Так назваў мяне Аляксандр Лукашэнка. Што ж. Няхай сабе яно і так. Бо збоку, як кажуць, заўсёды лепш бачна.
Той 1990 год памятаю добра. Шклоўшчына гула, бы растрывожаны вулей, — вельмі не характэрны для яе стан. Яна надта інфантыльная, калі размова ідзе пра палітычныя падзеі, таму што не закранае гэта яе агурковага бізнесу. Нездарма Шклоў называюць "сталіцай агуркоў". Таму вось толькі пра іх, зялёных, храбусткіх, пачынаючы задоўга да ўраджаю, і кіпяць размовы на шклоўскіх дарогах і вуліцах, у магазінных чэргах і на аўтобусных прыпынках, у сталоўцы і нават на бальнічных ложках: пра цэны, ураждай, рост. Што рабіць, гэтыя зялёненькія сапраўды дапамагаюць тым, хто адважваецца прасаліцца ў працоўным поце, мець вельмі нават немалы прыбытак.
А тут выбары падаспелі. Дый не абы-якія — у Вярхоўны Савет БССР, ды дэмакратычныя. Інтуіцыя прымусіла шклаўчан актыўна адрэагаваць на новую тэрміналогію. Ды і колькасць кандыдатаў жару паддала — ажно чатыры. Ды ўсе, акрамя начальніка аблсельгаспроду, свае, шклоўскія: галоўны ўрач раённай бальніцы Вітольд Палікарпавіч Буевіч, дырэктар эксперыментальнай базы "Спартак" Уладзімір Васільевіч Громаў, дырэктар саўгаса "Гарадзец" Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Кожны з іх тады меў па мабільнай групе падтрымкі, якія, здаецца, без продыху сноўдаліся па ўсіх прадпрыемствах, установах, арганізацыях, на час палюбілі нават і перыферыю. Не бавілі дарма часу і самі кандыдаты, ад іх неназойлівай дакучлівасці стракацела ў вачах. У ход ішло ўсё: абяцанкі, зайгранкі і нават падпойванне людзей. А тыя і вушы паразвешвалі, бо ніхто яшчэ ім так соладка не спяваў, ніхто не ўзносіў іх на такую вышыню павагі. Аказваецца, не ўсё так дрэнна на не справядлівым гэтым свеце. Ёсць, ёсць святло ў канцы тунеля, думалі яны.
Памятаю, калі мы запісалі на радыё перадвыбарчую праграму В.П.Буевіча, ён сказаў:
— Я ўпэўнены, што ўсе жанчыны прагаласуюць за мяне. Бо няма ў раёне такой сям'і, якой бы я не дапамог напрамую ці ўскосна.
Меў права на такое прызнанне Вітольд Палікарпавіч Буевіч — выдатнік аховы здароўя СССР, уладальнік вельмі прэстыжнага знака імя Пірагова, а яшчэ, як сцвярджаюць жанчыны, найвыдатнейшы гінеколаг, які за працоўныя дзесяцігоддзі не адну з іх саміх і іх немаўлятак літаральна з таго свету вярнуў. Хоць і не афішаваў, але ведаў свае заслугі гэты чалавек, таму і не надта заігрываў з патэнцыяльнымі "галасістамі", нават свайго перадпенсійнага ўзросту не хаваў. Наадварот, канцэнтруючы на ім увагу, казаў:
— Я яшчэ любога маладога перапрацую ды ператанцую.
Чаго не скажаш пра магілёўскага кандыдата Яўсея Арцёмавіча Карнеева (чамусьці ўсе яго прозвішча вымаўляюць няправільна). Ён быў самы старэйшы з усіх чатырох. Але, бы тая маладзіца, ні за якія пернікі не хацеў выдаваць свайго ўзросту і ва ўсіх улётках і праграмах пусціў свой любімы партрэтны здымак сівой даўніны. Многія, асабліва падслепаватыя бабулькі, тыкаючы пальцам у яго, самага "юнага" з кандыдатаў, какетнічалі:
— Вось за гэтага, маладзенькага, галасаваць буду.
Уладзімір Васільевіч Громаў, па маёй асабістай ацэнцы, — працавіты мужык, спецыяліст. Прафесіянал. Любіць жыццё і людзей. Пра такіх кажуць, што ўмее ўсё.
Гадам, здаецца, не ўгнацца за ім, не прыбаўляюць яму яны ні маршчынаў, ні сівізны ў валасах. А яшчэ ён ідэйны камуніст. Менавіта гэтая акалічнасць і натхняла Уладзіміра Васільевіча і ў той, і ў наступныя разы ў барацьбе за дэпутацкі мандат. Ён надта верыў у перамогу камуністычных ідэяў, таму з усіх сіл дамагаўся ўбіць веру і ў галовы выбаршчыкаў сваімі ўра-ідэалагічнымі выступленнямі.
