Але славы замка нельга было выкрасліць не толькі з тутэйшай гісторыі, а і з агульнаеўрапейскага кантэксту. Пра тое сведчаць шматлікія геаграфічныя карты, што выдаваліся ў Сярэднявеччы ў многіх еўрапейскіх краінах. На іх часта з’яўляецца і само паселішча Крэва, і Крэўскі замак. А гэта ўжо важкае сведчанне ягонай значнасці не толькі ў эканамічным жыцці еўрапейскай супольнасці, але і прызнанне значнай палітычнай ролі. Згадкі пра Крэва і замак можна знайсці на картах, выдадзеных у Рыме ў 1507 годзе, у Венецыі, Кёльне, Амстэрдаме, Парыжы. Прысутнасць на картах Крэўскага замка сведчыла пра ягоную важную абарончую функцыю, пра тое, што лічыцца з гэтым мусілі ахвотнікі выступіць паходам на беларускія землі.
Аднак у сувязі з няспынным прагрэсам у сферы стварэння больш дасканалай зброі і пэўным заняпадам замак паступова траціў сваё абарончае значэнне. І ўжо ў 1749 годзе на нюрнбергскай карце Вялікага княства Літоўскага Крэва пазначана проста мястэчкам. Замак тут адсутнічае.
А некалі ж ён жыў так бурна і размаіта, што вядомасць разыходзілася па ўсім Вялікім княстве Літоўскім, сягала за яго межы. Цягам многіх стагоддзяў замак быў палітычным цэнтрам дзяржавы, часта выконваў лёсавызначальную ролю ў жыцці народаў еўрапейскіх краін. У ХІV – ХVІІ стагоддзях ён з’яўляўся рэзідэнцыяй вялікіх князёў Гедымінавічаў. Тут адбывалася шмат урачыстых сустрэч, баляў, забаў. У Крэве гасцявалі знаныя асобы з многіх зямель Вялікага княства і польскай дзяржавы. Тут тварылася тагачасная гісторыя. Сюды прыязджалі паслы з важнымі місіямі. Так было, калі ў замку жыў Альгерд. Так было ў пярэдадзень Крэўскай уніі, заключанай у Крэўскім замку 14 жніўня 1385 года. Тады да Ягайлы прыехалі высокія польскія паслы з Кракава, каб прапанаваць яму стварыць дзяржаўны саюз Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай, запрасіць яго на высокі пасад польскага караля. А каб хутчэй згадзіўся, дакляравалі, што самая прыгожая ў Еўропе маладая каралева польская Ядвіга стане ягонай жонкай.
Дык каго ж за каго сваталі польскія паслы?