Пад такой назвай у раённай газеце "Ударны фронт" быў змешчаны мой матэрыял. У ім раскрываліся факты крадзяжу дзяржаўнай маёмасці па матывах праверкі, зробленай начальнікам упраўлення эканомікі і прагназавання райвыканкама Г.М.Лаўранковым, датаванай 25 мая 1993 года. Справаздачу па ёй, памятаю, рабіла загадчыца райфінаддзела, член райвыканкама Н.А.Ермакова на адным з яго пасяджэнняў. Можа, як і раней у такіх выпадках, павыказваліся б члены выканкама наконт паднятых фактаў, паабураліся б дзеля блізіру і, як заўсёды, — забыліся. Але на іншы паварот падзей паўплывала адна акалічнасць — у якасці запрошанай (як загадчык аддзела радыёінфармацыі) на пасяджэнні прысутнічала я. Вядома, не для маіх вушэй планавалася тая справаздача, але я за яе ўчапілася. Ці ж я не журналістка, што магу прайсці міма "смажаных" фактаў? Тым больш, што ў гэтай яўна крымінальнай гісторыі — хто прама, а хто ўскосна — былі замешаны намеснік старшыні райаграпрама Уладзімір Ісакавіч Маліноўскі, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, старшыня ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання (на той момант — раённае аграпрамысловае аб'яднанне — РАПА) Анатоль Міхайлавіч Фірага.
А справа была вось у чым: у Шклоўскі раён па цэнтралізаванаму фондаваму размеркаванню яшчэ ў 1991 годзе павінна была паступіць аўтамашына маркі ЗІЛ з прычэпам. Але па вуснай дамоўленасці са слаўгарадскай раённай бальніцай, дакладней, яе галоўным урачом В.І.Трусілам, раённае аграпрамысловае аб'яднанне ў асобе яго старшыні А.М.Фірагі абменьвае гэтую вялікагрузіну на элегантную "Ніву" для быццам бы службовых мэтаў намесніка старшыні РАПА Уладзіміра Ісакавіча Маліноўскага. Па даверанасці той забірае яе ў Слаўгарадзе і ставіць у свой гараж каля дома ў вёсцы Рыжкавічы. Сам праз пэўны час звальняецца з працы і ідзе дапамагаць весці сялянскую гаспадарку "Дыяна", якой па паперах кіруе яго жонка.
Я ўжо згадвала, як сваёй пастановай пра фермерства Вярхоўны Савет адчыніў "зямельныя шлюзы" і шклоўскай эліце. У складзе іншых новаспечаных "фермераў" былі і згаданыя ў газетным матэрыяле Уладзімір Ісакавіч Маліноўскі, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Анатоль Міхайлавіч Фірага. Першы і трэці з названых паафармлялі дакументы на жонак.
Пасля таго пасяджэння я не паспяшалася пайсці ў свой кабінет, а пачакала Надзею Андрэеўну Ермакову, з якой была ў добрых адносінах. Я папрасіла яе растлумачыць мне дзівосы з "Нівай". Яна спачатку напусціла на сябе выгляд вагання, а ўжо праз якую хвіліну аблегчыла, відаць, і сваю душу:
— Калі прама сказаць, дык падараваў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка свайму чалавеку аўтамабіль.
Але прыналежнасць да наменклатуры ўзяла верх, і Надзея Андрэеўна больш сціпла дадала:
— Тут столькі ўсяго незразумелага, заблытанага, што хоць ты праводзь новую праверку па тых слядах.
— Надзея Андрэеўна, — падступала я бліжэй да справы, — гэта афера, па-вашаму, ці службовая халатнасць?
— Афера, — канстатавала яна. — Але, сказаць па праўдзе, канцоў вам не знайсці. І па-сяброўску параю: забудзьцеся пра тое, што чулі на пасяджэнні.
— Што, не па Сеньку шапка? — запыталася я.
Надзея Андрэеўна адрэагавала мімікай, што азначала згоду. Шчыльна прыціснуўшы да грудзей папку з актамі праверкі, я выйшла з кабінета з цвёрдым намерам рыхтаваць матэрыял. У выніку на наступным тыдні ён і з'явіўся пад назвай "Каму жывецца ў нас прывольна". У ім я даслоўна выкарыстала вытрымку з акта праведзенай праверкі. Але, перш чым працытаваць яе, папрашу ўсіх, хто будзе чытаць, праявіць як мага больш вытрымкі. 3-за наўмыснай заблытанасці фактаў удзельнікамі аферы. Прашу пераканацца.
