ШЭРШЭ ЛЯ ФАМ?

Пытанне, якое задала мне суседка, у Шклове ўзнікала часта. А цяпер — і на больш шырокай прасторы. Аўтара гэтых радкоў можна было б абвінаваціць у нетактоўнасці ў дачыненні да чужой сям'і. Калі б не адна акалічнасць: А.Р.Лукашэнка — прэзідэнт краіны. А гэта значыць, што сакрэтаў ад народа ў яго быць не павінна. Нават калі гэта датычыцца чыста сямейных спраў. Аляксандр Рыгоравіч і сам неаднаразова выказваўся, што ён цяпер цалкам належыць беларусам. Дык што ў тым дзіўнага або непрымальнага, калі мы закранём і гэтую далікатную тэму?

Цяпер, праз столькі гадоў, я часам думаю: калі б у 1994 годзе да пытання "Які сем'янін кандыдат у прэзідэнты А.Лукашэнка?" была адпаведная ўвага, то, упэўнена, прозвішча гэтае гучала б толькі як успамін пра выбарчую кампанію на рэспубліканскім узроўні. А людзей, можа, мінулі б тыя жыццёвыя катаклізмы, з якімі яны сутыкнуліся ў выніку праўлення А.Р.Лукашэнкі...

Па сутнасці, у Аляксандра Рыгоравіча не склаўся сямейны дуэт з Галінай Радзівонаўнай. Мяркую пра гэта з асабістых назіранняў і са шматлікіх абгавораў гэтай тэмы, якая на працягу доўгіх гадоў сілкавала ўніклівых шклоўцаў, ахвочых да бытавых калізій. Яны часта пляткарылі пра амурныя прыгоды Аляксандра Лукашэнкі, якім ён аддаваўся з моцным напалам пачуцця адзінокага, сумуючага па каханню мужчыны. Таму ў кожны новы любоўны раман ён кідаўся бы ў вір галавою, напэўна, са шчырай верай у нарэшце знойдзенае шчасце. І на грабянях ягоных хваляў нястомна ініцыіраваў працэс скасавання шлюбу з каханнем дзіцяча-юнацкага перыяду, маці яго дваіх дзяцей Галінай. Але яна з усяе моцы стрымлівае тыя парыванні, кожны раз тлумачачы:

— Я без мужа пражыць магу, а дзецям без бацькі цяжка.

Галіна Радзівонаўна ўсе свае пасляінстытуцкія гады прысвяціла рабоце з дашкалятамі: спачатку выхавацелькай працавала ў садку, потым загадчыцай і на горкім вопыце сваіх падапечных пераканалася ў мінусах няпоўнай сям'і.

Аляксандр Рыгоравіч траліў у поле зроку пляткарак, калі пасля заканчэння педінстытута працаваў лектарам шклоўскай раённай арганізацыі таварыства "Веды". Тады ён пазнаёміўся з Надзеяй Вашкевіч. Ды так блізка, што іх адносіны сталі адначасова шчодрым падарункам для дасціпных языкоў і падставай для хірургічнага ўмяшальніцтва райкама партыі. Пасля тэрміновага пасяджэння бюро РК КПБ малады лектар, пакінуўшы жонцы двух сыноў, хуценька пайшоў служыць на "звыштэрміноўку" ў пагранвойска зампалітам роты, а Надзея Вашкевіч, яшчэ імпэтней звольніўшыся "па асабістаму жаданню" з пасады інструктара аргаддзела райкама камсамола, размяняла кватэру і, прыхапіўшы дваіх дзяцей, перасялілася ў Маладзечна.

Злыя языкі сцвярджалі, што пасля службы ў пагранвойску, калі Аляксандр Рыгоравіч стаў кіраўніком саўгаса "Гарадзец", з месца яго служэння Айчыне прыехала на работу ў гаспадарку Надзея Барташ з двума сынамі. Меншанькі меў дзіўнае падабенства з дырэктарам, за што сяльчане і называлі яго за вочы "Лукашком". У хуткім часе тая жанчына выйшла замуж за вясковага жыхара і, разышоўшыся з ім, ужо стаўшы Надзеяй Гарбузавай, прыняла запрашэнне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі ўзначаліць гаспадарку "Атоліна" і перабралася ў Мінск.

