Ой, як хутка ляціць час! У прамым сэнсе, жыццёвым, і — працы над маімі ўспамінамі. Кожны раз, калі я бралася выкладаць іх на паперу, па-новаму радавалася, што, нарэшце, адважылася гэта зрабіць. Ажно на сэрцы лягчэй стала. І шчаслівай сябе пачуваю, што адхрысцілася ад А.Р.Лукашэнкі яшчэ да ягонага трыумфу. Мне праўда, усё роўна баліць: радзіма ж любая мая пакутуе... Не сорамна толькі. Бо я не мацавала гэты рэжым.
Доўга я не бачыла "жыўцом" Аляксандра Рыгоравіча. Некалькі разоў паслухала яго па радыё. Але больш дэмагогіі не захацелася і падпільноўваць гэтыя завочныя сустрэчы зараклася. На жыццё сваё не крыўдую, хоць давялося развітацца з прафесіяй журналіста, якую распачала яшчэ ў трэцім класе юнкорам: прыйшоў гой дзень, калі ўсё ўва мне запратэставала супраць хлусні і прымаслівання вынікаў ды штучнай ура-патрыятычнасці, якіх патрабуюць уладу маючыя ад журналістаў.
Праблем ствараецца шмат. І я не перастаю дзякаваць Усявышняму за літасць да мяне, што не пазасцілаў пухам-шоўкам мае жыццёвыя сцяжынкі, на поўную моц даў адчуць цяжкасці і радасць перамог. І цяпер, паразумнеўшая ад перажытага, я маю шанц не памыліцца ні ў сябрах, ні ў кіраўніках.
Прызнаюся, шчыра спачуваю электарату Лукашэнкі, тым, каму за ... Якое ж цяжкае для іх пахмелле наступае! І, міжволі чуючы паўсюдны лямант наконт невыноснасці жыцця і яшчэ больш змрочных перспектываў, наважваюся на высновы: жыццё, сапраўды, мудрае, і сваю ісціну давядзе, калі не праз галаву, дык праз іншую частку цела, страўнік напрыклад. Таму мяне не пакідае надзея: можа, калі-небудзь пасвядомее мой братка-беларус...
Я часта думаю (без гэтага ў наш час аніяк!): чаму А.Р.Лукашэнку так безаглядна вераць? Чым ён так заварожвае людзей, што яны, не зважаючы на відавочнае, жывуць яго словамі? І прыйшла да высновы: дык ён жа сірэна! Гэта няхай у якой-небудзь грэчаскай міфалогіі сірэна — марская істота ў выглядзе птушкі з жаночай галавой, якая словамі зацягвае маракоў у пагібельныя месцы. А ў нас усё па-іншаму, па-беларуску, значыць: сірэна-прэзідэнт спевамі сваімі зацягвае беларускі народ у багну жабрацтва, нядолі, рабства.
Лёгенька рагатаць з нас таму, забугорнаму свету: ён жа пазбаўлены магчымасці чуць гэтую сірэну зблізку. Вось і жыве там нармальным чалавечым жыццём. А наш Аляксандр Рыгоравіч сваімі не змаўкаючымі песнямі-прамовамі дэзінфармуе насельніцтва і пудрыць ягоныя мазгі. Ад такога стану галаўной каробачкі да пагібелі — адзін крок, два — і аблічыўся.
Яскравы прыклад таго, што "не ўсё добра ў нашым каралеўстве", не мы — радавыя мільёны. Да нашага фінішу справа яшчэ не дайшла. Давайце лепей паразважаем над лёсам тых, чые імёны на слыху. Пра Васіля Севасцьянавіча Ляонава, напрыклад.
Лёс, шчодры на запамінальныя сустрэчы, звёў мяне з ім у той час, калі ён узначальваў Горацкі РК КПБ. Я тады была радавым журналістам і з начальствам такога рангу спраў не мела. Але як любілі і паважалі яго людзі, як запаланялі яго прыёмную ў дзень прыёму — панядзелак! І не толькі з просьбамі ды скаргамі хадзілі, а і з падзякамі. За справы папярэднія. І цяпер на горацкай зямлі ўспамінаюць гэтага чалавека добрымі словамі.
Калі Васіль Севасцьянавіч Ляонаў раптам пачаў рэзка ўзнімацца па службовай лесвіцы, людзі, шкадуючы з ім развітвацца, разумелі, што для добрага чалавека і добрых ягоных спраў патрэбны іншы, глабальны размах — так можна большай колькасці людзей дапамагчы. І вялікай неспадзяванкай тое, што В.С.Ляонаў накіраваны на працу за мяжу, таксама не было. Што ж, і ў далёкай Нямеччыне няхай ведаюць нашых! Сапраўдных разумнікаў маем.
