Ягайла, Якаў, Уладзіслаў ІІ (1351 альбо 1352 – 1.6.1434) – вялікі князь літоўскі (1377 – 1381, 1382 – 1392), вышэйшы князь літоўскі (1392 – 1434), кароль польскі Уладзіслаў ІІ (1386 – 1434), каранаваны 4 сакавіка 1386. Ягонае імя Ягайла перакладалі як крыклівы, сварлівы, гарлапан, шумны чалавек. Старэйшы сын вялікага князя літоўскага Альгерда і другой ягонай жонкі цвярской князёўны Улляны, унук Гедыміна. Разам з чацвёртай жонкай Соф’яй Гальшанскай (1405 – 12.9.1461, шлюб у Новагародку 24.2.1422) пачынальнік польскай дынастыі Ягелонаў (на беларускіх землях – Ягайлавічы). Існуе шмат выказванняў і меркаванняў, нават міфаў пра час Ягелонаў. Баляслаў Прус, напрыклад, пісаў: “Не бітвы і не перамогі робяць славу для ягелонскай эпохі, а нешта зусім іншае, штосьці зусім супраціўнае бітвам, а іменна: вольныя і добраахвотныя сувязі народаў. Літва пашлюбіла Польшчу не на грунце нейкага захопу, а ў імя “любові братэрскай” і “дзеля дабра абодвух народаў”. Не навязвалі нацыянальнасці, але роды польскія прынялі літоўскіх баяраў як сыноў і братоў... Не навязвалі ўлады, але пакінута Літве шырокая аўтаномія. Не прышчэплівалі гвалтам мовы, наадварот, нават Статут Літоўскі быў адрэдагаваны на рускай мове”.
Ядвіга Анжуйская (18.2.1374 – 17.7.1399) – кароль польскі (rex Polonae) з 1384 года, першая жонка Ягайлы, дачка Людвіка І Вялікага (1326 – 1382) – караля венгерскага (1342 – 1382), які пасля смерці свайго дзядзькі Казіміра Вялікага стаў і каралём польскім (1370 – 1382), і баснійскай княжны Эльжбеты. 15 чэрвеня 1378 года адбылася шлюбная дамова (pro futuro) у Гамбургу над Дунаем чатырохгадовай Ядвігі з аўстрыйскім княжычам пяцігадовым Вільгельмам Габсбургскім. Аднак сапраўднасць шлюб мог набыць толькі пасля дасягнення фізічнай сталасці – для дзяўчыны 12 гадоў, для юнака 14 гадоў. Ядвіга мусіла чакаць гэтага тэрміну пры двары цесця ў Вене, а Вільгельм у Кракаве.
10 жніўня 1382 года памёр бацька Ядвігі кароль венгерскі і польскі Людвік. У выніку розных пературбацый праз два гады Ядвіга была каранавана на караля польскага – іменна так называлі яе: кароль, а не каралева. Але паколькі была малалеткай, ёю апекаваліся і ад яе імя кіравалі Каронай малапольскія магнаты.
З волі польскіх рыцараў і шляхты 18 лютага 1386 года Ядвіга стала жонкай вялікага князя літоўскага Ягайлы. У 1392 годзе ажыццявіла падарожжа разам з мужам на літоўскія землі, дзе брала ўдзел у сустрэчы з Вітаўтам. Было заключана Востраўскае пагадненне (у Востраве каля Ліды) аб падзеле ўлады і гарантаванні самастойнасці Княства ў саюзе з Каронай. Ягайла прызнаў асобнасць Вялікага княства Літоўскага пад уладай Вітаўта і надаў яму пажыццёвы тытул вялікага князя (magnus dux), а сабе пакінуў тытул найвышэйшага князя (supremus dux). Вітаўт з Ганнай прысягнуў на вернасць Кароне і самой каралеве Ядвізе. Гэта спыніла іхнія міжусобныя сутычкі.
Пры Пражскім універсітэце ў 1397 годзе арганізавала бурсу для літоўскіх клірыкаў. Разам з Ягайлам стала фундатаркай у Кракаве кляштара славян-бенедыктынаў з Прагі. Садзейнічала аднаўленню Кракаўскага універсітэта, якому адпісала амаль усе свае багацці.
