Зусім не выпадкова я ўзяла гэтую назву. Бо па віне Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі дыскрэдытуецца тытул прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Спадзяюся, што ён сам зацікаўлены ў тым, каб расставіць правільныя акцэнты ў гісторыі з аўтамабілямі. Так, так, двума аўтамабілямі — ЗІЛ з прычэпам і ВАЗ-2121 "Ніва". Таму што калі другі адкрыта раз'язджае, дзе хочацца яго гаспадарам, то лёс першага зусім выпаў з поля зроку.
Працяг пачатай у папярэднім раздзеле гісторыі з аўтамабілямі — у пратаколе пасяджэння Шклоўскага райвыканкама ад 25 мая 1993 года: "... Перадача слаўгарадскай райбальніцай аўтамабіля "Ніва" сялянскай гаспадарцы "Дыяна" зроблена незаконна. Гэтай здзелкай дзяржаве нанесены значны ўрон... Прасіць пракурора раёна С.Д.Сергамасава ... аказаць садзейнічанне ў вяртанні яго законнаму ўладальніку — упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання".
Тады такое рашэнне мяне шчыра ўзрадвала: нарэшце, думалася, справе будзе дадзена належная прававая ацэнка. І тут, пасля публікацыі майго матэрыялу "Каму жывецца ў нас прывольна" ў раённай газеце, да мяне завітаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ён тады яшчэ быў маім кумірам. Але, як кажуць, Платон мне сябар, а ісціна даражэй. Таму я, з нецярпеннем дачакаўшыся, пакуль госць усядзецца, працягнула яму газету з публікацыяй і спыталася, гледзячы прама ў вочы:
— Якое дачыненне маеце да гэтай аферы асабіста вы, Аляксандр Рыгоравіч?
Ён раскрыў газету і, адразу ўперыўшы погляд у патрэбнае месца (відаць, ужо прачытаў), адказаў, не падымаючы галавы:
— Ніякага. Я проста пералічыў грошы ў лік устаноўленых плацяжоў саўгаса на ўтрыманне РАПА. Больш нічога не ведаю.
Я паверыла, і ў мяне адлегла ад сэрца. Падзялілася з ім патаемным напаўголаса:
— Ведаеце, я дала сабе слова адваяваць гэтую машыну ў Маліноўскага і вярнуць яе дзяржаве. Які нахабнік, а?
Аляксандр Рыгоравіч паддакнуў:
— А што, за ўсё трэба плаціць.
Цяжка было не звярнуць увагі на змяненне яго голасу. Але мала што бывае, можа ў чалавека дрэнны настрой? І я, адмёўшы гэтую дробязь, працягвала:
— Я адправіла матэрыялы на рэагаванне пракурору Сергамасаву. Чакаю адказу. А потым, калі ён памкнецца спусціць усё на тармазах, звярнуся да Генеральнага пракурора.
Аляксандр Рыгоравіч уважліва паглядзеў на мяне. Вельмі ўважліва. І нечакана падняўся:
— Усё, прабач, чакаюць справы, — і працягнуў руку для развітання. Калі за ім зачыніліся дзверы, я крыху задумалася: не такой рэакцыі чакала ад яго — разлічвала хутчэй на ўхваленне. Ён жа такі актыўны барацьбіт з карупцыяй! Але, апраўдаўшы ўсё стомай, лёгенька ўздыхнула: не, я веру гэтаму чалавеку, ён сапраўды ні ў чым не вінаваты.
Але поўнага спакою не было, не сядзелася на месцы. Паімчалася да Надзеі Андрэеўны Ермаковай, загадчыцы райфінаддзела. Балазе яна была ў кабінеце адна, што рэдка бывала. Выслухаўшы з маіх вуснаў прэзумпцыю невінаватасці Лукашэнкі, яна ... зайшлася ад смеху. Праз некалькі хвілін, выцершы насоўкай слёзы, запыталася:
— Няўжо вы верыце гэтаму чалавеку? Калі ён такі анёльчык, дык куды падзяваліся з саўгаснага двара машыны, трактары, якія ён з дапамогай дэпутацтва "прабіў" для "Гарадца"? Асабіста я ведаю пра новенькі "Беларус", які Лукашэнка па чыста сімвалічнай цане аддаў, проста прэзентаваў бацьку Ларысы Маськовай. Магу назваць і яшчэ некалькі такіх адрасоў. А той ЗІЛ з прычэпам, пра які вы пісалі, дзе падзеўся, а? А на што пайшлі грошы, якія былі пералічаны ў саўгас "Гарадзец" для будаўніцтва пасёлка для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны? Ай, ёсць што гаварыць, ды няма каму слухаць, — на поўным сур'ёзе закончыла Н.А.Ермакова і, махнуўшы рукой, цяжка ўздыхнула.
