МАГУТНАСЦТЬ ЗАМКАЎ – КЛОПАТ ДЗЯРЖАЎНЫ


Згодна з тагачаснымі прадпісаннямі і традыцыямі, арганізацыяй абароны замкаў займаліся найперш мясцовыя ўладныя структуры. Але не толькі. Больш высокая адміністрацыйная ўлада таксама лічыла гэта адным з галоўных сваіх клопатаў. Адпаведна свайму статусу ваявода, напрыклад, адказваў за абарону замка і арганізоўваў яе ў сваім ваяводстве. Стараста займаўся гэтым самым у сваім старостве. Ваяводай у славянскіх народаў здаўна называўся военачальнік, правіцель, а ў Расійскай дзяржаве – той, хто стаяў на чале палка, атрада, горада. На сваіх землях яны адказвалі і за ахову дзяржаўнай мяжы, і за стан памежных замкаў, ад якіх, вядома, моцна залежала бяспека мяжы. Таму да “экіпіроўкі” замкаў адносіліся надзвычай сур’ёзна. У замках заўсёды павінна было быць дастаткова ваеннага рыштунку, а таксама таго, што неабходна на выпадак асады, вайны і іншых непрадбачаных сітуацый. Уладныя асобы дбалі пра замкавы арсенал, інтэнданцкія запасы. Іхнім клопатам былі шляхецкае войска, а таксама мясцовае апалчэнне.

Аднак геаграфічная асаблівасць беларускіх зямель была такой, што войны, аблогі, узброеныя сутычкі, напады на іх былі амаль няспыннымі. Гэта вымагала адпаведных дзеянняў, значыць, патрабаваліся і пэўныя арганізатары іх. Давялося ўводзіць у ваяводствах і староствах спецыяльных чыноўнікаў – ураднікаў па пытаннях абароны. Ураднікі вялі ўлік шляхты, якая павінна несці службу, склікалі шляхецкае войска, арганізоўвалі яго навучанне, праводзілі трэніроўкі, сачылі за матэрыяльным забеспячэннем.

Займаліся развіццём і падтрыманнем абарончых магчымасцяў замкаў і гараднічыя. Яны адказвалі за захаванне іх “в целости для часу потребы от неприятеля”. Калі патрабавалася, гараднічыя арганізоўвалі аднаўленне земляных валоў вакол замкаў, падтрымлівалі ў належным стане равы з вадой, драўляныя часткі ўмацаванняў, дбалі пра іх пашырэнне і збудаванне новых. Непрыступнасць і боегатоўнасць замка мусіла быць заўсёднай. Згадайма хоць бы, якія новыя, невядомыя сучасным наведнікам, сістэмы абароны замка адкрыліся падчас рэканструкцыі і аднаўлення Нясвіжскага замка.

Жыхары горада – мяшчане, а таксама шляхта Вялікага княства Літоўскага ў ХІV – ХV стагоддзях нароўні выконвалі вайсковую службу: “конно, збройно и оружно”. Гэта была нялёгкая справа, яна вымагала вялікіх затрат. Справіцца з ёй маглі толькі заможныя людзі. Таму на беларускіх землях у розны час і ў розных рэгіёнах у склад мяшчан уваходзілі розныя катэгорыі гарадскіх жыхароў.

У Вялікім княстве гэта былі рамеснікі, дробныя гандляры, купецтва і іншыя. У ХV стагоддзі да беларускіх мяшчан адносілі толькі тую частку рамеснікаў, купцоў, дробных гандляроў, якая падпарадкоўвалася магдэбургскаму праву. Сярод тых, хто выконваў вайсковы абавязак, былі конныя мяшчане – нашчадкі баяр, што пераехалі ў горад, але захавалі свае маёнткі, путныя, пасельскія – якія жылі ў маёнтках і сёлах. Гэта былі прывілеяваныя мяшчане і яны вызваляліся ад даніны. Аднак, нягледзячы на сваё далёка не беднае жыццё, ніхто не хацеў мець лішнія затраты, кожны ўмеў лічыць грошы і ашчаджаць свае багацці. Таму сярод тых, хто мусіў несці вайсковую службу, было нямала ахвотнікаў выкруціцца. Улада ж настойліва выкрывала гэта, змушала дакладна выконваць свае абавязкі.