22 чэрвеня 1399 года ў Ядвігі і Ягайлы нарадзілася дачка Эльжбета, якую назвалі ў гонар Ядвізінай маці. Яна мела і другое імя – Баніфацыя, па хросным бацьку, якім быў папа рымскі Баніфацый ІХ. Ягайла выслаў у многія сталіцы Еўропы ганцоў, каб яны паведамілі аб гэтым, як раней такім жа чынам абвясціў ім пра цяжарнасць сваёй жонкі. У Кракаў з’ехаліся высокія госці з розных краін. Быў тут і Вітаўт з жонкай Ганнай. Аднак лёс распарадзіўся іначай: 13 ліпеня 1399 года Эльжбета-Баніфацыя памерла.
Памерла Ядвіга 17 ліпеня 1399 года ва ўзросце 25-ці гадоў. Перад смерцю яна зрабіла духоўнае распараджэнне. Даручыла, каб усе каштоўнасці, усе ўборы, усе наяўныя грошы яе казны, уся рухомая маёмасць пайшлі на дапамогу бедным і на аднаўленне Кракаўскага універсітэта. А Ягайлу параіла, каб ён не страціў польскай кароны і таму ўзяў шлюб з Ганнай Цылейскай, забытай унучкай Казіміра Вялікага. Ядвігу пахавалі ў Вавельскай катэдры поруч з дачкой. Паны польскія паўторна склалі прысягу Ягайлу як каралю. Жалобу дэманстратыўна насіў у Вене і аўстрыйскі княжыч Вільгельм Габсбургскі. У 1997 годзе кананізавана як святая.
Соф’я Гальшанская (каля 1405 – 21.9.1461) – чацвёртая жонка Ягайлы, дачка Андрэя Іванавіча Вязынскага, князя Гальшанскага, і Аляксандры, князёўны друцкай, пачынальніца дынастыі Ягелонаў-Ягайлавічаў, мела сыноў Уладзіслава і двух Казіміраў. Уладзіслаў стаў каралём польскім і венгерскім, сярэдні Казімір памёр зусім маленькі, меншы Казімір быў вялікім князем літоўскім і кралём польскім. Калі Соф’і споўнілася пяць гадоў, памёр бацька (1410). Ягоных дзяцей Васілісу, Соф’ю і Марыю выхоўваў у сваім замку родны брат Андрэевай жонкі Аляксандры князь Сямён Дзмітравіч Друцкі. 24 лютага 1422 года Соф’я абвянчалася ў Новагародскім касцёле з каралём польскім і найвышэйшым князем літоўскім Ягайлам.
Каранацыя яе адбылася 5 сакавіка 1424 года ў Вавельскай катэдры. Як засведчылі відавочцы, гэта была самая ўрачыстая каранацыя ў гісторыі Польшчы.
Соф’я захоўвала добрыя стасункі са сваімі роднымі, з Княствам, у сваім атачэнні мела некалькі праваслаўных асобаў. Нават наказала, каб падчас яе пахавання не забыліся пра праваслаўныя звычаі, у якіх яна выхоўвалася ў Гальшанскім і Друцкім замках. Не цуралася кантактаў з гусітамі, нават сваім астролагам мела чэха. Была вясёлага характару і любіла забавы. Падтрымлівала культуру, спрыяла развіццю Кракаўскага універсітэта.
16 мая 1426 года нарадзіўся другі сын, якога 2 чэрвеня ахрысцілі Казімірам. З гэтай нагоды адбыўся рыцарскі турнір з высокімі ўзнагародамі ад Ягайлы. Але неўзабаве сын памёр. 30 літапада 1427 года Соф’я нарадзіла трэцяга сына, ахрышчанага на Казімірам Андрэем – у гонар ягонага дзеда Андрэя Гальшанскага.
Аднак яшчэ падчас цяжарнасці Соф’і разгарэўся шумны скандал. Яе абвінавацілі ў здрадзе мужу і паставілі пад сумненне праўдзівасць маючага быць Ягайлавага сына. Некаторыя сведчаць, што зрабіў гэта на з’ездзе ў Гародлі Вітаўт, які быў некалі Ягайлавым сватам і сватаў за яго Соф’ю. Іншыя кажуць пра іншых асобаў. Так ці інакш, а пагалоска выйшла далёка за межы Кароны і Княства. Ягайла паверыў гэтаму і пачаў пошук вінаватых. Дзве дваровыя служанкі каралевы – Шчукоўскія назвалі сямёра рыцараў, якія нібыта мелі інтымныя адносіны з Соф’яй. Кароль загадаў арыштаваць рыцараў. Некаторым удалося ўцячы, іншых зняволілі, у тым ліку Генрыка (Гінчу) з Рогава. Ён заяўляў, што каралева не здраджвала каралю. На судзе, які загадаў правесці Ягайла, Соф’я разам з сямю матронамі і адной паннай з двара мусіла прынесці ачышчальную прысягу вернасці каралю. Рыцараў апраўдалі.