Я тады надта была зацыклена на машыне Маліноўскага, каб адэкватна ўспрымаць тую інфармацыю. А калі і ўспрыняла б, то, пераканана нават і цяпер, анічога б не "раскапала". "Кішка тонкая", як сказаў бы, цяпер ужо мне асабіста, А.Р.Лукашэнка.
... Дні ляцелі хутка. Лета не давала падняць галавы ад градаў і асноўнай, журналісцкай працы. Тады яна давала шанс на такі-сякі пражытак. Гэта цяпер усёй палучкі не хапае нават на неабходныя прадукты харчавання. Адказу ад пракурора раёна так і не дачакалася, але не губляла надзеі. Аднойчы, ідучы на работу, прама перад Домам Саветаў сустрэлася з Генадзем Міхайлавічам Лаўранковым. Ён, у характэрнай для яго манеры, адразу ж задаў дзелавое пытанне:
— Ці дачакаліся рэакцыі на ваш матэрыял з афіцыйных органаў?
— Ніякай. Лукашэнка толькі заходзіў і пацвердзіў сваю невінаватасць.
— Праўда? — ажывіўся ён. І, не дачакаўшы працягу, сказаў:
— Вось і ладненька. Цяпер справу тую будзем разблытваць усе разам: з аднаго боку — Лукашэнка, з другога — вы, з трэцяга — райвыканкам. А чацвёртага каго
паклічам на дапамогу, Вольга Міхайлаўна?
— Суд? — весела запыталася я.
— Які там суд! — не ва ўнісон маёй эмоцыі сур'ёзна адказаў Г.М.Лаўранкоў. — Няхай вернуць машыну — і ўсё. Я, дарэчы, таксама адаслаў паперку Сергамасаву, каб той разабраўся з гэтай "Нівай". Але рэакцыі пакуль няма.
А я, ледзь пераступіўшы парог рэдакцыі, пачала тэлефанаваць у райпракуратуру самому Сергамасаву. Тактоўна выслухаўшы маю тыраду, Сяргей Дзмітравіч адказаў:
— І першае ваша пісьмо, і напамінак я атрымаў. Прашу прабачыць, што затрьмаліся з адказам. Усе мае работнікі ў адпачынку, і я кручуся, бы тая вавёрка ў коле. Але разумею, што вас падводжу, таму давайце дамовімся так: заўтра я прышлю вам адказ. Што? Не, не па пошце, наша сакратарка прынясе. Добра?
О, мала сказаць добра, — зусім выдатна. Але... няўжо ўсё так проста? То чаму цягнуў справу, быццам ката за хвост? Напэўна, вінавата я сама, не напомніла, не патэлефанавала. Начальнікі, відаць, папрызвычайваліся, каб ім па сто разоў пакланіўся. Але не стала надта наракаць на начальніцкія звычкі, з нецярпеннем пачала чакаць наступнага дня. А праз дзень яшчэ патэлефанавала Сяргею Дзмітравічу: не адказаў. Я набрала нумар сакратаркі і спыталася ў яе наконт пракурора.
— Сяргей Дзмітравіч у водпуску, — канстатавала яна і паклала трубку.
— ?!!
Задрыжаўшай рукой зноў набрала нумар пракуратуры і ледзь не крычу ў трубку:
— У якім водпуску? Ён нічога не казаў пра яго,
— А Сяргей Дзмітравіч і не абавязаны нікога апавяшчаць пра свае планы.
— Прабачце, як ён можа ўзяць водпуск, калі ўсе яго памочнікі таксама яшчэ адпачываюць.
— Сяргей Дзмітравіч, прабачце, пра гэта паклапаціўся. У нас усе на месцах і ўсе працуюць.
— Прабачце, а для рэдакцыі нічога не перадаваў пракурор? Ён абяцаў, што вы да нас зойдзеце.
— Упершыню пра гэта чую.