"У ходзе праверкі ўстаноўлена, што аўтамабіль ВАЗ-2121 "Ніва" (дзяржаўны нумар 76-79 МГА) выпуску 1990 года перададзены слаўгарадскай райбальніцай Шклоўскаму РАПА па даверанасці, выдадзенай на імя Маліноўскага У.І. (№64 ад 15.10.90г.) па кнізе даверанасцей РАПА. Грошы за аўтамабіль пералічаны саўгасам "Гарадзец" ад 5 снежня 1990 года плацежным даручэннем №361 у суме 3551 рубель. Па тлумачэнню дырэктара саўгаса "Гарадзец" Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, данае пералічэнне сродкаў зроблена па ўзаемнай вуснай дамоўленасці з былым старшынёй раённага аграпрамысловага аб'яднання Анатолем Міхайлавічам Фірагам у лік устаноўленых плацяжоў саўгаса на ўтрыманне РАПА.
Згодна з матэрыяламі бухгалтэрыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, сапраўды ў 1990 — 1991 гадах саўгасам "Гарадзец" запланаваныя адпаведна 9800 і 10700 рублёў на ўтрыманне апарата РАПА не пералічваліся. Пералічаныя саўгасам "Гарадзец" слаўгарадской бальніцы 3551 рубель за аўтамабіль "Ніва" не адлюстраваны ў бухгалтарскім уліку як залік у кошт долі саўгаса на ўтрыманне РАПА.
Дакументы на ўтрыманне па накладной ад 16 кастрычніка 1990 года аўтамабіля ВАЗ-2121 не былі здадзены Маліноўскім У.І. ні ў бухгалтэрыю РАПА, ні саўгасу "Гарадзец", у выніку чаго ён не быў апрыходаваны па бухгалтарскаму ўліку.
Разам з тым неабходна адзначыць, што вышэйназваны аўтамабіль знаходзіцца ў эксплуатацыі раённага аграпрамысловага аб'яднання, якім выдзяляліся сродкі на яго ўтрыманне, уключаючы і грошы на запасныя часткі (па рахунку № 150 ад 16.05.91Г. на суму 312-44 руб. і па рахунку №192 ад 1.06.91Г. на суму 1571 руб.).
13 снежня 1991 года сялянскай гаспадаркай "Дыяна" пералічана за аўтамабіль ВАЗ-2121 "Ніва" 3195 рублёў у саўгас "Гарадзец".
20 студзеня 1992 года сялянская гаспадарка "Дыяна" пералічыла за аўтамабіль ВАЗ-2121 "Ніва" 3195 рублёў у раённае аграпрамысловае аб'яднанне, якія 27 студзеня гэтага ж года вернуты сялянскай гаспадарцы "Дыяна" як крэдыторская запазычанасць.
14 лютага 1992 года, згодна акту перадачы, які знаходзіцца ў справе Дзяржаўнай аўтаінспекцыі Магілёўскага аблвыканкама, па нерастлумачаных прычынах указаны аўтамабіль перададзены слаўгарадскай раённай бальніцы ў асобе галоўнага ўрача В.І.Трусілы, а потым ад яго — сялянскай гаспадарцы "Дыяна", на якую ён і зарэгістраваны.
8 снежня 1992 года саўгас "Гарадзец" вярнуў сялянскай гаспадарцы "Дыяна" 3551 рубель".
Вось такая прыказка. Казка, калі верыць крылатаму выразу, павінна быць наперадзе. Дык вось, згаданы аўтамабіль "Ніва" і сёння знаходзіцца ва ўласнасці У.І.Маліноўскага. Таму ўсе пытанні застаюцца па-ранейшаму актуальнымі.
Па-першае (у чарговасці па тэксту): раённае аграпрамысловае аб'яднанне мяняе вялікагрузны аўтамабіль, ды яшчэ з прычэпам, на легкавы аўтамабіль "Ніва". Кошт абедзвюх машын вельмі нават няроўназначны. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: куды падзелася рэшта сумы, атрыманая ад такога абмену? Яна павінна была быць, у адваротным выпадку закрадваецца думка, што ЗІЛ той з прычэпам усё яшчэ едзе да той слаўгарадскай бальніцы... А навошта, прабачце, бальніцы вялікагрузны аўтамабіль? Няўжо ў Слаўгарадзе столькі хворых, што іх трэба вазіць штабялямі, загружаючы пры гэтым яшчэ і прычэп? Ці не прасцей было эксплуатаваць "Ніву", у якой можа прывольна адчуваць сябе хоць бы той самы галоўны ўрач В.І.Трусіла. І чаму трэба было абавязкова дамаўляцца са Шкловам? Няўжо на такую каштоўную машыну, у народнагаспадарчым сэнсе, ЗІЛ з прычэпам, ды яшчэ новую, не паклалі б вока ні ў адной арганізацыі Слаўгарадскага раёна?
