Я сядзела ў сваім кабінеце і працавала над матэрыялам. Раптам дзверы шырока расчыніліся, прапускаючы расхваляванага Уладзіміра Канаплёва. Без прадмовы ён, спыніўшыся насупраць, загадна сказаў:
— Вольга, давай хуценька склікай сюды Бабка, твайго мужыка, — адбудзецца важная размова.
Гэта падзейнічала магічна, і я, не выпускаючы аўтаручку, кінулася выконваць даручэнне. Балазе ўсе знаходзіліся на рабочых месцах, таму праз якую хвіліну мы з'явіліся перад уладным позіркам Уладзіміра Мікалаевіча. Вытрыманай паўзай ён даў магчымасць зразумець важнасць моманту. І, пільна ўглядаючыся пачаргова ў твар кожнаму, сказаў:
— Ты, Фёдаравіч (М.Ф.Бабок. — Аўт.), ты, Валодзя (У.А.Паўлаў. — Аўт.) і ты, Вольга будзеце рабіць адну вельмі важную справу. Напэўна, я парадую вас навіной: сёння Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пачне афіцыйна змагацца за пост прэзідэнта рэспублікі. І мы яму павінны ў гэтым дапамагчы — збіраць подпісы ў падтрымку яго кандыдатуры, агітаваць за яго насельніцтва. 3 сённяшняга дня вы — члены яго групы падтрымкі. Мы там ужо выпісваем пасведчанні. І яшчэ. Калі з'явяцца якія пытанні, а яны абавязкова будуць, звяртайцеся ці да мяне, ці да Алы (А.М.Канаплёва. — Аўт.). І дамоў да нас можаце прыходзіць у любы час. Дамовіліся? Тады бывайце, я пабег.
І, паціснуўшы кожнаму руку, знік гэтак жа імкліва, як і з'явіўся. А мы ўсё стаялі, прыглушаныя навіной, не адважваліся нават зварухнуцца, спрабавалі перажыць сенсацыю з репертуару Лукашэнкі пра ягоны ўдзел у выбарах. Вось так, думалася, як у той шашачнай гульні: бац, бац — і ў дамкі.
Застаўшыся праз некаторы час адна ў кабінеце, я беспаспяхова спрабавала зноў пачаць пісаніну. Безвынікова. І я пайшла, так бы мовіць, "на людзі" — у агульны аддзел рэдакцыі. Там поўным ходам ішло абмеркаванне: ці пройдзе кандыдатура А.Лукашэнкі? Я сказала:
— Не, не здолее ён перамагчы.
— Ты так думаеш? — пачула ў адказ. — Не хвалюйся, якраз такія часцей за ўсё і праходзяць.
... Я і М.Бабок атрымалі канкрэтнае заданне: весці прыём грамадзян, якія жадаюць падтрымаць А.Р.Лукашэнку. Дакладней, запаўняць падпісныя лісты. І месца для гэтага нам выдзелілі — асобны пакой на райвыканкамаўскім паверсе, дзе раней вялі прыём дэпутат Вярхоўнага Савета А.Р.Лукашэнка і яго памочнік — У.М.Канаплёў. М.Бабок зразу ж аддрукаваў на машынцы аб'явы і некалькі гадзін расклейваў іх потым па ўсяму гораду. Мы мяняліся з ім праз паўдня, амаль спынілі свае рэдакцыйныя абавязкі. Але ніхто не наракаў. Людзей спачатку прыходзіла вельмі шмат, ішлі нават цэлымі сем'ямі, пад'ездамі. Прытым неслі з сабою пашпарты сяброў і знаёмых, напрамілы бог упрошваючы і іх запісаць у лісты. Мая катэгарычная ўмова рэгістраваць толькі наяўных не ўспрымалася, людзі пачыналі ледзь не на калені станавіцца:
— Мы ж усе за нашага Рыгоравіча рукамі і нагамі галасаваць будзем. Калі не ён, хто тады дасць нам лепшую долю?