Бяднейшыя жыхары Вялікага княства, хто не мог спраўляць службу па ўсіх правілах, бралі ўдзел толькі ў асобных яе відах, напрыклад, у абароне замка ад непрыяцеля. Аднак на ўскраінных землях Княства, дзе замкам надавалася асаблівая роля, да іх абароны далучалі як мяшчан, так і “зямян”. Сярод зямян былі як больш заможныя, так і бяднейшыя. У залежнасці ад гэтага яны па-рознаму выконвалі сваю вайсковую павіннасць. Наогул жа зямяне – гэта частка феадальнага саслоўя ў Вялікім княстве. Яны адносіліся да той катэгорыі насельнікаў, якая абавязана была несці вайсковую службу, а ў час вайны – з канём і рыштункам. І нават пазней, калі вайсковая служба стала прэстыжнай і да яе часта не дапускалі не толькі зямян, але і некаторых гарадскіх жыхароў, абароне замкаў надавалася прыярытэтнае значэнне.

У залежнасці ад свайго багацця месцічы маглі браць удзел разам з ваяводаю ў пагоні за ворагам, але толькі тады, калі мелі каня. Пешыя абаранялі сам замак. Калі ўзнікала небяспека, у замках выстаўлялі назіральную стражу. Яна несла вахту на сценах і вежах, ахоўвала подступы. Але гэта не магло гарантаваць засцярогу ад раптоўнасці і нечаканасці. Дзеля большай бяспекі і надзейнасці выстаўляліся дазорныя атрады ў полі. Яны мусілі паведамляць пра небяспеку, якая пагражала не толькі свайму замку, а і суседнім. Значыць, ужо тады існавала своеасаблівая калектыўная абарона.

Умацаванню абараназдольнасці дзяржавы і магутнасці замкаў асаблівую ўвагу надавалі гаспадары Княства – вялікія князі літоўскія. Як казалася, вялікі князь Гедымін для абароны ад розных ахвотнікаў зваяваць вялікалітоўскія землі вымушаны быў па ўсёй мяжы збудаваць умацаваныя замкі і гарады. Можна ўявіць, колькі грошай, сілы і працы трэба было затраціць, каб дабіцца гэтай мэты. Варта прызнаць, што абарончыя пытанні было значна лягчэй вырашаць тады, калі Вялікае княства цалкам захоўвалася самастойна, – да Крэўскай уніі. Бо гэтай справе на тутэйшых землях першасную ўвагу надаваў непасрэдна сам вялікі князь, як гаспадар дзржавы.

Пасля таго, як у жніўні 1385 годзе ў нашым Крэве, што сёння ў Смаргонскім раёне, была заключана Крэўская унія – персаналная унія вялікага князя літоўскага Ягайлы і Каралеўства Польскага, узніклі і пэўныя цяжкасці з наладжваннем дзейснай абароны гэтых зямель праз сістэму замкаў. Звязана гэта было найперш з тым, што вялікі князь, які стаў адначасова і каралём польскім, мусіў пастаянна знаходзіцца ў польскай сталіцы Кракаве, бо там, у Вавелі, быў галоўны каралеўскі пасад. Ды і жыццё, відаць, там было больш размаітым, чым на тутэйшых землях.

Вялікаму князю проста не хапала часу, каб пастаянна бываць на літоўскіх землях. Ён нават не заўсёды меў магчымасць, а то і жаданне, прыязджаць на вялікалітоўскія сеймы. А без гаспадара нельга было вырашыць самыя важныя пытанні, найперш звязаныя з вайной, з абаронай зямель, з выдзяленнем сродкаў на гэтыя патрэбы. Таму паны-рада (Рада ВКЛ), як вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў ВКЛ, мусіла звяртацца да вялікага князя літоўскага з просьбай, каб ён згадзіўся папрысутнічаць на сейме.

Ці не адзінае, бадай, выключэнне – час гаспадарання Вітаўта, які пастаянна жыў у Княстве і без перабольшання ўсе сілы аддаваў свайму гаспадарству, ягонай абароне і захаванню ягонай самастойнасці, бо мнгоія ўладныя людзі ў Каралеўстве польскім намагаліся дабіцца інкарпарацыі – улучэння Вялікага княства Літоўскага ў польскую дзяржаву. Асабліва вызначыўся тут кракаўскі біскуп і сакратар караля польскага Ягайлы Збігнеў Алясніцкі. Дык мо і за гэта сучаснікі назвалі Вітаўта яшчэ пры жыцці Вялікім? Адзіны, дарэчы, выпадак у нашай гісторыі.

