Лёс старажытных слонімскіх скарбаў


Доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс меў рацыю, калі сказаў, што “Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у свеце, краінай-выключэннем, дзе нацыянальных культурных скарбаў, матэрыяльных і духоўных, на радзіме меней, чым за яе межамі. Прычынай таму ваенныя навалы, што хвалямі пракочваліся праз нашу зямлю, і драпежніцкая палітыка суседзяў” (зборнік “100 пытанняў з гісторыі Беларусі”. Мн., 1993. С.73). У гэтым упэўніваўся і я асабіста, калі бачыў, напрыклад, старадаўнія слонімскія зборы ў музеях Польшчы, Швецыі, Літвы, Расіі. У адным з музеяў Вроцлава ўдалося мне знайсці слонімскую паштовую карэту, у Слупску ўбачыў слонімскія гадзіннікі, а ў шведскім горадзе Арэбра — фарфор і фаянс са Слоніма.

Сёння цяжка і нават немагчыма пералічыць усе тыя нацыянальныя багацці, што стагоддзямі вывозіліся толькі, прыкладам, са Слонімскай зямлі ў блізкія і далёкія краіны свету. Найбольш слонімскіх скарбаў знікла падчас розных войнаў, але найбольш — у часе Першай і Другой сусветнай. На захад і ўсход захопніцкім шляхам вывозілі са Слонімшчыны каштоўныя кнігі, рукапісы, карціны, фотаздымкі, дываны, габелены, музычныя інструменты, крыжы і абразы, манеты, медалі, зброя, фарфор, фаянс, розныя вырабы з дрэва, золата, бронзы і срэбра. Шмат разоў рабаваліся слонімскі музей, архівы, Жыровіцкая семінарыя, палац Слізняў у вёсцы Дзевяткавічы, тэатр Агінскага ў Слоніме і палац Пуслоўскіх у Альбярціне. Рабаваліся таксама праваслаўныя, каталіцкія і уніяцкія храмы, мячэці, сінагогі і цэрквы іншых канфесій зямлі Слонімскай.

У красавіку 1613 года пачалося будаўніцтва Жыровіцкага уніяцкага манастыра і царквы, дзе знаходзіўся цудатворны абраз Жыровіцкай Багародзіцы. Ствараў гэты найважнейшы рэлігійны асяродак Язафат Кунцэвіч, а яго фундатарамі былі Ян Мялешка, Даніла Солтан і Рыгор Трызна.

Жыровіцкі абраз прыцягваў сотні тысяч пілігрымаў. А пасля далучэння Беларусі да Расіі Жыровічы адышлі да праваслаўнай царквы. Але на працягу чатырох стагоддзяў Жыровічы рабавалі чужынцы з захаду і з усходу, з поўдня і з поўначы. А рабаваць было што, бо ў манастыры знаходзілася вялікая бібліятэка, архіў і свая друкарня. А ў 1842 годзе біскуп Язэп Сямашка пачаў у Жыровіцкім манастыры спальваць уніяцкія старадрукі. Напачатку кнігамі распальвалі печы, а пасля яны гарэлі ў вогнішчы на пляцы. На працягу 10 гадоў паводле загаду Сямашкі спалілі некалькі тысяч беларускіх уніяцкіх старадрукаў. А тыя, што не згарэлі, укралі і вывезлі ў іншыя дзяржавы.

У архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення Інстытута гісторыі Расійскай акадэміі навук сёння шмат цікавых дакументаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі Жыровічаў. У фондзе былога прафесара Жыровіцкай духоўнай семінарыі Пракопа Нілавіча Дабрахотава (Максімава) значацца 2 492 адзінкі захавання збораў на польскай, лацінскай і старабеларускай мовах. Гэтыя сабраныя рарытэты Дабрахотаў вывез з Жыровічаў яшчэ ў 1845 годзе. Найперш гэта дэкрэт Слонімскага земскага суда па справе паміж Іванам Мялешкам і Данілам Солтанам за Жыровічы, 1609 года; выпіс са слонімскіх земскіх кніг запісу Івана Аляксандравіча Солтана аб перадачы маёнтка Жыровічы сваёй жонцы, 20.09.1572 года; пасланне кіеўскага уніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы да Жыровіцкага суперыёра Канстанціна Вітапольскага, 23.06.1653 года; спіс вучняў Жыровіцкай школы XVIII cтагоддзя; зборнік гістарычных звестак пра Жыровіцкі манастыр з апавяданняў і спраў старых людзей, што заслугоўваюць даверу, склаў Антоній Завадскі, 1713 год; кніга найдаўнейшых цудаў абраза Жыровіцкай Маці Божай, XVII cтагоддзя; акт продажу Данілам Солтанам маёнтка Жыровічы з прысёлкамі літоўскаму канцлеру Льву Сапегу, 06.07.1621 года; вопісы Жыровіцкага манастыра — 1753 г., 1778 г., 1785 г., 1800 г. і іншыя. Там захоўваюцца таксама пратаколы Жыровіцкай генеральнай кангрэгацыі айцоў базыльянаў, 1792 года; нумары штодзённага часопіса суперыёраў Жыровіцкага манастыра, 1772–1786 гадоў; заўвагі Паўла Дабрахотава з гісторыі Брацтва пры Жыровіцкім абразе Маці Божай, 1837–1863 гадоў, і дзесяткі іншых каштоўнасцей.

У архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення захоўваюцца і копіі дакументаў пра мястэчка Жыровічы, зборнік гістарычных звестак пра Жыровічы, 1713 года, апісанне Жыровіцкага манастыра ў 1713 годзе, панегірык шведскаму каралю Густаву Адольфу на лацінскай мове, складзены ў Жыровічах, а таксама зборнікі Антонія Завадскага, дзе маецца шмат звестак пра Жыровічы і суседні з Жыровічамі Быцень.

Беларускія літаратуразнаўцы і гісторыкі Адам Мальдзіс і Язэп Янушкевіч выявілі ў аддзеле рукапісаў фонду базыльянскіх манастыроў навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны ў Львове матэрыялы на польскай мове пра апісанне цудаў у Жыровічах 1758 года, апісанне цудаў у манастырскай царкве ў Жыровічах 1620–1756 гадоў. А ў Нацыянальным дзяржаўным гістарычным архіве ў Львове гэтымі навукоўцамі знойдзены звесткі пра гісторыю царквы ў Слоніме, выяўлены кніга ўліку прыхаджан, якія спавядаліся ў царкве ў Жыровічах у 1791–1800 гадах, звесткі пра маёмасць манастыроў у Быцені і ў Жыровічах, матэрыялы базыльянскага манастыра ў Жыровічах, справаздача аб праверцы бібліятэкі Жыровіцкага вучылішча ў XIX стагоддзі, справа аб папаўненні бібліятэкі ў Жыровічах (XIX cт.) і справа пра уніяцкія кнігі, канфіскаваныя ў Жыровічах.

Акрамя як у Жыровічах, рабаваліся храмы розных канфесій і ў Слоніме. Пасля паўстання 1863 года руская царская ўлада пачала закрываць каталіцкія касцёлы. У снежні 1864 года расфармавалі бібліятэку касцёла бернардзінцаў у Слоніме. Рукапісы і многія кнігі касцёла апынуліся ў Віленскай цэнтральнай публічнай бібліятэцы. А касцельная бібліятэка ў Слоніме тады складалася з 2 774 тамоў, пераважна старадрукаў. Поўны каталог кніг за 1798 і 1845 гады на сённяшні дзень захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага універсітэта. А ў Кракаве ў архіве айцоў канонікаў рэгулярных лютэранскіх захоўваецца рукапісны (без сігнатуры) каталог бібліятэкі слонімскага кляштара канонікаў лютэранскіх за 1705 год.

Вывезлі ў Львоў і ў Ватыкан увесь уніяцкі архіў з Альбярціна. Сёння ў бібліятэцы Russicuma ў Італіі можна знайсці шмат дакументаў, кніг, фотаздымкаў, поўны збор часопіса “Да Злучэньня” і шэраг іншых матэрыялаў, якія расказваюць пра цэнтр уніяцкага руху ў перыяд міжваеннага дваццацігоддзя (1921–1939 гады) у Альбярціне.

У сярэдзіне XIX стагоддзя ў вёсцы Дзевяткавічы на Слонім-шчыне быў пабудаваны трохпавярховы палац прадстаўнікоў беларускага шляхецкага роду Слізняў у стылі рэтраготыка. На самы вялікі жаль, да сённяшняга часу палац Слізняў не збярогся, зніклі з яго ў невядомых кірунках тысячы каштоўнасцей, якія збіраліся Слізнямі на працягу трох стагоддзяў. Са зброевага пакою палаца знік цэлы арсенал старадаўняй зброі. Са шкляных шафаў прапалі каралеўскія прывілеі, тастаменты, інвентар, сямейная карэспандэнцыя і тысячы розных дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Мялешкаў і Слізняў. Расцягнулі бібліятэку палаца, дзе знаходзіліся рэдкія старадаўнія выданні, хронікі, радзівілаўская Біблія, кнігі, выдадзеныя ў Рыме, Антверпене, Жэневе, творы французскіх класікаў, паэзія Вергілія і Гарацыя, слоўнікі і энцыклапедыі.

