Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае – феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе, якая ў ХІІІ – ХVІІІ стагоддзях займала тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы, з 1422 года – Жамойціі, уключала частку ўкраінскіх зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская – з ХІV стагоддзя да 1569 года), у ХІV – пачатку ХVІ стагоддзя ахоплівала і частку велікарускіх зямель. Першай сталіцай з 1253 года – з часу каранацыі на караля літоўскага Міндоўга – быў Новагародак. Пасля Гедымін перанёс яе ў Кернаў, пасля ў 1310-ыя гады ў збудаваныя ім Трокі (цяпер Тракай у Літве), а адтуль у 1323 годзе – у Вільню.
Часам утварэння Княства лічацца 1240-ыя гады, калі ў Новагародку па запрашэнні тутэйшых баяраў пачаў княжыць Міндоўг. На чале ВКЛ стаяў вялікі князь, якога называлі гаспадаром. Ён меў абсалютную ўладу, з’яўляўся адначасова суддзёй, адміністратарам, камандаваў узброенымі сіламі. Вялікага князя спачатку выбіралі вузкім колам найбольш важных асобаў, а з канца ХV стагоддзя – на вальных (агульных) соймах з удзелам прадстаўнікоў усіх зямель. На галаву вялікага князя ўскладалася карона – як сімвал улады. Каранацыі адбываліся ў віленскім касцёле святога Станіслава. Вядомы гады, калі адбываліся гэтыя ўрачыстасці: 1392, 1440, 1492, 1506, 1529. Першым гаспадаром быў Міндоўг (1195? – 1263), які стаў першым і адзіным каралём Вялікага княства – каранаваны 6 ліпеня 1253 года ў Новагародку.
Пасля Люблінскай уніі 1569 года кароль польскі станавіўся і вялікім князем літоўскім, адзінаўладна ўзначальваў агульную дзяржаву – Рэч Паспалітая абодвух народаў. У канцы ХІV – ХVІІ стагоддзях дзяржаўнай мовай у Княстве была старажытнабеларуская альбо руская. Прафесар Оксфардскага універсітэта Б. Морфіл пісаў: “Беларусы былі найбольш цывілізаванай нацыяй на ўсходзе Еўропы. На беларускай мове дайшлі да нас сапраўдныя дакументы, якія выдавалі польскія каралі сваім падданым у ХV – ХVІ стагоддзях”.
Новагародак – першая сталіца (сталец) Вялікага княства Літоўскага. Упершыню згадваецца пад 1044 годам, калі адбываўся паход князя Яраслава Мудрага на Літву. Аднак існуе меркаванне, што пасяленне тут існавала яшчэ ў Х стагоддзі. З сярэдзіны 1240-х гадоў горад быў рэзідэнцыяй князя Міндоўга, пазнейшага вялікага князя літоўскага і першага караля (1253) Вялікага княства Літоўскага. З гэтага часу Новагародак стаў стальцом Княства. Пасля вялікі князь Гедымін перанёс сталіцу на кароткі час у Кернаў, а пасля – верагодна, у 1310-ыя гады, у пабудаваныя ім Трокі, з якіх той жа Гедымін перамясціў сталіцу ў 1323 годзе ў Вільню. У ХІІІ – ХІV стагоддзях Новагародак з’яўляўся цэнтрам удзельнага Новагародскага княства. Ім валодалі Карыят, Карыбут. У 1428 годзе Вітаўт адпісаў горад і навакольныя вёскі сваёй жонцы Улляне Гальшанскай – цётцы Соф’і Гальшанскай, якая стала жонкай караля польскага Ягайлы. Іхні шлюб адбываўся ў Новагародку 24 лютага 1422 года.
У ХІV – ХV стагоддзях у Новагародку знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта, горад стаў своеасаблівай царкоўна-рэлігійнай сталіцай Княства, ён як бы пераняў эстафету ад Кіева. У ХVІ стагоддзі Новагародак лічыўся другой пасля Вільні кафедрай мітрапалітаў, тут была іхняя рэзідэнцыя. У горадзе жыў мітрапаліт кіеўскі Грыгорый Балгарын.
