Бадай што ніхто з беларускіх паэтаў не прысвяціў столькі вершаў свайму роднаму гораду, бацькоўскаму кутку і землякам, як Алег Лойка. Нават Рыгор Барадулін разам з Еўдакіяй Лось і Пятрусём Броўкам не напісалі столькі паэтычных радкоў пра сваю Ушаччыну, сколькі Алег Лойка адзін пра слынны і старажытны Слонім і Слонімшчыну, з іх прыродай, працавітымі і мужнымі людзьмі, багатай гістарычнай спадчынай.
У 90-х гадах мінулага стагоддзя з-пад пяра паэта выйшлі тры паэмы і ўсе яны прысвечаныя Слонімшчыне. Драматызаваная паэма ў дзвюх дзеях “Развітанне з Радзімай” вяртае чытачоў у XVIII стагоддзе да польнага літоўскага пісара, а пасля гетмана Вялікага княства Літоўскага Міхала Казіміра Агінскага і яго пляменніка дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. У 1775 годзе Міхал Казімір Агінскі прыехаў у Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў оперны тэатр і капэлу. Па яго ініцыятыве быў пабудаваны канал Агінскага. Гетман быў вельмі здольны музыкант і паэт. Выдаў “Гістарычныя і маральныя аповесці” (1782) і “Байкі і не-байкі”(1788). У Слоніме прайшло дзяцінства і яго пляменніка Міхала Клеафаса Агінскага:
Карціна наплывае на карціну,
Выразныя і ясныя без слоў.
Таму мо, што Агінскага дзяцінства,
Як і маё, у Слоніме прайшло.
(Зборнік “Задуменныя пералескі”. Мн.,1961.С.24).
Наогул, Алег Лойка да Агінскіх звяртаўся шмат разоў. Вязанку сваіх вершаў паэт прысвяціў чулліваму паланезу Агінскага “Развітанне з Радзімай”. Бо хто гэты музычны твор сёння не любіць?! Нават простыя гараджане і вяскоўцы:
Казала цётка Надзя,
Як цвіў вясёлы бэз,
Калі памру, хавайце
Мяне пад Паланез.
(Зборнік “Ушанаванне”. Слонім, 2001.С.181).
У драматызаванай паэме “Развітанне з Радзімай” падзеі адбываюцца ў канцы 1763 года (дзея першая), калі амаль год польны літоўскі пісар Міхал Казімір Агінскі знаходзіўся ў Пецярбурзе, дабіваючыся прыхільнасці маладой царыцы Расеі Кацярыны II. У палац ён прывёў і балетную трупу са Слоніма. Натхнёна і віртуозна іграе Агінскі на скрыпцы, але адчувае холад адчужэння царатворцаў, якія хутка пакідаюць залу.
Другая дзея адбываецца ў 1794 годзе — пад Мацеявіцамі. На поле бітвы пасля паражэння паўстанцаў, што змагаліся пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, сустракаюцца героі. Паэт цікава апісаў дыялог двух Агінскіх. У гэтым дыялозе гучыць горыч паражэння, але і надзея на будучае. Хор славіць здзейснянае князем Міхалам Казімірам Агінскім:
Віват канал, што Ясельду і Шчару
Звянчаў, як з прышласцю вянчаюць мару!..
І ў Слуцку тканым паясам віват,
І габеленам, Кракаў якім рад,
Мурам у Міры, Навагрудку, Гальшанах
З цагельняў, што багацяць у пашанах;
Віват дванаццаці на Шчары шлюзам,
Віват і Слонімскім, і Целяханскім музам;
Віват будаўніку, музыку і паэту!..
(Зборнік “Ушанаванне”. С.303).
Другую сваю паэму Алег Лойка напісаў пра Жыровічы, яна мае назву “Посах душы”. Вёска Жыровічы знаходзіцца кіламетраў дзесяць ад Слоніма. Цяпер тут дзейнічаюць праваслаўныя духоўныя акадэмія і семінарыя. Але Жыровічы вядомы яшчэ тым, што тут у XVI стагоддзі быў заснаваны манастыр базыліян з цэрквамі і семінарыяй. І сёння Жыровічы — гэта беларуская праваслаўная Мекка. Сюды з усіх куткоў свету спяшаюцца вернікі, спяшаюцца да жыровіцкай святыні з комплексам храмавых і манастырскіх пабудоў, што захаваліся да нашых дзён. Жыровіцкая святыня цікава не толькі як унікальны праваслаўны рэлігійны асяродак, але і як помнік архітэктуры і гісторыі, як сімвал складанага і нялёгкага лёсу беларусаў. А побач з Жыровічамі — струменіць святая крыніца. Кожны, хто бывае ў Жыровічах, абавязкова набірае з сабою вады з гэтай крыніцы. Алег Лойка з крыніцы і пачынае сваю Жыровіцкую паэму:
Стаяла ў лесе крыніца,
А ў крыніцы — вадзіца,
Над вадзіцай — груша,
Да грушы — душою рушу.
