Суперыёры і выкладчыкі ўсходняй місіі айцоў езуітаў у Альбярціне (1924-1942 гг.)


У выніку заключанай у сакавіку 1921 года Рыжскай дамовы паміж РСФСР і БССР з аднаго боку, і II Рэччу Паспалітай , з другога, шэраг этнічных беларускіх зямель увайшлі ў адміністрацыйныя межы Польскай дзяржавы. Каталіцкая царква была незадаволена фактам перабольшання на тэрыторыі ўходніх ваяводстваў насельніцтва праваслаўнага веравызнання, хаця былі яны пераважна патомкамі колішніх уніятаў, якіх адлучылі ад каталіцкага касцёлу сто гадоў таму. Ішлі гады, але пераход у каталіцызм стаў рэдкай з’явай у выніку мабілізацыі праваслаўнай царквы, адсутнасцю арганізаванай акцыі з боку католікаў, нежаданне многіх праваслаўных мяняць веравызнанне, што многімі ўспрымалася як здрада сваёй нацыянальнасці. Таму нарадзілася ідэя прыцягненне дысідэнтаў да касцельнага адзінства без змены абраду, пры захаванні моўных, культурных і бытавых адасобленасцей. Папа Пій XI у энцыкліцы Ecclesiam Dei з нагоды юбілею святога Язафата Кунцэвіча ў 1923 годзе паўторна звярнуўся да праваслаўных з заклікам вярнуцца да касцельнага адзінства, гарантуючы ім шанаванне свайго абраду. Тады падляшскі біскуп Генрык Пшаздзецкі запрапанаваў план стварэння прыходаў уніяцкага абраду, падпарадкаваных мясцовым лацінскім біскупам. Ён прапанаваў таксама, каб у рэалізацыю плана актыўна ўключыць Ордэн езуітаў. Пій XI план падтрымаў, а генерал Ордэна Уладзімір Ледухоўскі абавязаўся яго выканаць. Такім чынам узнікла “ўсходняе адгалінаванне” Таварыства Ісуса.

24 ліпеня 1924 года віленскі біскуп Юры Матулевіч выдаў дэкрэт аб утварэнні Альбярцінскай парафіі славяна-візантыйскага абраду. Альбярцін на той час быў пасёлкам і знаходзіўся недалёка ад Слоніма. Цяпер гэта — гарадскі мікрараён.

У траўні 1924 года ў Альбярціне з’явіліся першыя два айцы езуіты — а.Караль Буржуа і а.Міхал Маліноўскі, якія 4 лістапада заклалі пачатак усходняй місіі айцоў езуітаў сярод беларусаў.

Караль Буржуа (1887-1963) нарадзіўся ў Парыжы. Гэта быў першы неауніяцкі езуіт у Польшчы, а таксама ў Альбярціне. Тут ён працаваў з траўня 1924 да снежня 1925гадоў. Выконваў абавязкі кіраўніка місіі. Аб сваёй працы напісаў успаміны і надрукаваў у газеце “Etudes” (№ 191, 1927 год). Пасля Альбярціна працаваў настаўнікам французскай мовы ў Празе, у Эстоніі, а з 1950 года жыў сярод рускіх эмігрантаў у Сан-Паўлу ў Бразіліі, дзе і памёр.

Міхал Маліноўскі (1887-1942) вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі, быў прафесарам духоўнай семінарыі ў Вільні. У Альбярціне знаходзіўся з 1924 да 1927 гадоў. Пасля працаваў суперыёрам і мадэратарам Марыянскай садаліцыі ў Варшаве, Познані, Лодзі. У 1940 годзе быў арыштаваны немцамі і загінуў у канцлагеры ў Дахау.

Уладзіслаў Пуслоўскі, якому ў той час належаў Альбярцін, падтрымаў працу айцоў езуітаў, і ахвяраваў на гэтыя мэты свой будынак. Ён быў занядбаны, але езуіты абяцалі, што яны навядуць там парадак. Побач знаходзілася каплічка лацінскага абраду. А адзін з пакояў старога будынку пераабсталявалі пад каплічку ўсходняга абраду, у якой пачаў служыць а. Караль Буржуа. Айцец Міхал Маліноўскі ахапіў абслугаю каплічку лацінскага абраду. Наогул, альбярцінскія айцы належалі да розных нацыянальнасцей. Гэта былі немцы, палякі, чэхі, балгары, украінцы, французы, беларусы, румыны, славакі і іншыя. Але агульнай мэтай для іх была і засталася павага найперш да беларускага народа, сярод якога яны вялі сваю місійную дзейнасць.