Спачатку, што і казаць, "калолі" людзі недвухсэнсоўнымі пытаннямі і заўвагамі Галіну Радзівонаўну наконт амурных прыгод яе мужа. Але, "на злобу не ответная, на доброту приветная", хутка і без асаблівых намаганняў, яна нейтралізавала аматараў пазлараднічаць і нават ператварыла іх у сваіх добразычліўцаў.

Такім чынам, дзякуючы актыўнай пазіцыі Аляксандра Рыгоравіча, я даведалася пра Галіну Радзівонаўну. А бліжэй нас пазнаёміла мая дачушка Валянціна. На той момант Г.Р.Лукашэнка працавала загадчыцай дзіцячага садка ў калгасе імя Леніна, які знаходзіўся ў Рыжкавічах. У гэтай самай вёсцы і жыла яна, а ў хуткім часе і нам рэдакцыя хату там купіла. Так што мы амаль суседзямі сталі. Да сустрэчы з Галінай Радзівонаўнай я ведала яе толькі па апісанню: "невысокая, поўненькая, з чарнявымі валасамі і вельмі добрая".

Вось так і пазнала яе аднойчы, калі ішла з працы дамоў. Якраз на выхадзе з Рыжкавічаў (да Шклова якіх сто метраў) сустрэла адзіную ідучую насустрач жанчыну, вельмі падобную на слоўны партрэт Галіны Радзівонаўны. Прывітаўшыся, з уласцівай толькі вясковым жыхарам непасрэднасцю, запыталася:

— Ці не Галіна Радзівонаўна вы будзеце?

— Так, гэта сапраўды я, — з цікаўнасцю гледзячы на мяне, адказала яна.

— Мы хочам перавесці дачку з гарадскога садка ў рыжкаўскі, — працягвала я. — Там вельмі холадна, памяшканне непрыстасаванае для ясельнікаў, таму дзеткі часта хварэюць.

— У нас, дзякуй Богу, зусім, зусім не так, — задаволена сказала яна. — Аўтаномны абагрэў дазваляе нам на працягу года рэгуляваць тэмпературу, таму ў памяшканні заўсёды цёпла і дзеткі нават у самае дрэннае надвор'е адчуваюць сябе бы пад сонейкам. Ёсць і яшчэ адна перавага калгаснага садка: мы рэгулярна атрымліваем сырадой, мяса, гародніну з гаспадаркі, таму і харчаванне ў нас лепшае, чым у горадзе. Не ўсім бацькам, праўда, падабацца, што ў нас толькі адна і таму рознаўзроставая група. Так што, калі захаваецца ў вас такое жаданне, думаю, што кіраўніцтва гаспадаркі не будзе супраць.

Крыху паразмаўляўшы, мы развіталіся з ёй ужо як добрыя знаёмыя. І пасля пераводу дачкі ў калгасны садок нашы сустрэчы сталі рэгулярнымі. Я не хавала задавальнення ад таго, што лёс звёў мяне яшчэ з адным чалавекам такой добрай і шырокай душы. Кажуць, што дзеці найбольш тонка і беспамылкова адчуваюць гэтыя рысы характару. Вось і Галіна Радзівонаўна быццам магнітам прыцягвала іх сэрцайкі. Не была выключэннем і мая дачушка. Яна не адставала ад любімай выхавацелькі ні на крок, нават засынала, не выпускаючы яе руку з сваёй. А больш за ўсё любіла Валянцінка яе шыкоўныя валасы. Нярэдка, калі я заходзіла за дачкой у садок, бачыла такую карціну: Галіна Радзівонаўна сядзіць у акружэнні дзяцей, а Валянціна гуляе з яе валасамі, абдымае, лашчыць выхавацельку. Галіна Радзівонаўна бачыць мяне ў дзвярах і неяк па-дзявочаму сарамліва-прамяніста ўсміхаецца майму замілаванню.

