Даўно хачу сустрэцца і зрабіць інтэрв’ю з папулярнаю польскаю артысткай, спявачкай і танцоркай Алінай Яноўскай-Заблоцкай, ці проста Алінай Яноўскай. Такая мажлівасць, здавалася, адбудзецца на мінулым тыдні. Калі прыехаў у Польшчу, адразу набраў яе варшаўскі нумар тэлефона.
— Дзень добры! Слухаю вас! — павітаўся мужчынскі голас на другім канцы проваду.
— Я хачу пагутарыць з пані Яноўскай.
— А хто яе пытае? — пацікавіўся мужчынскі голас.
— Яе пытае зямляк са Слоніма…
— О, гэта цікава! Пані Яноўская была б вельмі рада. Каля Слоніма ў Жыровічах прайшло яе дзяцінства. Але пані Яноўскай дома няма. Яна цяпер занятая на здымках шматсерыйнага тэлевізійнага фільма “Златапольскія”, дзе яна іграе ролю Элеаноры Габрыель. І каб з ёю сустрэцца, трэба загадзя дамаўляцца пра сустрэчу.
Трубку класці і развітвацца я не спяшаўся. Тым больш што суразмоўцам аказаўся сын артысткі, які замест маці адказаў на некаторыя пытанні.
Сапраўды, Аліна Яноўская да 14 гадоў жыла з бацькамі ў Жыровічах. Яе бацька да верасня 1939 года працаваў у Жыровічах дырэктарам ляснога ліцэя.
“Прыкладам ва ўсім для мяне быў мой тата. І праведзеныя гады з ім побач у Жыровічах былі для мяне самымі шчаслівымі. Я ўсё жыццё памятаю каскад сажалак са стронгай і карпамі, дзе мы любілі плаваць на байдарках. А таксама памятаецца цудоўны батанічны сад, прыгожы лес вакол Жыровічаў. Усё гэта ўплывала на фармаванне маіх будучых артыстычных схільнасцей. Але лёс мне, на вялікі жаль, даў кароткае дзяцінства”, — так любіць згадваць Слонімшчыну перад сваімі дзецьмі і ўнукамі 82-гадовая польская артыстка.
Калі ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада, Яноўскія, баючыся арыштаў НКУС, выехалі ў Варшаву. Сям’я пасялілася недалёка ад палаца вядомага графскага роду Браніцкіх. З Браніцкімі Яноўскія былі ў добрых адносінах. Аліна ўладкавалася на працу ў сад. Яна дапамагала таксама арганізоўваць у палацы розныя вечары, сустрэчы, канцэрты і сама ў іх удзельнічала. Калі немцы захапілі Варшаву, гестапаўцы пасадзілі Аліну на 9 месяцаў у турму за тое, што аднойчы дзяўчына стукнула рукой у твар аднаго з акупантаў. А ў час варшаўскага паўстання Аліна Яноўская была сувязной.
Пасля вайны Аліна скончыла артыстычную школу ў Лодзі, выступала ў дзяржаўным тэатры, які ўзначальваў Юліян Тувім, а таксама ў іншых тэатрах, на эстрадзе і ў кабарэ. Яна цудоўна парадзіравала зорак эстрады Марлен Дзітрых і Дыяну Рос.
З 1947 года Аліна пачала здымацца ў кіно, сыграла сотні розных роляў. Старэйшы беларускі глядач добра памятае польскі фільм “Лялька”, дзе наша зямлячка сыграла ролю пані Кжэшоўскай.
Два гады таму Аліна Яноўская адзначыла сваё 80-годдзе. Урачыстасць з гэтай нагоды адбылася ў Польскім тэатры ў Варшаве. Павіншаваць знакамітую артыстку прыйшлі жонка польскага прэзідэнта Квасьнеўскага, маршалак Сейма, міністры, палітыкі, дзеячы культуры і літаратуры. На юбілейнай вечарыне пані Яноўская сказала: “Я не марыла, не вучылася, я проста нарадзілася быць артысткаю. Асабліва люблю выступаць на эстрадзе, бо лёгка магу кантактаваць з публікай. Вельмі люблю сучасную моладзь. І не старэю сама, бо па-ранейшаму танцую, іграю ў тэніс, езджу на лыжах, плаваю, займаюся пінг-понгам, верхавой яздой і гімнастыкай”.
Некалі, пасля таго, як Яноўскія з Жыровічаў прыехалі ў Варшаву, маці Аліны спявала ў Варшаўскай аперэце. Брат Вітольд быў мастаком-графікам, прафесарам Гданьскай акадэміі мастацтаваў. А сын Аліны Яноўскай — Міхал Заблоцкі — вядомы польскі паэт.
2005