Так працягвалася і пасля Ягайлы, ягоныя наступнікі мо яшчэ з меншай ахвотай прыязджалі на вялікалітоўскія землі. Напрыклад, у 1526 годзе рада звярталіся з просьбай да вялікага князя, польскага караля Жыгімонта Старога, запрашаючы яго прыехаць у Княства, каб сярод іншых пытанняў вырашыць праблему ўмацавання Кіеўскага замка.

У 1531 годзе паны-рада сведчылі вялікаму князю і каралю польскаму, што яны ва ўсіх земскіх справах праяўляюць дбайны клопат, але такога поспеху, як пажадана, не могуць дабіцца. Прычына ў тым, што іх не слухаюцца ўраднікі і земскія. А каб справа выправілася, патрабуецца ўмяшанне вялікага князя, бо толькі яго слухаюць высокія чыноўнікі і толькі ён можа навесці належны парадак. У выніку такога становішча, калі няма паразумення на месцы, ускраінныя памежныя замкі, якія выконвалі асаблівую ахоўную функцыю, прыходзілі ў заняпад. Дайшло да таго, што яны не былі забяспечаны ні баявымі, ні харчовымі прыпасамі. А гэта ўжо не замак, які абараняе, не баявая адзінка, што супрацьстаіць ворагу. Карысці ад яго мала. Каб зрушыць справу з месца, патрабаваўся прыезд вялікага князя ў сваё гаспадарства і яго адмысловы загад. Таму рада прасіла Жыгімонта Старога прыехаць. Згодныа была нават на тое, каб пан-гаспадар прыехаў калі не “ўнутр” – на тэрыторыю Вялікага княства, дык хоць бы ў Бярэсце, на яго памежжа. Уяўляеце ролю гаспадара зямлі і становішча яе насельнікаў? Суцэльная бяспраўнасць і поўная залежнасць.

Цікава зазначыць, што некаторыя даўнія гісторыкі заўважылі адну нязвыклую асаблівасць, якая бытавала на вялікалітоўскіх землях. Справа ішла пра лёс жанчын у дзяржаве наогул і ў яе абароне ў прыватнасці. Аказваецца, “літоўская жанчына шляхам вернай службы дапрацавалася да большай, чым дзе б тое ні было, свабоды і самастойнасці” (Карл Шайноха). Літоўка не цуралася ніякай мужчынскай справы, магла выканаць любое заданне. Калі ж, здаралася, заставалася адзінай пераемніцай пасады старасты, не адмаўлялася, не палохалася гэтага. Аказвалася, яна магла годна спраўляцца і дастойна кіраваць не адно сваёй тэрыторыяй, а і памежнымі замкамі. Згадайма хоць бы лёс вядомай абаронцы свайго родавага горада Слуцка князёўны Настассі.

Слуцкі князь Сямён Міхайлавіч (каля 1460 – 14.11.1505) – сын Міхаіла Аляксандравіча і ўнук заснавальніка роду Алелькі, не раз абараняў родны горад ад татарскіх набегаў. Летам 1502 года на чале вялікалітоўскага войска ён разбіў татараў на рацэ Уша. У жніўні гэтага ж года хан Баты-Гірэй са сваім шасцітысячным войскам зноў напаў на Слуцкае княства, захапіў пасады горада. Але замак не паддаўся. Там схаваліся ад ворага ўсе ацалелыя жыхары. Са злосці татары абрабавалі не толькі Слуцк, яны спалілі Капыль, Койданава, Нясвіж, Клецк. Наступным летам зноў кінуліся помсціць беларускім землям. Не маглі абмінуць і непакорлівы Слуцк, хацелі змыць сваю ранейшую ганьбу.

Сведчаць, што князя ў гэты час у горадзе не было. Абарону ўзначаліла ягоная жонка Настасся (каля 1470 – пасля 1524), дачка князя Івана Юр’евіча Мсціслаўскага. Яна апранула ваенныя даспехі, асядлала баявога каня. Вывела вояў на поле і адагнала ворага ад горада. А калі прыехаў муж, яны дагналі татараў каля Давыд-Гарадка і добра правучылі ахвотнікаў квапіцца на чужое.

