I


Летняя ноч кароткая: не паспее згусціцца вячэрні змрок, як на ўсходзе ўжо загараецца зарава новага дня. Святлее неба. Яно як быццам апускае на зямлю прахалоду. На траўцы збіраецца ў буйныя кроплі раса, цераз верх запаўняюцца лугавыя плёсы туманам. Здаецца, што вецер не дыхае, але стройныя асіны ўсё роўна трапечуць лісточкамі, нібы сніцца ім учарашні спякотны дзень, і яны патрабуюць больш прахалоды. Напэўна, у такі час з зайздрасцю глядзяць на іх з пясчаных узгоркаў сосны. Іх цёмна-зялёны кажух трымае яшчэ ўчарашняе, нагрэтае сонцам паветра, ды і ў падножжы на жоўтым пясочку не хоча расці трава, якая хоць бы раніцай прыпала расою і прахалоджвала б вільгаццю сасну. Валяюцца там толькі леташнія разяўленыя шышкі ды ігліца. Але не, сасна не памяняе сваё жыццё ні на якое іншае. Неўзабаве асіна стане голай і за зіму прамерзне наскрозь. А сасна будзе ўсё гэтак жа стаяць, адзетая ў прыгожае цёмна-зялёнае ўбранне.

Вось цьмяна заблішчалі ў зараве ўспыхнуўшых на вялікай паляне кастроў медныя ствалы сосен, і верхавіны іх загулі, зашумелі: гэта пранеслася над імі сталёвая птушка. Зрабіўшы над палянай круг, яна спусцілася ніжэй, бліснула белым бокам, чырканулася коламі па зямлі і пакацілася па партызанскім аэрадроме.

З густога сасняку выйшлі ўзброеныя людзі і пакрочылі да самалёта. Насустрач ім з кабіны выскачыў Валодзя Байкач, а за ім і лётчык. Валодзя не ведаў, хто сустрэне яго, і яму было неяк няёмка, калі ўбачыў шмат незнаёмых партызан, што прыйшлі яго сустракаць, нібы якога героя. Калі пасля ўзаемных прывітанняў завязалася размова паміж лётчыкам і партызанамі, Валодзя адышоў ад іх крыху ўбок. Глянуў на цёмны лес, раскінуў шырока рукі і ўдыхнуў на поўныя грудзі свежае лясное паветра. У вачах зрабілася цёмна, і ён ледзь не ўпаў. «О, што гэта са мной?» - падумаў Валодзя і зноў падаўся да самалёта. З лесу паказалася параконка. Яна ішла па груз. Валодзю карцела запытаць у каго-небудзь, дзе цяпер стаіць іх атрад «Будзёнавец», але не паспеў ён крануць за плячо партызана, як той загаварыў сам:

- Нам сёння пашанцавала. Толькі перад вамі скінулі груз на парашутах, а тут і вы падвезлі.

Раптам у небе над палянай зароў яшчэ самалёт. Кастры ўжо ледзь свяціліся.

Хтосьці крыкнуў:

- Гасі агонь, не наш!

У розныя бакі з паляны разбегліся партызаны. Валодзя нават не заўважыў, куды знік і яго субяседнік. Нехта выказаў меркаванне, што гэта нямецкая «рама». Але лётчык прыслухаўся і ўсумніўся. Пакуль ля самалёта разважалі, на аэрадром вярхом на кані прымчаў партызан. Ён загадаў як мага хутчэй паліць кастры. Але яго каманду ніхто не паспеў выканаць. Нібы сто перуноў адразу ўдарыла па ўскраіне аэрадрома. Бліснуў вогненны шар. Партызан нібы ветрам здзьмула. Зашчоўкалі затворы вінтовак і аўтаматаў. Валодзя лёг на траву і пачаў углядацца ў зорнае неба. Яму чамусьці здавалася, што зараз жа павінен спускацца варожы дэсант. Але данесліся словы верхавога, што разбіўся наш самалёт.

Хутка на аэрадроме зноў з'явілася многа партызан. Яны былі з рыдлёўкамі, сякерамі, вёдрамі...

Па дарозе ў штаб партызанскага злучэння ўсе толькі і гаварылі аб гэтым здарэнні. Адзін Валодзя ішоў моўчкі. Усё тое прыемнае, што прынесла яму прызямленне ў родным краі, нібы хто вырваў з яго душы... Ён прыслухоўваўся да разважанняў суседзяў, дапаўняў іх уласнымі думкамі: «Гэта ж загінулі тры лётчыкі, вось такія арлы, як гэты, што прывёз мяне».