У 1316 годзе набыў статус цэнтра самастойнай Літоўска-Новагародскай мітраполіі. У студзені 1507 года стаў цэнтрам Новагародскага ваяводства. З 1511 года валодаў магдэбургскім правам. З канца ХVІ да канца другой трэці ХVІІІ стагоддзя тут праводзіў свае пасяджэнні Галоўны трыбунал ВКЛ. Не раз цярпеў ад войнаў і захопаў, ад пажараў. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (апошні ў 1795 годзе) знаходзіўся ў складзе Расіі.
Новагародскі замак – існаваў у ХІ – пачатку ХVІІІ стагоддзяў на Замкавай гары, вышыня якой каля 20 м. Акружаў замак высокі земляны вал і глыбокі (да 10 м) роў. У ХІІІ стагоддзі была збудавана вялікая абарончая пяціпавярховая вежа 12 х 12 м і вышынёй да 25 м. У канцы ХІV стагоддзя, каб засцерагчыся ад нападу крыжакоў, Вітаўт загадаў узвесці на Замкавай гары мураваныя сцены таўшчынёй да 2-х і вышынёй да 8 метраў і яшчэ тры трохпавярховыя вежы з байніцамі. Наогул, мураваны сямівежавы замак будаваўся двумя заходамі: у канцы ХІV – пачатку ХV стагоддзя і ў канцы ХV – пачатку ХVІ стагоддзя, каб адбіваць напады татараў. З ХІV да ХІХ стагоддзях у замку была царква, дзе да 1795 года праходзілі пасяджэнні апеляцыйнага Трыбунала Княства. У канцы ХVІ – пачатку ХVІІ стагоддзя з’явіўся палац з капэлай. У 1428 годзе вялікі князь літоўскі Вітаўт Вялікі перадаў замак і ўвесь горад у пажыццёвае валоданне сваёй жонцы Улляне. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 – 1657 гадоў сцены і многія вежы былі пашкоджаны. У 1706 годзе замак быў узарваны шведамі.
Кернаў – другая сталіца Вялікага княства Літоўскага. Цяпер гэта мястэчка ў Шырвінтаскім раёне Віленскга павета. Упершыню згадваецца ў 1279 годзе. Тут знаходзілася рэзідэнцыя вялікіх князёў літоўскаіх Трайдзена (1270 – 1282), Віценя (1295-1316) і напачатку княжання – Гедыміна. У ХІІІ – ХІV стагоддзях для абароны горада служылі 5 драўляных замкаў на беразе ракі Вяллі, што, акрамя таго, надавала гораду асаблівае значэнне ў дзяржаўным жыцці. У 1390 годзе замкі былі разбураны Тэўтонскім ордэнам. Горад паступова траціў сваю палітычную значнасць.