Невядома куды знікла мэбля антычных часоў, партрэты Слізняў і Тышкевічаў, фамільнае сталовае срэбра, фарфор, шкло, персідскія дываны. У жоўтым салоне на адной са сцен палаца вісела вялікае палатно работы Януара Сухадольскага “Напалоханыя коні перад навальніцаю”… Дзе ўсё гэта цяпер?..

Апусцеў у 1914–1944 гадах і палац Пуслоўскіх у Альбярціне. Рабавалі яго бальшавікі і немцы. Сёе-тое Пуслоўскім удалося вывезці ў Вялікабрытанію. Але большая частка альбярцінскіх каштоўнасцей (абсталяванне прадпрыемстваў, калекцыі карцін, бронзавай і мармуровай скульптуры, гравюр і габеленаў, кнігі) паехалі ў Германію і Расію.

Газета “Тыдзень Польскі”, якая выдаецца ў Лондане, змясціла ў 2004 годзе пад рубрыкай “На Крэсах” артыкул “Альбярцін” Р.Міроўскага, дзе падрабязна апісваецца сядзіба Пуслоўскіх у Альбярціне каля Слоніма. Аўтар прыводзіць звесткі пра музейныя, архіўныя і бібліятэчныя каштоўнасці, якія захоўваліся ў мясцовым палацы. “Калекцыя карцін з Альбярціна магла б з поспехам экспанавацца ў многіх еўрапейскіх галерэях”, — сцвярджае аўтар. Тут знаходзіліся эскізы “Галоўкі” Леанарда да Вінчы, “Кентаўра” Рубенса, дзве карціны Пітэра Брэйгеля, некалькі венецыянскіх партрэтаў. З польскіх мастакоў называюцца Шыман Чаховіч, Юліуш Косак, Францішак Жмурка. Апрача таго, у палацы знаходзіліся сямейныя партрэты, выявы каралёў і гетманаў Вялікага княства Літоўскага. На сценах размяшчалася вялікая калекцыя саксонскага і мясцовага фарфору. Бібліятэка магла ганарыцца польскімі і італьянскімі выданнямі XVII стагоддзя, энцыклапедыямі, атласамі і геаграфічнымі мапамі (картамі). У архіве захоўваліся дакументы на пергаміне (некаторыя нават з XV стагоддзя).

Паводле Р. Міроўскага, усе зборы ў час Першай сусветнай вайны, калі пачалося нямецкае наступленне, вывезлі з Альбярціна ў Маскву. На гэтым іх сляды губляюцца.

Згубіліся сляды і каштоўнасцей, вывезеных з палаца Льва Сапегі, а пасля з тэатра Міхала Казіміра Агінскага са Слоніма. Вывозіліся найперш музычныя інструменты, карціны, нотныя сшыткі, кнігі, касцюмы спачатку ў Польшчу, а пасля ў Расію.

Рабаваўся Слонім і ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Міхась Скобла ў сваёй кнізе “Дзярэчынскі дыярыюш” піша: “У сьпісе сканфіскаванай зброі, якую перад адпраўкай у Пецярбург часова зьберагалі ў памяшканьні Слонімскага земскага суда, знаходзім дваццаць адно найменьне: штурмакі турэцкія й ангельскія, стрэльбы звычайныя й духавыя, пісталеты ангельскія й шаблі вугорскія, меч абасечны ў скураных похвах і нават спраўны лук” (Міхась Скобла. Дзярэчынскі дыярыюш. Мн., 1999. С.74).

Знікалі каштоўнасці са Слоніма і ў ХХ стагоддзі. Але былі ў нашым старажытным горадзе людзі, якія іх і зберагалі ад рабаўнікоў. Гэта краязнавец, гісторык і археолаг Язэп Стаброўскі. Дзякуючы яму, у верасні 1929 года на аснове ўласных археалагічных, нумізматычных, этнаграфічных і бібліяфільскіх калекцый Язэп Стаброўскі адкрыў у Слоніме краязнаўчы музей. У музеі налічваліся сотні найкаштоўнейшых экспанатаў, якія Язэп Стаброўскі збіраў усё жыццё. А пасля іх, якія змог, аберагаў ад польскіх, нямецкіх і савецкіх рабаўнікоў.

