Быў той час, калі на Шклоўшчыне стварыўся ажыятаж вакол мясцовага аддзялення фонду "Дзеці Чарнобыля" (потым — "Дзецям Чарнобыля"). Яго ўзначальванне падарыў свайму сябру, паплечніку і памочніку Уладзіміру Канаплёву дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, які, у сваю чаргу, на нейкім этапе дэпутацкай дзейнасці быў у добрых адносін:ах з лідэрам БНФ Зянонам Пазьняком. Прынамсі, пра гэта сведчыў адзін убачаны мной фотаздымак, які зафіксаваў іх ледзь не ў сяброўскіх абдымках. Многа часу потым я білася над пытаннем: чаму люта ненавідзячыя не толькі гэтую дэмакратычную плынь, але і саму абрэвіятуру "БНФ" людзі так учэпіста трымаліся за "дзецічарнобыльскія" фонды? Усё стала зразумелым потым.
Галоўнымі выканаўцамі праграмы "Дзеці Чарнобыля" на шклоўскім узроўні былі муж і жонка Канаплёвы: Уладзімір узначальваў, Ала — кіравала. Балазе, спецыялізавалася яна на навучанні дзяцей нямецкай мове, выкладаючы гэты прадмет у спецшколе. Шчыльненька так, табункамі, трымаліся каля іх асабліва давераныя па вывазу дзяцей за мяжу сем'і Клюйко, Бабровай, Ліпскай, Машагірава. Хацела зараз напісаць, што яны вывозілі дзяцей "на аздараўленне", ды рука не паслухалася. Якое аздараўленне? За мяжу ездзілі дзеці шклоўскіх "бурацінак" і чыноўнікаў. Вядома ж, складалі гэтыя спісы Канаплёвы. Такім чынам ад іх дома да спагадлівай, чуллівай Германіі пралегла ўмоўная дарога: адтуль — "гуманітарка", туды — групы нашчадкаў забяспечаных бацькоў, "разбаўленыя" таленавітымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі.
І ўсё роўна ўсім жадаючым, нават з ліку "самых-самых", месцаў у групах не хапала: у Германію хацелі ўсе. Таму прыхільнасць Канаплёвых бралі штурмам: каля іх дома каравулілі гаспадароў уладальнікі машын, пешыя, конныя, перахоплівалі нават на дарозе. "Дурдомам" назваў аднойчы такую абстаноўку Уладзімір Канаплёў.
Стагоддзямі шклоўцаў трымала ў абдымках адна страсць — агурковая. Цяпер іх сэрцы запаланілі размовы пра выезды ў Германію: хто туды ездзіў, што прывёз і хто паедзе ў наступны раз. Асабліва хвалявала пытанне: "хто паедзе?". А вось якраз пра гэта і даведваліся людзі запозна, ды і то самастойна, шляхам вылічвання, бо спісы ад'язджаючых трымаліся ў вялікім сакрэце. Шмат разоў гэтае пытанне стыхійна ўздымалася на розных пасяджэннях, сходах. Але ўладу маючыя не рэагавалі на людскія пратэсты і чамусьці, як маглі, абаранялі ганебны прынцып падбору кандыдатур для паездак за мяжу.
Памятаю фінал адной сесіі райсавета, — слова давалася ўсім дэпутатам, у якіх было што сказаць ці спытаць. Пытанне пра выезд дзяцей за мяжу ўзняла дырэктар СІП №4 горада Валянціна Піліпаўна Рыбкова. Эмацыянальна, ад імя бацькоў, працоўнага калектыву школы яна абвінаваціла арганізатараў гэтых паездак у келейнасці складання спісаў, у суб'ектыўнасці падбору кандыдатур, у выніку чаго сапраўды хворыя застаюцца сам-насам з бядой, а за мяжу вандруюць начальніцкія дзеці ці асабліва набліжаных да касты, якая ўтварылася вакол рэгіянальнага аддзялення "Дзеці Чарнобыля".
