У 1769 годзе наш зямляк пакінуў Беларусь і выехаў на вучобу ў Францыю. Праз пяць гадоў ён закончыў Парыжскую акадэмію, дзе вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. Гэтую яго вучобу і паездку фінансаваў князь Адам Чартарыйскі. Князь нават рэкамендаваў Касцюшку вывучаць будаўніцтва дарог, мастоў, каналаў і шлюзаў.
З Францыі Касцюшка выехаў у Паўночную Амерыку. Там якраз ішла вайна супраць англійскага каланіяльнага ўладарніцтва. За незалежнасць ЗША выступіў і Тадэвуш Касцюшка. На працягу сямі гадоў ён змагаўся ў радах амерыканскай арміі. Служыў на пасадзе галоўнага вайсковага інжынера арміі Поўначы, удзельнічаў у будаўніцтве фартыфі¬кацый пад Саратогай, кіраваў будаўніцтвам цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. Кангрэс ЗША надаў Касцюшку званне брыгаднага генерала. За заслугі перад Амерыкай ён быў узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. Прэзідэнт ЗША Джордж Вашынгтон назваў Касцюшку “чалавекам навукі і вышэйшых якасцяў”. Шчыра сябраваў Касцюшка з яшчэ адным прэзідэнтам ЗША Томасам Джэферсанам.