Трокі – трэцяя сталіца Вялікага княства Літоўскага прыкладна з 1310-х гадоў, цяпер горад у Літве Тракай. Упершыню згадваецца ў нямецкіх летапісах у 1337 годзе. Найбольш вядомы ў ХІV – ХV стагоддзях, адыгрываў значную ролю ў палітычным і дзяржаўным жыцці Княства. Трокі, лічыцца, збудаваў вялікі князь Гедымін – пасля ўдалых ловаў ён прыкмеціў прыгожыя мясціны непадалёку ад Кернава і вырашыў узвесці тут замак. У выніку з’явілася крэпасць Трокі, куды ў 1310-ыя гады Гедымін перанёс з Кернава (другой сталіцы ВКЛ) сталец Княства, а ў 1323 годзе ён жа надаў сталічны статус Вільні, Трокі адышлі ягонаму сыну Кейстуту. Аднак у летапісах згадваецца, што Трокі (адначасова з Вільняй) былі сталіцай і пры вялікіх князях Свідрыгайле і Жыгімонце Кейстутавічы. Мо таму, што Трокі, якія пазней падзяліліся на Старыя і Новыя, былі напачатку сталіцай удзельнага княства Кейстута (летапісы сведчаць, што гэта ён збудаваў Новыя Трокі, куды пераехала і ягоная сталіца). У Новых Троках у 1350 годзе нарадзіўся будучы вялікі князь літоўскі Вітаўт, тут знаходзілася адна з ягоных рэзідэнцый. Як за сваю родавую вотчыну Вітаўт шмат ваяваў і з Ягайлам, і з іншымі, з 1392 года Трокі з’яўляліся вотчынай Вітаўта. У ХV стагоддзі ў Троках часта жыў вялікі князь літоўскі Казімір. Аднак у сувязі з тым, што Трокі былі непадалёк ад Вільні, з часам іх значэнне змянілася. З 1413 года – цэнтр ваяводства і павета. Тут (іншыя сведчаць, што ў Вільні – гэта больш верагодна) у 1430 годзе адбыўся з’езд вядомых еўрапейскіх уладароў у сувязі з маючай быць каранацыяй Вітаўта Вялікага на караля літоўскага. Тут жа 27 кастрычніка 1430 года Вітаўт памёр, не дачакаўшыся прывозу кароны ад папы рымскага. У 1440 годзе ў Троках быў забіты вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч. Напрыканцы ХVІ стагоддзя тут праходзілі пасяджэнні Трыбунала ВКЛ. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе адышлі да Расійскай імперыі.
Вільня – чацвёртая сталіца Вялікага княства Літоўскага з пачатку ХІV да канца ХVІІІ стагоддзя, знаходзіцца ў сутоках рэк Вілія і Вільня. Упершыню згадваецца ў 1323 годзе ў грамаце да ганзейскіх гарадоў. Тады ж Гедымін перанёс сталіцу Вялікага княства Літоўскага з Трокаў у Вільню. Ён жа збудаваў і сам горад, які ўбачыў у сне. Яму прыснілася высокая гара, на якой стаяў жалезны воўк і моцна выў. Вярхоўны жрэц Ліздзейка патлумачыў, што гэта задача Гедыміну збудаваць магутны замак і горад, які станецца сталіцай. А выццё ваўка – гэта тая слава, якая разыдзецца па свеце пра заснавальніка. Гедымін так і паступіў. З гэтага часу пачынаецца віленскі перыяд гісторыі ВКЛ. У сваіх граматах Гедымін называў Вільню каралеўскім горадам, а сябе “каралём Літвы і Русі”. У 1272 годзе літоўскі князь Святарог (Швінтарог) непадалёк ад упадзення Віленкі ў р. Вілія збудаваў капішча Перуна, дзе знаходзілася месца спальвання памерлых князёў. У 1382 годзе Ягайла загадаў спаліць тут цела задушанага ў Крэўскім замку Кейстута.
Рэзідэнцыяй вялікіх князёў служыў вялікакняскі палац – Верхні замак. У сакавіку 1387 года Вільня першай у Княстве атрымала магдэбургскае права. У 1387 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла ахрысціў жыхароў горада язычнікаў па каталіцкаму звычаю, на месцы капішча збудаваў касцёл святога Станіслава, які стаў кафедральным. Тут у 1392, 1440, 1492, 1506, 1529 гадах адбываліся каранацыі вялікіх князёў літоўскіх. 17 лютага 1387 года Ягайла выдаў прывілей аб заснаванні ў Вільні лацінскага біскупства (адміністрацыйная адзінка рымска-каталіцкай царквы). З пачатку ХV стагоддзя ў Вільні знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага міртапаліта кіеўскага і ўсяе Русі, ягоная кафедра была ў Прачысценскім саборы. З 1413 года горад з’яўляўся цэнтрам Віленскага ваяводства. У 1492 годзе тут заснаваны Віленскі манетны двор. У горадзе мелі свае палацы Сапегі, Радзівілы, Астрожскія, Хадкевічы, Кішкі і іншыя вялікалітоўскія магнаты.