Да гэтага старшынюючы на сесіі трымаў дысцыпліну ў зале. Але пасля таго, як В.П.Рыбкова пакінула трыбуну, прысутныя літаральна ўзарваліся ад эмоцый: адначасова ў розных кутках залы прамаўлялі некалькі чалавек, выказвалі набалелае, імкнучыся перакрычаць іншых, каб быць пачутымі. Адным словам, узняўся такі вэрхал, што старшынюючы змушаны быў уключыць гэтае незапланаванае пытанне ў парадак дня, каб хоць неяк разрадзіць атмасферу.
Абмежаваны метраж мікрафоннага шнура ўтрымліваў мяне ў пярэднім радзе. Але я, як магла, выцягвала свой мікрафон на гукі залы, каб запісаць як найбольш інфармацыі. Я ўжо прадчувала, наколькі ўсхвалюе радыёслухачоў мая перадача на "дзецічарнобыльскую" тэму, які рэзананс яна атрымае.
А старшынюючы тым часам да хрыпаты крычаў у свой мікрафон, прысаромліваючы:
— Вы ж не на базары, вы ж прыстойныя людзі! Захоўвайце меру, пачуццё чалавечай годнасці, нарэшце.
Ха! Якая там мера, якая годнасць... Ледзь не ўпершыню ў гісторыі правядзення ўсіх засядалавак было пастаўлена сапраўды хвалюючае людзей пытанне. Крылы перабудовы, дэмакратыі ў рэспубліцы паднялі іх галовы вышэй, узмацнілі голас, надалі смеласці, і яны цяпер гаварылі, а дакладней — крычалі ўсё, што думалі пра ўладу: "хапугі", "дармаеды", "разбазарванне гуманітаркі", "хлусы" — вось далёка не ўсе эпітэты, якія нарэшце пачулі ў свой адрас ганаровыя члены прэзідыума, яны ж, лічы, і кіраўнікі раёна. Права голасу я не мела, але і маўчаць таксама не ў маім характары. Парушаючы прафесійны этыкет, крыкнула на ўсю моц лёгкіх:
— Неабходна рассакрэціць спісы ад'язджаючых за мяжу і друкаваць іх у раённай газеце!
Старшынюючы, нядобра зыркнуўшы ў мой бок, выгукнуў:
— Усё, усё, заканчваем гэты базар. Праблема зразумелая і кіраўніцтва раёна падумае над ёй. Сесія закончана. Дзякуй за ўдзел. Разыходзімся.
Я хуценька скруціла правады, пачапіла на плячо рэмень свайго "Рэпарцёра" і пайшла ў рабочы кабінет. Праз хвіліны тры, адчыняючы дзверы, пачула тэлефонны званок. Толькі два дні таму мяне "распаралелілі", далі індывідуальны нумар, які ведала толькі мая мама і тыя, хто звярнуў увагу на фірму ў райгазеце, дзе быў пазначаны і гэты нумар. Пачула ў трубцы:
— Гэта ты, Вольга? Гэта Канаплёў, прывітанне. Што гэта ты там калякала на сесіі пра "чарнобыльцаў" і якая табе да гэтага справа?
Ад нечаканасці я разгубілася і прамармытала:
— Дык цябе ж там не было, адкуль ведаеш?
— Затое былі мае людзі.
— У такім выпадку, Валодзя, — прыйшла я ў сябе, — табе і тваім людзям, якія маюць дачыненне да фонду "Дзеці Чарнобыля", ужо даўно час выступіць па радыё ці ў газеце і расказаць пра ўсё, а не сакрэціць працу і тым самым нерваваць людзей. Вось я табе, карыстаючыся выпадкам, і прапаную гэта зрабіць неадкладна. Або ў бліжэйшай перадачы сама падыму гэтае пытанне, тады ўжо, павер, абставіны змусяць цябе выступіць са справаздачай.
Ужо зусім іншым, памякчэлым голасам ён сказаў:
— Павер, усё тут чыста, усё законна. Ажыятаж узнік не столькі з-за аздараўлення, колькі з-за падарункаў, якія ім дораць немцы. Але ж, пагадзіся, усіх павезці ў Германію немагчыма!