А вось што Васіль Севасцьянавіч перайшоў на службу рэжыму... Асабіста для мяне гэтая навіна грымнула, бы тая навальніца ў калядны мароз. Назначэнне на расстрэльную пасаду, як неафіцыйна называюць высокія, ключавыя пасты ў вышэйшых эшалонах улады, расцаніла як спакусу запіхнуць у кішэню яшчэ больш грошай, чым убачыў іх за мяжой. Хоць і багнавая ў нас гэтая сельскагаспадарчая галіна, але ж украсці можна.
Толькі вось у чым пытанне: наколькі сапраўды запляміў сумленне Васіль Севасцьянавіч? І ці запляміў увогуле? Надта падазронай праз прызму часу здаецца валакіта са справаю Ляонава. А што да суда давесці, дык можна практычна любога. І Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка гэта сам ведае. Бо неаднойчы паўтараў яшчэ ў пару свайго дырэктарства: "Кіраўніка любога рангу праз пяць гадоў можна судзіць смела". Ён меў на ўвазе недасканаласці прававой і фінансавай сістэмы Беларусі, якія самі падштурхваюць да парушэнняў у час вырашэння вытворчых пытанняў.
А што да Васіля Севасцьянавіча, дык я добра памятаю той час, калі Аляксандр Рыгоравіч пахваляўся яго прыхільнасцю да сябе, мог проста набраць нумар абласнога лідэра, якім на той час быў Ляонаў, патусавацца ў яго кампаніі, каб пабачыў люд, які ў Аляксандра Рыгоравіча магутны апякун. А падчас яго вярхоўнасаветаўскай, а потым і прэзідэнцкай гонкі праз АБГ (адна баба гаварыла) многім было вядома, што шклоўскаму бегуну на чэмпіёнскія дыстанцыі такую перамогу дапамог узяць у прамым і ўскосным сэнсе і Васіль Севасцьянавіч Ляонаў. А можа... Можа, яны разам рабілі якую-небудзь "справу", з-за якой адзін трапіў за краты, а другі без суда і следства гноіць яго, баючыся, што колішні партнёр "скажа лішняе"?
А вось з Тамарай Дзмітрыеўнай Віннікавай я не мела гонару быць знаёмай. Спачатку, праўда, па Шклоўшчыне гулялі чуткі, што перацягнуў Аляксандр Рыгоравіч да сябе бліжэй і былую сваю сімпатыю з упраўлення сельскай гаспадаркі, якая яшчэ да яго прэзідэнцтва выехала са Шклова. Потым разабраліся. Віннікава, ды не тая... А хоць сабе і не тая, усё роўна шкада: такую архідэю-кветачку прымусілі завянуць ў лукашэнкаўскай турме! І зноў па-шклоўску: без суда і следства.
* * *
"На Кругляншчыну едзе прэзідэнт!" — разносіў па наваколлю навіну лістапад 1998 года. Рыхтаваліся да вашага, Аляксандр Рыгоравіч, прыезду яшчэ з лета. Усё будавалася, фарбавалася, драілася. Не была раўнадушнай і я. Усё вагалася, ці паглядзець, якім вас зрабіла неабмежаваная ўлада, ці лепш дома адсядзецца, бо раптам вы зноў зачаруеце мяне сваімі песнямі і тады я кіну на сметнік гэтыя мемуары...
Але, паверыўшы ў свае сілы і непахіснасць, вырашыла ісці на плошчу і паслухаць "песні". Я пайшла крыху раней, каб з нагоды таго прыезду хоць цукру кілаграм чык купіць. Але замест яго "выкінулі" соль, цукеркі, цыгарэты. Стала ў чаргу да павільёна. Было холадна. Праўда, магла б і ў магазіне пастаяць, але ж адтуль не было бачна месца вашага прызямлення. Шкада, што ў той час вы не стаялі побач. Але, пэўна, здзівіліся б, калі б пачулі словы ўдзячнасці ў свой адрас. За тое, што з нагоды вашага прылёту выкінулі ў продаж цукеркі немудрагелістага вырабу, якімі, нарэшце, можна будзе пазабавіць дзятву. У чарзе стаялі адны жанкі. А мужчыны знаходзіліся паводдаль і не зводзілі вачэй ці то з вашага верталёта, ці то з віхуры, якую ён падняў пры пасадцы і ўздыбіў спадніцы прысутных жанчын, што спецыяльна прыбраліся да вашага прыезду.