А аднаго разу мы з ёй не павіталіся нават. Гэта было ранняй веснавой парой. Я пазнала яе, ідучую насустрач, яшчэ здалёк па бэжаваму колеру паліто і вялікаму беламу шалю. Мы сустрэліся якраз на мосце побач з Рыжкавічамі. Галінін твар быў мокры ад слёз, і вочы ад іх, здаецца, нічога не бачылі: шырокараскрытыя, яны былі скіраваныя ў нейкую далёкую кропку. Я запаволіла хаду ў цяжкім роздуме: прайсці міма ці, закрануўшы, паспрабаваць яе суцешыць. І тут раптам убачыла наперадзе лукашэнкаўскую "Волгу", якая, выехаўшы са свайго завулка, "газанула" насустрач. Я з палёгкай уздыхнула. Падумалася, зараз ён дагоніць жонку, пасадзіць у машыну і яны памірацца. Ён, сапраўды, прытармазіў каля яе і, ледзь не паставіўшы машыну праз імгненне на дыбы, рвануў наперад... Яна пайшла ўслед, адна.

Памятаю, перад выбарамі прэзідэнта я, як заўсёды, зайшла па дачку ў дзіцячы садок. Дзеці на той момант гулялі на двары, а Галіна Радзівонаўна назірала за імі. Дзетак у садзе было на ўліку за дваццаць, а штодня прыходзіла намнога менш. Таму ў мэтах эканоміі ў штаце была адна выхавацелька, а дапамагала ёй пад вечар Галіна Радзівонаўна, справіўшыся да абеду з адміністрацыйна-гаспадарчымі справамі. Пакуль дачка дагульвала, я прысела побач. Мы падтрымлівалі гутарку пачаргова. Але адчувалася, што Галіна Радзівонаўна хоча ад мяне штосьці пачуць. Не трэба было мець здольнасцей тэлепата, каб зразумець, канкрэтна чаго: выбарчая прэзідэнцкая гонка блізілася да фінішу і яе цікавіў вынік. На той момант я ўжо падала заяву ў Беларускі Народны Фронт і шчыра прызналася ёй у гэтым.

— А што ты ў тым Фронце будзеш рабіць? — недаўменна спытала яна.

Я прызналася:

— Яшчэ не ведаю, канкрэтна што, але адназначна іду ў апазіцыю ўсяму таму, што так бязлітасна кіруе нашымі лёсамі. Мне, Галя, не падабаецца наша ўлада, як кажуць, з нізу да верху: ні ўчынкамі, ні палітыкай. Больш не веру я і Лукашэнку.

— Ты што? — горача запярэчыла яна. — Саша сумленны чалавек. Ён вельмі любіць людзей, і я веру, што толькі адзін ён з усіх кандыдатаў можа штосьці добрае зрабіць для ўсіх.

— А я не веру, — цвёрда стаяла яна сваім.

— Чаму? — здзівілася яна.

— Сказаць не магу, таму што больш адчуваю, чым ведаю, але Саша твой зусім не той, за каго сябе выдае. Ды і ты яго хутчэй за ўсё не ведаеш, калі так сцвярджаеш.

Яна нервова засмяялася:

— Мы, Вольга, не адзін пуд солі разам з'елі, і каму, калі не мне, ведаць яго. Таму запэўніваю, што Саша — сапраўдны патрыёт сваёй Айчыны, што ён цудоўны бацька і што... нам ніколі не быць разам.

— І што, у Мінск да яго не паедзеш, калі раптам пераможа на выбарах?

— Не паеду, — быццам баднула яна галавою. — Там жаночая эліта ўся расфуфыраная, будзе назіраць за кожным крокам правінцыялкі, будуць пляткарыць. Я досыць начыталася і наслухалася пра ўсе тыя інтрыгі. Навошта мне той дыскамфорт і дадатковы галаўны боль? Лепш я застануся ў Рыжкавічах, ва ўлонні роднага краявіду і акружэнні дарагіх мне людзей. Буду гадаваць, выхоўваць сына і працаваць.