Транспартны самалёт атрымаў пашкоджанне, калі пералятаў лінію фронту. Але заданне ён выканаў і павярнуў назад. За Гомелем каманда зразумела, што за лінію фронту іх машына не дацягне. І вось яны вырашылі пасадзіць самалёт на партызанскі аэрадром. Па рацыі звязаліся з партызанскім штабам. Ды позна...

- Што ты, з такой радасцю ляцеў, а цяпер, як прызямліўся, дык нос павесіў. Мы ж з табой добра фронт прайшлі, - звярнуўся да Валодзі лётчык.

- Па нас таксама білі. Бачыў, як вогненныя стрэлы ляцелі. Шкада лётчыкаў...

- Так, шкада... Пагэтаму ты і засумаваў. Наш брат кожны дзень гарыць у агні... Ты гаварыў, дзяўчына ў цябе тут?

- Ды я нават не ведаю, дзе наш атрад цяпер. І ці жывая яна...

- А мы куды ідзём? - запытаў лётчык.

- Гэта другі атрад, не мой.

- Не сумуй, пабудзем і ў тваім.

Ужо было зусім відна, калі партызаны прыйшлі ў размяшчэнне атрада, які знаходзіўся пры штабе злучэння.

Валодзя быў апрануты ў вайсковую форму, і маладыя партызаны з зайздрасцю паглядалі на яго і шапталі адзін аднаму: «Дэсантнік...» А калі ён запытаў, дзе можна крыху адпачыць, кожны наперабой запрашаў да сябе ў будан. Але Валодзя рашыў адпачыць на свежым паветры. Ён лёг на траву, расшпіліў каўнер гімнасцёркі, паклаў побач з сабою аўтамат і зараз жа заснуў.

Вершаліны вялізных сосен добра маскіравалі партызанскія буданы. Нават дым, што паласкаўся празрыстымі блакітнымі хусцінкамі над кухняй, высока не ўзнімаўся, а рассейваўся ў зялёных шатах дрэў. І зверху цяжка было заўважыць лагер. Толькі сонечныя праменні кідалі кволых зайчыкаў на сцяжынкі, буданы, ствалы дрэў.

Валодзя не ведаў, доўга спаў ён ці не, бо прачнуўся толькі тады, калі пачуў, як прыпякло сонца ногі праз халявы ботаў. Ён хуценька ўстаў, абцягнуў гімнасцёрку, паправіў пілотку, закінуў на плячо аўтамат і пайшоў у штабную зямлянку.

Камандзір злучэння ўжо ведаў, што дыверсант Байкач гэтай ноччу прыляцеў з Вялікай зямлі. Ён хацеў сустрэць Валодзю і падзякаваць за тое, што ўдала выканаў яго заданне - узарваў вадакачку ў Жлобіне.

Валодзя яшчэ здалёк заўважыў ля зямлянкі групу партызан і сярод іх пазнаў камандзіра злучэння. Ён падышоў і па-салдацку прывітаўся. Але камандзір працягнуў руку і з усмешкай сказаў:

- У-у-у! Ты як вырас! Калі я яго першы раз бачыў, ён быў зусім яшчэ хлапчуком, - звярнуўся да таварышаў камандзір.

- Так, таварыш камандзір, немцы хацелі мяне крыху ўкараціць, але ж не ўдалося ім гэта. Я назло ім яшчэ больш выцягнуўся і трывалей цяпер на зямлі стаю.

- Малайчына, пойдзем разам снедаць.

Валодзю не хацелася доўга заседжвацца ў чужым атрадзе. Ён цярпліва слухаў за сталом доўгія размовы, а думкамі і душою ўжо быў сярод сяброў. Хутчэй хацелася ўбачыць сваю дзяўчыну, баявых паплечнікаў, а праз які тыдзень пабываць у маці. Ён толькі цяпер даведаўся з размовы камандзіраў, што з «Будзёнаўца» сфармавана брыгада, у якую ўваходзяць тры атрады, і стаяць яны ў лесе за чыгункай Жлобін - Калінкавічы.

- Дык я пайду, - сказаў нарэшце Валодзя і пачаў развітвацца з камандзірамі, з лётчыкам.

