавіта так і лічаць: Ягайла намерваўся пазбавіцца ад абодвух. Іншая рэч, што Вітаўту ўдалося ўцячы з Крэўскага замка. І яшчэ польскі гісторык даводзіць, што Вітаўт, які павінен быў стаць зацятым ворагам Ягайлы з-за забойства бацькі, не чыніў варожых акцый супраць яго. Ён нібыта толькі прасіў Ягайлу праз крыжакоў, каб той аддаў бацькавы маёнткі і багацці, а сам намерваўся “лаяльна” яму служыць. Не баючыся помсты, Вітаўт вяртаецца ад крыжакоў у Княства і з 1392 года ажно 38 гадоў “верна і лаяльна” супрацоўнічае з Ягайлам.
“Калі б вінаваціў Ягайлу ў смерці бацькоў, – піша С. Кучыньскі, – то цягам тых трыццаці васьмі гадоў меў тысячы аказій зрабіць яго вязнем, здрадзіць, забіць. А тым часам аказваў яму прыязнасць і шанаванне”.
Польскі гісторык мяркуе, што тагачасны Вітаўт, які стаў ужо вялікім літоўскім князем і быў цесцем вялікага князя маскоўскага (яго дачка Соф’я выйшла замуж за Васіля І Дзмітрыевіча, старэйшага сына Дзмітрыя Данскога), які мог разлічваць на падтрымку крыжакоў і Залатой Арды, і якога шматкроць падбухторваў да выступлення супраць Ягайлы Жыгімонт Люксембургскі, не здолеў бы супрацоўнічаць з Ягайлам, калі б ведаў, што той з’яўляецца забойцам ягоных бацькі і маці.
Пэўная слушнасць у гэтых развагах ёсць. Аднак, падаецца, не ўсё было так проста. І нават спасылкі Кучыньскага на тое, што ўсё гэта прыдумалі крыжакі, якія адпрэчылі версію самазабойства Кейстута, а абвінавацілі Ягайлу, не да канца пераканаўчыя. Цікава, што нават хроніка Віганда падае дзве версіі смерці Кейстута. Адна – Кейстута задушылі, другая – ніхто не ведае абставін ягонай смерці. Не выключае польскі гісторык верагоднасці таго, што сам Ордэн, які ненавідзеў Кейстута за яго антыкрыжацкія дзеянні, меў дачыненне да смерці свайго ворага, намовіўшы зрабіць гэта некага з літвінаў.
Разглядае Кучынькі версіі ўдзелу ў забойстве Кейстута родзічаў Ягайлы, якія не хацелі быць адсунутымі ад улады, Ягайлавай маці вялікай княгіні Улляны, якая часта дзейнічала без ведама сына. Мог спрычыніцца да гэтай страшнай справы і брат вялікага князя Скіргайла, які трымаў у 1382 годзе, калі не стала Кейстута, блізкія кантакты з крыжакамі, а да гэтага суправаджаў Кейстута ў Крэўскую вязніцу. І зусім дзіўнае дапушчэнне Кучыньскага, што ўцёкі Вітаўта з Крэўскага замка да крыжакоў адбыліся з маўклівай згоды Ягайлы, які пасля смерці Кейстута апасаўся за жыццё ягонага сына. На карысць гэтага нібыта сведчыць тое, што Ягайла назаўтра ж пасля ўцёкаў сустрэўся з жонкай Вітаўта Ганнай і не толькі не пакараў яе, а дазволіў услед за мужам з’ехаць за межы Княства.
І ўжо іншыя крыніцы і іншыя аўтары, прыхільнікі версіі невінаватасці Ягайлы, у прыватнасці Карл Шайноха, які напісаў у другой палове ХІХ стагоддзя вельмі аб’ёмную двухтомную працу “Ядвіга і Ягайла”, дадаюць новыя дэталі ў доказ такога падыходу. Калі Скіргайла прыехаў у Крэва, каб сустрэцца з Кейстутам, то знайшоў яго мёртвым. Ён адправіў цела свайго дзядзькі ў Вільню.
Ягайла ж вырашыў наладзіць надзвычай пышнае пахаванне ў адпаведнасці з язычніцкай традыцыяй. На самым пашаноўным і святым для віленчукоў і жыхароў Княства месцы – капішчы Святарога адбылося спальванне цела Кейстута. Над глыбокай магілай склалі вялікае вогнішча. Былога вялікага князя апранулі ў багатае адзенне і паклалі на сухое дрэва кастра. Побач знаходзіліся меч, кап’ё і сайдак. Ля вогнішча паставілі яго вернага слугу, лепшага каня, пару хартоў і пару выжлаў. На грудзі паклалі лапы рысі і мядзведзя, паляўнічую трубу. Узнеслі малітвы багам, справілі ахвяраванні, уславілі дзеі Кейстута і запалілі касцёр. Полымя смалістага дрэва хутка забрала да сябе цела вялікага князя.
Сведчаць, што пры гэтым прысутнічалі крыжакі, якія былі здзіўлены і ўзрушаны гэткім звычаем. Асабліва, калі памост над магілай прагарэў і касцёр з целам праваліўся ў глыбокую яму. На пахаванні не было нікога з сямейнікаў Кейстута. Ягоную жонку Біруту, былую жрыцу-вайдэлотку з язычніцкага літоўскага капішча Перуна (у гэты час ёй акурат споўнілася 60 гадоў) утапілі ў Нёмане, сын Вітаўт сядзеў у Крэўскай вязніцы, іншыя дзеці былі невядома дзе. Праўда, іншыя крыніцы паведамляюць, што Ягайла адпусціў Біруту і яна дажывала свой доўгі век на тым самым старадаўнім капішчы, з якога некалі яе, маладую і прыгожую, выкраў Кейстут, каб зрабіць сваёй жонкай, і якая пазней стала Вітаўтавай маці.
Вось якія, аказваецца, таямніцы хаваюцца ў мурах магутнага некалі Крэўскага замка.