У 1925 годзе сакратар генерала ордэна езуітаў Уладзімір Пянткевіч стаў протаігуменам адткрытага там манастыра. Але ў 1930-1932 гадах, як пісаў часопіс “Zlucennie”, супраць унійскае акцыі пачаліся прэсавыя кампаніі і перашкоды, маўляў, уніяты праводзяць русіфікацыю. “Трэба было бараніцца жывым словам і пяром, ездзіць да адзінак ураду на высокіх становішчах. Слабае здароўе протаігумена а.Пянткевіча не вытрымала гэтых фізічных і маральных цярпенняў. У сакавіку 1933 года было зложана яго цела на мясцовым магільніку пад соснамі” (Zlucennie. 1938, студзень. С. 9.). (Праўда, Уладзімір Пянткевіч яшчэ паспеў напісаць невялікую кніжачку на польскай мове “Праўда аб Альбярціне” і выдаць яе ў 1932 годзе ў Кракаве. У ёй ён даў грунтоўны адказ сп. Есьману з Бярдовіч (вёска на Слонімшчыне — С.Ч.) і каноніку Адаму Абрамовічу з Беластока, якія ўсюды пісалі і гаварылі, што нібыта дзейнасць уніяцкага руху ў Альбярціне праводзіцца на расейскай мове. Уладзімір Пянткевіч у “Праўдзе аб Альбярціне” пісаў: “Імправізуе тады і сп.Есьман ды расказвае, што пасля нашага пасялення на Слонімшчыне мы загадзя вырашылі, што як у набажэнствах, так і ў кантактах з усходнім насельніцтвам будзем пастаянна карыстацца выключна рускай мовай і ўсю прапаганду весці на ёй жа… Перш за ўсё хачу супакоіць чытачоў, што мы ніколі не прынялі для сябе такога неразумнага прынцыпу, які нашы крытыкі сілаю спрабуюць нам унушаць. Які ж быў бы сэнс і які ж дзіўны праект, каб уніяцкую працу ў Польшчы, ці хаця б нават на Слонімшчыне, весці выключна на рускай мове?! Які ж быў бы сэнс і проста вар’яцтва ў людзей, якія хаця не вучыліся уніяцкай працы ні ў рэдакцыі беластоцкай “Заранкі”, ні ў сп.Есьмана ў Бердавічах, аднак не зваліліся на крэсы з месяца і безнадзейна не страцілі пачуцця рэчаіснасці, каб не ведаць, што Слонімшчына і Навагрудчына — гэта не Калуга ці Вязьма, і не разумець, што уніяцкая акцыя на крэсах Польшчы — галоўным і першачарговым чынам, а ў пераважнай большасці выпадкаў нават выключна — мусіць весціся на беларускай і ўкраінскай мовах” (Piatkewiecz Wiadzimierz. Prawda o Albietynie. Krakow, 1932. С. 11. Пераклад Віталя Лубы).

Тым не менш, Альбярцін хутка атрымаў статус першага ў Заходняй Беларусі прыхода ўсходне-славянскага абраду, а ў 1926 годзе місія была зацверджана як навіцыят (установа для падрыхтоўкі да ўступлення ў сябры манаскага ордэна), які заснаваў свой філіял у вёсцы Сынковічы (гэта 15 кіламетраў ад Альбярціна), а Сынковіцкая крэпасць-царква стала цэнтрам прыхода ўсходне-славянскага абраду. У 1927-1931 гадах у Альбярцін прыбылі новыя групы навіцыяў, з ліку мясцовай беларускай і польскай моладзі; у канцы 1932 года тут прайшлі падрыхтоўку больш за 60 святароў, а манастыр у Альбярціне і філіял у Сынковічах мелі 25 місіянераў (Рэлігія і царква на Беларусі. Мн., 2001. С.13).

У 1927 годзе ў Альбярцін з Варшавы прыехалі Павел Мацэвіч і Эдвард Войтчак. А ў 1928 годзе на дапамогу альбярцінскім айцам быў пасланы француз Піліп дэ Рэжыс. Ён вельмі хутка вывучыў беларускую і польскія мовы. Працаваў соцыем майстра навіцыята і адміністратарам прыхода ў Альбярціне. У 1932 годзе стаў майстрам навіцыята і выкладчыкам візантыйска-славянскай літургіі. Праз год перавёўся ў Рым, а пасле пераехаў у Аргенціну, дзе ў 1955 годзе памёр у Буэнэс-Айрэсе.

Заслужаным уніяцкім дзеячам і арганізатарам усходняй місіі быў Антон Дуброўскі (Дамброўскі) (1896-1947). Нарадзіўся ён на Браслаўшчыне, вывучаў філасофію і багаслоўе ў Кракаве і ў Рыме, жыў і працаваў у Альбярціне. Спачатку духоўным айцом, потым — міністрам дому, соцыем магістра навіцыята і адміністратарам неауніяцкага прыхода, суперыёрам усходняй місіі, рэктарам і магістрам навіцыята ў Альбярціне. Шмат пісаў артыкулаў на тэму усходняй місіі і грэка-славянскага абраду, якія чыталіся на уніяцкіх кангрэсах.