Камандзір злучэння прапанаваў яму суправаджаючых да Бярэзіны, але Валодзя адмовіўся:

- Я сам ведаю тут усе сцяжынкі. Дайце мне толькі пароль.

Пасля шпітальнай палаты ў лесе дыхалася надзвычай лёгка. Не адчуваліся за плячамі ні рэчавы мяшок, ні аўтамат, ні запасныя дыскі. Толькі крыху замінала планшэтная сумка, якую падарыў Валодзю лётчык. Яна вісела на доўгім рэмені і блыталася ў нагах. Але ў ёй быў цяпер самы дарагі скарб. Партызан з рэчавага мяшка пераклаў туды тоўсты сшытак з сучаснымі ваеннымі песнямі. А якія гэта песні! Упершыню Валодзя пачуў іх у шпіталі ад параненых байцоў.

Спачатку ён не вытрымліваў: нацягваў неўзаметку коўдру на галаву і мачыў падушку слязьмі. А потым прывык і сам пачаў разам спяваць.

«Цёмная ноч!..» Ці ёсць дзе на свеце лепшая песня. Хіба можа ў фрыцаў нарадзіцца такая? Тут патрэбна шырокая вольная душа. Алавяным салдатам гэтага не зразумець. Вось ён вернецца ў атрад і праспявае песню Зіне, хлопцам...

Падыходзячы да знаёмай прыбярэзінскай вёскі Святое, Валодзя пачаў прыкідваць, каго можна папрасіць, каб перавёз цераз раку. Але як толькі ўзышоў на пясчаны ўзгорак, у здранцвенні стаў: на месцы былой вёскі тырчалі чорныя дрэвы і аблупленыя коміны печаў. Балюча сціснулася хлапечае сэрца ад крыўды, а ногі падламваліся, нібы стаіць ён тут ужо даўно. Ён збочыў і сеў на голы корань прыдарожнай сасны. Быў поўдзень. Па гарачым пяску поўзалі чорныя жучкі-шчаўкункі, даўганосікі, вусачы. Раптам каля бота з'явіўся чорны прадаўгаваты жук. «Германскі магільшчык», - падумаў Валодзя. Раструшчыў яго абцасам, падняўся і пайшоў.

Ён прайшоў міма многіх разбураных печаў, пакуль нарэшце напаткаў жывую душу. Панурая жанчына сядзела на абгарэлым палене і абірала дробную бульбу. Убачыўшы ўзброенага чалавека, яна нават не схамянулася. Толькі тады, калі Валодзя прыпыніўся, жанчына падняла галаву. Запалыя вочы ледзь свяціліся на цёмным, худым твары. Позірк яе выражаў абыякавасць да ўсяго і нібы гаварыў: «Што табе трэба? Страляй...» Яна ўздыхнула і паклала на падол рукі.

- Цётачка, - звярнуўся Валодзя да жанчыны, - можа, тут дзе лодка ёсць?

Жанчына з балючай крыўдай паглядзела на яго і глухім голасам запытала:

- А хто вы такі?

- Навошта вам гэта?

- Калі вы былі разам з немцамі, дык павінны ведаць, дзе нашы людзі, дзе мае дзеці, дзе ўсё... - Яна кінула позірк у бок спаленай хаты.

- Цётачка, я свой, партызан.

Пачуўшы такі адказ, жанчына зморшчылася і ў адчаі пачала расказваць, што перад пажарам у вёску на конях прыехала вялікая група ўзброеных людзей. Многія з іх нават былі з істужкамі на шапках. Яны называлі сябе партызанамі, увайшлі ў давер'е жыхароў. Тут іх частавалі, пракліналі немцаў, здраднікаў. А праз які час сюды прыехала некалькі машын з гітлераўскімі карнікамі. Тады толькі людзі зразумелі, якія гэта былі партызаны, калі тыя разам з гітлераўцамі пачалі паліць вёску, забіваць усё жывое. З усіх жыхароў засталіся толькі тыя, што былі ў полі або ў ягадах. І ў яе таксама забілі дваіх дзяцей і спалілі ўсё дашчэнту. Цяпер той, хто застаўся ў жывых, не баіцца ўжо нічога і нікога.

- Прайдзіце вунь туды, - паказала рукой жанчына ў бок вішнёвага садка, з-за якога прасвечваліся два камянкі. - Там застаўся адзін стары, Астапам завецца. У яго, здаецца, захаваўся човенчык, бо рыбу ловіць.