І яшчэ адна аналагічная размова адбылася ў нас у першыя месяцы прэзідэнцтва Лукашэнкі. З'ініцыіравала яе Галіна, спыталася:

— А ўсё ж, чаму не верыш Лукашзнку? Раней ты ставілася да яго зусім інакш, нешта ж паўплывала на цябе, выклікала непрыхільнасць?

Падбіраючы словы, я адказала:

— Сапраўды, паўплывала. І не ў малой ступені — яго акружэнне, якое часам не сябруе з такімі паняццямі, як сумленне, гонар. Сама, напэўна, прымаўку ведаеш: "Скажы, хто твой сябар, скажу, хто ты"? Ды і ў Аляксандру Рыгоравічу не ўсё мне падабаецца. Вось так, у комплексе і спрацавала ўсё на маю пераарыентацыю. Але ты не дапытвайся цяпер пра дэталі. Часу няма. А калі гэта сапраўды цябе цікавіць, давай выдзелім на размову паўдня, тады я паспрабую выкласці дэталі, якія ў суме і ўтварылі важкую прычыну. А ты, цяпер ужо першая лэдзі, часам не збіраешся нас пакінуць і пераехаць у Мінск?

— Мяне туды ніхто не кліча, — прастадушна сказала яна. Напэўна, ёй было горка зноў чуць пытанне, якое задавала незлічоная колькасць людзей: з наіўнасцю, шчырасцю, падтэкстам. Трэба, напэўна, быць толькі Галінай Радзівонаўнай, каб у такіх выпадках захаваць і свой твар, і адмоўна не паўплываць на аўтарытэт прэзідэнта. Я зразумела ўсю далікатнасць сітуацыі ўжо тады і больш не кранала гэтага пытання. Толькі чыста па-жаночаму ўважліва сачыла за разгортваннем падзей у іх сямейным жыцці. Але нічога не адбылося і цяпер: кожны з гэтай сямейнай пары існуе паасобку.

Не, прашу прабачэння, аднойчы, у 1997 годзе, зноў пагаманілі на гэтую тэму. Мы тады разам з Галінай Радзівонаўнай вярталіся з занятаў у нядзельнай школе пры шклоўскай Спаса-Праабражэнскай царкве. Ішлі пешшу, хоць, здаецца, ледзь не кожны ўладальнік машыны на той бойкай дарозе лічыў за гонар спыніцца і прапанаваць падвезці гэтую цудоўную жанчыну. Але яна, шчыра падзякаваўшы, быццам прабачэння прасіла:

— Тут ужо засталося крышку прайсці, не буду вас адрываць ад спраў, дзякуй.

Мы тады размаўлялі пра свае мацярынскія праблемы, пра духоўнае адраджэнне нацыі (прашу прабачэння за штамп). Было цёплае восеньскае надвор'е, і я збіралася пайсці па каліну, якой прырода шчодра надзяліла рыжкаўскае наваколле. Галіна Радзівонаўна сказала:

— Калі я паспею да другой гадзіны ўправіцца, то зайду да цябе і мы сходзім разам.

Вось пры той гутарцы, якая датычылася нашых дамашніх праблем, я і перадала ёй выказванне маёй суседкі Тамары, якая жыве на Украіне і прыязджала ў госці да сваёй матулі. Мы разам з ёй праводзілі ў апошні шлях нашага суседа Кузьміча. І той шлях на могілкі пралягаў якраз каля дома Лукашэнкаў. Тамара і сказала мне:

— У нас усе смяюцца з жонкі Лукашэнкі. Нейкая дзіўная яна: абзавялася рознымі сабакамі, Мілкамі, катамі ды курамі, а ў Мінск да мужа нават вачэй не паказвае. Такога цікавага мужчыну ганьбіць, бабылём зрабіла...