Зусім па-іншаму падаваў сябе сапраўды самы малады з кандыдатаў — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ашаламіць вытворчымі паказчыкамі падначаленага калектыву — саўгаса "Гарадзец" — ён не мог. Ужо падвялую камуністычную ідэалогію, якой спраўна служыў калісьці, вешаць локшынамі на вушы не стаў. Толькі смела, палымяна, бескампрамісна гаварыў пра недахопы. Ой, колькі накалупліваў ён іх у самой сістэме, у біяграфіях рознага рангу чыноўнікаў! І біў, што называецца, не ў брыво, а ў вока па знаёмых ўсім імёнах высокапастаўленых асобаў. Людзі спакой і сон страчвалі ад названых ім фактаў. А дзіўная ка той час ягоная смеласць у выказваннях узбуджала, вымушала верыць, палохацца і... супакойвацца, усё больш пераконваючыся, што ёсць, ёсць у іх надзея. І завецца надзея гэтая Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам... Што-што, а гаварыць ён быў сапраўдны майстар.
Моцнай самай была ў гэтага кандыдата і група падтрымкі: старшыня РК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі У.І.Снегаў, былы марак і палітрук А.М.Шчарбак, выкладчык спецшколы для дзяцей з паслабленым зрокам У.М.Канаплёў, старшыня РК прафсаюза работнікаў асветы В.Машагіраў. Іх штабам служыла хата Канаплёвых. Балазе тут было дзе прытуліцца: у недалёкім мінулым будынак належаў першаму сакратару райкама партыі Герою Сацыялістычнай Працы Дзікуну, а потым, пасля яго смерці, перайшоў да пляменніка — Уладзіміра Канаплёва. Дарэчы, менавіта ў гэтай хаце праводзіў большую частку свайго вольнага часу першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Тут была яго як бы стратэгічная пляцоўка для старту Ў пасадную вышыню...
Аляксандр Рыгоравіч часцяком паказваў сябе праследаваным уладамі. Не цураўся і сам змадэляваць якую-небудзь канфліктную сітуацыю. Як было, напрыклад, з раённай газетай "Ударны фронт". Зразумела, фактычна кіраваў тады выбарчай кампаніяй райкам партыі. Выклікаўшы рэдактара і мяне, сакратар па ідэалогіі В.П.Перапечына загадала:
— Кожнаму кандыдату, у мэтах стварэння аднолькавых умоваў, даць на старонках газеты аднолькавую плошчу і, секунда ў секунду, час на раённым радыё — па 10 хвілін на брата. Чарговасць жа было вырашана ўстанавіць па меры прадстаўлення перадвыбарных праграм. Гэта на радыё. А ў газеце, пасля думаў-перадумаў, вырашылі змясціць усе платформы і біяграфічныя даныя са здымкамі ў адным нумары ў алфавітнам парадку. І дату ўстанавілі адпаведную. А потым папярэдзілі аб гэтым і саміх кандыдатаў.
Прыйшоў дзень, калі трэба было вярстаць тую газету Ужо былі аддрукаваны на пішучай машынцы ўсе праграмы, вычытаны і завізіраваны рэдактарам, адказны сакратар зрабіў макет, дзе пакінуў адну белую пляму: ад Лукашэнкі не паступіла ніякіх матэрыялаў, акрамя фотаздымка. (Гэта зрабіў для ўсіх кандыдатаў фотакарэспандэнт райгазеты А. Бялясаў.) Рэдактар не на жартачкі спалохаўся, бо атрымаў загад змясціць матэрыялы усіх кандыдатаў у адзін гэты нумар. Пачаў тэлефанаваць у райкам партыі. Там адрэагавалі імгненна: паслалі на пошукі машыну з супрацоўнікам, паралельна вышукваючы Аляксандра Лукашэнку па тэлефонных нумарах. Дарэмна. Як скрозь зямлю праваліўся і ягоны памочнік. І калі ўсе спробы знайсці раптам прапаўшага кандыдата скончыліся беспаспяхова, большасць з "пашукоўцаў", думаю, была задаволена: нарэшце з'явілася магчымасць даць гэтаму балабону шчаўчком па носе. І далі — выдзелілі найменш месца ў газеце. Наступным днём чытачы былі шакіраваны:
— Зноў Лукашэнку прынізіць захацелася бюракратам гэтым. Бачыш, усім вунь колькі месца адвялі, а яго, беднага, мала што ззаду паставілі, дык і радкоў надрукавалі з гулькін нос. Сапраўды, відаць, праследуюць чалавека. За праўду ягоную.
