— Усё, ... дзец Лукашэнку, — злосна сказала Ала Канаплёва. — Бы той верабей папаўся ён у каршуноўскія кіпцюры гэтай прайдзісветкі, і цяпер у тартарары паляціць і яго прэзідэнцтва, і аўтарытэт у цэлым...
Мы ішлі разам ад цэнтра горада, дзе сустрэліся, у кірунку Рыжкавічаў. Там, на паўдарозе, стаяў дом Канаплёвых. Мы яшчэ крыху пастаялі каля яго, каб дагаварыць. На двары кіпела лета 1994 года. І не буйной зелянінай і квеценню шчодрай на цеплыню пары, а палітычнымі страсцямі: Шклоўшчына ліхаманкава "дабірала" дадатковыя галасы для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Штодня, з самай раніцы, пад камандай Уладзіміра Канаплёва ад універмага адпраўляліся па Магілёўшчыне (і асабліва ў Магілёў) некалькі аўтобусаў з "добраахвотнікамі" па збору подпісаў у падтрымку Лукашэнкі. У патрэбнай колькасці іх пастаўлялі ледзь не ўсе кіраўнікі райцэнтра і бліжэйшых гаспадарак, асабліва з саўгаса "Гарадзец". Перад выездам Уладзімір Канаплёў рабіў інструктажы (кожны раз у аўтобусах былі і новенькія) наконт правільнасці запаўнення аркушаў, раздаваў "пустаграфкі", і аўтобусы набіралі хуткасць па абумоўленых маршрутах, каб ледзь не пад поўнач прывезці не чуючых ад стомы ног "добраахвотнікаў" у Шклоў.
— Я ледзь не абалдзела, калі сярод іншых убачыла Ларысу Маськову, — дзялілася Ала. — Ні сораму ў бабы, ні сумлення. І дачку з сабой прыцягнула галасы за Сашу збіраць. Канаплёў толькі плячыма паціснуў, маўляў, калі хоча, няхай едзе, — у Магілёве ж не ведаюць, што яна каханка Лукашэнкі. Ну, у Магілёве — хай сабе, на лобе ў яе, сапраўды, нічога не напісана. А яна, разумееш, і па Шклову брындала з дачкой: адна — па адным баку вуліцы, другая — па другім. Здурэла зусім.
— А Лукашэнка як рэагуе?
Ала памаўчала, яе твар выразна адлюстроўваў адчай.
— А што яму? Не ўяўляе, напэўна, пікантнасці сітуацыі. І не слухаецца, калі адваджваеш ад Ларыскі. Усё роўна ляціць, быццам на крылах, да яе, і машыну не хавае — усю ноч стаіць пад яе вокнамі. І ў магазін да яе наведваецца. Хоць бы канспірацыю захоўваў... Калі раней ты з ёй якшаўся, дык чорт з табой. А цяпер, калі ў такую гульню ўвязаўся... Не, гэтая сцерва можа ўсё сарваць, — з адчаем кідала ў паветраную прастору Ала.
— Дык можа ж ён кахае яе? — ужо чыста па-жаночаму дапытвалася я.
— Халера іх ведае, — адказала Ала. — Толькі ж людзей смяшыць навошта? Узяў бы ды пераходзіў да Ларыскі.
— Ну і...
— Быццам сама не ведаеш. Галя ж не ідзе на скасаванне шлюбу. І Валодзя з ёй па Сашавай просьбе колькі гутарыў — ні ў якую.
— Чаму тады сам не падасць заяву ў нарсуд?
— Таму што імідж свой не хоча псаваць. Адна справа, што жонка з ім разводзіцца, і зусім іншая, калі ён з ёй. Вэрхал тады ўзнімецца на ўсю рэспубліку.
— Ну і хітрэц! — усклікнула я. — І рыбку хоча з'есці, і костачкай не падавіцца.
— Ай, хопіць пра гэта, — апамяталася Ала. — Няхай самі расхлёбваюць кашу, якую заварылі.
Відаць, у парыве непажаданых эмоцый Ала Канаплёва выказала зусім не прызначанае маім вушам. І цяпер шкадавала сама. Я чытала на яе твары бег тых эмоцый, роўна як і пошук нейтралізацыі пададзенай інфармацыі пра магчымага прэзідэнта. Часу на гэта было ой як мала, і Ала спынілася на бяспройгрышным варыянце: засяродзіла ўвагу на дзецях, плаўна перайшоўшы на маіх, быццам бы нічога больш важнага для яе не існуе, чым іх жыццеўладкаванне. Адна з маіх вартасцей — я паважаю вострых на розум людзей. Таму зрабіла выгляд, што заглынула нажыву са сквапнасцю шчупака. Яшчэ некалькі хвілін яна пагаварыла і, пераканаўшыся, што дасягнула сваёй мэты, паспяшалася развітацца.
Дзякуй табе, Ала. Ты нават і ўсвядоміць не можаш, як паўплывала на вынік унутранай маёй барацьбы! Як ні дзіўна, але менавіта гэтымі выказваннямі ты шырэй раскрыла мне вочы на Аляксандра Лукашэнку. Я зразумела: ён звы-чай-ны. І нават такі ж бабнік, як і многія іншыя мужыкі.