Калі 5 жніўня 1461 года з’явіўся чацвёрты ўнук, яго па жаданні Соф’і назвалі Аляксандрам, у гонар Вітаўта, які меў другое імя Аляксандр і быў родзічам каралевы па ягонай другой жонцы Улляне – Соф’інай цётцы.
У жніўні 1461 года каралева Соф’я захварэла, а 21 верасня памерла. Яе сына караля польскага і вялікага князя літоўскага Казіміра ў гэты час у Кракаве не было. Таму ў чаканні яго цела Соф’і 8 дзён стаяла ў касцёле святога Міхаіла. Пахавана па праваслаўнаму звычаю ў капліцы Вавельскай катэдры, якую некалі збудавала сама.
Уладзіслаў ІІІ Варненьчык (31.10.1424 – 10.11.1444) – першы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Кароль польскі ў 1434-1444 і венгерскі Ласла І у 1440–1444. Польскі каралеўскі пасад заняў у 10-гадовым узросце, каранаваны 25 ліпеня 1434. Да дасягнення паўналецця, што наступала ў 14 гадоў, знаходзіўся пад апекай Рады Кароннай і кракаўскага біскупа Збігнева Алясьніцкага, які разам з магнатамі практычна кіраваў дзяржавай не столькі ад імя караля, як за самога караля. Гэта ў сукупнасці з іншымі прычынамі, звязанымі з пазіцыяй Алясьніцкага па многіх пытаннях унутранай і знешняй палітыкі, і найперш у адносінах да гусітаў, выклікала незадаволенасць супраць яго, што вылілася нават у збройнае супраціўленне пад кіраўніцтвам Спытка з Мельштына. Аднак апазіцыянеры былі пераможаны – Алясьніцкі паслаў супраць іх войска. У выніку бітвы пад Гротнікамі ён атрымаў перамогу, Спытак быў забіты, а многія з апазіцыянераў перайшлі на бок Алясьніцкага.
Уладзіслаў стаў каралём венгерскім пасля смерці гаспадара чэшскага і венгерскага Альбрэхта ІІ (27 кастрычніка 1439 года). Знаны польскі гісторык Ян Длугаш зазначаў, што каралевіч Уладзіслаў быў вельмі падобны да свайго бацькі Ягайлы і тварам, і паставай, і нават звычкамі шчодра раздаваць падарункі – “не за заслугі тых, хто атрымліваў іх, а каб пазбегнуць непрыязнасці”. Слухаўся дарадцаў, быў прыхільнікам кампрамісаў. Вельмі любіў прыроду і рыцарскія баі. Гэта было адным з матываў шмат якіх ваенных паходаў.
Казімір ІV Ягелончык, Андрэй (30.11.1427 – 7.6.1492) – трэці сын Ягайлы і Соф'і Гальшанскай, унук Аляксандры Друцкай – Соф’інай маці, вялікі князь літоўскі ў 1440–1492 гадах, у 1447-1492 гадах і кароль польскі. Пасля трагічнай смерці вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча 13-гадовы Казімір у суправаджэнні вялікай групы польскіх паноў быў адасланы ў Княства як намеснік караля Уладзіслава ІІІ. Але віленскія баяры, сярод якіх быў і Юрый Сямёнавіч з роду Гальшанскіх, падпаілі польскіх гасцей і ноччу 29 чэрвеня 1440 года ў кафедральным касцёле Вільні ўручылі Казіміру Гедымінаў меч і ўганаравалі мітрай, абвясцілі вялікім князем.