У 1935 годзе ў Альбярцін прыехаў малады айцец Станіслаў Ласкі (1904-1944). Ігумен і майстар навіцыята адразу актыўна ўзяўся за працу. Ён пабудаваў царкву і касцёл лацінскага абраду ў Альбярціне, а таксама шырока займаўся публічнай дзейнасцю на карысць касцельнай уніі. У 1944 годзе яго арыштавалі ў Польшчы немцы і вывезлі ў канцлагер Маўтгаўзен, дзе Станіслаў Ласкі быў расстраляны.

Амерыканскі езуіт польскага паходжання Вальтэр Цішэк (1904-1984) быў місіянерам у Альбярціне з 1938 года. “Мая праца ў Альбярціне на дзве трэці была душпастырскай і на трэць настаўніцкай. Я выкладаў этыку маладым езуітам, якія вывучалі ў нашай місіі ўсходні абрад, і дзецям у школе — катэхізіс. Акрамя таго, быў вандроўным святаром, які наведваў у Альбярціне і навакольных вёсках сем’і, даючы ім парады, размаўляючы са старымі бабулямі і з хворымі, выконваючы тысячы дзеянняў, як і належыць душпастыру малога мястэчка. З-за таго, што нас у Альбярціне было мала, толькі трое святароў апрача начальніка а.Дамброўскага, і з-за таго, што я быў новапрыбылым чальцом, я атрымаў у спадчыну розныя дробныя павіннасці, якія звычайна выпадаюць на маладзейшага вікарыя”, — успамінае Вальтэр Цішэк у сваёй кнізе “З Богам у Расіі” (Варшава, 1990). У 1941 годзе ён быў рэпрэсіраваны. Памёр у ЗША.

Год аперырыем працаваў у Альбярціне і ў Жыровічах Тадэвуш Мацяёўскі (1912-1994), майстрам навіцыята ў Альбярціне — Стэфан Сакач (1890-1973), суперыёрам і міністрам з 1931 да 1936 гадоў — Антоні Зомбэк (1899-1989) і іншыя святары візантыйска-славянскага абраду. Іх дзейнасць і жыццё заслугоўваюць асобных манаграфій.

Згадваючы пра даваенны Альбярцін, нельга абмщнуць і яшчэ дзве яркія асобы — Антона Неманцэвіча (1893-1943) і Антоні Гжыбоўскага (1904-1943).

Антон Неманцэвіч скончыў Пецярбурскую каталіцкую духоўную акадэмію і папскі Усходні інстытут у Рыме, абараніў доктарскую дысертацыю. Выконваў святарскія абавязкі ў Альбярціне і пры уніяцкай парафіі ў Сынковічах. У 1932-1937 гадах рэдагаваў беларускі уніяцкі часопіс “Да злучэньня”. А ў 1938 годзе разам з Янам Урбанам выдаваў часопіс “Злучэньне”.

У 1940 годзе львоўскім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім нелегальна быў зацверджаны Беларускі Экзархат Грэка-Каталіцкай царквы, кананічна пацверджаны праз год Ватыканам і ўзначалены Антонам Неманцэвічам. Беларускі Экзарх, як духоўны прадстаўнік беларускага народу, мог выступаць ад ягонага імя ў Ватыкане.

У траўні 1942 года айцец Неманцэвіч разам са сваімі паплечнікамі заснаваў Апостальства Малітвы за Беларусь. Гэта значыць, кожны грэка-каталіцкі святар абавязаўся адзін раз у месяц праводзіць службу, на якой маліўся за беларускі народ. Але ўжо праз тры месяцы Антона Неманцэвіча арыштоўваюць супрацоўнікі СД, вывозяць яго ў Мінск і там расстрэльваюць.

Трагічным аказаўся лёс у Альбярціне і айца Антоні Гжыбоўскага. Пасля Кракава і Любліна, дзе ён вывучаў філасофію і багаслоўе,

Малады святар прыехаў у Альбярцін і быў прызначаны рэктарам лацінскага касцёла. Калі на Слонімшчыну прыйшлі немцы, айцец Гжыбоўскі вельмі шмат дапамагаў яўрэем, беларусам, палякам. Гэта не падабалася савецкім партызанам. Яны пераапрануліся ў нямецкую форму і 20 кастрычніка 1943 года ноччу ўварваліся ў яго дом, разбудзілі і вывезлі ў лес недалёка ад Альбярціна. Там яго расстралялі і закапалі ў зямлю…

Рэпрэсіі нямецкіх і савецкіх уладаў і знішчэнне айцоў Неманцэвіча і Гжыбоўскага, спынілі езуіцкую дзейнасць у Альбярціне.

2006


Загрузка...