З ХV стагоддзя ў Вільні адбываліся вальныя соймы Вялікага княства Літоўскага, пазней – галоўныя з’езды Княства. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Вільня апынулася ў Расійскай імперыі.
Крэва – мястэчка на рацэ Краўлянка ў Ашмянскім павеце. Цяпер вёска ў Смаргонскім раёне. Першая згадка знаходзіцца ў нямецкіх хроніках у ХІІІ стагоддзі як пра сталіцу напаўлегендарнай балта-славянскай дзяржавы Нальшчанаў (Нальшанаў) – незалежнае княства племені нальшы ў сярэдзіне таго ж стагоддзя. Уладарыў там князь Даўмонт, таму Крэва часта называлі Даўмонтаў горад.
У 1260-ыя гады Крэва ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага. У 1338 годзе па спадчыне перайшло да князя Альгерда. Калі ў 1391 годзе загінуў апошні крэўскі князь Вігунд, Крэва атрымала статус староства. У 1507 годзе Крэва наведаў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары. З 1559 года горад меў магдэбургскае права. У 1564 годзе Крэва атрымаў Андрэй Курбскі, які ўцёк у Вялікае княства Літоўскае ад рускага цара Івана ІV Жахлівага. З 1569 – у складзе Рэчы Паспалітай, з 2-ой паловы ХVІ стагоддзя мястэчка з’яўлялася каралеўскай (дзяржаўнай) уласнасцю. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе – у складзе Расійскай імперыі.
Крэўскае княства – удзельнае княства, якое існавала ў ХІV стагоддзі, цэнтрам было Крэва. Вялікі князь літоўскі Гедымін у 1338 годзе перадаў княства сыну Альгерду. Калі княства перастала існаваць, замест яго было ўтворана староства Віленскага ваяводства.
Крэўскі замак – першы цалкам мураваны замак тыпу кастэль у Вялікім княстве Літоўскім.
Нальшаны (Нальшчаны) – гістарычная вобласць на беларускіх землях (цяперашнія Смаргонскі, Астравецкі, Ашмянскі, часткова Мядзельскі, Валожынскі раёны), насельнікамі якой здаўна былі балты. Але сюды раней, чым на іншыя землі, праніклі крывічы, якія вялікім племянным аб’яднаннем жылі з ІХ – Х стагоддзяў у вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі, на поўдні Чудскага возера, і асімілявалі мясцовых жыхароў. У Х – ХІІІ стагоддзях у Нальшанах існавалі гарады Крэва, Свір і Гальшаны. З першай паловы ХІІІ стагоддзя згодна з некаторымі сведчаннямі гісторыкаў Крэва з’яўлялася сталіцай Нальшан. Нальшанскім князем быў Даўмонт, які падтрымаў Жамойць у барацьбе з Літвой і ў 1263 годзе забіў караля літоўскага Міндоўга. Пасля таго, як у 1264 годзе слугамі Міндоўга быў забіты вялікі князь літоўскі Транята, на пасадзе стаў сын Міндоўга Войшалк, які далучыў Нальшаны да Вялікага княства Літоўскага.
Гальшаны – сёння вёска ў Ашмянскім раёне. Раней Гальшаны былі мястэчкам у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. Пасля смерці Свінтарога на вялікі пасад літоўскі, жамойцкі, новагародскі і рускі заступіў ягоны сын Скірмант. Скірмантаў сын Гілігін княжыў на зямлі літоўскай і рускай, пакуль не памёр. Затым княжыць пачаў Гілігінаў сын Раман (Рамунт). Калі Раман памёр, разышліся пяць яго сыноў княжыць у розных землях. Сярэдні Гальшан (Гольша) пайшоў за раку Вяллю.