У красавіку 1445 года адбыўся з’езд у Серадзе, дзе з падачы Збігнева Алясьніцкага Казімір абраны каралём, хоць сам на з’ездзе не прысутнічаў. Удзельнікі з’езда запрасілі яго на чарговы вераснёўскі з’езд у Пётркаў, але ён таксама не прыехаў. Вырашылі выслаць пасольства да Казіміра ў Княства, разам паехала і ягоная маці каралева Соф’я. 15 кастрычніка паслы з’явіліся ў Гародні, прасілі Казіміра заняць каралеўскі пасад. Казімір не хацеў прымаць карону, параіў звярнуцца да паноў-рады. Пры ім наогул павысілася роля паноў-рады. 1 снежня 1445 года вялікалітоўская рада не падтрымала просьбу палякаў. Такія паводзіны Казіміра, падтрыманыя панамі-радай, можна вытлумачыць жаданнем захаваць самастойнасць Княства, пазбегнуць яго інкарпарацыі ў Карону. Пасля было яшчэ некалькі з’ездаў, не адно пасольства да Казіміра, перш чым ён прыехаў у Польшчу, дзе ў Сандаміры спаткаўся з маці. У верасні 1446 года палякі вымушаны былі падпісаць з Княствам дакументы, дзе няма слоў пра унію альбо пра верхавенства Кароны над Княствам. Ажно да Люблінскай уніі 1569 года Княства і Карона заставаліся суверэннымі гаспадарствамі, аб’яднанымі адно агульнасцю кіраўніка.
23 чэрвеня 1447 года Казімір прыбыў у Кракаў, дзе 25 чэрвеня быў каранаваны. Караляваў ён сорак шэсць гадоў. У Княстве ж не выбіралі вялікага князя, таму пасада гэтая заставалася за Казімірам. У яго адсутнасць кіраўнічую ролю выконвалі паны-рада. Аднак сам ён вельмі часта наведваў Княства.
У 1481 годзе супраць караля выкрыта змова, смерцю пакараны ягоныя сваякі князі Міхаіл Алелькавіч і Іван Юр’евіч Гальшанскі, унук Сямёна Лютага. Цікава, што бацька Івана Юрый Сямёнавіч Гальшанскі быў адным з арганізатараў выбрання Казіміра на пасад вялікага князя.
Жанаты з малодшай дачкой караля чэшскага, венгерскага і нямецкага Альбрэхта аўстрыйскай прынцэсай Эльжбетай з Габсбургаў, званай Ракушкай, Ракушанкай (1437 – 30.8.1505). Гісторыкі назвалі Эльжбету маткай каралёў, бо чатыры яе сыны займалі каралеўскі пасад у розных дзяржавах: Уладзіслаў стаў каралём чэшскім (1471-1516) і венгерскім пад імем Ласла ІІ (1490-1516); Ян Ольбрахт – кароль польскі (1492–1501); Аляксандр – вялікі князь літоўскі (1492–1506), кароль польскі (1501–1506); Жыгімонт І Стары – вялікі князь літоўскі (1506–1548) і кароль польскі (1506–1548).
45 гадоў – найдаўжэй як хто іншы, знаходзіўся Казімір на каралеўскім пасадзе, а на гаспадарстве ў Княстве – 52 гады. Памёр у Гародні. Пахаваны ў Кракаве ў капліцы Святога Крыжа.
Альгерд (1296 – май 1377) – трэці сын вялікага князя літоўскага Гедыміна ў другім шлюбе з княжной Вольгай, бацька Ягайлы, князь крэўскі (княства атрымаў ад бацькі) і віцебскі, заснавальнік вялікакняскай дынастыі Альгердавічаў. Вялікі князь літоўскі ў 1345 – 1377 гадах. Існуе меркаванне, што Альгерд і Кейстут кіравалі ў Княстве сумесна, Кейстут – на заходніх літоўскіх і беларускіх землях: Жамойць, Трокі, гарадзенская і берасцейская землі. Пры ім тэрыторыя Княства павялічылася ўдвая, а беларускія землі занялі цэнтральнае месца.
Многія расійскія даследчыкі лічаць, што пасля перамогі над татарамі Альгерд набыў значны аўтарытэт як змагар супраць Залатой Арды і стаў сур’ёзным прэтэндэнтам на лідэрства ў ажыццяўленні ідэі агульнарускага адзінства, аб’яднання рускіх зямель вакол Вялікага княства Літоўскага. Некаторыя нават аналізуюць “агульнарускую праграму” Альгерда ў гэтым аб’яднальніцкім накірунку.
Ад двух жонак – дачкі апошняга віцебскага князя з роду Рурыкавічаў Яраслава Васількавіча Марыі (шлюб адбыўся ў 1318,) і Улляны – дачкі цвярскога князя Міхаіла Аляксандравіча (шлюб у 1350, праз гэта ён парадніўся з вялікім князем маскоўскім Сямёнам Гордым, бо Улляна была сястрой Сямёнавай жонкі) меў 12 сыноў і 9 дачок.