Валодзя нацянькі пайшоў да садка. З Бярэзіны павяваў свежы ветрык. Прабягаючы, ён варушыў попел, разносіў пахі гарэлага пер'я, поўсці, вопраткі. Ад гэтых пахаў рабілася яшчэ гарчэй на душы.

Стары часаў невялікае бервяно. Але як толькі ўбачыў Валодзю, нібы пільны ястраб, хутка разагнуўся і неяк напружыўся. Здавалася, адно імгненне - і ён з сякерай кінецца на ўзброенага чалавека. Але, напэўна, зорачка на Валодзевай пілотцы супакоіла. Бо толькі глянуў стары на яе, адразу ж працёр вочы, зашморгаў носам, нібы малое дзіця, уторкнуў у палена сякеру і загаварыў:

- Гэта ж, сынок, хачу да зімы якую-небудзь хатку зляпіць.

- Так, дзядуля, трэба.

- Ох, горачка наша. Няхай бы вёскі палілі, а навошта людзей... Яны ж патрэбны жыццю.

- Нічога ўжо не вернеш, так здарылася. Мы за вас адпомсцім.

- А чаго ж вы тут адзін?

- Просьба да вас, дзядуля. Перавязіце, калі ласка, мяне на той бок.

- А хто ж вы будзеце?

- Свой, дзядуля, свой я!

- Я-то адразу пазнаю чалавека... гм... пойдзем.

З захаду сонечныя праменні ляглі на Бярэзіну. Вада блішчэла жывым срэбрам і сляпіла вочы. Стары выцягнуў з лазовага куста човенчык і піхнуў яго на прыбярэжныя хвалі.

- Наўрад ці пераедзем, - усумніўся партызан. - Вельмі ж ён маленькі.

- Пераедзем, - запэўніў дзядуля.

Калі Валодзя сеў, стары адпіхнуў вяслом ад берага човен. Імклівыя воды ракі падхапілі яго і шпарка панеслі ўніз па цячэнні. Човен загойдаўся, а партызан сядзеў на кукішках і стараўся не страціць раўнавагу. Вясло ў руках старога, нібы перына, пералятала з аднаго боку на другі. Хутка човен узяў патрэбны напрамак. Валодзя назіраў за спрытнымі рухамі Астапа і не разумеў, чаго ён так спяшаецца. І толькі калі човен тыцнуўся носам у бераг, стары рыбак сказаў:

- Паўз бераг не ідзіце. Я дагэтуль нічога не гаварыў, каб вы не хваляваліся, бо тады чалавек дрэнна трымае сябе на вадзе. Хутка павінен з Шацілак нямецкі вартавы катэр прайсці. Як толькі сонца сядзе вунь на той сасняк, дык ён тут як тут. Я думаю, што яшчэ паспею дабрацца дадому. А вы будзьце асцярожны. Шчаслівай дарогі, сынок!

Стары шпарка пагнаў човен назад, а Валодзя прысеў на лугавую траву ў маладым ракітніку, каб паглядзець на нямецкі катэр. Сонца яшчэ не села на сасняк, і партызан рашыў крыху прылегчы.

«Вёска Святое - нават такая назва не магла спыніць фашысцкіх карнікаў, якія падносілі ў падстрэшшы сялянскіх хат палаючыя факелы», - думаў Валодзя. Ён усё намагаўся асэнсаваць сказаныя дзядулем словы: «людзі ж патрэбны жыццю» і прыходзіў да вываду, што гэта глыбей сказана, чым «жыццё патрэбна людзям». Стары бачыў і разумеў жорсткасць і бязлітаснасць фашыстаў да нашага народа. Напэўна таму ён і выказаў такія словы партызану.

Аднатонна плёскала вада аб круты глеісты бераг, луг быў напоўнены шчабятаннем птушак. Чуваць былі галасы саракапутаў, плісак, а з алешніку лілася задуменная песня аўсянкі.

Раптам данёсся нарастаючы гул матора. І хутка ён нібы праглынуў усе навакольныя гукі. Валодзя ўстаў і, прыгнуўшыся, забег за лазовы куст, адкуль пачаў назіраць. Катэр ішоў хутка. На палубе стаялі гітлераўцы. Яны круцілі галовамі, кідаючы позіркі то на адзін, то на другі бераг. Фашыстаў нішто не здзіўляла: ні бязлюдны травяністы луг, ні пачарнелыя сады, бо гэта была частка тых салдат, якія самі палілі прыбярэзінскія вёскі.

