ШТО ХАЦЕЎ СХАВАЦЬ ПАЛКОЎНІК ЯКІМЦОЎ І ШТО 3 ГЭТАГА АТРЫМАЛАСЯ

Па Шклову землятрусам прайшла сенсацыйная заява Лукашэнкі аб тым, што начальнік міліцыі Якімцоў — злодзей, хабарнік і рабаўладальнік. Агаломшаныя такой навіной шклаўчане на ўсялякі выпадак — чым чорт не жартуе — пачалі пазбягаць сустрэч з толькі ўчора яшчэ паважаным чалавекам. А члены мясцовай эліты калі і адважваліся цяпер прыняць для прывітальнага поціску яго руку, то ўжо на значна карацейшы момант. Спешчаны ўвагай і высокім аўтарытэтам, чыноўнік раптам адчуў вакуум: было ад чаго ўз'ерапеніцца. А тут і хуткі на погалас народ справу новую завёў, назву нават даў канкрэтную: "справа Якімцова".

Быццам той казачны асілак, не па днях, а па гадзінах вырастала, пухла тая справа ад усё новых крымінальных падрабязнасцей. Пакуль, надзьмуўшыся, не лопнула, абліўшы брудам сапраўдных і выпадковых персанажаў гэтай, як лічу, драмы. Але аб усім па парадку.

... Гэта было хоць і чарговае пасяджэнне раённага Савета, але ўсё ж незвычайнае: упершыню на яго быў запрошаны ўжо не столькі дэпутат раённага Савета, колькі Вярхоўнага — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Сінхронна з гэтай падзеяй і сабраныя ў вялікай зале Дома Саветаў адчувалі сябе ўжо ў новых ролях — хто з Лукашэнкам і хто супраць яго. У даны момант такому раздзяленню паспрыяла ўцечка інфармацыі ад складаючых план работы сесіі: нардэп рэспубліканскага ўзроўню А.Р.Лукашэнка падыме пытанне пра начальніка міліцыі А.К.Якімцова.

Амаль з гадзіну нервавалася зала: спазняўся "самы-самы". Пачаргова з прэзідыума, дзе паспелі пагрэць сабе месцы, падхопліваліся і несліся ў свае кабінеты чыноўнікі мясцовай велічыні каб, хутчэй за ўсё, пашукаць прапаўшага запрошанага. І калі тэмпература ў зале, узнятая энергіяй соцень людзей, гатовая была падскочыць да небяспечнага для вольнага дыху ўзроўню, у залу ўвайшоў ён...

У новым касцюме ці не ад Кардэна, у бялюткай кашулі і пры гальштуку, шпаркай хадою накіраваўся прама ў прэзідыум. На твары — незадаволенасць і рашучасць. Далі слова — і ён на трыбуне. Папрасіў прабачэння за затрымку, маўляў, у Вярхоўным Савеце вельмі шмат працы. Быў немнагаслоўны. Пакуль... Некалькімі штрыхамі абмаляваў эканамічны стан краіны, надзяляючы яркімі эпітэтамі віноўнікаў галечы — Шушкевіча, Кебіча, расійскага Ельцына, і перайшоў да чаканай залаю мясцовай тэмы. Паказваючы пальцам выцягнутай рукі якраз у тое месца, дзе сядзеў знерваваны Анатоль Якімцоў, сказаў, вытрымаўшы неабходную для ўзмацнення эфекту паўзу:

— І вось гэты злодзей і дэмаралізаваны так званы служыцель правапарадку — палкоўнік Якімцоў. Факты? Калі ласка. Рукамі "зэкаў" са спецкамендатуры ты пабудаваў шыкоўную дачу, цяпліцы ўзвёў. Дармовай рабсілай усё таго ж спецкантынгенту там у цябе ўсё сеецца, убіраецца, доіцца. Ты толькі наядаешся сам і прадаеш плады іх непасільнай працы на тваёй дачы. Ты ведаеш, хто ты? Рабаўладальнік, які ўварваўся ў сацыялістычнае жыццё са старажытнай гісторыі. А яшчэ ты — хабарнік. Думаеш, людзі не бачаць, як табе проста дахаты небаракі цягнуць свіныя кумпякі і вёдрамі мёд? За якія такія паслугі, палкоўнік Якімцоў, а?

Начальнік міліцыі аж задыхнуўся ад абурэння. Ён ускочыў з месца, быццам уджалены, і закрычаў на ўсю моц лёгкіх:

— Доказы, маць тваю!.. Што ты нясеш лухту? Якое права маеш?

Вось такога раз'юшанага, з павылятанымі ад натугі гузікамі на цывільным адзенні, стрымлівалі яго спачуванцы, гатовага ад адчаю кінуцца на свайго крыўдзіцеля. А Аляксандр Рыгоравіч, хаваючы эмоцыі, запытаўся:

— Ты пры ўсіх скажы, Якімцоў, ты сапраўды маеш дачу?