Вартага адказу Тамары я тады не дала. Па-першае, не дазваляла атачэнне. Па-другое, я ледзь не папярхнулася ад яе хлусні, у тых словах не было і кроплі праўды. Сказала ёй толькі, сціснуўшы руку:

— Тамара, прашу цябе, і ў той далёкай тваёй Украіне не дазваляй так выказвацца пра Галіну. Яна, сапраўды, не анёл, але зусім не горшая за кожную з нас. А па запасу мудрасці, мужнасці і цярплівасці, можа, нават, і пераўзыходзіць усіх нас разам узятых. Яе не на языках насіць трэба, ёю можна ганарыцца.

Галіне Радзівонаўна я сказала толькі, што ва Украіне здзіўляюцца, чаму, маўляў, мужа прамяняла на сваю гаспадарку. Бадай, упершыню я бачыла, як Галіна Радзівонаўна раззлавалася:

— Дзівакі нейкія гэтыя людзі. Нельга быць там, куды цябе не клічуць і дзе ты непатрэбны. Гэта па-першае. А па-другое, я не дыванок які-небудзь, аб які можна ногі выцерці. Я — чалавек, жанчына, а гэта, хто не ведае, гучыць горда.

Мы стаялі тады каля паста ДАІ на развілцы дарог: "мая" вяла на Магілёў, Галініна — на Мінск. Затрымаліся. Быццам адчувалі, што чыста па-сяброўску мы размаўлялі апошні раз. Нас разводзіў лёс: я збіралася ехаць за мужам, якога перавялі на работу ў суседні райцэнтр намеснікам рэдактара, Галіна пакідала дзіцячы садок і пераходзіла на працу ў райвыканкам, дзе ўводзілася новая пасада — спецыяліста па аздараўленню насельніцтва.

Галіну Радзівонаўну цяпер залашчылі павагай на раённа-абласным узроўні. Яе запрашаюць у якасці ганаровага госця на ўсе хоць колькі значныя мерапрыемствы, шчодра адорваючы кветкамі. Прозвішча "Лукашэнка", якое яна мужна адстаяла, дае ёй такую раскошу. Рэдка цяпер яна ходзіць пешкі або пад'язджае на спадарожных машынах: старшыня райвыканкама Г.М.Лаўранкоў спецыяльна пад яе працоўны графік і іншыя патрэбы падпланоўвае свой службовы "джып", і Галіна Радзівонаўна, мяркуючы па выгляду, задаволена.

Яна і сама навучылася вадзіць машыну, прайшоўшы адпаведныя курсы. Напэўна, на гэта яе падштурхнуў той вішнёвага колеру легкавы аўтамабіль, што з'явіўся на падворку ў хуткім часе пасля выбрання Лукашэнкі прэзідэнтам. Аўтамабіль некалькі месяцаў празіхацеў там навізной, пакуль не знік бясследна. Навучэнцы таго сумеснага з Галінай Радзівонаўнай набору і цяпер з удзячнасцю ўспамінаюць шчаслівыя абставіны. Калі прыйшоў час здаваць экзамены на атрыманне правоў, міліцыянеры былі лагодныя і так рассунулі абмежавальнікі,якія імітуюць вузкую дарогу, што паміж імі не толькі праехаць, але і развярнуцца было лёгка. Тады ўсе курсанты дружна паздавалі экзамены, чаго ні да, ні пасля гэтага ніколі больш не было.

Пільна сцерагуць хату Галіны Радзівонаўны і людзі са службы аховы, у поўнай баявой экіпіроўцы. Яны не спускаюць з вачэй усе падыходы да падворка і, відаць, у мэтах усё той жа бяспекі, затаніравалі вокны. Дый пільна ўглядаюцца ў тых праходзячых і праязджаючых міма, хто праяўляе нейкую цікавасць да прэзідэнцкай будыніны. У адной руцэ яны трымаюць рацыю, а другую недвухсэнсоўна згінаюць да пухліны кабуры. У такіх выпадках свідруе скроню думка: не зазірайся, не шукай на сваю галаву непрыемнасцей!

Аналагічны парадак устаноўлены і каля спецыяльна адбудаванага для маці прэзідэнта дома. Вяскоўцы казалі, што яна рэдка адыходзіць ад радыёпрыёмніка і тэлевізара, чакаючы аўдыёсустрэчы з сынам.

Загрузка...