— Вось і добра, раскажаш усё гэта не мне, а радыёслухачам. Дык калі цябе чакаць на перадачу?
Ён памаўчаў, потым сказаў:
— Зараз. Хвіліны праз тры я буду ў тваім кабінеце.
Будынак спецшколы для дзяцей з паслабленым зрокам знаходзіцца побач з Домам Саветаў. Таму праз дамоўлены час у кабінет зайшоў У. Канаплёў. Як чалавек Валодзя мне падабаўся. Асабліва неад'емная рыса яго характару — імкненне ўсім дапамагчы. Спагадлівы вельмі быў. Ён меў на той час шэра-сіні аўтамабіль, салон якога рэдка калі пуставаў: Валодзя ўсіх падвозіў. Я яго таксама эксплуатавала. На той час рэдакцыя купіла нам дом у Рыжкавічах і мы адразу ж разжыліся ўласнай гаспадаркай: каровай, свіннямі, усімі, здаецца, відамі птушкі і трусікамі. Хлеб у магазінах тады быў танны, і мы, як усе, кармілі ім жывёлу. Затаварвала я авоські ў магазіне "Юбілейны", што на выхадзе са Шклова, хвілін дзесяць хады да майго дома ў вёсцы. І Валодзя Канаплёў, рэзка затармазіўшы побач "Жыгулі", часта казаў:
— Сядай, падкіну дадому.
І хутчэй сабе, чым мне, адрасаваў мармытліва:
— Цярпець не магу, калі жанчыны так цяжка нагружаюцца.
Уладзімір Мікалаевіч Канаплёў належыць да таго тыпу людзей, якія магніцяць да сябе іншых. Адкрыты па характару, чулы, спагадлівы, жадаючы і ўмеючы дапамагчы. Ён заўсёды збіраў вакол сябе ледзь не натоўпы. Праўда, і пра сябе не забываў, часценька дабро рабіў з далёкім прыцэлам і дзеля вырашэння асабістых пытанняў. Доўгі час У.М.Канаплёў сябруе з А.Р.Лукашэнкам. Пачалося знаёмства гэтае, расказвалі, калі Уладзімір працаваў яшчэ настаўнікам у СІП №3, дзе вучыліся дзеці будучага прэзідэнта. Потым сяброўства ўзмацнілася, і калі У.Канаплёў прыйшоў на працу ў органы міліцыі, то актыўна пачаў памагаць свайму сябру ва ўсіх выбарчых кампаніях: калі той прэтэндаваў на пост дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, потым — Вярхоўнага Савета БССР і ў 1994 годзе — прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Апошнім часам Уладзімір Мікалаевіч пры магутнай падтрымцы свайго сябра-прэзідэнта лёгка робіць уласную кар'еру — стаў галоўным памочнікам прэзідэнта, потым дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, намеснікам старшыні палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.
Цяпер ўжо ў яго (як калісьці у А.Р.Лукашэнкі — ён) ёсць свой "у дошку", надзейны і адданы сябар, памочнік, а мо і слуга — В.М.Сёмушкін, якому для павелічэння хуткасці выканання даручэнняў У.М.Канаплёў прэзентаваў немаведама на які тэрмін урадавую машыну з дзяржаўным нумарам 7000 ТІ.
Мне расказалі, што Уладзімір Канаплёў, працуючы ў Мінску і атрымаўшы там шыкоўную кватэру, пакінуў за сабой дом у Шклове, а догляд яго ды мадэрнізацыю даверыў В.М.Сёмушкіну. І той, пры пераводзе дома на электраабаграванне, вымушаны быў аднойчы звярнуцца ў аварыйную службу. Работнікі, што выконвалі заказ, спыталіся ў яго:
— А вы кім будзеце?
Той разгубіўся і прамямліў:
— Я, я... качагар.
