У XIX стагоддзі сярод беларусаў, як і сёння, былі здраднікі. Адзін з іх — стараста Макарэвіч, магіла якога знаходзіцца на азярніцкіх могілках недалёка ад царквы. Макарэвіч выдаў расейскім войскам некаторых паўстанцаў 1863 года, у тым ліку аднаго з кіраўнікоў паўстання — Карла Масальскага.
Карла Масальскага схапілі, пасадзілі ў клетку і некалькі дзён вазілі па Слоніме, каб запалохаць мясцовы люд. Пасля на рыначнай плошчы яго павесілі.
Але паўстанцы забілі Макарэвіча, гэтым самым адпомсціўшы яму. Гродзенскі генерал-губернатар за тое, што ён выдаў паўстанцаў, “узнагародзіў” яго пасмяротна: загадаў пахаваць Макарэвіча каля самай царквы і ўсталяваць надмагільны помнік. Загад губернатара выканалі. На помніку прымацавалі дзве шыльды. На адной шыльдзе напісалі: “Замученный польскими мятежниками”, а на другой змясцілі такі тэкст: “Памятник сей сооружён в 1869 г. в назидание потомству по инициативе и на средства Его Высокопревосходительства г.Виленского, Ковенского и Гродненского генерал-губернатора И.С. Каханова при материальном содействии крестьян Чемерской волости”.
У 1930-х гадах шыльду з тэкстам “Замученный польскими мятежниками” людзі сарвалі і выкінулі. Да нашых дзён у Азярніцы каля Свята-Мікалаеўскай царквы збераглася магіла здрадніка Макарэвіча і адзін надпіс на помніку. Але гісторыкаў, болей за тое — вяскоўцаў, яна зусім не цікавіць.
Рыначная плошча
Першае ўпамінанне пра вёску Азярніца адносіцца да 1478 года. Кароль Казімір Ягелончык падараваў Азярніцу шляхціцу Васілю Капачэвічу. Праз 400 гадоў у мястэчку Азярніца, як напісана ў кнізе “Памяць.Слонімскі раён” (Мн., 2004), пражывала ўжо 418 чалавек. Там дзейнічалі праваслаўная царква, сінагога, школа, працавалі 4 крамы, харчэўня, заезны двор. А яшчэ ў Азярніцы каля царквы два разы на год праводзіліся кірмашы — 9 траўня і 6 снежня. І цяпер гэтае месца ў Азярніцы старэйшыя людзі называюць Рыначнай плошчай. Тут некалі гандлявалі адзеннем, прадуктамі харчавання і збожжам, прадавалі коней, кароў, свіней.
Цяпер кірмашы ў Азярніцы не ладзяцца. А шкада. Добра было б адрадзіць тыя шматвяковыя гандлёвыя традыцыі. Тым больш што і сёння ў Азярніцы, як і ў 1886 годзе, жыве больш за 400 чалавек.