Прайшоў катэр і пацягнуў за сабою па плыні клін з уздыбленых хваляў.

«Хутка я вярнуся сюды, да цябе, Бярэзіна. Тады ў твае грудзі фашысты не будуць забіваць кліны. Няўжо партызаны не ведаюць, што тут кожны дзень снуе гэты катэр?» - падумаў Валодзя і пайшоў па звілістай карычневай сцяжынцы ў бок лесу. Па дарозе ён меркаваў, як на вадзе паставіць міну. І вырашыў, што трэба зрабіць з сітніку два пучкі, звязаць іх і затым пасярэдзіне пакласці снарад, так, каб ён хаваўся пад вадой. У адтуліне снарада, дзе галоўка, воскам замацаваць узрывальнік. Міну паставіць на своеасаблівы якар, а ад узрывальніка працягнуць кабель на бераг. Як толькі катэр узыдзе на плаваючую траву, шмаргануць кабель, а затым абстрэлам не даць ні аднаму гітлераўцу выбрацца на бераг. Валодзя ўжо ясна ўяўляў знішчэнне катэра і, не чуючы ног пад сабой, амаль бег. І толькі калі гімнасцёрка пачала прыліпаць да спіны, ён сцішыў крок. Падышоўшы да лесу, знайшоў нізкі пянёк, сеў. Скінуў рэчавы мяшок. Дастаў адтуль хлеб і бляшанку свіной тушонкі, якую далі яму ў шпіталі. Потым выцягнуў хромавыя боты. Расправіў іх, абцёр, выняў з халявы кавалачак духмянага мыла і паклаў усё гэта перад сабой. «Зіна і не сніла, што я ёй прывязу. Хаця яна, напэўна, не чакае, што я сам вярнуся», - падумаў Валодзя. Ён адкрыў кансерву, адрэзаў лусту хлеба і з апетытам пачаў есці, не зводзячы вачэй з ботаў. Прыпамінаў, які ў Зіны быў дрэнны абутак, колькі мазоляў яна, бядачка, нацерла. «Хоць усе грошы аддаў, але ж падарунак што трэба. - Валодзя ўзяў брусок мыла, панюхаў і ўсміхнуўся: - Ці мылася яна калі такім?»

Сонца хутка садзілася. Валодзя ўклаў рэчы назад і, не спяшаючыся, пакрочыў па лесе. Тут яму ўжо ўсе знаёмыя дарогі, сцяжынкі. Тое месца, дзе размяшчалася брыгада, ён помніў добра і таму рашыў ісці наўпрасткі. Небяспека пагражала толькі з боку чыгункі, але ж яе блакавалі партызаны, і ён ведаў, што цягнікі пакуль што па ёй не ходзяць. У лесе стаяла цішыня. Толькі ўгары над высокай бярозаю рабіў колы ястраб-цецеравятнік і крычаў: «Піць, піць, піць...» Можа, пагэтаму не варкаталі горліцы і маўчалі іншыя дробныя птушкі. Пралезшы праз гушчар, Валодзя выйшаў на невялікую палянку, залітую праменнямі заходзячага сонца, і адразу заўважыў, што хтосьці рухаецца. Ён спыніўся і сціснуў аўтамат. А потым сам сабе ўсміхнуўся і насцярожана глядзеў. На суцрацьлеглым баку палянкі стаяла ласіха. Яна ківала бязрогай галавой і нібы зжынала верхавінкі маладога малінніку. А ззаду каля ласіхі мітусілася цыбатае ласянё і мордай тоўхала яе ў пахвіну. «О прыгажуня, ужо не адну блакаду перажыла і фашыстам не трапіла на вочы...» - толькі падумаў Валодзя, як ласіха неяк напружылася, патапталася заднімі нагамі і, бокам адпіхваючы дзіця, скокнула. Пярэдняя нага яе матлялася.

Партызан адразу ж спахмурнеў. Валодзя прыстрэліў бы яе, каб не пакутавала, але ж малое збоку. Без маці яно загіне.

У партызанаў існаваў няпісаны закон - ласёў не забіваць. А вось гітлераўцы ў апошнія гады вайны былі злосныя, яны не толькі знішчалі лес, але імкнуліся загубіць у ім усё жывое.

«Не схаваліся, не схаваліся і вы ад іх, праклятых», - гледзячы на ласянё, думаў Валодзя.

