ВАЎКОЎ БАЯЦЦА — У ЛЕС НЕ ХАДЗІЦЬ

Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка да важнай палітычнай кампаніі рыхтаваўся па-марафонску: сустракаўся са шклоўцамі, не шкадаваў яркіх фарбаў і эпітэтаў для тых, хто "давёў народ да ручкі", палохаў усім тым страшным і небяспечным, што іх можа напаткаць ужо ў недалёкай будучыні, калі людзі раптам не выберуць яго ў прэзідэнты. А яшчэ часцей нагнятаў электарацкі інтарэс недамоўленасцю. Людзі паважалі прамоўцу за адкрытасць, але яшчэ больш захапляліся яго сілай волі ў нераспаўсюджанні самых пікантных фактаў, у сучасны момант вядомых, па словах выступоўцы, толькі членам антыкарупцыйнай камісіі пры Вярхоўным Савеце. Не забываўся, праўда, у скандальную тую мазаіку ўводзіць элементы з жыцця мясцовай знаці. Асабліва даставалася былому старшыні райвыканкама, першаму сакратару райкама КП Беларусі А.А.Папкову. (Аляксандр Андрэевіч Папкоў да прэзідэнцтва Лукашэнкі — генеральны дырэктар гаспадарчага аб'яднання "Шклаўчане". Пасля — старшыня Круглянскага райвыканкама, віцэ-прэм'ер урада Рэспублікі Беларусь.) Хоць факты былі больш прывычныя, чым сенсацыйныя, — накшталт "разбазарвання жыллёвага фонду, высокага акладу, карыстання паслугамі базаў, дзе акумуляваліся вострадэфіцытныя тавары". Але ўжо само публічнае абмеркаванне гэтага пытання даводзіла людзей ледзь не да экстазу.

Памятаю, мы сустрэліся з Аляксандрам Рыгоравічам напярэдадні адной такой размовы з гараджанамі на лесвічнай пляцоўцы трэцяга паверха Дома Саветаў. Ён прывітальна паціснуў маю руку, шырока ўсміхнуўся:

— Вось выкраіў час для сустрэчы са шклаўчанамі. Сёння ў шэсць гадзін вечара яна адбудзецца на плошчы каля райкама партыі. Прыходзь і ты.

Я нічога не адказала на прапанову, толькі запыталася:

— Як справы вашы?

Ён махнуў рукой і задаволена мовіў:

— Атакуюць мяне з усіх бакоў. Адзенне парвалі, калі я прарываўся на працу ў Вярхоўны Савет. Бачыла па тэлевізару?

Я ў скрусе заківала галавою.

— Сочаць за мной, — працягваў А.Р.Лукашэнка. — Падслухоўваючую апаратуру ладзяць цішком.

— А вы не баіцеся, што могуць... Я не рызыкнула нават вымавіць тое страшэннае слова.

— Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць, — адказаў ён народнай прымаўкай. — На ўсялякі выпадак у мяне цяпер з сабою заўсёды рэвальвер, — папляскаў далонню па правым боку мой субяседнік. — Нават спаць кладуся з ім. Ну, бывай, спраў вельмі шмат сёння, пасля сустрэчы яшчэ да Мінска планую даехаць.

— Не трэба гэтага рабіць! — узмалілася я. — Вас могуць падсцерагчы дзе-небудзь на дарозе і тады — канцоў не знойдзеш.

Ён, ужо паспеўшы зрабіць некалькі крокаў ад мяне, спыніўся, павярнуўся. На твары чытаўся паляўнічы азарт.

— Кішка ў іх тонкая.

І, развітальна махнуўшы рукой, пашыбаваў па калідоры. Я зрабіла некалькі крокаў услед. Вялікі, важны, ён смела, як тады мне здавалася, крочыў насустрач небяспецы.

— Божачка, беражы гэтага чалавека! Ён жа за нас усіх змагаецца, — узмалілася я, падняўшы вочы ўгару. І блаславіла, перахрысціўшы яго наўздагон.