Напярэдадні вашага прылёту ў Круглае столькі служывых у цывільным панаехала, што яны і самі, пэўна, адчулі сваю недарэчнасць ў маленькім пасёлку і таму, як маглі, "касілі" пад абарыгенаў.
Але, мушу прызнацца, зорачкі свае яны адпрацоўваюць спраўна: не было ў Круглым вачэй, у якія яны б не зазірнулі; не знайшлося пад адзеннем людзей адтапыркаў, якія б яны не паразгледзелі (а раптам — зброя?!).
Красамоўным сведчаннем звышувагі стаў інцыдэнт з Шалвам Ераставічам Сахадзе. Вы не ведаеце яго, таму я крышачку праінфармую. Гэты сівы аксакал пасяліўся на Кругляншчыне ў гады вайны — спачатку ў лясах, дзе партызаніў, а пасля — у райцэнтры. Завёў сям'ю, увогуле ўнёс сваю грузінскую адметнасць у мясцовы каларыт.
Я тут чалавек новы, але даволі хутка пераканалася ў значнасці Сахадзе. І, пэўна, калі б лёс не закінуў сюды гэтага чалавека, Кругляншчыне яго б не ставала. Ён і сам, па ўсім відаць, гэта адчувае, таму і ўдзельнічае ва ўсіх святах, урачыстасцях раённага маштабу, не забываючы засведчыць сваю павагу школам, дзіцячым садкам, працоўным калектывам. І вам, напэўна, хацеў засведчыць сваю павагу. Таму і накірунак узяў у ваш бок. Але ўжо аднаго гэтага было дастаткова, каб людзі з вашае аховы накінуліся на яго і з абодвух бакоў, бы пад канвоем, пацягнулі прэч з вачэй вашай міласці. Старэчы тэмп быў значна ніжэйшы. Таму Шалва Ераставіч спачатку хутка-хутка прасемяніў, а потым збіўся з тэмпу і павіс на дужых руках ахоўнікаў. Толькі там, на домсаветаўскіх задворках, пакінулі дзядулю ў спакоі пад наглядам міліцыянера. Доўга-доўга яшчэ ветэран Вялікай Айчыннай стаяў і глядзеў адтуль на сустрэчу, якая, мабыць, упершыню на круглянскай зямлі праходзіла без яго жывога ўдзелу. І слёзы насоўкай сціраў з вачэй.
Але нічога гэтага вы не заўважылі. Бо цэлых паўтары гадзіны прастаялі да круглянцаў, якія прыйшлі вас вітаць, месцам, дзе ніколі не бывае вачэй. Роўна паўтары гадзіны доўжыўся ваш дыялог са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Андрэевічам Папковым. Магчыма, менавіта столькі часу спатрэбілася вам, каб пераканаць яго перайсці на працу ва ўрад. Што, зрэшты, ён і зрабіў ледзь не адразу пасля вашага адлёту. Ну, гэта ўжо ягоная справа. Толькі ж навошта вось так, задам да народа? Ці, на вашу думку, гэтага і заслугоўвае электарат, здольны толькі нястомна працаваць ды бяздумна галасаваць?
... Я не хацела даслухоўваць прамову прэзідэнта. Нічога новага ён не казаў. Не адчувалася нават эмацыянальнага напалу ў голасе. Відаць, не сілкаваў яго энергію маштаб электарату. І я пайшла дамоў. Да самага дома яшчэ біла мне ў спіну хваля яго голасу з дынамікаў, развешаных па перыметру плошчы. А ледзь адчыніла дзверы ў кватэру, пачула гучны голас дыктара з радыёпрыёмніка, які, відаць, з нагоды прылёту прэзідэнта прарэзаўся. 3 інфармацыі вынікала, што прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў мэтах кантролю наведаў Круглянскі раён і ў даны момант знаходзіцца ў Дрыбіне, дзе знаёміцца з сацкультбытам жыхароў. І далей — з кім гутарыць, каго заслухоўвае, якія праблемы вырашае і ўзнімае.
У недаўменні я адключыла прыёмнік, адкрыла, нягледзячы на холад, фортку і высунулася на вуліцу. На той момант рэха дынамікаў з плошчы даносіла развітальныя акорды прэзідэнцкай прамовы. Ён яшчэ знаходзіўся ў Круглым. Падумалася: такая вось проза нашага жыцця, такая палітыка прэзідэнта: "не вер вачам сваім, а вер словам маім". Ці далёка яна завядзе нас? І куды?
Лістапад, 1998 год.