Можна было толькі падзівіцца і па-светламу пазайздросціць іх веры і аптымізму. На той час людзі яшчэ не выйшлі з псіхалагічнага шоку ад "паўлаўскага" — у 1991 годзе — павелічэння цэнаў, абясцэньвання грашовых укладаў і таму ўжо не верылі нікому, але вельмі хацелі верыць. І ў якасці аднаго-адзінага бачылі толькі яго, Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку.
Дні праз чатыры, калі паток жадаючых засведчыць сваю падтрымку Рыгоравічу паменшыўся, я пераключылася на паездкі па Дрыбінскаму і Горацкаму раёнах з агітацыйнымі намерамі і пошукам людзей, якія б на месцы разгарнулі справу па збору подпісаў, а яшчэ больш — агітацыю за Лукашэнку. І яны знаходзіліся. Хоць, даўшы такую згоду, яны рызыкавалі ўступіць у канфлікт з працадаўцамі. Справа ў тым, што кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстановаў атрымалі вусна-тэлефонныя дырэктывы байкатаваць "выскачку" Лукашэнку і зрабіць усё магчымае, каб перамог Кебіч. Як толькі я распавядала пра мэты свайго візіту, мяне, бы чумную, ледзь не гналі ў каршэнь. А ў Дрыбінскім праўленні райспажыўсаюза старшыня, упершыню сустрэўшыся, мала не плюнуў мне ў твар і абазваў самымі брыдкімі словамі толькі за тое што я папрасіла ў яго дазволу знайсці ў ягоным калектыве прыхільніка Лукашэнкі і папрасіць яго ў вольны ад працы час збіраць подпісы ў падтрымку гэтага кандыдата ў прэзідэнты.
За мной падчас язды па раёнах была замацавана службовая аўтамашына са шклоўскага аддзялення "Ашчадбанка", вадзіцель якой атрымаў загад ад упраўляючага Г.М.Лысікава "быць у поўным маім распараджэнні". Быццам ашпараная, я выскачыла з кабінета старшыні райспажыўсаюза і, ад слёз не могучы нічога сказаць, рукой толькі махнула шафёру ў бок, куды трэба ехаць: у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, што ў Горках. Там у свой час я працавала, была знаёма з многімі работнікамі з ліку прафесарска-выкладчыцкага саставу. Рэктара ў той дзень не аказалася ў межах раёна, і я пастукалася да прарэктара па вучэбнай рабоце. Ён, уважліва выслухаўшы мяне, тактоўна сказаў:
— Пра свае прыхільнасці распавядаць не буду, ды і яны вас хваляваць, па-мойму, не павінны. А што да іншых, то яны маюць права выбіраць каго захочуць. Прапаную аптымальны варыянт: праз два дні ў нас адбудзецца пасяджэнне вучонага савета, на які прыбудуць не толькі навукоўцы, але і кіраўнікі факультэтаў, кафедраў. І мы знойдзем, паверце, і для вас хвіліну на інфармацыю. Там тады і акрэсліцеся ў навядзенні неабходных кантактаў.
Я была цалкам гэтым задаволена, але, каб не губляць марна часу, наведала некалькіх сваіх знаёмых у іх дома з канкрэтнай прапановай і зайшла на адну з кафедраў у першы корпус. На той момант заканчваліся заняткі, і я рызыкнула пашукаць аматараў узяцца за "падпісную" справу. Але потым пашкадавала: лёгенька, на што рязлічвала раней, мне не прыйшлося. Навукоўцы не былі задаволены становішчам у сферы вышэйшай школы і "купляць ката ў мяшку", нават калі гэта датычыла будучага прэзідэнта, не збіраліся. Але, тым не менш, ускладалі надзеі на будучыя перамены ў сферы адукацыі. Яны сквапна пачалі распытваць мяне пра Лукашэнку. Іх цікавілі яго інтэлект, эрудыцыя — як-ніяк усяго ж дырэктар саўгаса, пасада якога з прэзідэнцкай зусім не параўнальная. Даведаўшыся, што мы з А.Р.Лукашэнкам яшчэ і суседзі, і ўвогуле засыпалі мяне пытаннямі. Ды ўсё як пра сем'яніна і гаспадара.