…Гітлераўскі афіцэр зайшоў у музей у той самы момант, калі Язэп Язэпавіч здымаў са сцяны адну з рэдкіх карцін Верашчагіна. Фашыст насмешліва тыцнуў пальцам у жывот сівому чалавеку і сказаў: “Рус гэта не разумель… Верашчагін месца ў Дрэздэн…”

Стаброўскі паказаў фашысту фігуру з трох пальцаў… Пасля гэтага толькі праз два дні Язэп Язэпавіч ачуняў. Цудам ён пазбег смерці.

Другім прыкладам смеласці гэтага чалавека могуць служыць радкі з газеты “Савецкая Беларусь” за 1944 год (№141): “Калі ў Слонім уварваліся гітлераўцы, перад Язэпам Стаброўскім паўстала пытанне — што рабіць з экспанатамі? Акупанты могуць знішчыць усё, чаму аддадзена столькі гадоў жыцця… Трэба схаваць экспанаты. Але куды? Закапаць у зямлю — сапсуюцца… І ўсё ж дарагія экспанаты былі схаваны ў закрытыя шафы… Шафы Язэп Язэпавіч засунуў у далёкі кут пакоя і закідаў рыззём. Аднойчы ён выйшаў на гарадскую плошчу. У гэты час немцы прывезлі на грузавіках і скінулі на брук тысячы кніг. “Спаліць!” — загадаў камендант. Уначы, не адчуваючы стомы, Стаброўскі цягаў мяшкамі кнігі дадому. Тады яму ўдалося схаваць у надзейным месцы тысячы тамоў, якія пазней перадалі раённай бібліятэцы”.

На жаль, большая частка каштоўных экспанатаў, сабраных Язэпам Стаброўскім, бясследна знікла. У аўтара гэтых радкоў у хатнім архіве захоўваецца акт ад 30 верасня 1944 года, у якім пералічаны разрабаваныя падчас нямецка-фашысцкай акупацыі каштоўнасці. На працягу чатырох гадоў са слонімскага музея зніклі:

1. Шахматная дошка з дзвюх палавінак з чорнага дрэва і слановай косці гетмана Льва Сапегі (XVI cт.).

2. Англійскі гадзіннікавы механізм без аправы (XVII cт.).

3. Нападлогавы гадзіннік XVIII ст.

4. Вялікі круглы срэбны англійскі гадзіннік у трайным срэбным куверце са срэбным ланцужком (XVIII ст.).

5. Бронзавы медаль з выяваю Хрыста.

6. Статуэтка з дрэва вялебнага Ніла Сорскага.

7. Пудзілы птушак і звяроў.

8. Калекцыі манет розных дзяржаў з пачатку першага стагоддзя. У тым ліку паўкілаграма срэбных манет.

9. Беларускія народныя касцюмы, бялізна, дываны, паясы, абсталяванне беларускай хаткі і г.д.

10. Серыя срэбных, бронзавых і пазалочаных значкоў, медалёў, крыжыкаў, ордэнаў розных дзяржаў.

11. Сем партрэтаў і дваццаць тры карціны (масла) на палатне ў пазалочаных рамах галандскіх, рускіх і польскіх мастакоў XVI cтагоддзя.

12. 514 кніг старых выданняў на рускай, польскай, лацінскай, французскай, беларускай, шведскай, нямецкай і іншых мовах.

13. Сімфаньета — музычная скрынка з жалезнымі пласцінкамі IX стагоддзя.

14. Старадаўні фарфоравы і срэбны посуд і крыштальныя келіхі XVII стагоддзя, якімі карысталіся царскія, княскія, графскія і іншыя вяльможы.

15. Камплект грамафонных пласцінак з дакладам Сталіна аб праекце Канстытуцыі СССР.

16. Срэбны медаль-манета 138 года да нашай эры з надпісам на старажытна-яўрэйскай мове часоў Сімона Макавея.

17. Рознакаляровы пояс з конскіх валасоў, які выткаў на працягу шасці гадоў палітасуджаны польскай турмы М.Галаўко.

18. Бронзавы абразок з выяваю распятага Хрыста (XVI ст.).

19. 18 штук вырабаў з мастацкай фініфці растоўскай работы Назарава.

20. Каўказскі “кубінскі” дыван памерам 4 х 1,3 м і вагою 24 кг.

21. Старадаўнія скрыпка і патэфон.

22. 200 пласцінак з галасамі вядомых рускіх, італьянскіх, французскіх, польскіх, яўрэйскіх і іншых спевакоў.