Ой, як брыдка стала на сэрцы! Што ж гэта творыцца? Дзе прафесійная этыка, дзе элементарная чалавечнасць у гэтых людзей, надзеленых уладай? Толькі не, я не скаруся. У мяне яшчэ ёсць сіла для барацьбы. І я ў той жа дзень напісала Генеральнаму пракурору. І матэрыял той, з газеты, адаслала. А каб зэканоміць генпракурораўскі час, падкрэсліла патрэбныя моманты. І усяго праз тыдзень атрымала адказ з Генпракуратуры, які змяшчаў паведамленне — абяцанне "ўказаць пракурору Сергамасаву С.Д. на недапушчальнасць такіх метадаў работы з насельніцтвам (чамусьці менавіта так. — Аўт.)" і што, маўляў, пракурора абавязалі адрэагаваць на запыт рэдакцыі, папярэдне правёўшы дадатковае расследаванне.
Прачытаўшы, лёгенька ўздыхнула і пацерабіла сябе за нос: а ты, дурненькая, баялася. Цяпер, нарэшце, разарвецца гэтае зачараванае кола: прафесіяналы лёгка пройдуць усе звёнцы злачынства. І я з надзеяй ізноў пачала чакаць паведамлення з райпракуратуры, не надта наракаючы на час. Ведала, што пры паўторным расследаванні, якое абяцалі ў Генеральнай пракуратуры, яго спатрэбіцца нямала... Пакуль раптам не пачула навіну: С.Д.Сергамасаў тэрмінова павышаны ў пасадзе і цяпер ужо ездзіць на працу са Шклова ў абласны цэнтр. Але, расхваляваўшыся спачатку, супакоілася. Маўляў, кадры мяняюцца, а справы застаюцца, таму праца над імі не спыніцца.
Спынілася. У краіне з'явіўся прэзідэнт. Генеральны пракурор Васіль Капітан пайшоў у адстаўку. Надзея Андрэеўна Ермакова ў 1994 годзе пераводзіцца з райвыканкама ў Шклоўскае аддзяленне "Аграпрамбанка" ўпраўляючай, а яшчэ праз год — у "Беларусбанк" намеснікам старшыні, а потым і старшынёй. Генадзь Міхайлавіч Лаўранкоў назначаецца старшынёй райвыканкама. Сяргей Дзмітравіч Сергамасаў — пракурорам аддзела па нагляду за следствам у органах РАУС і пракуратурах па Магілёўскай вобласці. Такім чынам, усе трое, хто у свой час змушаны быў пракантраляваць тую здзелку з машынамі, былі цёпленька ўладкаваны А.Р.Лукашэнкам. Ну як тут не ўбачыш падаплёку?
Яшчэ адзін раз паспрабавала я ажывіць тую, як цяпер называю, "лукашэнкаўскую" справу. На адным з Соймаў БНФ у перапынку падышла да З.С.Пазьняка і, кораценька пераказаўшы сутнасць матэрыялаў, перадала іх Зянону Станіслававічу са словамі:
— У мяне не атрымалася давесці гэтую справу да лагічнага завяршэння, дык можа вам як дэпутату Вярхоўнага Савета будзе лягчэй.
Зянон Станіслававіч Пазьняк паклаў мае паперы — выразку з газеты, адказ з Генпракуратуры — у правую кішэню і задуменна паглядзеў на мяне.
А яшчэ ў калядныя дні 1997 года нагадаў пра сябе сам Уладзімір Ісакавіч Маліноўскі. Тады фірма "Табея" з Германіі прывезла шклоўскай дзятве падарункі. Не абмінула тая дабрачынная хрысціянская місія і "прэзідэнцкі" садок у Рыжкавічах, як называлі яго за тое, што там працуе жонка А.Р.Лукашэнкі. Уладзімір Ісакавіч Маліноўскі, які стаў за гэты час прасвітарам царквы евангелістаў, суправаджаў гасцей. А мой муж, супрацоўнік райгазеты, атрымаў рэдакцыйнае заданне "асвятліць" у друку тую цікавую сустрэчу гуманітарыяў з дзятвой. Уладзімір Ісакавіч Маліноўскі, выбраўшы зручны момант, сказаў яму:
— Перадайце вашай жонцы, што я ёй дараваў тую публікацыю ў газеце і больш на яе не крыўдую.
Але і я не ў крыўдзе на Уладзіміра Ісакавіча Маліноўскага. Я толькі па-ранейшаму хачу ведаць механізм той "аўтамабільнай справы", яе сапраўдных герояў і хачу, каб віноўнікі пакрылі страты, нанесеныя маёй краіне.