... Я не аматар наведваць розныя мерапрыемствы, якія напрамую не звязаны з асабістымі інтарэсамі. Не пайшла і на сустрэчу з народным дэпутатам Вярхоўнага Савета А.Р.Лукашэнкам. А распытаць дасведчаных людзей паспяшалася ўжо з самага ранку. Тое, што на сустрэчу з'явілася амаль паў-Шклова, не здзівіла. І што эмацыянальны ўздым лунаў над плошчай, таксама ўспрыняла як само сабой зразумелае — Аляксандр Рыгоравіч умее ўзбудзіць людзей сваёй аратарскай энергіяй. Падзівіла іншае: ён голасна пахваліў Генадзя Міхайлавіча Лаўранкова і Уладзіміра Леанідавіча Клюйко. Больш таго, нават значнае месца ў сваім маналогу адвёў іх высокім прафесійным і маральным якасцям. Многія потым недаўменна паціскалі плячыма: за што?

І сапраўды, чым такім экстраардынарным вылучаюцца гэтыя два чалавекі сярод шклоўцаў? Хоць, сапраўды, адрозненне маюць. Толькі не такога, як характарызавалася на той плошчы, плана.

Генадзь Міхайлавіч Лаўранкоў (да прэзідэнцтва Лукашэнкі — загадчык аддзела эканомікі і прагназавання, пасля — старшыня Шклоўскага райвыканкама) — наменклатурны работнік. Доўгі час працаваў на розных пасадах у райкаме партыі. А з канцом дамінавання камуністычнай ідэалогіі лоўка перасеў у крэсла райвыканкамаўскага загадчыка аддзела. Сярэдняга росту, вёрткі, востранькі на розум, шэранькай мышкай ён нечакана з'яўляўся ў самых розных месцах падчас патаемных гутарак, чым прыводзіў субяседнікаў у стан збянтэжанасці. Ён спрабаваў гуляць ва ўсе палітычныя гульні адначасова: верай і праўдай служыў Лукашэнку, агітаваў галасаваць на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за Кебіча, не прамінаў магчымасці наладзіць адносіны з народнафронтаўцамі. І сам Аляксандр Рыгоравіч падсмейваўся над пранырлівасцю Генадзя Міхайлавіча, за вочы называў яго "жуком". Таму здзіўленне маё яшчэ больш павялічылася, калі прэзідэнт Беларусі А.Р.Лукашэнка назначыў Лаўранкова старшынёй райвыканкама ў Шклове.

Не знаходжу вытокаў захаплення і асобай Уладзіміра Леанідавіча Клюйко. Настаўнік па адукацыі, ён амаль і не працаваў па спецыяльнасці: быў спачатку ў райкаме камсамола, потым — у апараце яго старэйшага брата — райкаме партыі загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі. Калі райкам партыі страціў сваю кіруючую ролю, у ліку амаль усяго складу апарата райкама партыі перайшоў на службу ў райвыканкам. Потым, калі А.Р.Лукашэнка стаў прэзідэнтам краіны, Уладзімір Леанідавіч быў прызначаны на пасаду дырэктара Шклоўскай спецшколы для дзяцей з паслабленым зрокам.

— Пусцілі казла ў агарод, — характарызавалі такое прызначэнне тыя, хто крыху лепш ведаў У.Л.Клюйко. Уладзімір Леанідавіч — дбайны гаспадар, аддана выконвае грамадскія абавязкі. Напрыклад, жыхары адной з вуліц горада абавязаны яму тым, што, будучы дэпутатам райсавета, ён выканаў іх запыт — дамогся асфальтавання ўскраіннай вулічнай дарогі ў той час, калі цэнтральныя яшчэ былі у палоне ўхабаў. Па "дзіўнаму супадзенню" на той вуліцы жыла цешча У.Л.Клюйко.

Дакладна характарызуе Уладзіміра Леанідавіча вось такі факт з яго біяграфіі. Калі ён кіраваў аддзелам прапаганды і агітацыі ў райкаме партыі, то карыстаўся службовай машынай "Жыгулі" чырвонага колеру, якая раней належала таварыству "Веды". Пасля скасавання апарата райкама разам з таварыствам бясследна знікла і тая машына. На той момант я выношвала ў думках план матэрыялу аб "прыхватызацыі" дзяржаўных машын. Фактаў такіх было ў Шклове вельмі шмат. І акумуляваліся яны пасля адпаведных праверак кантралюючых органаў у райфінаддзеле. Калі аднойчы з дазволу ягонай загадчыцы Н.А.Ермаковай знаёмілася з актамі, то, раптам успомніўшы больш не мазолячую вочы тую прыкметную машыну з таварыства "Веды", запыталася пра яе (Надзея Андрэеўна Ермакова: да прэзідэнцтва Лукашэнкі — загадчыца райфінаддзела ў райвыканкаме, упраўляючая Шклоўскім аддзяленнем "Аграпрамбанка", пасля — старшыня праўлення "Беларусбанка"). Надзея Андрэеўна раптам ажывілася:

— А вы спытайцеся пра яе ў Клюйко.