Услухоўваючыся ў іх змястоўныя пытанні, я быццам рабілася відушчай сама: дзесьці глыбока ўнутры нават з'явілася сумненне: а ці сапраўды Аляксандр Рыгоравіч такі, якім я яго ўяўляю? І ці апраўдае ён надзею вось гэтых апантаных навукай людзей, якія жывуць намнога больш глабальнымі інтарэсамі, чым дазваляюць іх мізэрныя заробкі?
На зваротным шляху я пракручвала ў памяці свежы эпізод размовы з супрацоўнікамі акадэміі. І, бадай, упершыню вымушана была канстатаваць: я зусім не ведаю Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Нашы кароткія з ім сустрэчы і такія ж па часу размовы, па сутнасці, не раскрывалі гэтага чалавека. А рэгулярныя выступленні на пленарных пасяджэннях Вярхоўнага Савета, якімі захапляўся яго электарат, таксама мала сведчылі пра Лукашэнку-чалавека...
Мяне вывеў з задумення шафёр Саша. Ён адчуваў сумбурнасць майго душэўнага стану і па-свойму хацеў адцягнуць ад цяжкіх думаў. Таму на ўсю моц уключыў песню Тані Буланавай, якую спявала яна сыну-бязбацькавічу. Але і песня да мяне даходзіла быццам скрозь сон. Пакрыўджаны Саша выключыў магнітолу і так рэзка газануў, што я ледзь не стукнулася ў лабавое шкло аўтамабіля.
— Ты што? — ускрыкнула я.
Скрозь падцятыя губы Саша працадзіў:
— А мая жонка, калі пачуе гэтую песню, заўсёды плача.
Я зразумела, што шафёр хацеў пераключыць мяне такім чынам з прэзідэнцкай хвалі да рэальную, жыццёвую. Ну і Саша, ну і псіхолаг!
... Ні з Сашам, ні з кім іншым мы больш не ездзілі ў БСГА. Прапанова яе прарэктара так і засталася нерэалізаванай. Справы на той момант у Аляксандра Лукашэнкі ішлі надзвычай добра і ў дапамозе такога плана ён больш не меў патрэбы — пра гэта сведчылі нашы ўзаемаадносіны з Канаплёвымі. Яны пачалі губляць былую актыўнасць. Гэта праявілася хоць бы сабе ў рэалізацыі ідэі паехаць у Горкі на пасяджэнне вучонага савета. Яшчэ раней я далажыла аб выніках паездкі і папрасіла запланаваць машыну на прызначаны дзень. Уладзімір і Ала паабяцалі. А калі да пасяджэння засталіся ўсяго дзве гадзіны і не прыйшла машына, я затурбавалася і патэлефанавала Канаплёвай у школу. Яна сказала, што ехаць ужо не трэба.
У гэты ж дзень мне патэлефанавала сястра Людміла з Віцебскай вобласці і азадачыла:
— Я запоўніла два падпісныя лісты ў пасёлку. Хацела б паездзіць яшчэ і па суседніх вёсках. Але Валера (яе муж) пытаецца, хто будзе аплачваць бензін. Грошай, сама ведаеш, у нас не хапае, завод больш прастойвае, чым працуе. Дык што мне яму сказаць?
Зусім не ўваходзіла ў мае планы ствараць сястры праблемы, іх і без прэзідэнцкіх выбараў хапае. Таму, не марудзячы, накіравалася да Канаплёвых, каб атрымаць адказ на запыт сястры, а заадно папрасіць тлумачэння наконт зрыву паездкі ў Горкі. Бо атрымалася вельмі нават непрыгожа. Валодзя на момант майго прыходу смажыў у калідоры яечню на вялікай патэльні.
