Фалерыстыка, як гістарычная дысцыпліна мае два значэнні. Па-першае, яна вывучае гісторыю ордэнаў, медалёў і іншых знакаў адрознення. Па-другое, фалерыстыка — гэта калекцыяніраванне значкоў і розных нагрудных знакаў.
У калекцыях слонімскіх фалерыстаў ёсць таксама значкі, прысвечаныя Слоніму, яго прадпрыемствам і памятным датам. Самым першым, які выйшаў пасля 1945 года, быў значок, прысвечаны 25-годдзю вызвалення Слоніма ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На ім адлюстраваны помнік загінуўшым воінам, які знаходзіцца на вуліцы Пушкіна.
Выпушчана ў свет і некалькі значкоў з выявамі гербаў Слоніма. Гэтыя гербы выклікаюць у гісторыкаў і калекцыянераў неадназначныя адносіны. Напрыклад, быў выпушчаны значок, на якім адлюстраваны герб Слоніма, зацверджаны 6 красавіка 1845 года, у той час, калі наш горад уваходзіў у склад Расійскай імперыі. Гэты герб уяўляў сабой шчыт, які падзелены на дзве палавіны: у верхняй змешчаны зубр, як эмблема тагачаснай Гродзенскай губерні, а ў ніжняй палавіне на блакітным полі — два скрыжаваныя мячы, паміж якімі стаіць дата — 1275. У гэтым годзе князі галіцка-уладзімірскія адваявалі Слонім у Літвы. А калі дакладней, у літвінаў (беларусаў).
Вялікую цікавасць у слонімскіх фалерыстаў выклікаюць значкі з гербам Льва Сапегі. Гэты герб па хадайніцтву слонімскага старосты Сапегі быў дадзены каралём Жыгімонтам III 4 студзеня 1591 года. Да сённяшняга дня ён з’яўляецца гербам Слоніма і нядаўна афіцыйна быў зацверджаны райвыканкамам. Усяго выйшла два такіх значкі. На адным з іх — леў, на другім — леў і дата — 1252, якая сведчыць аб першым упамінанні горада ў Іпацьеўскім летапісе.
У 70-90-х гадах прадпрыемствы Слоніма адзначалі свае юбілеі. І да гэтых датаў памятныя юбілейныя значкі і медалі выпусцілі камвольна-прадзільная фабрыка, фабрыка “Тэкстыльшчык”, кардонна-папяровы завод, мэблевая фабрыка і іншыя. Найбольш арыгінальнымі і прыгожымі былі медаль Слонімскага лясгаса і значок Слонімскай фабрыкі мастацкіх вырабаў да 50-годдзя іх утварэння. Яны выйшлі на беларускай мове з элементамі беларускай нацыянальнай гістарычнай сімволікі.
Меў свой значок і Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. На ім адлюстраваны герб тэхнікума, літары “ЖТМСХ”, зорачка і тэкст: “БССР, основан 1945”.
Дзякуючы слонімскаму гісторыку Аляксандру Жукоўскаму, быў выпушчаны значок, прысвечаны народнаму музею мясцовай СШ №4.
Зусім нядаўна пабачыў свет значок, прысвечаны Жыровіцкім святыням.
Як бачыце, не вельмі багатая фалерыстыка слонімскай тэматыкі. Тым не менш, значкі такія ёсць, і гэта ўжо наша гісторыя.
1999