ПАД ЗНАКАМ КРЭЎСКАЙ УНІІ


Крэўская унія 1385 года ўмацавала змагароў супраць нямецкай агрэсіі, аб’яднала іхнія сілы. Тэўтонскі ордэн, створаны як каталіцкая рыцарска-манаская арганізацыя і дзяржава ў 1198—1199 гадах, вёў войны з Вялікім княствам з 1283 года да пачатку ХV стагоддзя. Баявыя дзеянні працягваліся практычна бесперапынна. Толькі з 1325 па 1386 год Ордэн каля 100 разоў нападаў на тэрыторыю Вялікага княства. Калі не ўдаваліся значныя аперацыі, назойлівыя крыжакі рады былі захапіць няхай сабе замак, паселішча, умацаванне – хоць што, абы можна было рабаваць тутэйшае насельніцтва. І хоць рэлігійныя падставы для набегаў на Вялікае княства пасля Крэўскай уніі зніклі, бо літоўскі народ быў ужо ахрышчаны, ды крыжацкія войны не спыніліся. Крыжаносцы так расперазаліся, што безупынку нападалі на славянскія землі.

Часам, як вядома, гэтаму спрыялі і самі князі, калі вялі міжусобныя сутычкі за вялікакняскі пасад. Да крыжакоў звярталіся і Ягайла, пакуль не стаў вялікім князем, і Кейстут, і Вітаўт. Дастаткова згадаць, што пасля ўцёкаў Вітаўта ў Ордэн толькі значныя паходы крыжакоў на беларускія землі адбываліся ў 1390, 1391, 1392, 1394 гадах. З дапамогай іх Вітаўт спадзяваўся атрымаць вялікакняскі пасад. Аднак ён не быў да канца шчыры з крыжакамі, вёў двайную гульню. Ды лёс бацькаўшчыны ўсё ж пераважыў. За чарговую здраду Ордэн жорстка адпомсціў Вітаўту: крыжакі атруцілі двух ягоных малых дзяцей-заложнікаў. Пазней на гэткую ж ролю крыжакоў у сваіх памкненнях на вялікакняскі пасад спадзяваўся князь Свідрыгайла.

Аднак пасля Крэўскай уніі ў народаў Усходняй Еўропы з’явілася надзея на перамогу над Ордэнам. Гэты спадзеў апраўдалі Вітаўт Вялікі і Ягайла. Іхняе аб’яднанае войска 15 ліпеня 1410 года пераможна завяршыла знаную Грунвальдскую бітву – пактычна бітву народаў. Пасля гэтага больш як 500 гадоў узброеныя германцы не ступалі на беларускія землі.

Такім чынам Крэўскі замак сцвердзіў сваю вызначальную ролю ў лёсе народаў не толькі Вялікага княства і Кароны, а і Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Ды далейшы лёс самога замка аказаўся незайздросны. Пасля страты абарончага значэння ён заставаўся яшчэ надзейным жытлом для многіх знаных асоб. Аднак разбурэнне гэтай манументальнай сярэднявечнай крэпасці дакончыла Першая сусветная вайна. Больш як 3 гады Крэва знаходзілася на лініі фронту. У замку гаспадарылі немцы. Ад ваенных дзеянняў моцна пацярпела знакамітая Княская вежа, сам замак. З ягоных сцен, вежаў і пакояў зніклі нават прывіды. А што не здолелі войны, тое дарабілі людзі і час.

Таленавіты творца і няўмольны знішчальнік час сваімі нястомнымі жорнамі перамалоў і ледавіковыя валуны ў сценах Крэўскага замка, і самі легендарныя сцены. Руіны замка сёння нагадваюць разбуранае гняздо былой крывіцкай славы. Калі прыслухацца, яны шмат могуць расказаць пра дзеі даўно мінулыя, пра мужнасць і адвагу нашых продкаў, пра мудрасць, жорсткасць і хітрасць валадароў. А маладыя рабінкі, што растуць на замкавых сценах, сваім шапаткім лісцям распавядаюць усім цікаўным пра даўнейшае жыццё і пра дзеі дзён даўно мінулых. Восенню іхнія чырвоныя гронкі здаюцца кроплямі гарачай крыві, што пралілі многія пакаленні беларусаў у няспыннай і нястомнай барацьбе за сваю волю і свабоду.

Гэта наша з табой гісторыя. Адмаўляца ад яе не выпадае. Яе трэба ведаць, каб лепш і глыбей спазнаць сябе, свой род, свой беларускі радавод.

Загрузка...