Век так не будзе


Міжнароднае агенцтва “Еўразійскі маніторынг”, куды уваходзяць сацыёлагі з Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны, даследавалі фобіі грамадзян чатырох краін. Выявілася, што 23% беларусаў заявілі, што ў іх выклікаюць страх дыктатура і рэпрэсіі. Па маштабах гэтай фобіі мы апярэдзілі ўсіх — і расіян, і казахаў, і украінцаў.

Рэпрэсіі наш народ і наша мова церпяць ужо некалькі стагоддзяў. Асабліва дасталося беларусам ад рэпрэсій у ХХ стагоддзі.

Далёка не будзем хадзіць, а давайце адсочым, як працавала рэпрэсійная машина, напрыклад, на слонімскай зямлі. Асабліва шмат гора і бяды зведалі слонімцы падчас сталіншчыны. Па стане на 7 кастрычніка 1939 года органы НКУС БССР у заходніх абласцях нашай рэспублікі арыштавалі больш за 2,7 тысячы чалавек. Галоўным чынам рэпрэсавалі былых чыноўнікаў польскай адміністрацыі, прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі, тых, хто меў шмат зямлі і каго называлі памешчыкамі і кулакамі, хто прайшоў школу Саюза беларускай моладзі.

5 снежня 1939 года была прынята пастанова па пытанні высялення з заходніх абласцей асаднікаў і работнікаў абласной вартавой аховы.

Паводле слонімскай кнігі “Памяць”, да вайны і пасля вайны рэпрэсавалі каля 300 чалавек са Слоніма, але гэтую лічбу трэба павялічыць у 10 разоў, з кожнай слонімскай вёскі забіралі на Калыму і Варкуту па 20–50 чалавек. Арышты адбываліся штодзённа. Вёска Басіны Дзеравянчыцкага сельсавета вельмі пацярпела ад вайны, а пасля рэпрэсій увогуле перастала існаваць. Больш за палову жыхароў вёскі Заводны Лес таксама былі вывезены.

Многіх арыштаваных у 1930–1953 гадах беспадстаўна расстралялі, многія загінулі ў месцах зняволення. Лёс тысячы нашых землякоў невядомы да сённяшніх дзён.

Ахвярамі палітычных рэпрэсій сталі многія слонімскія дзеячы культуры, літаратуры, педагогікі, навукі. У другой палове 1933 года беспадстаўна абвінавацілі ў арганізацыі антысавецкага цэнтра, “заснаванага для аддзялення Беларусі ад СССР на карысць Польшчы”, палітыка, педагога і вучонага з Чамяроў Максіма Бурсевіча. 9 студзеня 1934 года яго асудзілі да вышэйшай меры пакарання, якую замянілі 10 гадамі зняволення. Пакаранне наш зямляк адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. 9 кастрычніка 1937 года тройка УНКУС па Ленінградскай вобласці Максіма Бурсевіча асудзіла да расстрэлу. 3 лістапада 1937 года прысуд выканалі. І толькі ў 1956 годзе М. Бурсевіча пасмяротна апраўдалі па абодвух прысудах.

У 1930 годзе рэпрэсавалі вядомага беларускага педагога, мовазнаўца, інспектара Наркамата асветы БССР Янку Бялькевіча з вёскі Варонічы. На Беларусь ён так і не вярнуўся і памёр у 1960 годзе ў Азова-Чарнаморскім краі. Пасля смерці Янкі Бялькевіча жонка і сын вучонага асобнай кнігай выдалі яго вялікую працу — “Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны”.

Беларускі паэт Сяргей Дарожны і яўрэйскі крытык і публіцыст Хацкель Дунец нарадзіліся ў Слоніме. У 1936 годзе яны таксама трапілі ў хвалю рэпрэсій. Сяргей Дарожны абвінавачваўся ў падрыхтоўцы ўзброенага замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М.Гікалу, пра якога ён збіраў матэрыялы для кнігі. Слонімскі паэт адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе, будаваў Камсамольск-на-Амуры, дзе і загінуў 19 ліпеня 1943 года, не дачакаўшыся вызвалення. Па хадайніцтве сястры ў 1957 годзе яго рэабілітавалі і аднавілі ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў.

Хацкель Дунец зняволенне адбываў ва ухтпячорскіх лагерах. А 29 кастрычніка 1937 года яго расстралялі ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1967 годзе.

Фізік з вёскі Хадзявічы Мітрафан Тамільчык пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта працаваў выкладчыкам у Беларускім політэхнічным інстытуце. У 1938 годзе яго арыштавалі і расстралялі.