— Праходзь у хату, я зараз.
Я зайшла. У дальнім пакоі ўбачыла Аляксандра Лукашэнку. У сінім спартыўным касцюме ён сядзеў у крэсле насупраць тэлевізара і глядзеў на экран. Павітаўся, запрасіў сесці. І калі я зручна размясцілася на мяккім крэсле, запытаўся пра справы ўвогуле і пра "падпісную кампанію" ў прыватнасці. Я засяродзіла ўвагу на асобных момантах сустрэчаў з людзьмі. Мо з хвіліну ён быў уважлівы, потым страціў цікавасць, проста раз-пораз ківаў галавою ў такт словам. Я ўсё зразумела і замоўкла. Аляксандр Рыгоравіч гэтага нават не заўважыў. Ён не зводзіў вачэй з экрана, дзе маладая спартсменка ў чырвоным купальніку, перш чым скокнуць у ваду, дэманстравала нейкія піруэты. І толькі тут я ўцяміла, што гук быў адключаны. Ды і вочы будучага прэзідэнта хутчэй за ўсё не глядзелі на экран, а былі скіраваныя ў нейкую не бачную мне кропку. Ён, магчыма, у гэты момант знаходзіўся дзесьці далёка. Так я і дачакалася Канаплёва. У выцягнутай руцэ гаспадара сквірчэла і пырскалася тлушчам яечня. Я зразумела момант і паднялася. Але, перш чым развітацца, спыталася пра бензін, адначасова задаючы пытанне абодвум. Уладзімір Канаплёў, паставіўшы на стол патэльню, адказаў:
— Ты, Вольга, абяцай ім усё, што яны хочуць.
— Э, не, — не пагадзілася я. — На абяцанках і з гаража не выедзеш, патрэбен для гэтага бензін.
Валодзя хутчэй за ўсё прапусціў міма вушэй тлумачэнні пра маю сястру. І па-прасцецку, як можа толькі Валодзя Канаплёў, сказаў:
— Ай, Вольга, пайшлі яны ўсе ў задніцу, і без іх праблем хапае. У Сашы, як яму дакладвалі з галоўнага штаба, справы ідуць нармальна, нават лепш, чым мы разлічвалі раней, так што праблемы з подпісамі больш не існуе. Мы яшчэ паездзім некалькі дзён па Магілёўшчыне, якую прадстаўляе наш кандыдат, ды і то толькі для збору галасоў-прэстыжу. Так я кажу, Саша?
Я перавяла ўважлівы позірк на Лукашэнку. І здзівілася — такім я ніколі яго не бачыла: няголены, схуднелы, з цёмнымі плямамі пад вачыма.
— Што? — быццам ачнуўся той. Відаць, па-ранейшаму лунаў у думках, быў недзе далёка і, відаць, высока. Не ўнікнуўшы нават у сэнс пытання, кіўнуў галавою:
— Ага.
У калідоры пачуўся грукат дзвярэй, тупат ног, і амаль адразу ж у хату ўваліўся цэлы натоўп. Я пазнала толькі намесніка дырэктара саўгаса "Гарадзец" Віктара Кірына, старшыню райкама прафсаюза работнікаў асветы Валерыя Машагірава, старшыню калгаса імя Леніна Віктара Гейдэля. Яны гучна, наперабой пачалі расказваць нейкі эпізод, шчодра вывальваючы на стол каўбасу, бутэлькі, слоікі, мяса. І змоўклі, раптам убачыўшы мяне.
— Свая, — супакоіў іх Уладзімір Канаплёў.
Але яны, відаць, ведалі, хто для іх сапраўды свой, таму прадбачліва загарадзілі спінамі стол і перавялі размову на надвор'е.