Нават пасля смерці мужа Настасся працягвала мужна змагацца з захопнікамі. З гісторыі вядома, што ў 1508 годзе дворны маршалак Вялікага княства Літоўскага Міхаіл Глінскі, які два гады перад гэтым атрымаў бліскучую перамогу над татарамі каля Клецка, разам з братамі ўзначаліў мяцеж вялікалітоўскіх феадалаў супраць караля польскага Жыгімонта І Старога. Са сваімі вершнікамі Глінскі вырушыў на Гародню. Па дарозе збочыў у Слуцк. Спадабалася яму ўдовая княгіня. Вырашыў пасватацца. Аднак Настасся адмовіла. Сваю злосць Глінскі вырашыў вымесціць на жыхарах Слуцка. Пачаў паліць горад. Аднак не паддаўся яму замак. Адстаяла яго Настасся. Некаторыя гісторыкі, праўда, даказваюць, што Глінскі сам не хадзіў паходам на Слуцк. Хто ж яго ведае, але нездарма кажуць, што дыму без агню не бывае...

Не скарыўся Слуцк і татарам, якія апошні раз спрабавалі захапіць яго ў 1521 годзе. Настасся аказалася не толькі вопытным ваяром, але і мужнай жанчынай, сапраўднай Жаннай д’Арк. У 1522 годзе яна аддала дачку Аляксандру за гетмана Канстанціна Астрожскага, парадавалася іхняму шчасцю і неўзабаве (апошнія зямныя дзеі яе невядомыя) адышла з жыцця...

Абароне дзяржавы і ахове замкаў у ВКЛ надавалася такая ўвага, што перад гэтым адступалі іншыя дзяржаўныя клопаты. Калі справа датычыла абарончых праблем сваіх замкаў, некаторым тагачасным чыноўнікам дазвалялася не ўдзельнічаць у важных дзяржаўных пасяджэннях, нават не браць удзелу ў сеймах Княства. Напрыклад, ваяводы і намеснікі памежных замкаў не мусілі ехаць на сейм у 1512 годзе. Калі на дзесятым тыдні пасля Вялікадня ў 1521 годзе ў Менску павінен быў адбыцца чарговы сейм, начальнікам ускраінных замкаў было прадпісана, “абы на тых замках вашое милосты украинных мешкалы и в доброй опатренности их заховали».

Падчас склікання сейма 1534 года ваяводу полацкаму было загадана заставацца ў замку для яго абароны ў выпадку небяспекі, бо ў гэты час рыхтавалася чарговая збройная справа з Маскоўскім княствам. Члены Новагародскага сейма 1538 года скардзіліся вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Жыгімонту Старому, што ваяводы кіеўскі, полацкі і віцебскі заўсёды знаходзяцца ў замках сваіх ваяводстваў і рэдка ездзяць на вальныя соймы.

Як і любой дзяржаве, Вялікаму княству Літоўскаму патрабавалася шмат сродкаў на агульнадзяржаўныя патрэбы, у тым ліку на падтрыманне бяспекі. Таму Княства мусіла ўводзіць шмат розных павіннасцяў. Толькі для сялян іх мелася 120 — 140. Але найбольш складанай і цяжкай павіннасцю лічылася будаўніцтва і рамонт замкаў. Бо вядома, што беларускія землі ўвесь час былі на ваенных скразняках. А раз небяспека была пастаяннай, то і клопат пра абарону як ад знешніх ворагаў, так і ад унутраных міжусобіц мусіў ажыццяўляцца на дзяржаўным узроўні.

Таму, напрыклад, узводзіць пабудовы Менскага замка, рамантаваць іх і падтрымліваць у належным стане даручалася не толькі менчукам, а і жыхарам навакольных паселішчаў. Спачатку неабходнасць гэтая вымагала пастаўкі будаўнічых матэрыялаў – бярвенняў і гліны. Затым кола абавязкаў пашыралася, з’явіліся спецыяльныя падаткі – гліняныя пенязі і калодзіны. Калі і гэтага не хапала, на патрэбы замка ішлі судовыя пошліны. Нават на ўтрыманне замкавага гарнізона менскія месцічы павінны былі несці затраты. Цікава, што на абарону Менска працаваў не адно сам замак, а і замкавы млын. Знаходзіўся ён на левым беразе Свіслачы, насупраць замка, ягоныя даходы ішлі ў бюджэт замка. Акрамя грашовых павіннасцяў гараджане павінны былі хадзіць у “старожу”. Гэты абавязак існаваў ажно да атрымання Менскам магдэбургскага права.

