Чаму ж узнікла патрэба запрасіць літвіна, “дзікага” язычніка, як лічылі некаторыя еўрапейскія Ягайлавы незычліўцы, на вышэйшы польскі пасад?
Найперш, з-за палітычных матываў, звязаных з неабходнасцю ўмацавання польскай дзяржавы і надзейнай абароны яе ад крыжацкіх набегаў. Але існавала і іншая патрэба. У 1382 годзе памёр польскі кароль Людвік І Вялікі, альбо Людвік Венгерскі, які быў і каралём Венгерскага каралеўства Лайашам Вялікім.
У жніўні 1383 года з’езд польскай шляхты вырашыў аддаць карону адзінаццацігадовай дачцы караля Ядвізе. Гэта была цікавая і неардынарная асоба. З дзяцінства яна захаплялася музыкай, мастацтвам, навукай. Ведала пяць моў. Пакуль бацька быў на троне, жыла ў Венгрыі і толькі ў 10-гадовым узросце прыехала ў Польшчу. 16 кастрычніка 1384 года ў Вавельскім кафедральным касцёле Ядвіга была каранавана на караля Польшчы. Як сведчаць польскія гісторыкі, менавіта так і называлася гэтае дзяўчо – кароль польскі. Значна пазней за вялікую самаахвярную дзейнасць на карысць Польшчы і касцёла Ядвіга ў 1997 годзе была кананізавана, залічана да ліку святых.
Аднак, вядома, кіраваць дзяржавай у адзінаццаць гадоў цяжкавата. Таму з улікам палітычных абставін палякі скіравалі позіркі да асобы вялікага князя літоўскага Ягайлы, які з 1377 года стаяў на чале магутнага Княства. Польскія гісторыкі адзначаюць, што ягоны бацька вялікі князь Альгерд здолеў стварыць “найбольшую ў Еўропе” дзяржаву. Яна займала каля 900000 квадратных кіламетраў, у ёй жыло каля 2 мільёнаў чалавек – вялікая па тым часе лічба. З такой магутнасцю было выгадна паяднацца. Таму вёўся пошук розных шляхоў. У тым ліку і сямейных повязяў.
А каб не адхіляць ад улады маладую каралеву, вырашылі падшукаць ёй вартага жаніха. Ягайла быў на першым месцы. Але патрэбна было здабыць згоду маці Ядвігі – каралевы Эльжбеты. У Венгрыю “ў разведку” была выслана дэлегацыя ў складзе вядомых асоб з Кракава і Вільні. Эльжбета перадала права вырашэння пытання польскім панам. Аднак Ядвіга не згаджалася на такі шлюб, упарцілася. Як гэта яна, такая маладзенькая, добра выкшталцоная і, як лічылі, самая прыгожая ў свеце, пойдзе замуж за 34-гадовага “паганскага варвара”, які, кажуць, непісьменны зусім. Каралева ж пераўзыходзіла будучага мужа не толькі дасведчанасцю, прыгажосцю, але і сваім ростам – мела каля 180 сантыметраў. Недаверлівая Ядвіга нават падаслала да Ягайлы свайго чалавека, каб той спраўдзіў, ці такі ж самы гэты язычнік, як усе мужчыны. Добра прыняты Ягайлам, які раскусіў хітрыкі, віжовец той расказаў Ядзвізе пра Ягайлу толькі добрае.
А польская шляхта не драмала. Прадстаўнікі яе разам з венгерскімі дэлегатамі накіраваліся ў Крэва. Тут 14 жніўня 1385 года адбыліся перамовы. Быў падпісаны акт, які назвалі Крэўскай уніяй.