Але гэта не проста качагар. В.М.Сёмушкін — чалавек Канаплёва ў Шклове і, выконваючы для яго службовыя і асабістыя даручэнні, ужо толькі гэтым узнёсся ў нефармальную вышыню лідэрства і, што называецца, нагой адчыняе дзверы кабінетаў начальнікаў. Валерый Мікалаевіч афіцыйна працуе. Ён узначальвае вучэбна-вытворчы камбінат у Шклове. Дарэчы, адзін з апошніх у сістэме адукацыі, як не апраўдаўшых сябе па метадах навучання. Але Валерый Мікалаевіч не хавае:
— Гэты камбінат будзе дзейнічаць роўна столькі, колькі захачу ў ім працаваць я.
Але ўсё ж я далёка пераскочыла ў сваім расповедзе. Гэта ўсё будзе потым. А ў даны момант мы размаўляем з Уладзімірам Канаплёвым — выкладчыкам спецшколы, старшынёй раённага аддзялення фонду "Дзеці Чарнобыля". Ды не пра аздараўленне, якога на самай справе і не было, а пра выезды шклоўскіх дзяцей у Германію. Валодзеў лоб пакрыўся гарошынамі поту. Дыскутаваць яму складана: трэба акцыі гэтай надаць прыстойны выгляд, а праўды ўсёй не скажаш. Калі ж улічыць, што Валодзя не валодаў аратарскімі здольнасцямі, то можна было яму толькі паспачуваць, калі ён рабіў намаганні адказаць на прама пастаўленыя пытанні.
Тады, паміж дыялогам, ён і прамовіў фразу, якая, падалося, ніякага дачынення да гутаркі не мела:
— А ведаеш, як цябе Саша Лукашэнка празваў?
— ?
— Паскуднай бабёнкай.
— ?!!
— Мянушку ён табе даў пасля таго, як ты яго, кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета, запісала на радыё. Памятаеш?
Чаму ж, памятаю. Раскажу і пра гэта, але крыху пазней. А цяпер я дакончу свой успамін пра цябе, Валодзя. Як ты спрабаваў выкруціцца ад актуальнай на той момант тэмы пра справы мясцовага аддзялення фонду "Дзеці Чарнобыля", якім ты кіраваў у Шклове. 3 табою было цяжка размаўляць, бо ты не ведаў, што мне можна сказаць і як лепш было ўспрыняць пытанне: каб і адказаць на яго, і нічога не сказаць канкрэтна. Ты вельмі хваляваўся. Пазней, у працэсе работы над нашай сумеснай з табой перадачай, я зразумела, хто быў аб'ектам твайго хвалявання, — жонка Ала (Ала Мікалаеўна Канаплёва: да прэзідэнцтва Лукашэнкі — выкладчык спецшколы для дзяцей з паслабленым зрокам у Шклове. У час прэзідэнцтва Лукашэнкі — загадчык аддзела ў Міністэрстве адукацыі). Чаму? У двух словах не скажаш.
Тады яна была проста дарадчыцай мужавага сябра — А.Р.Лукашэнкі. Хударлявенькая, стройная, сімпатычная, з даўгаватымі валасамі, што цудоўнымі хвалямі акаймоўвалі яе разумную галоўку, яна выглядала зманліва просценькай, і такі імідж яе, здавалася, задавальняў. На самай справе яна мела багатую палітру моцных якасцей: мудрасць, тактоўнасць, шырокую эрудыцыю, густ, мэтанакіраванасць. Толькі пальцы ёй у рот не кладзі, адкусіць; любіла пакіраваць. Я такіх людзей паважаю, толькі імкнуся быць ад іх далей — дыктату не прымаю.
Памятаеш, як у той дзень, пасля нашай з табою шматгадзіннай дыскусіі на "дзецічарнобыльскую" тэму на Шклоўшчыне, ты спалохана сказаў:
— Што ты! Я яшчэ ні разу не запісваўся на радыё. Давай лепш напішы пытанні, я з імі папрацую і заўтра прыйду на запіс.