З канца ХІV стагоддзя адной з важнейшых павіннасцяў для сялян становіцца будаўніцтва і рамонт замкаў (“городовое дело”, “замковая работа”). Гэтыя работы практычна насілі няспынны, пастаянны характар. На іх зганялі тысячы сялян, кожны з якіх выконваў свае спецыфічныя абавязкі, што патрабаваліся менавіта ў гэты час. Аднак мала таго, што сяляне вялі будаўніцтва і рамонт замкаў непасрэдна ў сваіх мясцовасцях, яны абавязаны былі рабіць гэта і на ўскраінных землях Вялікага княства Літоўскага. Такім чынам дзяржава забяспечвала свой агульны для ўсіх грамадзян інтарэс.

Напрыклад, згарэлы Уладзімірскі замак кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір загадаў аднаўляць сялянам Слонімскай, Ваўкавыскай, Берасцейскай і іншых валасцей. У 1496 годзе на рамонт Кіеўскага замка было накіравана 400 беларускіх сялян. Часам можна было адкупіцца ад тых ці іншых павіннасцяў, але толькі ў выпадку замены іх іншымі. А вось ад замкавай працы адбіцца ўдавалася мала каму. Даннікі (тыя, хто павінен быў плаціць даніну) Мазырскай воласці ў 1552 годзе мусілі даваць вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту даніну мёдам і грашыма замест многіх натуральных збораў. Аднак яны нічым не маглі замяніць абавязак будаваць і рамантаваць Мазырскі замак, забяспечваць яго ахову, хадзіць “у стражу”.

Калі ж на нейкай тэрыторыі Княства ўзнікала пагроза варожага нападу і патрэбна было тэрмінова рыхтавацца да сустрэчы з непрыяцелем, аб’яўляўся “кгвалт”. На гэты выпадак загадзя быў вызначаны адпаведны парадак дзеянняў, размеркаваны абавязкі. Тады на службу неадкладна мусілі з’яўляцца ўсе тыя, хто да выканання гэтых абавязкаў меў дачыненне. Але не толькі праз агульнадзяржаўны клопат падтрымлівалася баявая гатоўнасць замкаў. Статуты многіх гарадоў таксама прадугледжвалі неабходныя меры абароны. Пра гэта сведчаць запісы аб тым, што месцічы павінны выступаць на абарону замка і горада са сваёй зброяй. Напрыклад, жыхары Оршы бараніць замак мусілі “все и кождый”, а ў дамах сваіх павінны былі мець “стрельбу вшелякую и иную оборону, то есть рогатину и што иного ку той обороне належить”. Нават жыхары бліжэйшых наваколляў у выпадку “кгвалту” павінны былі браць удзел у абароне замка. Гэтым самым яны практычна абарнялі і сваё ўласнае жыццё, і свой лёс.

Да вайсковай службы мела непасрэднае дачыненне ахова на полі – стража. Яна абавязана была збіраць любыя звесткі пра непрыяцеля, каб своечасова паведаміць абаронцам замка пра намеры ворага. Гэткая ж стража выстаўлялася ля замкавай брамы, каля арсенала, артылерыйскіх складоў. Часта месцы яе размяшчэння станавіліся геаграфічнамі назвамі. Такім чынам у Менску, напрыклад, з’явілася Старажоўка. Так назвалі былую паўночную ўскраіну на выездзе з боку Старавіленскага і Даўгінаўскага трактаў у Барысаўскім напрамку, дзе знаходзілася старажавая застава.

Калі ж небяспека не міналася, а стража мусіла быць пастаяннай, то і месцы для свайго размяшчэння таксама мела пастаянныя, найбольш зручныя. Напрыклад, у Браславе палявую ахову няслі 8 месцічаў у 4 месцах, а стараставы людзі стаялі толькі ў адным месцы і было іх 6 чалавек.

Цікавая дэталь: аказваецца, паслугі гэтыя не былі бясплатнымі. Ад ступені рызыкі стражнікаў і аддаленасці стражы ад замка залежала і аплата. Чым далей у поле, тым большая небяспека, тым больш нязручнасцяў, а таму – большыя выплаты. Вядомая рэч, паблізу ад замка небяспека меншая, таму меншыя і грашовыя выдаткі. Аднак і ў гэткія моманты не ўсе з вялікай ахвотай выконвалі свае абарончыя абавязкі. Калі які-небудзь месціч не хацеў быць стражнікам сам, ён мог наняць іншага. Але заплаціць гэтаму чалавеку ён мусіў сам.

Часта замкавую стражу называлі клікунамі. Гэта было звязана з тым, што днём ахова стаяла ля варот, а ноччу падымалася на сцены альбо знаходзілася ў вежах і павінна была “клікаць” – цікавіцца кожным падазроным, што набліжаўся да замка.

Загрузка...