Крэўская унія, 14 жніўня 1385 года
“Мы, Ягайла, з Божае ласкі вялікі князь літоўскі, Русі гаспадар і дзедзіч спадчынны, падаём да ведама ўсіх, каго гэта датычыць, і тым, якія ліст гэты бачыць будуць, тое, пра што нам паведамілі ад найяснейшай пані з Божае ласкі каралевы венгрскай, польскай, далмацкай etc., шаноўныя і шляхетныя мужы: Стэфан, пробашч Ханадыенскі, Уладзіслаў, сын Какаса дэ Каза, кашталян з Патока, Уладка, падчашы Кракаўскі, Мікалай, кашталян Завіхойскі, і Крыстын, дзяржаўца Казімірскі. Найперш паведамілі, як дастойны князь Ягайла, вялікі князь літоўскі etc., выправіў урачыстае пасольства да паноў зямян польскіх, а пасля і да яе каралеўскай вялікасці. Тыя ж, хто быў высланы да найяснейшай каралевы, узялі з сабой лісты даверчыя ад пасла дастойнага, найвялікага і найзнакамітага, а менавіта ад яго высокасці Скіргайлы, брата пана вялікага князя Ягайлы, які з-за пэўных прычын не мог прыбыць асабіста да найяснейшай каралевы. Паслы ж ягоныя, князь Барыс і стараста віленскі Ганка, той жа пані каралеве венгерскай такім чынам справу выкладаючы казалі: Многія імператары, каралі і князі розныя дамагаліся, жадалі і радыя былі з тым жа вялікім князем літоўскім увайсці ў вечныя стасункі параднення, ды Бог усёмагутны захаваў гэта для асобы найяснейшай каралевы. Таму, найяснейшая княгіня, няхай высокасць ваша прыме да збаўчага саюзу таго ж пана вялікага князя Ягайлу як сына, а найяснейшую княгіню Ядвігу, дачку вашу найдарожшую, каралеву Польшчы, няхай пашлюбіць ён законна за сваю жонку. Мяркуем, што з таго вынікла б хвала Богу, збавенне душам, пашана людзям і памнажэнне каралеўству. Як толькі тое, што абяцана, дойдзе да прадбачанага здзяйснення, адразу ж пан вялікі князь Ягайла з усімі сваімі яшчэ не ахрышчанымі братамі, крэўнымі, са шляхтай, зямянамі, большымі і меншымі, што жывуць на ягоных землях, гатовы, хоча і жадае веру каталіцкую святога рымскага Касцёла прыняць. Як ні дамагаліся гэтага шмат якія імператары і розныя князі, ды не здолелі аж да гэтага часу згоды яго атрымаць, бо сапраўды гонар гэты Бог усёмагутны захаваў для самой яе каралеўскай высокасці. Для замацавання гэтай справы, для яе несумненнасці і моцы той жа вялікі князь Ягайла абяцае ўвесь свой скарб сабраць і выкарыстаць для вяртання страт абодвух гаспадарстваў, як Польшчы так і Літвы, і толькі тады гэта зробіць, калі гаспадыня Венгрыі дачку сваю Ядвігу, каралевай польскай названую, шлюбам сямейным злучыць. Акрамя таго, абяцае той жа вялікі князь Ягайла, што гатовы ўрэгуляваць грашовую дамову, заключаную паміж паняй каралевай венгерскай з аднаго боку і князем аўстрыйскім з другога, а менавіта выплаціць двойчы сто тысяч фларэнаў. Таксама той жа вялікі князь Ягайла абяцае і абавязуецца ўсе адабраныя землі і страты Каралеўства Польскага, чыімі б ні было рукамі зробленыя, вярнуць уласным коштам і стараннямі. Таксама той жа вялікі князь Ягайла абяцае ўсім хрысціянам, у першую чаргу людзям абодвага полу, забраным у краі польскім і звычаем ваенным захопленым, вярнуць першасную вольнасць так, каб кожны з іх, без увагі на пол, мог падацца, куды яму захочацца, згодна з уласным жаданнем. Нарэшце, названы тут князь Ягайла таксама абяцае землі свае літоўскія і рускія на вечныя часы з каронай Каралеўства Польскага з'яднаць.
А мы, вышэйназваны вялікі князь літоўскі Ягайла і паслы, пра якіх была мова, абяцанні і згоды, дадзеныя польскім панам ад нашага імя згаданым Скіргайлам, нашым улюбёным братам, а таксама абяцанні, выказаныя найяснейшай каралеве Эльжбеце праз высланых ад таго ж брата нашага паўнамоцнікаў, у прысутнасці паслоў пані каралевы венгерскіх, так і польскіх, да нас прысланых, пацвярджаем разам з братамі нашымі, князямі літоўскімі Скіргайлам, Карыбутам, Вітаўтам, Лінгвенам, а таксама ад імя іншых братоў нашых, прысутных і не прысутных, лічым прыймальным ратыфікаваць і сцвердзіць пячаткамі нашай і прысутных братоў нашых вышэйзгаданых.
