Гэтыя словы былі вынесены ў загаловак карэспандэнцыі сакратара пярвічнай партыйнай арганізацыі А.Р.Лукашэнкі, калі ён у 91-ым нумары райгазеты асвятляў ход жніва-86 у калгасе імя Леніна. Я ж цяпер характарызую сказанае як уласны прагноз узыходу аўтара на палітычны алімп.
1987 год... Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — давераная асоба кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета па Гарадзецкай выбарчай акрузе № 254 Я.А.Карнеева. 1989 год — кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР. 1990 год — кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. 1994 год — кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Хуткасць у дасягненні палітычных вышыняў, трэба прызнаць, сапраўды фенаменальная і месца ёй — у кнізе рэкордаў Гінеса... І ў кнізе рэкордаў беларусаў, па лёсе якіх ён прайшоўся, калі такая будзе. Наколькі характэрнай была хада — аналізаваць гісторыкам і звычайным грамадзянам. А я проста ўспомню Лукашэнку-90.
... У рэдакцыю прыйшоў з задання журналіст Уладзімір Паўлаў. Ён павінен быў прысутнічаць на сустрэчы кандыдата ў дэпутаты А.Р.Лукашэнкі з выбаршчыкамі, якая праходзіла ў памяшканні ПТВ-139. Падзяліўся ўражаннямі:
— Умелы аратар. Я ніколі дагэтуль не назіраў такой узаемнай сімпатыі паміж выступаючымі і слухачамі... Гэта сапраўдны палітык.
А ў сваёй публікацыі 10 лютага 1990 года выказаўся больш падрабязна наконт таго, чым жа так былі зацікаўлены людзі: "... кандыдат даў сваю ацэнку першаму сакратару РК КПБ Аляксандру Андрэевічу Папкову, рэзка асудзіў павышэнне акладаў кіруючаму апарату (райкама. — Аўт.), прайшоўся па бюракратах і адказаў на тое, якім сам цяпер падвяргаецца ганенням... У выступленні Лукашэнкі прагучалі тыя далікатныя тэмы, ведучы размовы на якія, гарантуеш увагу слухачоў".
Сапраўды, Аляксандр Рыгоравіч шукаў сімпатыі. Ён выходзіў на трыбуну не для таго, каб, як іншыя, узмацніць эфект сузірання, а каб, падняўшыся над людзьмі, птушкай уляцець у іхныя сэрцы, стрэмкай засесці у іх галовах. І тэмы закранаў хвалюючыя, набалелыя.
— Вы ж паглядзіце на рукі свае, — ушчуваў ён аднойчы аўдыторыю. — Там месца без мазалёў няма. А вы, быццам узнагароды, атрымліваеце іх штодня — і зноў за сваю працу. А здабыткамі вашымі карыстаецца той, хто пасады займае. Вось сапраўды: хто не працуе, той есць. А дакладней, жыруе. Гэта і кебічы, і думлеры, і папковы. Дарэчы, а ці бачылі вы тыя ведамасці, у якіх распісваюцца іх белыя рукі? А ці хадзілі вашы ногі па дыванах тых персідскіх, якімі прыбіральні іхныя засланы? І шыкуючых такіх чыноўнікаў ой як распладзілася ва ўсіх уладных структурах! Памянеце маё слова, вашых заробкаў на ўсіх не хопіць. Дакладней, на ваша жабрацтва хопіць, а ім усё будзе мала...
Ну ці магла гэтая шчырасць, што цудам захавалася ў маім журналісцкім блакноце, не затрымацца ва ўважлівых слухачоўскіх вушах, якіх частавалі дагэтуль выключна казённай хлуснёй ці чымсьці, накшталт "усё хораша, цудоўная маркіза". І людзі слухалі гэтага прамоўцу. Больш таго, валам валілі на сустрэчы з ім.