Гэта і быў той далёкі продак, якому зямля гальшанская сваёю назвай абавязана. Сярод прыгожых гор знайшоў Гольша гару найпрыгожую, што над ракою Вільняй. Збудаваў там горад і назваў яго сваім імем – Гальшаны. А калі ехаў аднойчы на ловы, за дзесяць міль ад свайго горада ўбачыў у пушчы гару яшчэ больш прыгожую ды велічную, раўнінамі вялікімі аблеглую ды багаццем поўную. І спадабалася яму, і пасяліўся ён там, і на той гары над ракою, што Караблём называлася, учыніў горад. І перанёсся туды, і там пачаў княжыць. І назваўся князем Гальшанскім…
Так паведамляе пра заснаванне Гальшанаў у ХІІІ стагоддзі і паходжанне князёў Гальшанскіх Хроніка Быхаўца.
Павел Альгімонтавіч Гальшанскі – біскуп луцкі з 1530, а з 1536 віленскі быў апошнім уладаром Гальшан. Падчарка Алена Сямёнаўна з роду Дубровіцкіх атрымала Гальшаны ў спадчыну, а калі яна пашлюбілася (1558) з Паўлам Іванавічам Сапегам, Гальшанамі сталі валодаць Сапегі.
Гальшанскі замак – існаваў у ХVІІ–ХХ стагоддзях. Узведзены ў канцы ХVІ – першай палове ХVІІ стагоддзя на левым беразе р. Гальшанкі. Моцна нагадвае сваёй планіроўкай Мірскі. Мае прамавугольную форму 88,6 х 95,6 м, на вуглах стаялі 4 шасцігранныя вежы, жылыя памяшканні знаходзіліся ў двары – так і ў Мірскім. Уязная брама размяшчалася ў цэнтры аднае сцяны. Насупраць яе была каплічка, убудаваная ў жылыя памяшканні. Напачатку, пакуль не было гэтага замка, княская рэзідэнцыя была размешчана на правым беразе р. Карабель, прытоку Гальшанкі, непадалёк ад Гальшан. Пазней Багдан Сапега перанёс яе на новае месца. Замак шмат пацярпеў за сваю гісторыю, быў перабудаваны ў другой палове ХVІІІ і на пачатку ХХ стагоддзяў, моцна змяніўся ягоны першапачатковы выгляд. Тут у 1440 і 1492 гадах адбываліся з’езды феадальнай знаці Вялікага княства Літоўскага.
Друцк – сёння гэта вёска ў Талачынскім раёне. Знаходзіцца на р. Друць. Калісьці быў горадам. Заснаваны на месцы паселішча ІV стагоддзя. Першая згадка ў летапісах адносіцца да 1092 года. Друцк ляжаў на вядомым гандлёвым шляху з варагаў у грэкі – яго заходнім адгалінаванні. Тут існаваў сухапутны “волак”, па якім купцы перапраўляліся з басейна Заходняй Дзвіны ў басейн Дняпра. А таму ў горадзе жылі таксама валачане. Пасля смерці ў 1101 годзе полацкага князя Усяслава Брачыславіча Чарадзея ягоныя сыны падзялілі ўладу. У Мінску княжыў Глеб, у Полацку – Давыд, а Друцк дастаўся князю Барысу. Ад яго пачалася лінія князёў Барысавічаў. Друцк належаў князям Друцкім. Тут пасля смерці свайго бацькі Андрэя Гальшанскага выхоўвалася разам з сёстрамі гальшанская князёўна Соф’я, якая стала чацвёртай жонкай караля польскага Ягайлы. Сястра князя Сямёна Друцкага Аляксандра, у якога Вітаўт сватаў Соф’ю за Ягайлу, была ейнай маці. У Хроніцы Быхаўца пра гэта сказана: Ягайла і Вітаўт вярталіся са смаленскага паходу, заехалі ў Друцк і былі гасцямі – абедалі – у князя Сямёна Дзмітравіча Друцкага. Там і заўважылі маладых князёўнаў гальшанскіх.
Друцкае княства – існавала ў ХІІ – ХVІ стагоддзях, да гэтага ўваходзіла ў склад Полацкага княства. Князі друцкія і князі мінскія змагаліся за полацкі пасад. У 1345 годзе ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага. Калі пачалі знікаць асобныя галіны роду князёў Друцкіх, княства дзялілася і па частках пераходзіла да іншых гаспадароў. У 1566 годзе ўвайшло ў склад Аршанскага павета.