Вялікімі князямі былі Ягайла і Свідрыгайла. Усе сыны захоўвалі праваслаўе, таму мелі і імя па бацьку – Альгердавічы. У 1386 годзе (пасля Крэўскай уніі) разам з Ягайлам некаторыя прынялі каталіцтва. Ёсць меркаванне, што Альгерд, які прадчуваў свой зыход, запрасіў святара замкавай царквы і ахрысціўся па ўсходняму абраду. Акрамя таго, са згоды жонкі Улляны цела яго было спалена на кастры ў Мейшагодзе ля Вільні, а попел пахаваны ў царкве.
Вітаўт Вялікі, Віганд, Вітольд, Аляксандр (1350, нарадзіўся ў Старых Троках – 27.10.1430) – вялікі князь літоўскі з 1392 года. Сын Кейстута і Біруты – дачкі баярына Відмунша, язычніцкай вайдэлоткі з капішча Перуна, стрыечны брат Ягайлы. Капішча – месца, дзе язычнікі ўшаноўвалі сваіх багоў і прыносілі ім ахвяры, размяшчалася звычайна на ўзвышшы, на берагах рэк і азёр. Біруту Кейстут выкраў з капішча і зрабіў сваёй жонкай. У 24 гады Вітаўт ажаніўся першы раз – з Марыяй-Апраксіяй. Каля 1377 года ажаніўся другі раз – з Ганнай, дачкой смаленскага князя Святаслава Іванавіча, якая была сястрой Агрыпіны – жонкі Івана Альгімонтавіча Гальшанскага, дзеда каралевы Соф’і. У 1418 годзе, адразу ж пасля смерці Ганны (1 жніўня), ажаніўся на гальшанскай князёўне Улляне (19 лістапада), Соф’інай цётцы. Яна была ўдавой пасля князя Карачэўскага. 21 кастрычніка 1383 года, пасля ўцёкаў да крыжакоў, першы раз ахрысціўся па рымска-каталіцкаму абраду і ўзяў імя Віганд. У 1384 годзе, пасля вяртання ад крыжакоў, вярнуўся ў праваслаўе, атрымаў імя Аляксандр. Трэці раз прыняў каталіцтва разам з Ягайлам і ягонай дружынай у Кракаве ў 1385 годзе, але захаваў імя Аляксандр. Пад уплывам Улляны пабудаваў на азёрным востраве ля Трокаў царкву святога Георгія, а на беразе – манастыр з царквою Нараджэння Багародзіцы.
Меў высокі аўтарытэт у Княстве, Польшчы і іншых гаспадарствах Еўропы. Ведаў некалькі моваў. Пры ім Княства дасягнула значнай славы, пашырылася тэрытарыяльна. Мікола Гусоўскі ў сваёй паэме “Песня пра зубра” шмат узнёслых слоў прысвяціў гэтай выбітнай постаці, называў яго, як і сучаснікі вялікага князя, Вітаўтам Вялікім. Вітаўт пашырыў тэрыторыю Княства ажно да Чорнага мора, далучыў да яго Смаленск, Вярхоўскія княствы (землі ў вярхоўях Акі), Пскоў, Вязьму, Казельск, васльную залежнасць ад яго прызналі цвярскі і разанскі князі. Збудаваў замкі ў Троках, Вільні, Гародні і іншых местах.
Гісторыкі лічаць, што пасля знакамітай перамогі на Грунвальдскім полі Вітаўт значна ўмацаваў свае пазіцыі незалежнага кіраўніка і аб’яднальніка рускіх зямель вакол Вільні, меў на гэты конт свой план, які працягваў аб’яднаўчыя ідэі і намеры Альгерда. У 1391 годзе выдаў сваю дачку Соф’ю за вялікага князя маскоўскага Васіля І Дзмітравіча, які таксама меў намер стаць на чале аб’яднання рускіх зямель.
Пасля смерці пахаваны праз 8 дзён у Віленскім кафедральным касцёле побач з жонкай Ганнай. Польская каралева Бона Сфорца ў адзнаку заслуг Вітаўта Вялікага паставіла яму надмагільны помнік з бюстам “вялікага мужа” Княства.