Я так і зрабіла. Аркуш з пытаннямі, паводле нашай папярэдняй дамоўленасці, укінула ў паштовую скрыню на доме ля вашай брамкі. Назаўтра ты прыйшоў з вучнёўскім сшыткам, амаль спісаным акуратным жаночым почыркам. Ала, падумалася мне, зрабіла за цябе тваю справу. Аптымізму яе ўдзел у нашай перадачы мне не дадаў. Ведаючы Алу, я гатова была ісці ў заклад, што яна абміне вострыя вуглы. Што, дарэчы, і здарылася: мае пытанні былі перайначаны так, што нічога "кусачага" там не засталося. А за імі ішлі твае, быццам бы, адказы. Паводле Алінай задумы, нам з табою толькі і заставалася, што адмыслова іх прачытаць. Але ж вы не ўлічылі аднаго моманту: я на повадзе хадзіць не люблю, нават калі яго начэплівае на мяне Ала Канаплёва. Таму пачала задаваць табе менавіта тыя пытанні, якія перадала раней.
— Выключай, мы самадзейнічаць не дамаўляліся, — катэгарычна заявіў ты.
— Сапраўды, не дамаўляліся, — адказала я. — Таму давай весці дыялог па сутнасці: я табе — прамое пытанне, ты мне — прамы адказ.
Тады ты сказаў у адчаі:
— Не кожнае ж, Вольга, дзіця можна адправіць за мяжу, — з маральна-этычных меркаванняў. Зразумела, дабра. чынны фонд "Дзеці Чарнобыля" разлічаны на падтрымку дзяцей, якія сталі ахвярамі радыяцыйнага забруджання. А наш раён — умоўна чысты. Сярод перасяленцаў ёсць, сапраўды, дзеці, але такіх, якіх не сорамна было б вывезці за мяжу, раз-два — і ўсё. Ды і нашы нечарнобыльскія шматдзетныя сям'і — таксама не без праблем, маю на ўвазе разумова-фізічны стан. Бо хто ў нас больш за ўсіх дзяцей "штампуе"? Ну вядома ж, бацькі-алкаголікі. Дык што, прабач, дурняў у высокаразвітую краіну везці? Сораму не абярэшся сам, ды і краіну падставіш, — людзі ж нашы ў большасці працавітыя, інтэлектуальныя, а па хворых, нявыхаваных дзецях і пра іх адпаведна меркаваць стануць. Дарэчы, не так даўно мы ўжо зведалі ганьбу з-за гэтага. Уключылі ў чарговую паездку за мяжу дзяцей з ахарактарызаваных мною мнагадзетных сем'яў. У Германіі ім былі створаны найлепшыя ўмовы. Нават запрасілі іх наведаць святыню — могілкі продкаў. Немцы хацелі паказаць, як яны клапоцяцца пра іх, а заадно і тых "рускіх", што знайшлі на чужыне свой апошні прытулак. А дзеці нашыя ... узялі і насралі на тыя рускія ды нямецкія могілкі. Прама паміж кветак, уяўляеш? Яшчэ ты дабіваешся прызнання наконт уключэння ў групы дзяцей "бурацінак" і начальнікаў. Ну, без "бурацінак" нават у нашай гуманітарнай справе не абысціся. Толькі адвоз і прывоз дзяцей у Мінск чаго каштуе, а ёсць жа і шмат іншых клопатаў, звязаных з пэўнымі фінансавымі выдаткамі. Вось за ўсіх дзяцей і плацяць тыя, каго ты называеш "бурацінкамі". Начальніцкіх дзяцей хочаш ведаць прозвішчы? 3а каго ты мяне прымаеш? Сёння я табе — прозвішчы, а заўтра сабе — палкі ў колы? Не, лепш няхай так усё і застаецца — засакрэчаным. Вось і ўся праўда, Вольга.
Я цябе зразумела, Валодзя, як зразумела і тое, што анічоганькі вартага з гэтай маёй перадачы не атрымаецца. І тую перадачу мы зрабілі з табою, памятаеш. Валодзя, як і многія іншыя, што і цяпер поўняць эфір: ні розуму, ні сэрцу.