Што мне потым падабалася ў Аляксандру Рыгоравічу? Многае. І перш за ўсё — смеласць. Мне імпанавала, што ён паводзіў сябе так, як лічыў патрэбным, не зважаючы ні на людскія перасуды, ні на гнеў уладу маючых, ні на іншыя якія ўмоўнасці, ад якіх у любога іншага грамадзяніна захапіла б дых, перш чым зрабіць ці сказаць штосьці толькі для сябе важнае. А ён гаварыў пра ўсё актуальнае, набалелае, патрэбнае, таму заўсёды знаходзіўся ў цэнтры ўвагі і канфліктаў. А можа, ён сам і правакаваў іх часам, думаю я цяпер.
Як, напрыклад, у Шклоўскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў. На гэтым прадпрыемстве Аляксандр Рыгоравіч працаваў намеснікам дырэктара па агульных пытаннях, калі вярнуўся на радзіму са службы ў пагранвойску. Дык вось, яго сумесныя працоўныя раніцы з дырэктарам КБМ пачыналіся са звычайных радавых пытанняў, якія нязменна перарасталі ў канфлікты. Ды яшчэ якія! Сведкі расказвалі: вэрхал у кабінеце дырэктара стаяў такі, што працоўныя вымушаны былі збягацца, каб ратаваць пацярпелага. Прычым у гэтай ролі больш прадчувалі Уладзіміра Антонавіча Пруднікава, таму што ўчарашні вайсковец яўна меў сілавую перавагу над сваім кіраўніком. Дый целаскладам дужэйшы. Разыходзіліся працоўныя толькі тады, калі хто-небудзь з "петухоў" (як ахрысцілі паміж сабою рабочыя двух сваіх кіраўнікоў) вылятаў з кабінета жывы і непашкоджаны.
Хутчэй за ўсё, каб не дайшло да граху, райкам партыі змушаны быў развесці гэты працоўны тандэм, як у моры караблі: А.Р.Лукашэнка пайшоў намеснікам старшыні праўлення ў мясцовы калгас імя Леніна, а У.А.Пруднікава выправілі яшчэ далей — галоўным інжынерам у абласную галіновую вытворчасць. У нейкай ступені на пасаднае прызначэнне Аляксандра Рыгоравіча паўплываў і той фактар, што ён паступіў на завочнае аддзяленне ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.
Мяне інтрыгаваў А.Р.Лукашэнка сваёй манерай весці дыскусію: ён падаваў якую-небудзь рэпліку і замаўкаў на пэўны момант, пільна сочачы за рэакцыяй субяседніка ці слухачоў. І калі яна была, што называецца, ва ўнісон з ягонымі думкамі, раскручваў пружыну дыскусіі далей — і таксама напачатку асцярожна. Ну, а потым, калі аўдыторыя падпадала пад кантроль, Аляксандр Рыгоравіч даваў поўную моц сваім аратарскім здольнасцям. Магутны голас прамоўцы давяршаў задуманую справу: слабыя выкрыкі нязгодных проста заглушаліся.
У аратарскім арсенале А.Р.Лукашэнкі быў, ледзь не казырным, спасыл на аўтарытэт вядомых людзей. Аднойчы муж маёй сяброўкі расказаў пра такі вось эпізод. У шклоўскую лазню, неяк так склалася, у дамоўлены час прыходзілі аматары спецыфічных пары і венікаў. Удзельнікі гэтага нефармальнага лазневага клуба збіраліся разам, каб папарыцца, папіць піва і пагутарыць. Старшынёй гэтага клуба быў абраны палкоўнік у адстаўцы Анатоль Грачоў.
Адкуль было ведаць пра гэта нейкаму прыезджаму, які выпадкова паставіў свой тазік з вадою побач з "клубнымі" тазікамі. Анатоль Грачоў на той момант выконваў адказную ролю — "заводзіў" Аляксандра Лукашэнку — нязменнага аб'екта падколак у лазні. Той павярнуўся да Грачова і гучна, з пачуццём сказаў:
— Учора я гаварыў аб гэтым Гарбачову, гаварыў Рыжкову, а сёння гавару табе, Толік...
