"... ТАМ ВЫРАС ХРЭН"

Вы за каго, Вольга, будзеце галасаваць? — спыталася напярэдадні выбараў ветэран журналістыкі, загадчыца аддзела пісьмаў С.М.Жукоўская, якая ўжо дакладна ведала маю палітычную зарыентаванасць, але, відаць, не губляла надзеі падараваць "свайму" кандыдату яшчэ адзін, мой голас.

— За Лукашэнку, — адказваю. — І іншых агітую. І вы, Соф'я Міхайлаўна, яшчэ, сур'ёзна так паразважаўшы, абавязкова прыйдзеце да вываду, што толькі ён, Лукашэнка, найбольш адпавядае дэпутацкаму званню.

— Што вы, што вы? — замахала яна рукамі, быццам адбіваючыся ад нячысціка. — Вы ж прыезджая, таму яго зусім не ведаеце. А шклоўцы ведаюць, таму, я упэўнена, і прагаласуюць за цудоўнага чалавека, урача ад Бога — Вітольда Палікарпавіча Буевіча.

... Абодва яны неўзабаве прайшлі ў другі тур. І ў нялёгкай барацьбе потым перамог маладзейшы — А.Р.Лукашэнка. Перамогу тую дружна, з размахам адсвяткавалі ў доме Уладзіміра Канаплёва.

Аляксандр Рыгоравіч сінхронна з дэпутацтвам набіраў і вагу, аўтарытэт на Шклоўшчыне. Тыя, хто не зважаў на яго раней або ў спрэчках лудзіў горла, палічылі за лепшае забыць мінулую неразважлівасць і блізарукасць, спяшаліся прадэманстраваць у мэтах бяспекі калі ўжо не сімпатыю і прыхільнасць да яго, дык хоць нейтралітэт. Такім чынам колькасць яўных апанентаў рэзка зменшылася і Аляксандр Рыгоравіч адчуваў сябе на Шклоўшчыне прывольна.

Пасля выбрання дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пачаў змагацца за ўсеагульную папулярнасць. Яго голас з пленарных пасяджэнняў Вярхоўнага Савета трансліраваўся на радыёстанцыі і далятаў у кожны шклоўскі дом. Шклоўшчына дзівілася шырыні кругагляду і эрудыцыі звычайнага, як здавалася раней, дырэктара саўгаса і, бадай, упершыню так масава адкрыла яго для сябе. І калі яму ў чарговы раз давалі слова ля знаёмага ўсім землякам шостага мікрафона, радыёпрыёмнікі ўключаліся на ўсю гучнасць. Асабліва ў гэтым плане вызначаўся Дом Саветаў: на яго чатырохпавярховыя калідоры выплюхвалася стогалосая лукашэнкаўская мова ў радыёінтэрпрэтацыі. Стваралася ўражанне, што прамоўца знаходзіцца адначасова ў кожным кабінеце і з уласцівай яму эмацыянальнасцю пераконвае працуючых і наведвальнікаў менавіта ў сваім пункце гледжання. Адным словам, слухалі ўсе і пераконваліся ў ягонай неардынарнасці. А потым дружна дзяліліся ўражаннямі.

Аднойчы я пачала заўважаць, як над А.П.Гардзеевым, які ўзначальваў землеўпарадкавальную службу ў раёне, многія пачалі падсмейвацца, выкарыстоўваючы пры гэтым у самых розных варыяцыях словы "хрэн", "сумленне". Кабінет Гардзеева знаходзіўся на трэцім паверсе, і мы, хочаш не хочаш, а ў такім домсаветаўскім суседстве і па сто разоў на дні сустракаліся. І калі гэтае непрыстойнае словазлучэнне нацёрла мой слых, я не вытрымала і спыталася ў нашага фотакора Аляксандра Мікалаевіча Бялясава, якім такім хрэнам даймаюць Гардзеева? Наш агульны кабінет рэдакцыі рэдка калі пуставаў. На той момант там гартаў падшыўкі старшыня гарсавета Аляксандр Чупрынскі і былі яшчэ чалавекі чатыры з супрацоўнікаў.

— Што, ты не чула пра хрэн? — раскаціста рассмяяўся той. — Вось дык памочніца ў Лукашэнкі — нічога не ведае пра выказванне свайго патрона.

Пры гэтым Бялясаў накіраваў у мой бок свой здаравенны кулак з выцягнутым бы пад лінеечку пальцам. — Чуеш, Саша, яна, ха-ха-ха, нічога не ведае пра хрэн.