Я і дагэтуль ужо збіралася развітацца, а ў той момант раптам захацелася не толькі выйсці, але куляй вылецець — хутка і далёка. Настрой быў сапсаваны.
— Я пайду, да пабачэння, — ледзь выціснула з сябе.
— Заходзь! — крыкнуў у спіну Уладзімір Канаплёў.
Цяжка было. Хацелася нечага невытлумачальнага, накшталт выскачыць са свайго тленнага цела і ўзняцца на неакрэсленую вышыню, пакінуўшы далёка-далёка і гэтую мітусню, і фігавыя лісткі, якія немінуча спадарожнічаюць чалавечаму жыццю... Дом быў адзіным зямным месцам, дзе можна было супакоіцца, пабыць сам-насам са сваімі думкамі. І я, фізічна ледзь паспяваючы за жаданнем, дапяла да Рыжкавічаў. Ледзь адчыніўшы дзверы, ва усім адзенні, кінулася на ложак тварам у падушку і аддалася слязам. Падбегла матуля, якая на некалькі дзён прыехала пагасціць, і адчайна пачала трэсці мяне за плячо, галосячы за кампанію:
— Дочачка, а ці здарылася што? Не маўчы, скажы хутчэй!
Я доўга не магла нічога вымавіць, душачыся слязамі, толькі трэсла галавою, маўляў, не, усё добра.
Выплакаўшыся, вымушана была даць адказ маці, якая сядзела на краёчку ложка і не зводзіла з мяне трывожных вачэй. Чамусьці пачала з бензіну, пра які запыталася сястра Люда. Далей маці ўжо слухаць не стала. Па-свойму зразумеўшы мае клопаты, яна нечакана засмяялася, выцерла рукой слёзы і, мякка ляснуўшы далонню па маім плячы, усклікнула:
— Ты з-за гэтага плакала, дурненькая?
Сарваўшыся з месца, яна кінулася да свайго ложка ў супрацьлеглы бок хаты. Там, пакорпаўшыся пад падушкай, выцягнула і прынесла мне загорнуты ў насоўку пачак "зайцоў":
— Вось, бяры ўсе і завязі дочачцы хутчэй. Ты б да маці лепш звярнулася па дапамогу, а не ішла па людзёх прасіць таго бензіну.
Любая мая матулька! Не зразумець клапатліваму твайму сэрцайку душэўнага стану тваёй дачкі. Я і сама не ўцямлю, чаму так баліць душа і аб чым мяне яна папярэджвае. Адно толькі бясспрэчна, што ляжаць тыя вытокі адчаю ў маёй палітычнай актыўнасці, у якую палезла на старасці год. Па волі выпадку я ўцягнута ў палітычную гульню. Але калі ўся гэтая лукашэнкаўска-канаплёўска-лаўранкоўская брація рвецца да ўлады, дык што трэба мне, акрамя шчасця маіх родных і любай маёй журналістыкі? Пасля слёз стала лягчэй, і я падумала, што на самай справе ўсё проста: плюну на ўсё палітычнае і буду займацца толькі ўласнымі справамі!
Такім чынам, я на нейкі момант сапраўды вымела з душы трывогу. Супакоілася і... зноў пачала разважаць. Сапраўды, у Беларусі наспявае вельмі важны момант, і ад таго, хто стане прэзідэнтам, залежыць вельмі многае. Калі не ўсё. А Лукашэнка? Няўжо гэты чалавек можа быць падобны да горкаўскага Данка і павесці за сабой народ? Куды павесці? Цяпер ён ужо больш не падаваўся мне тым чалавекам, за якім можна і ўсляпую адправіцца ў падарожжа па лёсе. Не, мой даражэнькі Лукашэнка, больш падсабляць я табе не буду. Больш таго, я адкрыю на цябе вочы ўсім сваім шматлікім знаёмым. Яны мне павераць і, як і я, за цябе не прагаласуюць.