Недалёка ад гарадзішча вясковец варочаў сена. Падышлі да яго, пазнаёміліся.
— Міхаіл Лейка, — назваў сябе вясковец.
— Можа, вы далёкі сваяк Кандрата Лейкі? — пытаемся.
— Можа, і сваяк, не ведаю. Чуў, што быў такі пісьменнік — Кандрат Лейка. А вось што ён напісаў — не чытаў, — апраўдваўся Міхаіл Лейка.
— А ці ведаеце, дзе знаходзіцца магіла маці Кандрата Лейкі?
— Не, не ведаю. У Збочна шмат старых магіл, пашукайце там, — параіў вясковец.
На гэтым мы развіталіся і паехалі на могілкі. Калі пад’ехалі да царквы, а яна знаходзіцца на самых могілках, здалёк кінулася нам у вочы прыгожая — старая і вельмі дарагая на той час — каваная агароджа. Помнік на магіле разбіўся. Паднялі з зямлі ўцалелую шыльду і… вачам сваім не паверылі — гэта ж магіла маці Кандрата Лейкі. На ёй прачыталі: “Здесь покоится прах рабы Божей Таклюси Лейко 62 л. 18 января 1881 г. Дорогой матери от любящих детей”.
Па частках неяк злучылі помнік, каб хоць яго сфатаграфаваць. Усё ж ён прастаяў 125 гадоў. Калі памерла маці, Кандрату Лейку быў 21 год. Ён тады працаваў настаўнікам у Косаве. У моцную завіруху на санях Кандрат дабіраўся ў родную вёску. Маці застаў яшчэ жывой, але нічым дапамагчы ёй ужо не змог. Яна вельмі хацела жыць, каб пабачыць, які лёс напаткае яе вучонага сына. А лёс у сына быў трагічны.
Кандрат Лейка прысвяціў сваёй маці некалькі апавяданняў. Ён вельмі любіў сваю матулю і шчыра давяраў ёй, моцна захапляўся яе высокай маральнай чысцінёй і справядлівасцю, яе прыроднымі разумовымі здольнасцямі. У адным з апавяданняў, якое называецца “Таклюся-сухотніца”, Кандрат Лейка стварыў вобраз сваёй маці — простай сялянкі, якая ў апавяданні ўзнімала найважнейшыя праблемныя пытанні таго часу: “Перад Таклюсяю цяпер неразгаданаю загадкаю стаялі тры цікавыя пытанні:
Калі паміж людзьмі будзе праўда?
Ці дадуць калі-небудзь беднякам зямлі?
Калі ўсім людзям дазволена будзе вучыцца і маліцца на сваёй роднай мове?”
Пазней удзячны сын разам са сваімі сваякамі паставіць на магіле маці ў Збочна помнік. І на ім напіша: “Таклюся Лейко”. Напіша так, як яе звалі вяскоўцы. А вось пытанні, узнятыя Таклюсяю сто гадоў таму, застаюцца надзённымі і сёння. І калі ж мы на іх адкажам?..
1999-2005