Мае сімпатыі тады ўсё больш схіляліся да Лукашэнкі. Я нават здрадзіла Карнееву, якога спачатку абрала "сваім кандыдатам" толькі за тое, што яшчэ пры цару Гароху жыў у суседняй з маёй роднай вёскай на Дрыбіншчыне. І нават больш: пачала, што называецца, ліць ваду на Лукашэнкаў млын. Актыўнічаць у гэтым плане мне ніхто не забараняў, хоць разы са два рэдактар Л.М.Анціпенка з уласцівай яму тактоўнасцю папракнуў:
— У нас жа, вы не забывайце, не адзін, а чатыры кандыдаты. Так што свае сімпатыі да дня выбараў схавайце. Цяпер вы павіны да ўсіх ставіцца аднолькава. У сваіх радыёперадачах, маю на ўвазе.
Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку многія недалюблівалі на той час. Мо, часткова за непрывычную актыўнасць з якой ён заваёўваў сваё месца пад сонейкам. Ён шукаў сябе ва ўсім і ўсюды. Таму, напэўна, і не затрымліваўся доўга ні на адной рабоце, што стараўся паспець ажыццявіць тое, да чаго імкнулася душа. І ў паэзіі сябе паспрабаваў... Толькі не знайшоў. Казалі, што думка рэдактара Л.М.Анціпенкі, які нядрэнна разбіраўся ў вершах і пазней нават выдаў уласны зборнік, разышлася з думкай маладога паэта, які зусім інакш думаў пра свае творы. Пазней, калі той "пачатковец" стаў прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Леанід Міхайлавіч жартаўліва дакараў сябе:
— Трэба мне было схлусіць наконт яго паэтычнага таленту — Беларусь толькі б выйграла ад таго, што Лукашэнка заняўся б вершаскладаннем.
У адзін з сакавіцкіх дзён адбылася агульная сустрэча кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі раёна. І паколькі ў райцэнтры новы Дом культуры яшчэ знаходзіўся ў стане будаўніцтва, то ўсе галоўныя мерапрыемствы праходзілі ў клубе папяровай фабрыкі "Спартак" ("Чырвоным кастрычнікам" у народзе ён называўся). Гэтая сустрэча таксама прайшла там жа. Кандыдаты сядзелі за сталом на сцэне, павярнуўшыся да залы, як тыя казачыя асілкі. Кожны неназойліва дэманстраваў зайздроснае здароўе, ледзь не маладзецкую ўдаласць, розум, увогуле разыгрываў "у дошку свайго хлопца". Мы, члены ўсіх груп падтрымкі, пазаймалі тады першыя рады.
Вельмі выйгрышна глядзеўся "наш" — чаго былі вартыя адны толькі вусы, што быццам смоллю акаймавалі рот. Зала была перапоўненая, многія стаялі ў праходах, а больш дабітныя нават вокны асядлалі. Кожны кандыдат, мяркую, успрыняў тую напоўненасць як цікавасць выключна да сябе, таму незвычайны прэзідыум свяціўся радаснымі ўсмешкамі. Інфармацыя старшынюючага наконт прадастаўлення слова кандыдатам строга ў алфавітным парадку была адразу ж забыта слухачамі, увогуле праігнаравана, а вось што "Лукашэнку і тут слова першаму не даюць, заціскаюць, гады", — прагучала ў зале і замацавалася потым у людскім незадаволеным гуле.
"Наш" не пайшоў па заезджаным шляху сваіх палітычных сапернікаў, не стаў нудотна расказваць пра ацёлы, чалавека-дні і дыспансерызацыю. Пачаўшы з замалёвак з натуры, ён, апелюючы да канкрэтных "рабацяг" і называючы іх пайменна, пачаў раскручваць тэму пра несправедлівую сутнасць сучаснага жыцця. На эмоцыі скупіцца не стаў... І яшчэ доўга потым, праігнараваўшы рэціраванне астатніх кандыдатаў, удзячныя слухачы не хацелі выпускаць Аляксандра Рыгоравіча з жывога шчыльнага палону. У зале было вельмі душна, і я выйшла на ганак. Напэўна, дачушцы, чыё сэрцайка ўжо білася пад маім, больш падабалася ядранасць паветра, чым палітычныя гульні дарослых дзядзькоў.
