Італьянская каханка Агінскага


Знаўцы мастацтва адразу пазнаюць гэты партрэт славутага ўкраінскага і рускага жывапісца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў Дзмітрыя Лявіцкага. На ім адлюстравана італьянская прымадонна Ганна Давія дэ Бернуцці. Карціна знаходзіцца ў Расійскай Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі ў Маскве.

Дзякуючы карціне Дзмітрыя Лявіцкага беларусы могуць сёння пазнаёміцца з вобразам той жанчыны, якая ў свой час спявала на сцэнах слонімскага тэатра Міхала Казіміра Агінскага і гродзенскага тэатра Тызенгаўза. А яшчэ гэтая прыдворная і таленавітая дама, куртызанка і авантурыстка вельмі любіла мужчын, асабліва таленавітых і багатых.

У 1776 годзе Ганна Давія дэ Бернуцці выступала ў Варшаве. Там яна пазнаёмілася з Міхалам Казімірам Агінскім. Тым больш, што гетман быў толькі на тры гады за яе старэйшы. Флірт паміж Ганнай і Міхалам скочыўся тым, што спявачка дала згоду выступаць на сцэне слонімскага тэатра і тры гады жыць у Слоніме. Было нават падпісана пісьмовае пагадненне ад 1 сакавіка 1777 года, дзе вялася размова і пра месячны заробак у 25 дукатаў з харчаваннем. Пра гэта згадвае і Анджэй Цеханавецкі ў сваёй кнізе “Michal Kazimierz Oginski und sein Musenhof zu Slonim”(Кёльн, 1961).

Спявачка прыехала ў Слонім і пачала працаваць у тэатры Агінскага. Але раптам, па невядомых сёння прычынах, пагадненне паміж Агінскім і Ганнай Давія дэ Бернуцці губляе сілу і спявачка вяртаецца летам 1777 года ў Варшаву, дзе выступае ў операх “Маляр, які закаханы ў сваю натуршчыцу” Грэтры і ў “Галантнай Патроне” Паісела. Пра яе апошнюю вельмі ўдалую ролю згадвалі яшчэ ў 1785 годзе.

З Варшавы прыдворная дама едзе ў Гродна, дзе яна знаёміцца са сваім равеснікам Антоніем Тызенгаўзам. Ён прапаноўвае ёй працу ў сваім Гродзенскім тэатры Тызенгаўза. І Ганна Давія дэ Бернуцці пагаджаецца. Пэўны час яна працуе ў Гродне, але ў 1781 годзе “першая спявачка оперы-буф і другая — сур’ёзнай оперы” едзе ў Санкт-Пецярбург, дзе мае вялікі сцэнічны поспех. І не толькі…

У горадзе на Няве спявачка знаёміцца з многімі вядомымі і багатымі асобамі. Адным з першых з кім пазнаёмілася Ганна быў мастак Дзмітрый Лявіцкі. Майстэрства яго як мастака характарызуецца лёгкасцю ў перадачы разнастайнасці душэўнага стану тых герояў, якіх ён ствараў. Глыбокая павага Лявіцкага да асобы чалавека адчувальна адбіваецца ў яго партрэтах. Поруч з тонкай натхнёнасцю, адзначанай пэндзлем мастака, ён быў здольны выразіць і менш глыбокі, а часам проста бяздушны ўнутраны свет сваёй мадэлі. Такім атрымаўся і партрэт Ганны Давія дэ Бернуцці, намаляваны мастаком маслам на палатне ў 1782 годзе.

У Санкт-Пецярбургу куртызанка і спакусніца становіцца каханкаю князя А.А.Безбародзька. За яе “каханне” князь траціць на Ганну вялікія грошы: ён плоціць ёй кожны месяц па 8 тысяч залатых рублёў. А калі спявачка едзе на адпачынак у Італію, то яе забяспечвае не толькі грашыма, але і каштоўнасцямі. Пра гэта даведалася Кацярына II і вельмі раззлавалася. За 24 гадзіны яна выслала красуню з Расіі.

Пасля Санкт-Пецярбурга Ганна Давія дэ Бернуцці зноў прыязджае ў Слонім і выступае на сцэне тэатра Агінскага. У спісах артыстаў капэлы Агінскага за 1785 год ёсць і яе прозвішча.

Час ад’езду Ганны Давія дэ Бернуцці з нашай дзяржавы застаецца невядомы. Ва ўсякім выпадку ў 1792 годзе спакусніца-артыстка ўжо жыве і выступае ў Неапалі. Але ўжо не як спявачка, а як камедыйная артыстка. Яна пражыла 78 гадоў і ў яе жыцці было што і каго ўспомніць.

2005


Загрузка...