А яно ціха мыкала, тапталася каля маці, трымцела, тоўхала са злосцю яе. Напэўна не хапала малака для малога ў параненай ласіхі. А яно не разумела, што маці сцякла крывёю і пераносіць страшэнны боль. Яму дай есці - і ўсё. Вось яно яшчэ мацней замыкала, выцягнула шыю, забегла да морды маці. Тая кінула есці маліннік і пачала пяшчотна лізаць малога. Ласянё вінавата сагнулася, падставіла бачок і тулілася да перабітай нагі ласіхі. Яна крыху адскочыла ўбок, павярнулася і па-ранейшаму працягвала лізаць шыю, даўгавухую галаву свайго дзіцяці.

Партызан ціхенька пачаў адступаць назад, каб абысці паляну і не парушыць той горкі і радасны момант ляснога жыцця. Ён доўга яшчэ ішоў, асцерагаючыся, каб не наступіць на сухую галінку і не нарабіць шуму. «Думаў, вярнуся на сваю родную зямлю - спяваць буду. А тут на кожным кроку сэрца да болю сціскаецца. А як там Дубовая Града, мая маці?..» - разважаў партызан, ідучы па лясной сцяжынцы на захад.

А вось і мёртвая паласа абапал чыгункі. Раней Валодзя тут быў і бачыў свежапаваленыя вялізныя сосны, елкі, бярозы. Цяпер яны ляжаць абпаленыя і толькі тырчаць угару чорныя разгалістыя лапы. Дзе-нідзе з зямлі нясмела паказваюцца знакамі пытальнікаў парасткі папаратніку.

Хаця навокал і стаяла цішыня, але Валодзя асцярожна ўзыходзіў на раскоўзаны насып чыгункі. Заўважыўшы пагнутыя рэйкі на шпалах, ён пасмялеў і нават спыніўся. «Дарма лес знішчылі фрыцы, усё роўна не дадзім адрамантаваць чыгунку», - падумаў Валодзя і пабег з насыпу. На тым баку чыгункі пачынаўся Алёс. І як ты добра ні ведаеш гэты лес, але арыентавацца ў ім на змярканні ўсё ж цяжка.

Па травяністай паляне партызан пакрочыў на поўнач, каб трапіць на прасеку, адкуль добра ісці ў напрамку да Вароняга лугу, дзе базіравалася іх брыгада. Магчыма, што тут паблізу дзе-небудзь і партызанскія сакрэтныя дазоры. Аднаго чалавека яны прапусцяць і паведамляць сёння не пойдуць. Магчыма, адзін з дазорных будзе праследаваць незнаёмага ўзброенага чалавека, а можа, і не. Падумаюць, што супраць ночы няхай ідзе, пакуль не трапіць на пост. А там падымуць трывогу, і незнаёмец нідзе не дзенецца. Валодзя паста не баяўся, бо пароль у яго быў на двое сутак уперад. І партызан чым далей ішоў, тым больш чакаў вокрыку вартавога. Нарэшце ўперадзе, каля елкі, шчоўкнуў затвор вінтоўкі, і пачуўся няўпэўнены вокліч, яшчэ, відаць, неабстралянага хлопца:

- Стой! Хто ідзе! Пароль!

Валодзя выкрыкнуў пароль і, не патрабуючы адказу, накіраваўся да вартавога. Той усё яшчэ не выходзіў з-за елкі. Параўняўшыся з ім, Валодзя спыніўся. Да яго падышоў сапраўды малады незнаёмы хлопец у цёмным пінжачку.

- Вы да каго? - запытаў хлопец.

- Мне патрэбны Ядловец або Сяргееў.

- Так, яны тут.

- А Міколу Верасава, Анатоля Зубёнка ведаеш?

- Я іх ведаю, але ж яны не ў нашым атрадзе. Вам тады трэба ісці далей, туды, пад гравейку.

- Што, ты не хочаш, каб я да вас заходзіў?

- Ідзіце вось па гэтай сцяжынцы. Там вартавы вас правядзе да камандзіра.

Валодзю яшчэ раз давялося адказаць пароль, пакуль ён трапіў у будан да камісара брыгады. Сяргееў ужо спаў, і калі вартавы разбудзіў яго, той засвяціў ліхтарыкам і пазваў свайго старога сябра. Камісар абхапіў Валодзю рукамі і пацягнуў за сабой. Валодзя ў цемнаце зажмурыў вочы і стараўся стрымліваць слёзы, але адчуваў, што яны ўсё роўна коцяцца, коцяцца...