Друцкі замак – знаходзіўся на ўзвышэнні (22 метры над узроўнем ракі) на правым беразе р. Друць, існаваў у ХІV – ХVІІ стагоддзях. Яго акружаў вялікі вал, які і сёння выглядае велічна, і глыбокі роў. Меўся таксама падзамак, што дадавала абарончых магчымасцяў самому замку. Пляцоўка замка мела 140 х 80 м. У 2-ой палове ХVІ стагоддзя польскі гісторык Аляксандр Гваньіні (гэта ён выдаў у 1578 годзе “Хроніку Еўрапейскай Сарматыі”, дзе маецца шмат матэрыялаў пра Княства), які служыў у Віцебскім гарнізоне ротмістарам, пісаў пра Друцк, у якім “быў замак драўляны на гары высокай”.
Гародня (Гарадзень, Горадня, Гродна) – “каралеўскі” горад Трокскага ваяводства, як цэнтр удзельнага княства ўпершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1127 годзе. А князь гарадзенскі згадваецца ў летапісах пад 1116 годам. Раскопкі сведчаць, што яшчэ ў канцы Х стагоддзя ў сутоку ракі Гараднічанкі з Нёманам існавала славянскае паселішча. На Замкавай гары ў даўнасці быў збудаваны княскі палац – практычна магутная крэпасць з нябачанай па тым часе абарончай сцяной. Важны цэнтр палітычнага і дзяржаўнага жыцця ВКЛ. Тут неаднаразова бывалі вялікія князі літоўскія і каралі польскія, праходзілі важныя сходы і з’езды вялікалітоўскіх магнатаў. З 1376 года горад належыць вялікаму князю літоўскаму Вітаўту, які перабудаваў крэпасць і практычна надаў гораду значнасць другой сталіцы Княства. Пасля перамогі літоўска-польскіх войскаў на Грунвальдскім полі ў 1410 годзе Гародня набывае новы статус. У 1496 гораду нададзена магдэбургскае права. Тут знаходзілася сядзіба вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, праходзілі соймы Княства – у 1501, 1506, 1522, 1566, 1567, 1568 гадах. Напрыканцы ХІV стагоддзя пабудаваны касцёл, названы Фарай Вітаўта. У 1576–1586 гадах Гародня была рэзідэнцыяй караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. З 1673 года ў Гародні меў права праводзіцца кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай. Таму замак пачалі значна перабудоўваць. У ім была Сенацкая зала, а ў будынку побач – Пасольская. У 1678 годзе ў замку адбыўся першы сойм, які адкрыў кароль Ян ІІІ Сабескі. Да канца ХVІІІ стагоддзя іх было праведзена 11. Апошні сойм адбыўся ў 1793 годзе. На ім зацверджана рашэнне аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. У каралеўскім замку жыў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. 25 лістапада 1795 года ў сваёй рэзідэнцыі ў Новым замку ён вымушаны быў адмовіцца ад каралеўскага пасада.
Рэч Паспалітая (Rzecz Pospolita, Rzeczpospolita) – традыцыйная назва польскай дзяржавы ў канцы ХV – ХVІІІ стагоддзяў. Існавала ў форме саслоўнай манархіі, улада перадавалася па спадчыне. Упершыню тэрмін ужыты ў пачатку ХІІІ стагоддзя ў хроніцы Вінцэнта Кадлубка. З часу Люблінскай уніі афіцыйная назва аб’яднанай польска-літоўскай дзяржавы. Феадальная федэратыўная дзяржава, у якую аб’ядналіся ў 1569 годзе Карона (Польшча) і Княства (Вялікае княства Літоўскае), з’яўлялася агульнай дзяржавай двух народаў. Існавала да 1795 года, пасля чаго была ліквідавана ў выніку трох падзелаў яе тэрыторыі. На чале стаяў пажыццёва абраны кароль, які адначасова насіў тытул вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага. Аднак назва гэтая гістарычна ўжывалася і раней. Некаторыя гісторыкі робяць такую выснову: пасля уніі з Вялікім княствам Літоўскім польская дзяржава стала самай магутнай у Еўропе, у ХVІІ стагоддзі яна аказалася арэнай грамадзянскай вайны, а напрыканцы ХVІІІ стагоддзя стала ахвярай суседзяў.