— Ты з кім збіралася паехаць? — пачула неўзабаве голас Лукашэнкі побач.
— Вось стаю і думаю, — жартаўліва адказала я.
— А ты не стой і не думай, а займай месца вунь у тым "казле", — у тон мне адказаў ён. — Падвязём цябе да дома. Вы ўсё яшчэ там жывяце?
Я кіўнула галавой.
— Тады нам нават і па дарозе.
Калі праз некалькі хвілін машына спынілася на вуліцы Дняпроўскай насупраць старога будынка рэдакцыі, у якім на той момант жылі тры сям'і, Аляксандр Рыгоравіч спытаў:
— Якія твае вокны?
— Сярэднія.
Ён паспачуваў інтэлігенцыі, якой не ствараюцца належныя жыццёвыя умовы, і, сказаўшы яшчэ некалькі фраз, перайшоў да галоўнага:
— Як ты ацэньваеш маё выступленне?
Я шчыра прызналася, што была проста ў захапленні, што іншыя кандыдаты не ішлі ні ў якое параўнанне з ім. Сядзеўшыя ў машыне Уладзімір Снегаў (за рулём), Аляксандр Шчарбак і Уладзімір Канаплёў пачалі дружна дзяліцца ўражаннямі. Асабліва падсыпалі на арэхі "старым казлам" — Вітольду Палікарпавічу Буевічу і Арцёму Яўсеевічу Карнееву. Пасля абмеркавання некаторых тактычных пытанняў з серыяла палітычнай гульні, званай выбарамі, я напрамую спыталася:
— Аляксандр, а ты не баішся, што апаненты прад'явяць табе абвінавачванні за сувязь з Ларысай Маськовай?
Гэтага пытання ён, адчулася па рэакцыі, чакаў, але толькі не ад мяне і не ў той момант. У салоне машыны павісла змрочная цішыня, а Уладзімір Снегаў ажно ўцягнуў галаву ў плечы — мабыць, тэма гэтая была яшчэ балючая. Павольна так, рэчытатываем, А.Р.Лукашэнка прамовіў:
— Ларыса зрабіла для мяне шмат добрага, і я, як раяць мне сябры, — ён абвёў усіх суровым позіркам, — не збіраюся ёй здраджваць. Паміж намі ўжо даўно ўсталяваліся чыста сяброўскія адносіны. Акрамя таго, Ларысу напаткала сур'ёзная хвароба, нядаўна ёй, кажу па сакрэту, зрабілі аперацыю, а цяпер, хутчэй за ўсё, на чарзе і другая. Так што ты, Вольга, павінна зразумець, што турбаваць яе не трэба, бо ніякія размовы, акрамя як супакойваючага характару, здароўя ёй не нададуць, а Ларысе ж яшчэ дачку падняць трэба.
Амаль з паўгадзіны знаходзіўся ў патэтычным стане Аляксандр Лукашэнка, разважаючы не толькі на яе, ларысамаськоўскую тэму, але і на многія іншыя з нашага ўшчэнт матэрыялізаванага быцця. Толькі адрасаваў свае развагі не нам, хто сядзеў побач, а туды, скрозь тэнт машыны, у неабсяжную прастору, дзе слухачамі ўжо былі Суддзі з Сусвету. Гэта ўжо ім спавядаўся, як на сваім зямным шляху ён увесь час змушаны змагацца: з маленства — за выжыванне, а ўсё наступнае жыццё — за адстойванне высокіх чалавечых ідэалаў. І хоць барацьба тая многае адняла ў яго, але ж і дала нямала — вопыт, загартоўку, любоў. А іх, у сваю чаргу, спаўна ён аддасць людзям. Такі вось, маўляў, сэнс яго жыцця.