Намылены і збянтэжаны прыезджы тузануў за плячо сяброўчынага мужа і, паказваючы пальцам на Анатоля Грачова, ледзь чутна спытаў:
— А гэта хто такі?
— Палкоўнік, — проста адказаў ён.
— Дык што гэта за лазня такая? Куды я трапіў? — пачаў ліхаманкава кідаць у цэлафанавы мяшок мыльныя прыналежнасці той прыезджы, каб, у выпадку чаго, паспець выбегчы з таго месца, куды ён завітаў як у звычайную лазню...
Па тэлевізару ўсе шклаўчане бачылі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку як удзельніка Усесаюзнага пасяджэння па арэнднаму падраду. І асабліва адзін момант прыцягнуў іх пільную ўвагу: з трыбуны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў час выступлення павярнуўся да Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова, які знаходзіўся ў прэзідыуме, і ўдакладніў:
— Я так гавару, Міхаіл Сяргеевіч?
— Так, так, — лагодна заківаў той галавой.
Вось такім быў падчас нашага знаёмства Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ну ці можна было не звярнуць на яго ўвагі? І я звярнула. Больш таго, пайшла пад яго сцягам на барацьбу з усёй той негатыўшчынай, якая буйнымі кветкамі расцвітала ў нашым грамадстве. Я дала ёй назву "несправядлівасць". Яна, быццам іржа, уядалася ў рэчаіснасць і датычыла літаральна ўсіх сфераў нашага жыцця. Ніякага выйсця не было, здаецца. А сэрца не мірылася з гэтым, прасіла паратунку. І асабіста я знайшла яго ў асобе Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Іншыя не маглі, а ён мог. 3 высокай, як тады здавалася, раённай трыбуны гаварыў гэты чалавек пра ўсё набалелае. Ён называў негатыўныя сацыяльныя з'явы і выкрываў непасрэдных іх віноўнікаў. Вядома ж, не радавых людзей. Я колькі разоў заўважала: калі А.Р.Лукашэнка ішоў да трыбуны, заўсёды мянялася рэакцыя залы: яна ажывала, пачынала гаманіць, бурліць нават. А ён, падняўшыся, вытрымліваў паўзу і пачынаў гаварыць. Ад слоў ягоных хто ўціскаўся ў крэсла, быццам імкнучыся зліцца з ягонай неадушаўлёнасцю, каб не чуць выкрыццёвых тых слоў. Іншыя, закіпаючы ўнутранай радасцю, гатовы былі падбегчы да гэтага чалавека, падняць на сваіх руках яго высока-высока, каб адтуль, з вышыні, на ўсю прастору роднае зямлі разносіліся палымяныя ягоныя словы... Усё ў такія моманты было. Не было толькі раўнадушных.
Я часта па службоваму абавязку прысутнічала на важных мерапрыемствах раённага маштабу. І Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, на той момант кіраўнік саўгаса, — таксама. Вось ягоную прамову я ніколі не прамінала цалкам запісаць і пратрансліраваць па раённаму радыё Бывала, у процівагу іншым кіраўнікам, якія мелі больш высокія пасады і аўтарытэт. А потым, пры сустрэчы, гаварыла яму кампліменты.
— А ці баяцца іх буду? — па-байцоўску ўскідваўся той. — Мне губляць, акрамя сумлення, няма чаго. А яго я не згублю ніколі. Гэта, як радзімая пляма, — на ўсё жыццё. Я, Вольга, не краду, не бяру хабару, не зазіраю нават у саўгасную кішэню — у ёй не маё, а народнае. Я і на машыне саўгаснай не ездзіў бы, калі б хапіла заробленых мазалём грошай на ўласную машыну. Мне нічога не трэба і, разам з тым, вельмі многа: каб нарэшце ўсюды ўсталяваўся парадак. Вось за гэта я і жыцця не пашкадую.
Аднойчы я нясмела ўдакладніла:
— Як нічога-нічога не бераце ў саўгасе? І мяса нават не выпісваеце? У вашай гаспадарцы так многа жывёлы...
— І мяса не бяру: мая маці і жончыны бацькі для нас гадуюць парсючкоў. І іншым браць з саўгаса не дазваляю. У мяне, у адрозненне ад многіх кіраўнікоў, не "пасвіцца" раённае начальства, я ім ахвоту такую даўно адбіў.