Карона – назва ўласна Польшчы ў ХІV – ХVІІІ стагоддзях. Калі Рэч Паспалітая і Вялікае княства Літоўскае пасля Люблінскай уніі 1569 года былі аб’яднаны ў адну дзяржаву, ужывалася з мэтай адрозніць яе ад ВКЛ, поўная назва – Карона Каралеўства Польскага.
Малапольшча, Малая Польшча – гістарычная вобласць Польшчы ў верхнім і сярэднім цячэнні Віслы. З канца Х стагоддзя землі гэтыя знаходзіліся ў складзе старажытна-польскай дзяржавы Пястаў. Аб'ядноўвала Кракаўскую і Сандамірскую землі, якія пазней ператварыліся ў княствы. У ХІV – ХVІ стагоддзях лічылася найбольш эканамічна развітой і палітычна актыўнай. Кракаў з'яўляўся сталіцай і месцам каранацыі польскіх каралёў. Знікла ў выніку трох падзелаў Польшчы.
Кракаў – горад на поўдні Польшчы, з'яўляўся сталіцай Малапольшчы і месцам каранацыі польскіх каралёў (з 1320 года). У верхнім цячэнні Віслы. Згодна з паданнем, горад заснаваў міфалагічны Крак на месцы пасялення племя віслян. Ягоная дачка Ванда не захацела пайсці замуж за нямецкага рыцара і кінулася ў воды Віслы. Згадваецца ў 996 годзе. З канца Х стагоддзя ў складзе польскай дзяржавы. Каля 1040 года стаў рэзідэнцыяй уладароў і сталіцай дзяржавы. У Кракаве быў самы вялікі па еўрапейскіх мерках Рынкавы пляц, на якім каралі, у тым ліку Ягайла, пасля каранацыі прымалі прысягу мяшчан.
Самым знакамітым з многіх помнікаў з’яўляецца Вавельскі замак – рэзідэнцыя каралёў, на цяперашні лад быў перабудавны прадстаўнікамі Ягелонскай дынастыі каралямі Жыгімонтам Старым і Жыгімонтам Аўгустам. У Вавельскім кафедральным касцёле адбываліся каранацыі каралёў і іхніх жонак. З 1333 года Кракаў з’яўляецца месцам пахавання каралёў. 25 мая 1339 года памерла каралева польская Альдона (Ганна) дачка вялікга князя літоўскага Гедыміна, якая была замужам за каралём Казімірам. Яе пахавалі ў Кракаўскай катэдры, гэта было першае пахаванне каралевы ў Вавельскім касцёле. У касцёле знаходзяцца таксама надмагіллі Ягайлы, ягонай жонкі Соф’і Гальшанскай, іхняга сына Казіміра і іншых высокіх асбаў, маецца Жыгімонтаўская капліца. На плошчы Яна Матэйкі знаходзіцца помнік пераможцу ў Грунвальдскай бітве каралю Ягайлу. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Кракаў знаходзіўся ў складзе Аўстрыйскай імперыі. У 1596 годзе каралеўская рэзідэнцыя перанесена ў Варшаву, якая ў 1611 годзе стала сталіцай Рэчы Паспалітай.