І я ліхаманкава стала шукаць шляхі развянчання куміра мільёнаў, вырашыўшы абнародаваць факты з яго біяграфіі. Тыя, хто захоча цяпер пачуць мяне, — пачуе. А калі захоча праверыць — калі ласка, вось вам факты. А яны, як вядома, рэч упартая, ніякай салаўінай трэллю іх не засціш. Тады, летам 1994 года, я спачатку мела намер іх абнародаваць, даслаўшы артыкул у якую-небудзь рэспубліканскую газету. Але потым схамянулася: сама журналіст, і сумны лёс такіх матэрыялаў мне знаёмы да драбніц... Вось каб знайсці пуп нашай зямлі беларускае, ускараскацца на яго вышыню дый крыкнуць на ўсю моц: "Людзі, не галасуйце за Лукашэнку, бо падманецеся!". Толькі хто пачуе той слабы чалавечы голас у моры страсцей, якое разгайдалі апантаныя ды прагныя да ўлады палітыкі. Але ж і маўчаць не магу, таму дазвольце мне, людзі, можа і са спазненнем, данесці да вас гэты сатканы з жыцця матэрыял.
* * *
... Сваю першую пасля тае размовы раніцу я пачала з наведання "дэпутацкага" пакоя, ад якога ў мяне пакуль што былі ключы. Першай патэлефанавала Т.М.Анішчанцы ў Горкі.
— Гэта ты, Вольгачка? — азвалася яна. — Ну як там жывецца табе, як дзеткі?
— Якія табе дзеткі, — зусім не дыпламатычна абарвала яе я. 3 Таццянай Міхайлаўнай мы былі знаёмы яшчэ з часоў цара Гароха і выдатна разумелі адна адну. — Ты лепш скажы, за каго будзеш галасаваць?
На другім канцы провада весела рассмяяліся.
— Даліся табе гэтыя выбары. Я ніколі на іх не хадзіла і не пайду. За каго Віктар (муж) прагаласуе, за таго і ладна.
— Вось з-за такіх, як ты, і будзем потым пакутаваць — эмацыянальна зашыпела я ў трубку. — Ты ж зразумей: за каго прагаласуем, такое і жыццё будзе.
— Ладненька, — вырашыла яна супакоіць мяне. — Прагаласуем усёй сям'ёй за Лукашэнку. Ён твой сусед: ты сапраўды ведаеш яго лепш.
— Менавіта таму я і прашу цябе ні ў якім разе не галасаваць за яго.
Я не бачыла выразу твару неймавернай дабрыні гэтай жанчыны, але, мяркуючы па занадта зацягнутай паўзе, ён, напэўна, быў надта здзіўлены.
— Ці не пачулася мне? — перапытала яна зусім па-сур'ёзнаму. — А як жа твая ранейшая агітацыя?
— Я памылілася, — сказала я ёй і хутка развіталася.
Набрала ўслед нумар Т.М.Рынкевіч, таксама з Горак. Я яе "завербавала" падчас наведвання Беларускай сельгасакадэміі. Усё сваё жыццё яна прысвяціла дзецям і людзям увогуле, працуючы спачатку выхавацелькай, а потым загадчыцай элітнага ў горадзе чацвёртага садка. Ведаючы пра яе аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў, я і звярнулася тады да яе з вялікай сваёй просьбай. Хоць і не з лёгкім сэрцам: Тамара Міхайлаўна толькі-толькі пачала адыходзіць ад хваробы.
— Як добра, што вы пазванілі, — адказваючы на прывітанне, сказала яна. — Я сон вешчы бачыла: пераможа Лукашэнка. Але падрабязнасці потым. Вам, адчуваю, няма калі, — таму бліжэй да справы. Я абышла амаль усе шматпавярхоўкі ў акадэмгарадку, запоўніла ўсе вашы аркушыкі. Так, што можаце прыязджаць і забраць іх. Толькі больш, прашу прабачэння, не магу займацца гэтай справай — стамляюся вельмі. Тым больш, што шмат энергіі ідзе на размовы. Людзі распытваюць пра Лукашэнку, думаючы, што я яго ведаю. А на самай справе адно ведаю: толькі Лукашэнка станоўча можа паўплываць на лёс нашай Беларусі. Вы чуеце мяне, Вольга Міхайлаўна? Што вы маўчыце? Ало, ало!
— Чую, Тамара Міхайлаўна, — падаўлена адказала я. Эх, калі б мы размаўлялі ўжывую, я, напэўна, змагла б патлумачыць і быць зразуметай. А ў даны момант яна рэзка перабіла мае блытаныя тлумачэнні:
— А я вам не паненка, якая мяняе свае светапогляды, як пальчаткі. У мяне яны, у адрозненне ад вашых, прабачце, стабільныя. Прызнаюся, не без вашай дапамогі я зарыентавалася на Лукашэнку, хоць і раней захаплялася яго выступленнямі на пленарных пасяджэннях Вярхоўнага Савета. Веру ў яго, за яго і будзем галасаваць. Праўда, Аляксей Іванавіч (адрасавана мужу)? А вам, паколькі мне па ўзросту ў дочкі прыдатная, параю: больш адказнай будзьце за свае словы і ўчынкі. Усё, прашу прабачэння, бывайце!
Знясіленая, я паклала трубку на стол. Яна доўга яшчэ даймала кароткімі гудкамі, што быццам уколы сумлення шпілялі ў мозг. Балюча так было. Потым, крыху справіўшыся з роспаччу, пакпіла з сябе за непадрыхтаванасць да гутаркі з Тамарай Міхайлаўнай. Ёй патрэбны былі важкія аргументы, хоць бы факты пра "маліноўскую" машыну. А можа зрабіць гэта зараз?