Гальшанскія – старадаўні княскі род герба Гіпацэнтаўр. Паходжанне звязваюць з дынастыяй Кітаўрасаў, якая панавала ў Літве да Віценя і Гедыміна. Гальшанскі замак, што на Ашмяншчыне, быў іхнім радавым гняздом. Згодна з легендай Гальшаны заснаваў сын князя Рамана (Рамунта) Гольша (Гальшан). А сынам Гольшы быў Альгімонт, таму ўсе гальшанскія князі называліся Альгімонтавічамі. Першы вядомы прадстаўнік роду кіеўскі намеснік Іван Альгімонтавіч (1379–1401), жанаты з Агрыпінай – смаленскай князёўнай, сястра якой Ганна была жонкай Вітаўта Вялікага. Іван спрыяў Вітаўту ў барацьбе за вялікакняскі пасад, разам з ім двойчы ўцякаў да крыжакоў, падпісаў прысягу Вітаўта Ордэну (19 студзеня 1390), на чале пасольства адвозіў восенню 1390 года ў Маскву дачку Вітаўта Соф’ю, якая стала жонкай вялікага князя маскоўскага Васіля І.
Сын Івана Альгімонтавіча Андрэй Вязынскі (1365? – 1410) быў жанаты на друцкай князёўне Аляксандры Дзмітраўне. У іх было тры дачкі:
Васіліса (Васа), у лютым 1422 года, перад шлюбам Соф’і і Ягайлы, яе аддалі за князя Івана Уладзіміравіча Бельскага. Іхнюю першую дачку Ганну Бельскую кароль польскі Казімір выдаў у 1448 годзе за Пяста Баляслава ІІІ – цешынскага князя. Другая дачка Таццяна Гальшанская была першай жонкай Канстанціна Іванавіча Астрожскага. Пасля смерці Івана Бельскага Васіліса выйшла за кузэна князя Міхаіла Сямёнавіча, які разам з жонкай уфундаваў у Бельску Падляшскім царкву. Калі памёр Міхаіл, Васа, верагодна, узяла прозвішча Бельскіх, валодала Смальнянамі, памерла напярэдадні 1484 года, пахавана ў Бельскай царкве.
Соф’я (каля 1405 – 21.9.1461) у 1422 годзе стала жонкай Ягайлы і каралевай польскай, шлюб адбыўся 24 лютага 1422 года ў Новагародку.
Марыя выйшла замуж за сына малдаўскага гаспадара Эліяша, які пасля смерці бацькі атрымаў уладу.
Пасля смерці ў 1410 годзе мужа – гальшанскага князя Андрэя Вязынскага Аляксандра Дзмітраўна Друцкая (1380? – 1426) перабралася з дочкамі з Гальшан у Друцк да свайго брата Сямёна Друцкага, у якога было шасцёра сваіх сыноў.
Дачка Івана Альгімонтавіча Улляна была спачатку жонкай князя І. Карачэўскага, а пасля смерці мужа – жонкай Вітаўта Вялікага, шлюб адбыўся ў Гародні 1 лістапада 1418 года. Ёсць меркаванні, што Вітаўт забіў князя Карачэўскага, каб узяць за жонку Улляну. Ёй 1 красавіка 1428 года Вітаўт адпісаў у пасаг Новагародак з ваколіцамі, а калі паміраў, даручыў апеку над ёй каралю Ягайлу-Уладзіславу. Памерла каля 1448 года, мела 70 гадоў, пахавана ў Вільні, у касцёле святой Ганны.
Сын Аляксандра Гальшанскага Павел вучыўся ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, пасля ў Рыме, меў схільнасці да філасофіі. Добра ведаў літаратуру, сабраў багатую бібліятэку. Быў выхавацелем будучага вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста. Стаў старастам пінскім, пралатам-архідыяканам касцёла святога Станіслава ў Вільні, епіскапам віленскім. Да ліку святых залічана Юліянія, дачка Юрыя Сямёнавіча. Яна памерла ў 16 гадоў і пахавана ў Кіева-Пячорскай лаўры, якую падтрымлівалі многія з роду Гальшанскіх.
У выніку перакрыжаваных шлюбаў прадстаўнікі роду Гальшанскіх парадніліся з іншымі знакамітымі родамі – Астрожскімі, Гаштольдамі, Сапегамі, Храптовічамі, а адна з сясцёр апошняга князя Гальшанскага Марыя ў трэцім шлюбаванні была жонкай Андрэя Курбскага.