Рушу я да крыніцы —
Вады святое напіцца,
Рушу да светлае грушы —
Светла на грушу дзівіцца.
Між пастушкамі стану,
Малітву з сэрца дастану,
Пець, пакуль сілы хваціць,
Жыровіцкай Багамаці…
(Зборнік “Ушанаванне”. С. 240).
Паводле народнай легенды, у 1470 годзе на лясной дзікай грушы пастушкі знайшлі абразок. Абразок яны заняслі ў маёнтак Аляксандру Солтану. На тым святым месцы пабудавалі цэркаўку. А калі здарыўся пажар і цэркаўка згарэла, дзіўны абразок з’явіўся на камені недалёка ад крыніцы. На тым месцы быў пабудаваны новы храм. Цяпер там узвышаецца Яўленская царква. А абразок Жыровіцкай Божай Маці зберагаецца ва Ўспенскім саборы.
Алег Лойка ў сваёй паэме апісаў гісторыю Жыровіцкай святыні, склаў гімн Жыровічам. У абліччы Жыровіцкай Божай Маці , як піша Гіоргій Сіненка ў сваёй кнізе “Насуперак канону” (Мн.,1997.С.407-408) “праглядваецца ідэал беларускай жанчыны, які ўвабраў у сябе самыя прыцягальныя рысы нацыянальнага характару. Гэта не строгае аблічча святой Прамаці, якое глядзіць з іконы і заклікае да малітвы і пакаяння, а жывы вобраз беларускай жанчыны, азораны святлом красы і святасці, гэта — “Радзімы дух непарушны”, “Млечны наш Шлях прарочы!..” — пуцяводная зорка ў духоўным станаўленні і адраджэнні”.
Трэцюю паэму Алег Лойка назваў “На залатым перазове”:
Чыгуначныя перагоны,
Слаўны ваш светлы гон,
І я ў вас да ціхага скону
Ўлюбёны з маленчых дзён…
(Зборнік “Ушанаванне”. С. 268).
Паэма своеасаблівая і арыгінальная. Паэт едзе ў электрычцы з Зэльвы да Баранавічаў. І апісвае тыя станцыя, якія праязджае. Згадвае гісторыю станцый, асабліва слонімскіх, людзей якія там жылі ці жывуць, падзеі, якія там адбываліся. У раздзеле “На Азярніцкім паўстанку” Алег Лойка вёску Азярніца называе сталіцай, бо тут жыла ягоная сястрыца, а ў Грынках “прысела бульба —зеляніцца качкай, іду я з маці, маці ідзе з гачкай”. Пасля Грынкоў — Чамяры, дзе жыў паэт і партызан Анатоль Іверс, а за Чамярамі адразу пачынаецца Слонім, пасля Альбертын і г.д.
У 2002 годзе Алег Лойка напісаў шчымлівую паэму “Плач зямлі Слонімскай”, якая ўвайшла ў яго паэтычны зборнік “Плач зямлі” (Мн., 2004). Рэфрэнам праз усю паэму праходзяць радкі паэта:
Нікому ніколі не дадзена знаць,
Дзе нарадзіцца, дзе — сканаць.
Ды ведаю я, знаю,
Кім, дзе, калі сканаю,
Любячы край свой родны,
Што гіне беззваротна.
Ды ў ім, любым і лядачым,
Не ўзняць не магу галаву:
Пакуль жыву, плачу,
Плачу, пакуль жыву…
(Зборнік “Плач зямлі”. Мн., 2004. С.72).