23. 372 кнігі рускіх класікаў і акадэмічныя выданні ў скураных пераплётах.

24. Навуковыя працы Язэпа Стаброўскага: калекцыя фотаздымкаў курганоў, альбом з малюнкамі (каля 3 000 штук), рукапісныя сшыткі па археалогіі, якія пісаліся і збіраліся на працягу 52 гадоў.

25. Венскі мікраскоп Рэйхерта з двума аб’ектывамі ў паліраванай скрынцы з чырвонага дрэва і з калекцыяй прэпаратаў да яго.

26. Фотаапарат з чырвонага дрэва з аб’ектывам, імгненным затворам, памерам 18х24 см, у футляры.

27. Камплект інструментаў цяслярскіх і сталярскіх.

28. 7 венскіх крэслаў з гнутага ясеню.

29. Канапа двайная са сценкамі.

30. Столік ясянёвы паліраваны.

31. Дубовы пісьмовы стол з дзвюма тумбачкамі.

32. 5 шкляных шафаў у ясянёвых аправах.

33. 14 княскіх і графскіх пячатак з XVII ст.

34. Амулет егіпецкі.

35. Пісьмовы старадаўні прыбор з белага мармуру з бронзаю.

36. Старадаўняя настольная лямпа з фарфоравым абажурам.

Акрамя вышэйпералічаных каштоўнасцей, немцы вывезлі 180 карцін слонімскага мастака Антона Карніцкага, разрабавалі фотамайстэрню Юзэфа Шыманчыка, хату-музей Гальяша Леўчыка. З фотамайстэрні зніклі сотні негатываў і рэдкіх фотаздымкаў. З хаткі Леўчыка прапалі каштоўныя газеты, часопісы, кнігі, фотаздымкі, пісьмы, паштоўкі, рэлігійныя выданні, карціны беларускіх мастакоў, музычныя інструменты. Ды і саму гістарычную хатку знішчылі ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Вялікая слонімская калекцыя старажытнасцей Гальяша Леўчыка бясследна прапала і з варшаўскай кватэры, якая знаходзілася ў доме №50 на Кашыковай вуліцы.

Паціху знікалі каштоўнасці са Слоніма і ў пасляваенны час. Вось адзін невялікі прыклад, звязаны ўсё з тым жа Язэпам Стаброўскім.

...У 1812 годзе, калі адступала французская армія, у дом бабулі Стаброўскага забег паранены французскі афіцэр і папрасіў дапамогі. У знак падзякі ён падараваў мапу (карту) заходніх раёнаў Расійскай імперыі з пазначанымі мясцінамі, дзе французы захавалі нарабаваныя каштоўнасці. На жаль, да раніцы вайсковец напалеонаўскай арміі не дажыў. Стаброўскія яго пахавалі, а мапа засталася ім. Гэтую мапу бабуля Стаброўскага перадала сваёй дачцэ, а тая перад смерцю — свайму сыну Язэпу. Язэп Стаброўскі вельмі яе шанаваў і зберагаў.

Аднойчы ў 60-х гадах мінулага стагоддзя музей у Слоніме наведаў нехта Л.Аляксееў — супрацоўнік Інстытута археалогіі АН СССР. І Стаброўскі паказаў яму гэтую сямейную рэліквію. Аляксееву яна адразу кінулася ў вочы. Але Стаброўскі мапу нікому не даваў. Тады Аляксееў пачаў наведвацца ў Слонім часцей, пакуль не выманіў у Язэпа Язэпавіча на невялікі тэрмін гэтую каштоўнасць нібыта для навуковых даследаванняў. З той пары няма ні Аляксеева, ні мапы. Стаброўскі некалькі разоў пісаў у Інстытут археалогіі, тэлефанаваў, але нічога не дабіўся — мапа знікла назаўсёды. І такіх прыкладаў можна прывесці вельмі шмат.

Сёння таксама са Слонімшчыны вывозяцца каштоўнасці, найперш з прыватных хатніх архіваў і калекцый. Людзі вязуць іх у Польшчу, Германію і ў Расію. Там прадаюць і дамоў вяртаюцца з грашыма. А грошы ідуць на жыццё ці на вучобу дзяцей і ўнукаў. Таму цяжка цяпер паверыць, што некалі нашая Бацькаўшчына і яе народ стануць жыць заможна, а ўкрадзеныя і вывезеныя ва ўсе канцы свету каштоўнасці пачнуць вяртацца ў Беларусь, і ў прыватнасці на Слонімшчыну.


Загрузка...