Друцкія – старажытны княскі род крыўскага паходжання герба Друцк. Згодна з некаторымі меркаваннямі, паходзіць ад Усяслава Чарадзея. Сын полацкага князя Барыса Усяславіча князь Рагвалод пасля паразы ў змаганні за полацкі пасад (1161) завалодаў Друцкім княствам. Прадстаўнікі роду займалі высокія пасады ў Княстве, былі буйнымі землеўласнікамі. У ХІV стагоддзі род падзяліўся на дзве лініі: прадстаўнікі старэйшай, што паходзіла ад князя Васіля Міхайлавіча, у пачатку ХVІ стагоддзя выехалі ў Маскву, малодшая лінія пайшла ад князя Сямёна Міхайлавіча і засталася ў Княстве, падзялілася на некалькі галін.
Друцкія праз Аляксандру Дзмітраўну (1380? – 1426) – сястру Сямёна Дзмітравіча, якая стала жонкай Андрэя Іванавіча Гальшанскага, парадніліся з гэтым вядомым княскім родам. Іхняя дачка Соф’я Гальшанская 24 лютага 1422 года стала жонкай Ягайлы і каралевай польскай. У Сямёна Дзмітравіча пасля смерці ў 1410 годзе Андрэя Вязынскага выхоўваліся дочкі роднай сястры Аляксандры Гальшанскай Васіліса, Соф’я, Марыя. Выхоўваліся разам з яго сынамі, якіх было шасцёра: Іван Баба, Іван Пуцята, Рыгор, Дзмітрый Сякіра, Міхаіл Лобан, Васіль Красны.
Кейстут (1297 – 15.8.1382) – сын Гедыміна ад другой жонкі смаленскай княжны Вольгі Усеваладаўны, брат Альгерда, бацька Вітаўта, дзядзька Ягайлы. Князь трокскі і жамойцкі, вялікі князь літоўскі (1381–1382, у 1345–1377 адначасова з Альгердам), уладарыў у заходняй частцы Княства. Тут былі найбольш частыя сутычкі з крыжакамі. У 1370 годзе разам з Альгердам атрымаў перамогу над Тэўтонскім ордэнам каля Рудава, што пад Кёнігсбергам (Калінінград). Меў рэзідэнцыю ў Троках. Пасля паспяховага адлучэння ад гаспадарання свайго малодшага брата Яўнута паспрыяў старэйшаму брату Альгерду заняць вялікакняскі пасад. У 1381 годзе выступіў супраць Ягайлы, захапіў Вільню і стаў гаспадаром Вялікага княства Літоўскага. Той у чэрвені 1382 года адваяваў Вільню, захапіў Кейстута, зрабіў вязнем Крэўскага замка, дзе ў Княскай вежы Ягайлаў дзядзька 15 жніўня 1382 года быў задушаны. Разам з гэтым згінулі надзеі жамойцкай знаці стаць вядучай сілай у Княстве. Ягайла загадаў спаліць ягонае цела па язычніцкаму звычаю з усімі высокімі ўшанаваннямі на галоўным капішчы Свінтарога ў Вільні.
Сваю другую жонку Біруту Кейстут выкраў з літоўскага капішча, дзе яна была жрыцай-вайдэлоткай, мусіла сцерагчы святы агонь – Зніч. Бірута стала маці Вітаўта. Да гэтай пары ў Паланзе знаходзіцца гара Біруты, дзе яна была пахавана. Гара з’яўляецца месцам культу Біруты.
Кейстутавічы – княскі род у Вялікім княстве Літоўскім у ХІV – ХV стагоддзях. Паходзіць ад сына вялікага князя літоўскага Гедыміна вялікага князя Кейстута, у якога было 6 сыноў. Вітаўт і Жыгімонт сталі вялікімі князямі літоўскімі. У 1452 годзе памёр апошні з роду – Міхаіл Жыгімонтавіч, у якога не засталося нашчадкаў.
Святарог, Швінтарог – літоўскі князь канца ХІІІ стагоддзя, у 1272 годзе непадалёк ад упадзення Віленкі ў р. Вілія збудаваў святыню – капішча Перуна і побач вызначыў месца для спальвання па язычніцкіх звычаях памерлых князёў. У 1387 годзе Ягайла разбурыў капішча і збудаваў на яго месцы Віленскі кафедральны касцёл святога Станіслава.