— Не! — не падумаўшы, крыкнуў той. — Гэта дача не мая.

... Схлусіў тады палкоўнік Якімцоў. Ён сапраўды пабудаваў дачу, выкарыстоўваючы на ўсіх работах дармовую рабочую сілу — кантынгент са спецкамендатуры. А па-простаму — асуджаных, якія знаходзяцца на вольным пасяленні. Дарэчы, паслугамі гэтага кантынгенту і да сёння карыстаюцца на Шклоўшчыне ўладу маючыя...

Але Якімцоў сказаў "не". І, каб узаконіць хлусню, на злом галавы кінуўся па дапамогу. Карыстаючыся ўплывовымі сувязямі, падключыў у процідзеянне абвінавачанню "сваіх" людзей, у прыватнасці старшыню выканкама Каменна-Лаўскага сельскага Савета Г. Півунова. Гэта ягонымі намаганнямі за якія-небудзь суткі-двое была перапісана ўся дакументацыя, дзе згадвалася прозвішча А.К.Якімцова. Запісалі спачатку ўсё на жонку, потым на брата. Перапіс адной толькі пагаспадарчай кнігі чаго каштаваў удзельнікам аферы! Але дарэмнымі былі тыя намаганні. Праўду кажуць, што ў хлусні — кароткія ногі. Яны і прывялі да выкрыцця пасля таго, як у хуткім часе па загаду А.Р.Лукашэнкі праверку зрабілі кантралёры адпаведных органаў.

Чамусьці, калі ўспамінаю Анатоля Канстанцінавіча Якімцова, згадваю адну дэталь: у яго штанах адтапырвалася кішэня, якая выдавала звычку гаспадара трымаць у ёй руку. А яе адкрыты вачам стан сведчыў аб доўгім тэрміне службы. Асабіста мяне гэта, чамусьці, прымушала думаць пра невялікі дастатак гэтага чалавека і, зыходзячы з высокай яго пасады, дадавала павагі. Чаму я зазірала ў тую кішэню, спытаецеся? А не зрабіць гэтага было проста немагчыма: Анатоль Канстанцінавіч, як член райвыканкама, часта прысутнічаў на пасяджэннях, якія праводзіліся ў малой зале Дома Саветаў, і сядзеў заўсёды на адным і тым жа месцы — злева, каля тарца. Усе "не члены" размяшчаліся перпендыкулярна, на крэслах, пастаўленых у канцы залы, а яна, я ж кажу, была малая, вось і бачны былі некаторыя "дэталі" адтуль.

Эх, ведаў бы Якімцоў, чым абернецца для яго гэтая хлусня!

— І навошта ён адмаўляецца ад таго, што сапраўды мае! — падаўлена паціскалі плячыма чыноўнікі ў райсаветаўскіх кабінетах. — На такую зарплату, якую ён атрымоўвае, можна не адну дачу пабудаваць. І камар носа не падточыць.

Але ён сказаў "не". І неўзабаве ланцуг: аддзел міліцыі — выканкам Каменна-Лаўскага сельскага Савета — спецкамендатура падпадае пад кантрольную апрацоўку правяраючых (зверху). Амаль два тыдні яны трэслі і, быццам рэнтгенаўскімі прамянямі, прасвечвалі ўсе ягоныя звёны. А ў завяршэнне райвыканкамаўскія машыністкі адстукалі ледзь не з сотню аркушаў, якія, у сваю чаргу, яшчэ ў рабоце чыталі-перачытвалі і "па сакрэту ўсяму свету" пераказвалі самі ж супрацоўнікі кіруючага органа. Такім чынам, у "курсе спраў" паралельна з аддрукоўкай знаходзілася ледзь не палова Шклова.

Параза Анатоля Якімцова адчувалася ўсё выразней. Але ён не быў да яе падрыхтаваны: сказаўся фактар ранейшай улады і моцных "падвязак". І пакуль ён утрасаў справы на месцы, там, "наверсе", зірнуўшы на канфлікт шырэй, вырашылі прытушыць яго полымя шляхам ракіроўкі кадраў. Не чакаючы грымот, Анатоля Канстанцінавіча адпраўляюць на заслужаны адпачынак. У адстаўку, значыць. А каб утрымаць яго на плаву адначасова даюць новую пасаду — начальніка міжраённай падатковай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў.

Толькі ўсё аказалася больш зубадрабільным, чым мог уявіць сабе палкоўнік міліцыі Якімцоў і яго высокапастаўленыя сябры. І ў гэтым яны пераканаліся вельмі хутка.

Загрузка...