Я здзіўлена паглядзела на яе, зноў схілілася над паперамі, адначасова абдумваючы сітуацыю.

— Не, Вольга Міхайлаўна, без хістанняў толькі. Я прапаную вам спытаць у Клюйко пра тую чырвоненькую машыну. Скажу па сакрэту, з-за надзейных "падвязак" ніхто да яго і падступіцца з гэтым пытаннем не можа. А сказаць яму ёсць што.

— А што ведаеце вы пра тую "клюйкоўскую" машыну? — спыталася я ў Н.А.Ермаковай. Мы былі добра знаёмыя і калі-нікалі яна дзялілася са мной службовай інфармацыяй.

— Кажуць, што пераправіў брату ў Оршу, дзе той працуе на нейкім рамонтна-тэхнічным прадпрыемстве. Разам яны ўжо, напэўна, прадумалі, як тую машыну ператварыць у грошы, — сказала яна і зноў папрасіла:

— Толькі вы забудзьце пра тое, што і хто вам гаварыў і абавязкова пагутарыце з Клюйко.

Заінтрыгаваная, я адклала таўсценныя папкі, з якімі працавала, на край стала і накіравалася ў супрацьлеглы бок памяшкання Дома Саветаў, дзе на трэцім жа паверсе знаходзіўся кабінет спецыяліста па справах моладзі. Уладзімір Леанідавіч быў на месцы і, убачыўшы мяне, ветліва запрасіў сесці. Я пажартавала:

— Дзякуй, але, як кажуць, не бойся госця сядзячага, а бойся госця стаячага.

Ён здзіўленым позіркам папрасіў тлумачэння. А я без розных там дыпламатычных хітрыкаў прама запытала:

— А вы часам не ведаеце, куды падзелася тая чырвоная машына з таварыства "Веды", на якой вы ўвесь час ездзілі?

— На рамонце, — не міргнуўшы вокам, адказаў ён.

— А дзе канкрэтна і што з ёй здарылася?

— Урэзалася ў вялікагрузную машыну і сплюшчылася.

— Ого! Гэта ўжо сур'ёзна, — не хаваючы іроніі, усклікнула я. — Дзіўна, я рэгулярна праглядала міліцэйскія зводкі і нічога падобнага не бачыла ў справаздачах. Дык дзе, прабачце, гэта здарылася?

Уладзімір Леанідавіч разумеў падтэкст маіх слоў. Па меры далейшага дыялога яго твар, пакрываючыся чырвонымі плямамі, скурчыўся ў грымасе нянавісці:

— Якая табе справа? — не валодаючы сабою, злосна зашыпеў ён. — Усё капаеш, капаеш... Глядзі, назбіраеш столькі фактаў, што не пацягнеш, надарвешся.

У яго інтанацыі адчувалася адкрытая пагроза.

— Што ж, калі вы не ведаеце, дзе ваша машына, паспрабую пашукаць яе я, — збравіравала я, адчыняючы дзверы.

— Давай-давай, топай, — данёсся ззаду яго ледзяны голас.

Справу тую я, нават не пачаўшы, спыніла, таму што на машыну падрыхтавалі акт аб спісанні з-за ледзь што не пагражальнага амартызацыйнага стану і адпраўлена была тая шустранькая аўтамашына быццам бы на металалом. Такім чынам, зніклі ўсе канцы.

Не мог не ведаць пра ўсё гэта А.Р.Лукашэнка, але ж, між іншым, палічыў за неабходнае ўвесці такія вось учынкі ў ранг высокай маральнасці. Ну як пасля гэтага ў душу пабочнага назіральніка не западзе зерне недаверу да ўладу маючых?

Загрузка...