Вялікія надзеі ў пашырэнні паўстання на Беларусі Тадэвуш Касцюшка ўскладваў на корпус генерала Серакоўскага. У канцы ліпеня 1794 года ён накіраваўся ў Слонім дзеля прыкрыцця Вільні і недапушчэння захопу Бярэсця. Каля Слоніма паўстанцы сустрэліся з корпусам генерала Дэрфельдэна. Пачалася бітва. Серакоўскі вырашае адысці да Ружанаў, а потым — пад Бярозу. Гэты адыход нельга было лічыць беспадстаўным. З Украіны на Беларусь рухаўся вялікі рускі корпус Суворава. Недалёка ад Кобрына і пачалася найбуйнейшая бітва з часоў паўстання 1794 года. З абодвух бакоў у ёй удзельнічалі каля 20 тысяч чалавек. Сярод іх было каля дзвюх тысяч беларускіх сялян-касіянераў, якіх набраў Серакоўскі пад Слонімам, Кобрынам, Пружанамі і Бярозай. У гэтай бітве сілы былі няроўныя і перамогу святкавалі маскалі. Беларускі гісторык Уладзімір Емяльянчык пісаў, што”менавіта за жорсткае задушэнне паўстання Сувораў атрымаў ад Кацярыны II званне фельдмаршала, а таксама больш за 13 тысяч прыгонных сялянаў з Кобрынскага павета. Усяго ж “вызвольнікам” было раздадзена больш за 80 тысяч прыгонных беларусаў”.