Дадзены ў Крэве, у панядзелак, напярэдадні Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны слаўнай году Гасподняга 1385”.
Арыгінал гэтага акта, напісанага на латыні на пергаменце, захоўваўся ў Архіве Кракаўскай капітулы пад №186. Ён меў пячаткі, на пасках з пергаменту прывешаныя, сярод якіх у 1817 годзе заставаліся тры: Вітаўта, Карыбута і Лінгвена. Пазней і гэтыя пячаткі зніклі.
Акт то падпісалі, Ядвігу за жонку паабяцалі. Аднак узнікла іншая замінка. Бо Ядвіга яшчэ ў 1378 годзе, у свае 4 гады, была заручана з аўстрыйскім князем Вільгельмам Габсбургам. Дык вось, даведаўшыся пра задуму шляхты ажаніць Ягайлу з Ядвігай, малады князь пачаў актыўна дзейнічаць.15-гадовы “муж” каралевы летам 1385 года прыехаў у Кракаў, каб канчаткова аформіць шлюбныя справы і прад’явіць сваё права на карону.
Але гэта не ўваходзіла ў планы большасці польскай шляхты і вяльмож. Яны не хацелі паддавацца аўстрыйскаму ўплыву. Таму зноў накіравалі пасольства ў Вялікае княства. Ягайла сустрэўся з ім у Ваўкавыску 11 студзеня 1386 года. Пасланцы пацвердзілі свае прапановы. Гэты дакумент мае цікавасць з многіх пунктаў гледжання, таму прывядзём яго цалкам.
“Мы, Уладка, люблінскі стараста, Пётр Шафранец, – кракаўскі падстолі, Мікалай – завіхосцкі кашталян і Хрысцін, казімірскі гаспадар, – аб’яўляем да ўсеагульнага ведама, што ў пятніцу перад актаваю трох каралёў, 1386 года, прыбылі мы да непераможнага князя Ягайлы, міласцю Божай вялікага князя Літоўскага, гаспадара Русі, – з пасольствам ад шляхты і вяльмож польскіх, як вышэйшых, так і ніжэйшых, і наогул ад усяго народа каралеўства Польскага, з даверчымі граматамі святлейшага князя Уладзіслава, той жа самай міласцю Божай гаспадара Апольскай зямлі, а таксама згаданых вышэй вяльмож каралеўства. Моцай вось гэтых грамат ад імя тых жа вяльмож згадзіліся мы дамоўна са згаданым вялікім князем Ягайлам і канчаткова пастанавілі, што выбіраем і бяром яго за гаспадара і за караля таго ж каралеўства, г.зн. Польшчы, і зацвярджаем за ім, даём і пераказваем Ядвігу, народжаную каралеву польскую, для заключэння з ім вянчаннем законнага шлюбу. Гэтай вось нашай пастановай і дамоўна даём клятву і абяцаем, згодна з даручаным нам пасольствам ад усіх жыхароў Польскай кароны, непарушную моц, уладу і захаванне. Акрамя таго, мы дамовіліся і пастанавілі з тым жа вышэйшым князем Ягайлам, ад імя згаданых жыхароў, правесці ўсеагульны з’езд у Любліне, у дзень ачышчэння прасвятой Багародзіцы (2-га лютага), які мае хутка надысці. На гэты з’езд той жа князь Ягайла можа з’явіцца спакойна і бяспечна, разам са сваімі братамі і падданымі рознага стану. І будзе яму таксама дазволена выслаць у той час з поўнай бяспекай сваё пасольства, альбо ж паслоў сваіх ва ўсе памежныя месцы каралеўства Польскага, дзеля свабоднага заканчэння яго спраў. А мы, вышэйзгаданая шляхта, абяцаем гонарам і нашай добрай славай, ад імя ўсіх падданых каралеўства Польскага, вышэйшаму князю Ягайлу, таксама ўсім яго братам і людзям, якія маюць быць на вышэйзгаданым з’ездзе, а таксама яго паслам, якія будуць праязджаць праз Польскую зямлю перад Люблінскім з’ездам, альбо тым, што жывуць там пастаянна – усялякую бяспеку і ўсялякую свабоду рабіць і здзяйсняць, што ім будзе патрэбна. У сведчанне ж і дакладнасць гэтага, загадалі мы да гэтай граматы прывесіць нашы пячаткі. Адбылося і выдадзена ў Ваўкавыску, год і дзень, як сказана вышэй”.