І кабінет узарваўся выбуховым рогатам. 3 акулярамі на кончыку носа прымчаўся рэдактар Л.М.Анціпенка і, унікнуўшы ў сэнс, не стрымаўся, уліўся ў рогатавы хор.

Ненармальныя, — характарызавала іх я, назіраючы за постацямі, што згіналіся ад прыступу смеху, з разяўленымі ледзь не на ўвесь твар ратамі і шчылінамі замест вачэй, з якіх цяклі слёзы. Малпы, клоуны, а мо з глузду з'ехалі?.. Трывожна азіраючыся, я з нарастаючай хуткасцю перасекла памяшканне і, дасягнуўшы дзвярэй, ледзь не выфутболіла сябе, зачыняючы іх за сабой. Доўга яшчэ потым блукала па калідорах, не рызыкуючы вярнуцца. А калі нарэшце адважылася, насельнікі, саромячыся нядаўняй зубаскальні, запыталіся:

— Што, сапраўды нічога не ведаеш пра той "хрэн"?

Я адмоўна пахістала галавой. І мне расказалі...

На адным з пасяджэнняў Вярхоўнага Савета было прынята рашэнне аб тым, што блізкія да ўлады людзі больш не маюць права адначасова займаць свае пасады і валодаць зямлёю, якую на той час многія займелі. У Шклове па 50 і больш гектараў высокаўраджайнай зямлі паспелі замацаваць за сабой старшыня райвыканкама А.Г.Думлер, старшыня калгаса імя Леніна У.І.Маліноўскі, начальнік экалагічнай службы С.А.Панкратаў, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.М.Фірага і дырэктар саўгаса "Гарадзец" А.Р.Лукашэнка. Участак Аляксандра Рыгоравіча знаходзіўся кіламетры за тры ад Рыжкавічаў па мінскаму маршруту. Яшчэ раней я чула па радыё яго выказванні па зямельнаму пытанню:

— Асабіста мне зямля непатрэбна. А мае сыны Віця і Дзіма — просяць захаваць надзел. Кажуць: "Мы, тата, самі яго апрацоўваць будзем". І я не магу ім адмовіць, няхай працуюць, грошы зарабляюць.

А потым, калі пад зямельныя пытанні была падведзена заканатворчая база і трэба было выбіраць пасаду ці зямельны надзел, хтосьці з дэпутатаў "праехаўся" па Лукашэнку, абвінаваціўшы яго ў невыкананні прынятых Вярхоўным Саветам законаў. А ён і паправіў: маўляў, спазніўся, браце, ад зямлі я даўно ўжо адмовіўся.

Гэтую лаянку, на сваё няшчасце, слухаў па радыё і А.П.Гардзееў, раённы землеўпарадкавальнік. Педантычны Аляксандр Пятровіч быў шакіраваны: каму верыць — сваім вушам ці раней бесправальнай памяці? Крыху| паразважаўшы, засумняваўся ў апошнім, бо Такі Вялікі Чалавек ды так чыстасардэчна хлусіць не будзе. Таму кумельгам паімчаўся ўдакладніць усё ў дзелавых паперах, падняў стосы стэнаграмаў райвыканкамаўскіх пасяджэнняў. Нават спацеў, а заявы А.Р.Лукашэнкі пра адмову ад зямлі так і не знайшоў, не кажучы ўжо пра рашэнне. Доўга вагаўся, але потым перамагла службістасць і ён, адшукаўшы Аляксандра Рыгоравіча ў Мінску, далікатна папрасіў усё ж аформіць пісьмова сваю адмову маўляў, слова да справы не падшыеш. На што А.Р.Лукашэнка заявіў:

— Ведаеш, Саша, а я не збіраюся ад яе адмаўляцца, хоць, прызнаюся, займаюся больш важнымі, дзяржаўнымі справамі. Аднак мае сыны растуць, ужо і самастойна могуць зямлю апрацоўваць, грошы мазалём зарабляць. Таму без згоды сыноў на гэта ніякай адмовы ад мяне не будзе.

Аляксандр Пятровіч збянтэжыўся:

— А як жа вас разумець, Аляксандр Рыгоравіч: у мікрафон на ўсю рэспубліку вы кажаце адно, а мне — зусім іншае. Дзе ж ваша сумленне?

Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ад смеху ледзь трубку ўтрымаў у руцэ:

— Дзе, Саша, было сумленне, там вырас хрэн.

... Крыху паздаваўшы свой зямельны ўчастак у арэнду, А.Р.Лукашэнка ўсё ж афіцыйна адмовіўся ад яго. Не ведаю толькі, якой датай аформлена была ягоная заява: "дахрэнавай" ці пазнейшай.

Загрузка...