— А часам не гадуеце якую-небудзь жывёлу самі? — запыталася я.
Як тады падалося, ён крыху збянтэжыўся і адказаў:
— Часу не хапае. Ды і хлеў малы, і на яго таксама часу не хапае, каб перарабіць.
Але на бытавыя тэмы мы размаўлялі радзей. Больш — пра беспарадкі, чыноўнікаў, у якіх была пыска ў пушку.
— Што ж вы адзін з сістэмай гэтай зробіце? — заміраючы ад страху, пыталася я. Мне было сапраўды незразумела, як гэта можна на злом галавы кідацца ў бойку з уладу, а таму і сілу маючымі? На той час сістэма моцна трымала ў абдымках кожнага свайго члена. І асабліва тых, хто карміў яе, родную, паіў і пацяшаў. За адзін толькі замах на яе "святое святых" яна магла сцерці з твару зямлі вальнадумца.
— А тое, што кожны з іх перад судом адкажа за ўсё, што накрасці ўдалося, — сурова адказаў Аляксандр Рыгоравіч. І дадаў:
— Я веру, што яшчэ адкажуць, перад судом адкажуць і Якімцоў, і Думлер, і тая ж Арыстава...
Толькі жыхары Шклоўшчыны маглі ацаніць дзёрзкую смеласць Лукашэнкі. Гэтыя вядомыя ў раёне прозвішчы калі і вымаўляліся, дык толькі з павагай, удзячнасцю, замілаваннем. Палкоўнік Анатоль Канстанцінавіч Якімцоў узначальваў на той момант раённы аддзел унутраных спраў. Аляксандр Георгіевіч Думлер быў старшынёй райвыканкама і вельмі моцна трымаўся на гэтай пасадзе. Таццяна Сяргееўна Арыстава — сарцаедка мясцовых донжуанаў — кіравала аддзяленнем "Аграпрамбанка", а фактычна была фінансавым магнатам, і ад яе прыхамаці залежаў кожны чыноўнік ці проста жадаючы пазычыць на выгадных умовах грошы ў дзяржавы.
Аўтарскае адступленне: 27 кастрычніка 1994 года ўпраўляючая аддзялення "Беларусбанка" Т.С.Арыстава будзе сапраўды звольнена з займанай пасады і "па асабістаму жаданню" пераведзена ў адзін з магілёўскіх банкаў эканамістам крэдытнага аддзела. Яшчэ раней, не дачакаўшыся прэзідэнцтва ў Беларусі, развітаюцца са сваімі пасадамі старшыня райвыканкама А.Г.Думлер і начальнік райаддзела міліцыі А.К.Якімцоў. Прычым заяўку на свабодную пасаду старшыні райвыканкама падасць і дырэктар саўгаса "Гарадзец" дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка. Але ў ходзе тайнага галасавання Аляксандр Рыгоравіч прагаласуе за сябе сам і набярэ толькі два іншыя галасы.
Дзіўна і нелагічна завяршылася справа Анатоля Якімцова, якую потым сапраўды з'ініцыіраваў А.Р.Лукашэнка. Асабіста я і цяпер, калі з-за пройдзенага часу справа тая накрылася тоўстым слоем пылу, не ведаю дакладна, хто ж на самай справе палкоўнік, цяпер ужо ў адстаўцы, А.К.Якімцоў? Карупцыянер, аб чым кляўся-бажыўся Лукашэнка, ці проста ахвяра помсты? Як бы там ні было, а я лічу сябе вінаватай перад Анатолем Канстанцінавічам Якімцовым. За тое, што, не дачакаўшыся рашэння суда, растыражавала па мясцоваму радыё і ў двух нумарах раённай газеты выказванні А.Р.Лукашэнкі ў адрас гэтага чалавека. І зноў адчуваю сваю віну за гэты ганебны ўчынак. Нягледзячы на тое, што Анатоль Канстанцінавіч, як сказаў аднойчы, ужо дараваў мне. Толькі я сабе дараваць гэтага не магу. Каб увесь час памятаць пра гэта і больш ніколі не паўтарыць падобнага.