Алег Лойка — паэт народна-слонімскі. Ён найбольш зразумелы нам, слонімцам. На Слонімшчыне яго ведаюць усе, нават тыя, хто ніколі ў жыцці не чытаў вершаў, хіба толькі ў школе. Тут у кожнай вёсцы ў яго ёсць сваякі і сябры. Пра лёс кожнага земляка Алег Антонавіч ведае ўсё, можа распавядаць суткамі цэлыя жыццёвыя гісторыі. І гэтыя гісторыі розныя: трагічныя, радасныя, шчаслівыя, смешныя. Паэма “Плач зямлі Слонімскай” — своеасаблівая гістарычная энцыклапедыя слонімскіх вёсак і яе жыхароў:
Азгінавічы, Сялявічы
Жылі, Бога сэрцам славячы;
Ламашы, Кастровічы
Жылі, суседзям наровячы;
Не зруселыя, не спольшчаныя,
Жылі Шышкі і Сянькоўшчына;
З Новадзевяткавіч Крэчыкі
Жылі, няпраўдзе пярэчылі,
Як і з Шундроў Маскалікі,
Што зуб ні на кога не скалілі;
Жылі, дзетак хрысцячы, жэнячы,
Міжэвічы, Харашэвічы,
Жылі, словы шчырыя мовячы,
Бы ў Якімавічах Якімовічы,
Бы ў Какошчыцах — Дабрыяны,
Рукавы закасаўшы старанна;
Талькаўскія негаротнікі,
Без борцяў шчыравалі Бортнікі;
Рыбнымі тонямі рышчучы,
Нараставічы шчыравалі, Рышчычы;
Жылі, жыць, дабрэць муселі,
Бы ў Лапухове Мукасеі…
Пілі не нарзан, рычэў не Тарзан, —
Іншая слава вілася:
З Васілевіч Пракоп — гучны партызан
І ахоўнік Сталіна Ўласік…
(Зборнік “Плач зямлі”. С.72-73).
Асноўны раздзел кнігі “Плач зямлі” склалі вершы Алега Лойкі, які ён прысвяціў сваёй жонцы Ліліі, з якой пражыў усё жыццё. Нядаўна яе не стала:
Гора маё ты, гора
Чарней усіх пячораў,
Глыбей, чым учора,
Гарчэй, чым пазаўчора…
(Зборнік “Плач зямлі”. С.47).
Сапраўды, Алег Антонавіч вельмі перажывае страту свайго любага чалавека — жонкі Ліліі. На ёй трымалася ўся гаспадарка ў доме на Віленскай вуліцы ў Слоніме. Я часта там бываў і бываю цяпер. Дом Алега Лойкі стаіць у прыгожым месцы. Адразу за агародам цячэ Шчара. А над Шчараю растуць бярозы і вербы. Тут заўсёды майму земляку добра пісалася і пішацца. Пра Шчару Алег Лойка напісаў дзесяткі вершаў. І вобраз сваёй Ліліі ён параўнаў нават з Шчараю:
Словы душу накалілі,
Жару — поўны прыпол…
Зямная, як Шчара, Ліля,
Ратуй мяне, як анёл!
(Зборнік “Плач зямлі”. С.45).
У другім вершы пра Шчару паэт прызнаецца:
І я рады, што зразумеў:
З гэтай радасцю — не таіцца,
Што я шчасце вялікае меў
Па-над Шчараю нарадзіцца!
(Зборнік “Плач зямлі”.С.17).
А ў вершы “Тут, над Шчарай” Алег Лойка марыць:
Я шчаслівы, што ўбачыў свет тут,
Ды пра большае шчасце я мару:
У апошні свой міг без пакут
На цябе пазіраць, Шчара!
(Зборнік “Неўміручасць”. Слонім, 2000. С.147).
Слонімшчыны прысутнічала ўжо ў першым зборніку паэта “На юначым шляху” (Мн., 1959). Вершы “Няхай славяцца”, “Дзед Ігнат”, “Ледзь скрыпнуў журавель”, “Бацькі”, “Юнак быў з-пад Слоніма родам” і іншыя з’яўляюцца доказам таго, што паэзія Алега Лойка ўжо тады, амаль паўстагоддзя назад, жывілася сокамі роднай зямлі, пачынала расці на ўрадлівай глебе народнай творчасці. І калі б ён больш нічога не напісаў, а толькі адну баладу “Юнак быў з-пад Слоніма родам”, гэтага хапіла б, каб майго земляка называць Паэтам з вялікай літары і друкаваць яго баладу ў розных хрэстаматыях. Дарэчы, балад, прысвечаных Слонімшчыне, у паэта шмат. Усе яны ўвайшлі ў зборнік “Балады вайны і міру” (Мн., 1988). Галоўная тэматычная аснова іх — асуджэнне вайны, насілля, сцвярджэнне гераізму, пачуццё Бацькаўшчыны і палымяная любоў да Слонімшчыны і яе гісторыі, а таксама да людзей. Гэта “Балада аб выратавальным”, “ Балада Дзеда Мароза”, “Балада пра Шчару”, “Балада шаснаццаці год”, “Балада пра неўзарваную гранату”. А “Баладу Сынковіцкай царквы” Алег Лойка прысвяціў нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863 года. У канцы 1862 года, едучы са Слоніма ў Ваўкавыск, Кастусь Каліноўскі раскідваў трэці нумар “Мужыцкай праўды”. Трапілі гэтыя нумары і да жыхароў Сынковіч (вёска знаходзіцца якраз па дарозе):
Даць, даць!.. Ляцелі са званіцы,
Як птахі вольныя, лісткі
“Мужыцкай праўды” аб зямліцы,
Каб іх чыталі мужыкі.