Ім і няўцям было, колькі намаганняў давялося прькласці спачатку рэдактару ў пошуку хоць якой інфармацыі, а потым вярстальшчыцы, каб "разбіць" радкі куртатай той інфармацыі, каб надаць хоць нейкі эстэтычны выгляд матэрыялу: напоўніць яго інфармацыйным зместам. Адным словам, і гэты трук таксама кандыдату Лукашэнку ўдаўся.
Штосьці падобнае адбылося і з выступленнем на радыё. Памятаю, у мой кабінет завітала шумная кампанія: Аляксандр Лукашэнка, Аляксандр Шчарбак, Уладзімір Снегаў, Уладзімір Канаплёў, Валерый Сёмушкін. Вось, пажартавалі, сілай прыцягнулі кандыдата на запіс. Давай, маўляў, хутчэй ладзь апаратуру, а то збяжыць, яго ўжо чакаюць некалькі працоўных калектываў.
У мяне на той час быў новенькі, але нікуды не варты па якасці магнітафон "Беларусь". Прыгожы знешне, ён часта мне падкладваў свінню: стрэлка індыкатара хісталася сінхронна выдаваемым гукам, а запіс ці зусім не праводзіўся, ці ўрыўкамі. Разы тры я марна спрабавала запісаць Аляксандра Рыгоравіча. Пасля чаго не выцерпеў Аляксандр Майсеевіч Шчарбак. Сказаў весела:
— Хопіць хрэновінай займацца. Сядай у маю машыну, мы заедзем да мяне і запішамся на японскім магнітафоне. Якасць будзе што трэба. І гарбаты пап'ём. Мы ўжо прагаладаліся, цэлы дзень матляючыся па раёне. Я працягнула ім чыстую касету:
— Добра, запішыцеся самі. Толькі не болей 10 хвілін.
— Запішамся на сваю, — адмовіўся Лукашэнка. — А калі і больш атрымаецца, то толькі на паўхвіліны якія. І ўсміхнуўся.
Я адмоўна хістанула галавою:
— Не, роўна 10.
І, ужо на парозе, ён зноў павярнуўся да мяне:
— Толькі мяне пастаў самым апошнім, добра?
Я згадзілася. А самой падумалася: вось дзівак чалавек, зараз мог свабодна выгандляваць сабе першае, больш прэстыжнае месца.
Запісаную касету мне назаўтра прывёз сам Аляксандр Лукашэнка, сказаўшы:
— Можаш не правяраць, усё зроблена як і дамовіліся, і запісана чыста. Я табе перад сабой роўна пяць хвілін пакінуў, будзе, думаю, дастаткова для прадстаўлення.
Я берагла тую касету напаследак. Падрыхтавала перадачу, пачала яе запісваць. Сказала некалькі уступных фраз, дала слова кандыдату ў дэпутаты А.Р.Лукашэнку і "засекла" час. Яго прамова заняла дзевятнаццаць з паловай хвілін.
Не, думаю, так мы не дамаўляліся. Я схапіла трубку, пачала накручваць тэлефонны дыск. Дома Лукашэнкі не было. Не знайшла я Аляксандра Рыгоравіча ў той дзень нідзе. Добра, думаю. Яшчэ ёсць час пачакаць, наперадзе — цэлая ноч, а перадача пачынала трансліравацца ў 7 гадзін 40 хвілін. Паднялася назаўтра а шостай гадзіне і зноў пачала шукаць кандыдата — беспаспяхова. Што рабіць? Мантаж? Не, часу ўжо не заставалася. Разануць? Выступленне будзе не закончана... На роздум таксама шмат часу не было. І я пайшла на хірургічны прымітыў: перагнала касету на пачатак прамовы выступаючага, зафіксавала час і пасля 10 хвілін, у найбольш працяглую паўзу, спыніла"праслухванне" і націснула клавішу на "сціранне".
Той жа самай раніцай да мяне завітаў Аляксандр Рыгоравіч. Доўга так, незычліва глядзеў мне прама ў вочы і, стрымліваючы эмоцыі, ціха, надта ціха сказаў:
— Ты ж спаганіла маё выступленне, нічога не пакінула з таго, што я хацеў сказаць выбаршчыкам, бо самае галоўнае было гам, у канцы. Што, не знайшла мяне? Дрэнна, значыць, шукала. Карона не спала б, магла б і дамоў да мяне прыйсці. А ... — роспачна махнуў ён у мой бок рукой і выйшаў за дзверы, назваўшы мяне потым за гэта "паскуднай бабёнкай". А я яшчэ доўга глядзела ў пустэчу, якая нядаўна была запоўнена Лукашэнкам. Што такое важнае сказаў ён? Як мне падалося ў працэсе праслухоўвання — нічога там не было. Але ж ён сцвярджае адваротнае... Значыць, я нечага не заўважыла... Значыць, не ўсё так гладка ў маім журналісцкім каралеўстве.