Як бачым, польскі бок дае высокую ацэнку вялікаму князю літоўскаму, нават моцна нахвальвае, каб закрануць яго самалюбства і тым самым схіліць да прыняцця станоўчага рашэння. Палякам патрэбен быў сапраўдны гаспадар і кіраўнік дзяржавы, надзейны абаронца ад знешніх ворагаў. Ягайла імпанаваў ім ва ўсіх адносінах. Таму і намагаліся ўгаварыць яго, нават насуперак думцы Ядвігі, дамаганням Вільгельма. Бясспрэчна, што ў самім факце запросін гаспадара Вялікага княства Літоўскага на польскі каралеўскі пасад прысутнічае і ацэнка ролі Княства ў тагачаснай еўрапейскай гісторыі.
Пасля сустрэчы ў Ваўкавыску польскія паслы запрасілі Ягайлу і вышэйшых асоб Княства на ўрачысты сейм у Люблін. Тут Ягайлу абралі каралём. А 12 лютага, у панядзелак, ён прыбыў у польскую сталіцу Кракаў, які з 1320 года з’яўляўся месцам каранацыі польскіх каралёў. Як сведчаць летапісцы, “з тых пор, як Кракаў стаў Кракавам, не было яшчэ гэткай вялікай, гэткай напоўненай важнымі паследкамі, урачыстасці… Каронныя вяльможы вядуць свайго выбранніка сярод грому трубаў і воклічаў народа ў замак, у каралеўскія палаты, да Ядвігі. Маладая каралева ў кароне… прымае прывітанне Ягайлы”.
Назаўтра “літоўскія князі Вітолд, Свідрыгайла і Барыс паднеслі Ядвізе ад імя яе будучага мужа каштоўныя падарункі срэбрам, золатам, каштоўнымі камянямі і матэрыяй з далёкіх краін”. А ў чацвер, 15 лютага, у Вавельскім кафедральным касцёле Ягайла прыняў хрышчэнне разам з братамі і баярамі. Вялікі князь атрымаў імя Уладзіслаў, яго родныя браты Вігунд, Карыгайла і Свідрыгайла сталі называцца Казімірам і Баляславам, а стрыечны брат Вітаўт – Аляксандрам.
18 лютага 1386 года, акурат у дзень нараджэння Ядвігі, якой споўнілася 12 гадоў, у галоўнай польскай “катэдры” адбыўся ўрачысты шлюб. Гэта быў саюз не толькі дзвюх цікавых і моцных асобаў, але і саюз Польшчы з Вялікім княствам Літоўскім, які доўжыўся ажно чатыры стагоддзі.
А былому жаніху Ядвігі аўстрыйскаму князю Вільгельму кароль выплаціў 200000 чырвонцаў няўстойкі. Ды не выкуп цешыў маладога амбітнага князя. Ён прагнуў атрымаць не толькі прыгожую жонку. Праз усё жыццё спадзяваўся на польскую карону. Што толькі не рабіў дзеля гэтага, нават да крыжакоў не раз звяртаўся, але безвынікова. Не атрымаў ні Ядвігі, ні кароны. Аднак цягам усяго свайго жыцця захоўваў памяць пра першыя заручыны і сваё першае каханне – Ядвігу.
Жыццё ж ішло сваім парадкам. У нядзелю 4 сакавіка 1386 года Ягайла быў каранаваны і стаў каралём польскім Уладзіславам ІІ, заснавальнікам знанай еўрапейскай дынастыі Ягелонаў.
На трэці дзень пасля каранацыі ў кракаўскім замку пачаліся пышныя вясельныя ўрачыстасці, якія доўжыліся некалькі дзён пры вялікай колькасці гасцей.