ВАРОЖЫ “ПАТОП”


Як ужо згадвалася, было шмат ахвотнікаў заваяваць Крэва і сярод іншаземных захопнікаў. На самым пачатку ХVІ стагоддзя каля яго некалькі разоў стаялі аблогай перакопскія татары. Замак быў пашкоджаны. У 1519 годзе Крэва захапілі маскоўскія войскі. Вялікую і непапраўную шкоду прынеслі крэўскай зямлі руска-польская вайна 1654 – 1667 гадоў і Паўночная вайна 1700 – 1721 гадоў. Рускі цар Аляксей Міхайлавіч сам камандаваў войскам, якое рухалася на Вільню. 24 ліпеня 1655 года ягоная стаўка прыбыла ў Смаргонь. За час руска-польскай вайны напалову скарацілася колькасць смаргонскіх жыхароў, а некаторыя пасяленні зніклі наогул.

Падчас Паўночнай вайны 1655 – 1660 гадоў, якую назвалі сапраўдным шведскім “патопам” найперш на землі Каралеўства Польскага, што пасля Люблінскай уніі 1569 года знаходзілася ў адзінай дзяржаве з Вялікім княствам Літоўскім, шмат гора абрынулася на Польшчу, яна была акупавана шведамі. Вядомы польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч у 1884 – 1886 гадах нават раман пра тое напісаў, які так і называецца – “Патоп”.

А пасля пачалася не менш жорсткая і разбуральная ўжо для зямель Вялікага княства Літоўскага другая Паўночная вайна 1700 – 1721 гадоў. У пачатку 1702 года шведскія войскі ўступілі на польскія землі. Неўзабаве (у красавіку) былі заняты Вільня і Гародня (горад вызвалены рускімі войскамі ў верасні 1705 года), праз месяц – Варшава. У першай палове 1706 года захопнікі пусцілі з дымам Мір і Карэлічы, захапілі Нясвіж, Ляхавічы, разрабавалі Клецк, Новагародак, Слонім і іншыя гарады. Не абмінула вайна і смаргонскія землі. Яны напоўніцу зведалі жорсткасць шведскага караля Карла ХІІ, для якога Смаргонь у лютым 1708 годзе стала галоўнай гасподай. Сюды да яго прыязджаў польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі.

Але гэтыя паходы не былі апошнімі. Шведскую жорсткасць зведалі і былі захоплены Мінск, Магілёў. Шведскі патоп прынёс вялікае гора беларускім землям. Напалову скарацілася тутэйшае насельніцтва (з 2,2 мільёна да 1,5 мільёна, значыць, загінуў практычна кожны трэці жыхар беларускай зямлі), многія паселішчы зніклі з твару зямлі наогул. Мы ведаем пра гэткія жудасці з часу Вялікай Айчыннай вайны. Аказваецца, падобныя старонкі вынішчэння беларусаў у гісторыі былі неаднаразова.

Не пазбегла рабавання і Крэва. Амаль цэлае стагоддзе пасля разбурэння яго ў 1667 годзе аб Крэўскім замку не было ніякіх згадак. Аднак настойлівыя і працавітыя крывічы не скарыліся лёсу. І ўжо ў 1743 годзе Крэва зноў з’яўляецца на гістарычным небасхіле. Яно згадваецца ў сувязі з устаноўкай у мясцовым касцёле звона – значыць, жыццё людзей уваходзіла ў звыклую каляіну. Так паступова, крок за крокам нашы далёкія продкі ліквідоўвалі жудасныя вынікі “патопу”, адбудоўвалі свае гарады, вёскі, замкі, адраджалі мірнае жыццё, аднаўлялі былую магутнасць дзяржавы.

Ды не толькі касцельны звон сведчыў пра адраджэнне тутэйшай зямлі і Крэўскага староства. Гэта пацвярджала размаітае жыццё сялян і месцічаў, развіццё гандлю. Бо вядома, што пасля шведскага “патопу” значна змяніўся нацыянальны склад беларускіх зямель. У Крэве пасялілася шмат яўрэяў, якія і стварылі яму гандлёвую славу. Існаваў нават Крэўскі гандлёвы шлях, што сведчыла аб тагачаснай значнасці гэтага крывіцкага горада.

Важная роля Крэва ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага вызначалася і тым, што яно мела магдэбургскае права (атрымала яго 7 красавіка 1559 года). Гэты прывілей на самакіраванне, які дапаўняўся судовым імунітэтам, падатковымі льготамі, правам валодання зямлёй, вызваленнем ад воінскай павіннасці, мелі не ўсе беларускія гарады. Згодна з магдэбургскім правам, перасяленне чалавека ў горад рабіла яго вольным ад прыгнёту. Разам з гэтым правам уводзіліся і неабходныя атрыбуты самакіравання – герб горада, пячатка, ратуша. Ратушу Крэва размясцілі ў адной з замкавых пабудоў. І толькі пасля 1795 года, калі ўсе беларускія землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, калі перастала існаваць Вялікае княства Літоўскае, Крэва ператварылася ў звычайнае мястэчка. Страціла яно і магдэбургскае права, бо ў Расіі яго не існавала. Знікла патрэба ў ратушы.

Загрузка...