Па-другое: "Грошы ў суме 3551 рубель пералічваюцца саўгасам "Гарадзец" слаўгарадскай райбальніцы, з улікам устаноўленых плацяжоў саўгаса на ўтрыманне РАПА". Ну, тут ужо "ў агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька". Вельмі падазроным здаецца ўдзел саўгаса "Гарадзец", а дакладней, яго дырэктара Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў аплаце за аўтамабіль. Якое саўгас гэты мае дачыненне да спачатку павіслага ў паветры (а на самай справе пастаўленага ва ўласным гаражы Маліноўскага) аўтамабіля? І чаму трэба было аплачваць паслугі слаўгарадскай бальніцы "ва ўлік устаноўленых плацяжоў саўгаса "Гарадзец" на ўтрыманне РАПА", якія знаходзяцца ў палярных кропках геаграфічнай карты Магілёўскай вобласці і не маюць ніякіх агульнабюджэтных стасункаў? І яшчэ больш незразумела, за што і пра што дамаўляліся, ды яшчэ вусна, старшыня раённага аграпрамысловага аб'яднання А.М.Фірага і дырэктар саўгаса "Гарадзец" А.Р.Лукашэнка. Аб тым, што запланаваныя 9800 рублёў і 10700 рублёў адпаведна ў 1990 і 1991 гадах саўгасам не пералічваюцца на ўтрыманне апарата РАПА? Ужо толькі таму, што яны запланаваныя, іх трэба аддаваць. Як, прынамсі, рабілі ўсе без выключэння гаспадаркі. Ужо хто-хто, а дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, якім на той момант стаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, павінен быў гэта ведаць. Ведаць і не парушаць фінансавую дысцыпліну.
На якія такія патрэбы неабходны былі тыя грошы (9800 руб. і 10700 руб.) саўгасу "Гарадзец"? А мо і ўвогуле не саўгасу "Гарадзец" а, калі пафантазіраваць, напрыклад, у якасці кампенсацыі за выбарчую кампанію, а рэшту пакласці на ашчадкніжку А.Р.Лукашэнкі, якой ён і цяпер пахваляецца, пасмейваючыся, што інфляцыя ўсё з'ела? А мо і знаходзіцца ў такім добрым настроі прэзідэнт, што не крывавым мазалём былі набытыя тыя грошы? Фу ты, прабач, Гасподзь, якія думкі крамольныя ў галаву лезуць. І ўсё з-за такой заблытанасці ў паперах.
Па-трэцяе: "Дакументы на атрыманне па накладной ад 16(?) кастрычніка 1990 года аўтамабіля ВАЗ-2121 не былі здадзены Маліноўскім У.І. ні ў бухгалтэрыю РАПА, ні саўгасу "Гарадзец""... Вось як атрымліваецца, РАПА выдае Маліноўскаму У.І. даверанасць за №64 у 1990 годзе, а ні дакументаў, ні машыны, выдадзенай па ёй, не патрабуе? Чаму змоўчаў гэты фіціль дырэктар саўгаса "Гарадзец" А.Р.Лукашэнка? Атрымалася, што гаспадарка па віне кіраўніка падаравала "дзядзю Валодзю" заробленыя калектывам грошы, нават не чуўшы пра таго і не бачыўшы ў твар? А што на самай справе хаваецца за шчодрасцю дырэктара? Гэтыя незразумеласці таксама правакуюць мяне на дадумванне. Здаецца, я маю права на гэта хоць бы ўжо таму, што жыла па суседству з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам і Уладзімірам Ісакавічам Маліноўскім у Рыжкавічах, а дакладней, паміж імі — на тэрыторыі калгаса імя Леніна. Таму ведаю тое, што ведаюць усе: Аляксандр Рыгоравіч за два гады да прызначэння ў саўгас "Гарадзец" працаваў ў калгасе імя Леніна намеснікам старшыні калгаса, якім на той момант кіраваў Уладзімір Ісакавіч. І менавіта калектыў калгаса імя Леніна ў асобе Уладзіміра Ісакавіча Маліноўскага прапанаваў вылучыць былога намесніка старшыні гаспадаркі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку кандыдатам у дэпутаты ў вышэйшы орган краіны. Тады, мусіць, былы дэпутат і першы прэзідэнт краіны такім чынам разлічыўся за аказаную паслугу? І, мабыць, шчодра, таму што, па дзіўнаму супадзенню, у двары У.І.Маліноўскага стаіць не толькі беленькі аўтамабіль "Ніва" з дзяржаўным нумарам 76-79 МГА, але і новенькі ЗІЛ з прычэпам? Зноў, будзь ты няладная, свідруе мазгі фантастычная, нічым не падмацаваная, крымінальная думка. А можа, таму і не падмацаваная, што крымінальная? А мо, таму і крымінальная, што фантастычная?