(Зборнік “Балады вайны і міру”. Мн., 1988. С.139).
У трыпціху “Роднае” (Выбраныя творы ў 2-х тамах. Мн., 1992. Т.2. С.336), Алег Лойка сказаў: “Мае першыя святло, прастор і любоў — Слонім”. Тут паэт на Татарскай вуліцы нарадзіўся, на Зялёнай вуліцы жыў, на Чырвонаармескай — хадзіў у першую беларускую школу. І пра ўсе гэтыя вуліцы ў паэта напісаны вершы:
Я вырас на Зялёнай,
Дзе яблыні і вішні,
І маладыя клёны
Ля вербаў, зграбных, пышных…
Па самай жа галоўнай —
Па Чырвонаармейскай,
Слязою шчасця поўны,
Я нёс байцам пралескі!
(Зборнік “Грайна”. Мн., 1986. С.23).
На Чырвонаармейскай вуліцы (былой 3 Мая) да вайны ў невялікай хатцы жыў слынны беларускі паэт Гальяш Леўчык. Да яго ў 1939 годзе, едучы з Беластока ў Мінск, заязджаў Янка Купала. Ён, дарэчы, быў рэдактарам першай кніжкі Гальяша Леўчыка “Чыжык беларускі” (Вільня, 1912). Старыя сябры сустрэліся, паабедалі ў Першым беларускім рэстаране і Купала на сваім “шаўрале” паехаў па вуліцы Маставой на Мінск. Цяпер вуліца Маставая носіць імя Янкі Купалы. Алег Лойка так і назваў свой верш “На вуліцы Янкі Купалы ў Слоніме”. А пачынаецца ён радкамі, у якіх любоў да роднага горада шчыра асветлена памяццю пра вялікага паэта:
Родны мой горад, спрадвечны горад,
Памяць чыя глыбей, чым твая?..
Дай скалынуць твае радасці, гора,
Дай перажыць іх з табой удвая!
Дай, прывярні тыя дні, тыя хвілі,
Госцем калі тут Купала быў:
Вулкі твае яго не забылі,
І ён жа іх, пэўна, нідзе не забыў.
Чуў ты біццё яго сэрца, горад,
Хвалямі Шчары думы ўздымаў:
Усю Беларусь абдымаўшы, як мора,
Ён і цябе, горад мой, абдымаў…
(Зборнік “Грайна”. С.12-13).
Гальяш Леўчык загінуў у 1944 годзе ў Варшаве. Разам з паэтам вайна знішчыла і яго варшаўскую кватэру і вялікі беларускі архіў, які ён збіраў усё сваё жыццё. Нібы працягам верша пра вуліцу Янкі Купалы ў Слоніме з’яўляецца верша Алега Лойкі “На Маршалкоўскай пад Аркадамі”. Ён прысвечаны былым слонімцам, цяпер — варшавякам, якія раз у месяц — у сераду — збіраюцца ў Варшаве на Маршалкоўскай вуліцы і ўспамінаюць Слонім.
Родны горад і слонімцы гняздзяцца ў кожным паэтычным зборніку Алега Лойкі. Напісаны дзесяткі вершаў-прысвячэнняў землякам: Анатолю Іверсу, Валянціну Таўлаю, Янку Саламевічу, Міколу Арочку, скульптару Івану Міско, старшыні калгаса Антону Дабрэнку, настаўнікам, аднакласнікам. Сам Слонім ва ўяўленні і выяве паэта ў кожным вершы заўсёды раствараецца ў прыродзе, зліваецца ў гістарычных і экалагічных усведамленнях паэта. Гэта вершы шчырыя, добрыя, запамінальныя А інакш ён пра родны горад і пісаць не ўмее:
У зелені — бель камяніц, касцёлаў.
Уецца Шчара, бліскаючы срэбрам.
Спыніўшыся на ўзгорках, навакола
Лясы стаяць, падпёршы купал неба.
Я вырас, захапляючыся тут
Высокім небам, Шчары ціхім звонам,
Агністым сонцам, лесам задумёным,
Мурамі і людзей жыццём штодзённым,
І сэрцам палюбіў я гэты кут —
Цябе, мой старадаўні родны Слонім.
(Зборнік “Пралескі ў акопах”. Мн., 1987. С.11).