Тэўтонскі ордэн, Крыжацкі ордэн, Нямецкі ордэн – духоўна-рыцарскі каталіцкі манаскі ордэн і дзяржава, заснаваны ў 1198-1199 гадах у Палесціне падчас трэцяга крыжовага паходу, ваенная арганізацыя нямецкіх рыцараў, якія вялі агрэсіўныя войны ва Усходняй Еўропе. Яго поўная назва “Ордэн шпіталя Найсвяцейшай Дзевы Марыі нямецкага дома ў Іерусаліме”. Як самастойны ордэн яго прызнаў у 1199 годзе папа рымскі Інакенцій ІІІ, які намагаўся пашырыць уплыў каталіцкай царквы на землі Усходняй Еўропы. Браты-рыцары былі не толькі манахамі, але мусілі збройна змагацца з “нявернымі”. Сапраўднымі членамі Ордэна маглі быць толькі немцы, а тэўтоны – адно з германскіх плямёнаў. З ХІІІ стагоддзя да 1525 года рэзідэнцыя ордэна знаходзілася ў Прыбалтыцы.
Польскі князь Конрад Мазавецкі ў 1226 годзе запрасіў рыцараў-манахаў для барацьбы з язычнікамі-прусамі (Крушвіцкі дагавор 1234 года) і ахвяраваў ім Хэлмінскую зямлю. Ордэн ваяваў супраць прусаў і іншых народаў Прыбалтыкі, але іхнія землі не аддаў палякам. У сярэдзіне ХІІІ стагоддзя на прускіх, літоўскіх і польскіх землях утварылася рыцарска-манаская каталіцкая арганізацыя і дзяржава Тэўтонскага ордэна, якая вяла няспынныя войны за панаванне ў Прыбалтыцы. У 1237 годзе да яго далучаны Ордэн мечаносцаў, утворана яго аддзяленне – Лівонскі ордэн. Ужо ў 1238 годзе Ордэн захапіў значныя тэрыторыі паміж Віслай і Нёманам, у іхнім вусці.
Рэзідэнцыяй Ордэна спачатку быў палесцінскі Акон, з 1291 года – Венецыя, з 1309 – Мальбарк (Марыенбург). У 1466 годзе быў заключаны другі пасля Грунвальдскай бітвы Торуньскі мірны двгавор, які закончыў Трынаццацігадовую вайну (1454–1466). Ордэн стаў васалам Польскага каралеўства. Сталіца перанесена ў Крулевец (Каралевец, Кёнігсберг, Калінінград). У 1525 годзе апошні вялікі магістр Ордэна Альбрэхт Брандэнбургскі правёў секулярызацыю Ордэна, ператварыў яго ў свецкае Прускае герцагства, якое з 1701 года стала называцца Прускім каралеўствам. Вялікі магістр стаў васалам караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога.
Нямецкі ордэн, як каталіцкая арганізацыя, існуе дагэтуль. Сядзіба яго знаходзіцца ў Вене.
Крыжаносцы, крыжакі – так называлі членаў Тэўтонскага і Лівонскага духоўна-рыцарскіх ордэнаў у Сярэднявеччы: з-за таго, што на іхнім верхнім адзенні была выява крыжа. Гэтак жа называлі і ўдзельнікаў крыжовых паходаў – рэлігійных войнаў, што вяліся пад апекай каталіцкай царквы заходнееўрапейскімі феадаламі ў ХІ – ХV стагоддзях. Іх называлі яшчэ “змагарамі за веру”.
Мечаносцы – нямецкія рыцары, члены духоўна-рыцарскага Ордэна мечаносцаў, які ў 1202 годзе быў заснаваны рыжскім епіскапам Альбертам. Меў на мэце прымусовую хрысціянізацыю і абарону каталіцкай царквы ў Лівоніі альбо Інфлянтах. Наладжваў крыжовыя паходы супраць славян і балтаў. Афіцыйна называўся Браты воінства Хрыстовага. Мечаносцамі ж рыцараў называлі з-за таго, што на іхніх белых плашчах знаходзіліся выявы мяча і крыжа. Узначальваў ордэн выбраны магістр, рэзідэнцыя якога знаходзілася ў Рызе. У 1236 годзе Ордэн быў разбіты каля сучаснага літоўскага горада Шаўляй. Ягоныя рэшткі ў 1237 годзе аб’ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і ўтварылі Лівонскі ордэн.