Сталінскія рэпрэсіі не абмінулі і Чамяры. У верасні 1939 года арышты пачаліся і тут. Спачатку выклікалі ў Касцянёўскі сельсавет двух чамяроўскіх хлопцаў — Антона Міско і Гаўрыла Чыгрына. Яны бясследна прапалі. У лістападзе 1939 года арыштавалі Якуба Міско і двух яго родных братоў Васіля і Івана. Пра тое, што рабілася ў гэты час у Чамярах, хадзілі розныя чуткі. Але чуткі чуткамі, а Васіля і Івана Міско ў 1940 годзе засудзілі на восем гадоў турмы. Праўда, Якубу пашанцавала: з турмы ён напісаў пісьмо П.К. Панамарэнку, які даў каманду “разобраться по существу”. Дзякуй Богу, разабраліся, і Якуб Міско (пісьменнік, журналіст, публіцыст) апынуўся на волі.

Толькі ніхто “не разабраўся” з лёсам яго братоў. Пад канец 1944 года землякі атрымалі першае пісьмо ад Івана са сталінскіх лагераў з Комі АССР. А ў 1948 годзе, адбыўшы за нішто васьмігадовае зняволенне, ён вярнуўся ў свае Чамяры. Іван і расказаў, што Васіль у 1941 годзе знямогся ад цяжкай працы, ад холаду і голаду, захварэў і памёр у Карэліі. А як пачалася вайна, то зняволеных, у тым ліку і Івана, адправілі ў Комі АССР на лесанарыхтоўкі. Пазней абодвух (Васіля пасмяротна) рэабілітавалі. Іван усё жыццё пражыў у родных Чамярах. Нялёгка было, бо хапала ўсяго: і здзекаў, і абразаў, і розных плётак начуўся ў свой адрас. Бо людзі не ведалі праўды. У 1989 годзе і яго не стала.

Не абмінулі рэпрэсіі і чамяроўскага палітыка, змагара і вязня польскіх турмаў (адсядзеў 7 гадоў, з іх некалькі гадоў у адзіночнай камеры №38 гродзенскай турмы) Аляксандра Багданчук. Пасля лагераў жыў у Томску, працаваў будаўніком. Ён удзельнічаў у паўстанні нарачанскіх сялян-рыбакоў у 1935 годзе і быў паранены. Дарэчы, Аляксандр Багданчук (тады — Стах) стаў для Максіма Танка прататыпам Грышкі — героя паэмы “Нарач”.

У траўні 1946 года чамяровец Міхась Чыгрын разам з Міхасём Ракевічам і Васілём Супруном стварылі ў Слоніме моладзевае беларускае патрыятычнае падполле пад канспірацыйнаю назваю “Чайка”. Дарэчы, Міхась Чыгрын вучыўся ў Чамяроўскай школе і ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі. А ў 1945 годзе стаў навучэнцам Жыровіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума, дзе стварыў сярод навучэнцаў філію “Чайкі”. У чэрвені 1947 года яго арыштавалі органы МГБ. Быў асуджаны на 10 гадоў зняволення і 3 гады пазбаўлення правоў. Пакаранне адбываў у турмах Оршы і Баранавічаў і канцлагерах Інты. У Беларусь вярнуўся ў канцы 1980-х гадоў. Жыве ў Салігорску.

У 1947 годзе асудзілі на 25 гадоў няволі і Васіля Супруна — паэта, гісторыка, археолага. Праз 9 гадоў яго вызвалілі са зняццем падсуднасці. Вярнуўся ў родны Слонім, дзе, дзякаваць Богу, жыве і цяпер. За ўдзел у “Чайцы” былі рэпрэсаваны слонімцы Аляксандр Гардзейка, Іван Хомчык, Іван Тарасюк, Уладзімір Салавей, Міхась Ракевіч, Леакадзія Кавальчук, Аляксандр Жукоўскі, Ніна Карач, Надзея Дземідовіч. Надзея Дземідовіч пра жахі сталінскіх лагераў і сваё жыццё напісала ў кнізе “Век так ня будзе”, якая выйшла з друку ў Мінску ў 2002 годзе.

Моцна пацярпелі і прайшлі сталінскія вязні ў 1940–50-х гадах удзельнікі слонімскай вучнёўскай антысавецкай арганізацыі “Польскі падпольны камітэт” Юры Татарэўскі, Зэтэк Жамойда і іншыя.

У полымі сталінскіх рэпрэсій загінула шмат слонімскіх святароў розных рэлігійных канфесій. У 1937 годзе расстралялі наглядчыка Жыровіцкага духоўнага вучылішча Пятра Палянскага і настаяцеля Жыровіцкага манастыра айца Ціхана Шарапава. Архімандрыт Серафім Шахмуць быў насельнікам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Яго арыштавалі ў верасні 1944 года за тое, што ён у гады вайны выконваў абавязкі місіянера, адкрываў на тэрыторыі Усходняй Беларусі праваслаўныя храмы. Яму далі 5 гадоў сталінскіх лагераў, адкуль Серафім Шахмуць ужо не вярнуўся.

Спіс ахвяр рэпрэсій на слонімскай зямлі можна доўга працягваць. Бо сёння на Слонімшчыне амаль няма такой сям’і, якую не зачапілі рэпрэсіі акупантаў і дыктатараў. Але, як пісала Надзея Дземідовіч, век так не будзе.

2006

Загрузка...