Па-чацвёртае: дзе логіка ў дзеянні старшыні РАПА А.М.Фірагі, калі ён выдзяляе грошы на ўтрыманне не існуючага ў аб'яднанні аўтамабіля і выдаткоўвае значную па таму часу суму на запчасткі? Грошы на зусім новы, падкрэсліваю, аўтамабіль?
Па-пятае: "Дыяна" пералічвае саўгасу "Гарадзец" праз год 3195 рублёў. Калі вяртае пазыку, дык чаму не 3551 рубель, колькі той пералічыў у свой час за аўтамабіль? І чаму не з плюсам — з улікам галапуючай інфляцыі даплатай? І чаму з вылікам патрачанага на ўтрыманне аўтамабіля РАПА яшчэ больш паловы яго кошту, і таксама без уліку інфляцыі?
Па-шостае: усяго праз няпоўны месяц "Дыяна" пералічвае такую ж, капеечка ў капеечку, суму на рахунак РАПА. Паразважаўшы, прыходзім да вываду, што таму і дубліруе сялянская гаспадарка з мілагучнай назвай "Дыяна" тую суму, што так лягчэй сляды заблытаць, і, на што яна не магла разлічваць пры запаўненні плацежнай ведамасці ў "Аграпрамбанку", грошы не замарудзілі вярнуцца назад у аргуменце крэдыторскай запазычанасці. Але, прынамсі, чаму менавіта з такой фармулёўкай? РАПА што, пазычала ў маліноўскай "Дыяны" грошы? І такім дзіўным манерам?
У сёмае дзеянне камедыі 14 лютага 1992 года ўступае ДАІ Магілёўскага аблвыканкама. Да гэтага часу маліноўская "Дыяна" зноў перадала аўтамабіль "Ніва" (мяркую, толькі дакументы на яго) слаўгарадскай райбальніцы і зноў у асобе таго ж самага В.І.Трусілы ды яшчэ "па нерастлумачальных прычынах". Няхай бы тыя "нерастлумачальныя прычыны" і прымусілі б "паварушыць мазгамі" супрацоўнікаў абласной міліцыі, разблытаць той хітры клубок і прыцягнуць да адказнасці ўсіх яго ўдзельнікаў? А не, не заўважылі нават і потым, калі ў той жа дзень В.І.Трусіла зноў перадаў тую элегантную "Ніву" маліноўскай "Дыяне", паспяшаліся яе зарэгістраваць за названай гаспадаркай.
Па-восьмае: за Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам нават у гэтай гісторыі застанецца апошняе слова. Дачакаўшыся ажно 8 верасня 1992 года, па яго, мяркую, ініцыятыве вяртае саўгас "Гарадзец" Маліноўскім немаведама як прыдуманую і пералічаную імі суму ў памеры 3195 рублёў,што роўна восем месяцаў праляжала на гарадзецкім рахунку.
Пасля такой галаваломкі можна было б і паставіць кропку. Але як жа яе паставіць аўтару газетнай публікацыі, калі яе не паставіла правасуддзе? Я і цяпер, прызнаюся, слухаючы прамовы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі па радыё і тэлебачанню, не перастаю задавацца пытаннем: дык хто ж на самай справе наш прэзідэнт: аферыст, як вынікае з незакончанай справы па перакачцы аўтамабіля, ці нявінная ахвяра гэтай заблытанай аўтамабільнай справы? Як у першае, так і ў другое цяжка паверыць, але і не паверыць — таксама цяжка! Хоць бы ўжо таму, што гэтая аўтамабільная справа раскручвалася пад "крышай" кагосьці магутнага пры ўладзе, бо мела міжраённы і нават абласны размах. Вось і думай пасля гэтага.
Што, стаміліся сачыць за папяровай гульнёй? У мяне і самой галава ад напружання пудовай гірай куляецца на плячах. І ўсё ж, нягледзячы на нашу з вамі аналітычную руплівасць, трэба, напэўна, паклікаць на дапамогу прафесіяналаў з ліку кантралюючых і, хутчэй за ўсё, праваахоўных органаў. Бо калі ўжо супрацоўнікі Шклоўскага райфінаддзела разам з былой загадчыцай Н.А.Ермаковай, а таксама начальнікам упраўлення эканомікі і прагназавання райвыканкама Г.М.Лаўранковым ды яшчэ былым пракурорам Шклоўскага раёна С.Д.Сергамасавым нічога незвычайнага не ўбачылі ў гэтай справе, дык дзе ўжо нам, радавым, "памяркоўным" беларусам, разабрацца...