- Чаго ты маўчыш, скажы хоць слова? - трос яго Сяргееў.

- Я як толькі прызямліўся, то чамусьці знікла ўсякая ахвота гаварыць, а засталося толькі жаданне слухаць, Аляксандр Данілавіч. Мяне цікавяць вашы навіны.

- Есці хочаш? - запытаў камісар.

- Не, я нядаўна вячэраў.

- Тады кладзіся побач са мной.

- Гэта іншая справа, адпачыць трэба, - складаючы свае рэчы ў куток будана, сказаў Валодзя.

Сяргееў зноў запаліў ліхтарык. Партызан скінуў боты і лёг.

- Ну, расказвайце, Аляксандр Данілавіч, як вы тут ваюеце?

- Туга было, туга, брат. Страшэнная блакада прайшла. Немцаў было поўна, танкі, самалёты... Але нашай брыгадзе пашанцавала выйсці з-пад удару. Ведаеш, балоты нас выратавалі. Гітлераўцы кінуліся на прачоску глухіх лясоў, а мы прабраліся ім у тыл і размясціліся ў балоце ля Дубовай Грады. Вельмі шкада мірных людзей. З іх фашысты паздзекаваліся: стралялі, палілі. Цяпер вялікія нямецкія часці стаяць у Шацілках і Жлобіне. І наша дзейнасць пакуль што скутая.

- Ну, а як Дубовая Града?

- Цэлая. Яна цяпер ужо не лясная вёска, і немцы абышлі яе. Бачыў я тваю маці. Спецыяльна наведаў.

- Ну і як яна там?

- Распытвала ўсё пра цябе, скажы ёй, пераляцеў ты лінію фронту ці не.

- Так... А група наша дзе?

- Малайцы хлопцы. Усе жывыя, многа дыверсій зрабілі. У нас жа цяпер тры атрады, і твая група засталася ў «Будзёнаўца». Праўда, яна цяпер не ў атрадзе, а ў спецыяльнай сапёрнай роце.

- А чаму гэта?

- Камандзірам там былы сапёр Шаблін Пётр Ягоравіч. Дык рота будуе брыгадны шпіталь, а сам камандзір, які добра ведае падрыўную справу, узяўся падрыхтаваць яшчэ адну-дзве групы. Вашу ж групу прызначылі з той мэтай, каб хлопцы перадалі свой вопыт.

- Значыць, мой камандзір будзе ваш калега?

- Так, баявы хлопец. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга яшчэ за баі ў фінляндскую.

- І быў у арміі палітруком роты? Трэба было хоць на атрад паставіць свайго калегу. Такі камандзір - гэта ж знаходка. У мяне ў шпіталі распытвалі, якія ў нас пасады ёсць, дык я абстрэленым салдатам гаварыў, што ім бы ўзвод тут далі.

- Ну, ведаеш, палітрук-то Шаблін, палітрук, але ж доўга адседжваўся.

- Не разумею вас. Дзе адседжваўся?

- Калі вялікая птушка ліняе, дык яна сядзіць у глухіх гусцяжах, каб бяспечней было. Я думаю, што Шаблін доўга вагаўся, пакуль да нас прыйшоў. Хаця ён нам прыводзіў усялякія довады: ад гаспадыні, у якой ён знаходзіўся, узялі падпіску ў воласці, што ён нікуды не сыдзе. А ў той гаспадыні дзеці. Можа, гэта і сапраўды так. Але ж у такі час камуністу нельга станавіцца і адной нагой у дрыгвянае балота, бо засмокча. А ён падпісак напалохаўся.

- А вы ж таксама былі ў вёсцы да сорак другога.

- Я быў паранены і адкрыта не жыў. Шаблін цябе не ведае. Трэба будзе сказаць, каб ён падабраў добрых хлопцаў для Міколы, а ты пойдзеш зноў сваю групу ўзначальваць.

Валодзя слухаў камісара, а запытаць пра Зіну саромеўся. Неўзаметку ён пачаў драмаць.

- Расказаў бы ты, як там у нас на Вялікай зямлі.

- А? Што?..

Сяргееў зразумеў, што Валодзя засынае, і сказаў:

- Працягнем размову заўтра. Ты стаміўся, спі, спі.


Загрузка...