XV


Вярнуўся са штаба брыгады камандзір атрада і загадаў спыніць работы па будаўніцтву зямлянак. Партызаны здзівіліся. Толькі два дні назад падрыхтавалі пляцоўку для пасадкі самалётаў з Вялікай зямлі, цяпер пачалі капаць зямлянкі - рыхтаваліся да зімовых умоў, а тут новы загад. Яны не ведалі, што ад камандзіра злучэння ў штаб брыгады прыйшоў загад: рухацца насустрач нашым войскам, пераправіцца цераз Бярэзіну і на левым беразе рэчкі заняць абарону.

Валодзю Байкача выклікалі да камандзіра атрада. Калі ён увайшоў у зямлянку, там было ўжо ўсё начальства атрада.

- Здаецца, усе прыйшлі, - устаў Булынка. - Таварышы, сёння мы пакідаем лагер, і гэты паход у нас будзе своеасаблівы. Мы не пераходзім, як звычайна, на новае месца стаянкі, а ідзём у бой. Таму прашу хутчэй падрыхтавацца: якія рэчы нам не спатрэбяцца - закапаць, збожжа таксама. Трэба папярэдзіць кожнага партызана, каб добра абуўся, бо коней у нас хопіць толькі каб падвезці параненых, боепрыпасы і прадукты харчавання. Байкач, мы меркавалі, што твая група пойдзе на іншае заданне, а цяпер яно адмяняецца. Думаю, што за Бярэзінай вам давядзецца папрацаваць ва ўсю сілу.

- Зразумела, - адказаў Валодзя. - Мне можна ісці?

- Так.

Валодзя забег у будан у добрым настроі і прадэкламаваў:


Нынче у нас передышка,

Завтра вернемся к боям,

Что же твой голос не слышен,

Друг наш походный - баян?


- Хлопцы, маршрут мяняецца. Пойдзем разам з усёй брыгадай на сустрэчу з нашымі войскамі. Праўда, нам яшчэ давядзецца сустрэцца з адступаючым ворагам. І на гэтым, відаць, мы закончым сваю партызанскую дзейнасць. Калоша, вазьмі баян ды сыграй што-небудзь на развітанне.

- З кім? - запытаў нехта з хлопцаў у камандзіра.

- Ну, хаця б з гэтым дубам, буслянкай. Буслы вернуцца да яе вясною, а мы, відаць, ужо не, - сказаў Валодзя.

Калоша пачаў іграць. Ён ужо сам склаў папуры на сучасныя ваенныя песні. Хлопцы моўчкі слухалі. Маўчаў і камандзір. Ён у душы быў задаволены, што не пойдзе зноў у Жлобін на выкананне складанага задання. Баннік наладзіў сувязь са сваім сябрам паліцэйскім, які часта стаяў на варце каля бензасховішча. Яно размяшчалася ў горадзе, і трэба было яго ўзарваць. Валодзя ўжо моцна стаміўся ад падобных аперацый. Значна прасцей і лягчэй было зрабіць вылазку на чыгунку і ўзарваць эшалон. Праўда, ісці на чыгунку таксама небяспечна, але калі ты да таго, як ісці, правядзеш дэталёвае назіранне, можна абысці засаду. А вось дзейнічаць у горадзе іншая справа, усё залежыць ад выпадку: ці ты ідзеш на выкананне задання, ці ты выконваеш яго, ці вяртаешся - заўсёды небяспечна, заўсёды можаш сустрэцца з непрадбачанай нечаканасцю.

Падышла Валя. Яна ўсунула галаву ў будан і запытала:

- Чаму вы не збіраецеся?

- Валечка, мы ж заўсёды ў баявой гатоўнасці, - сказаў Валодзя. - Я табе гаварыў, што не трэба рабіць зямлянку, бо ў ёй усё роўна жыць не давядзецца.

- Нашы дзяўчаты падумалі, што ты пажартаваў.

- Няхай дзяўчаты так падумалі, а ты ж ішла на заданне, і я перакананы, што пакуль бы мы яго выканалі, дык і нашы б прыйшлі.

- Гэта ніхто з камандавання не бачыў, што вы адлежваецеся ў будане, інакш бы і вас прымусілі капаць зямлю.

- Мы толькі што хацелі ісці памагаць вам, - засмяяўся Анатоль. - Але ж паступіў загад спыніць работу. І навошта нам была зямлянка? Вярнуліся б, дык няўжо твае дзяўчаты не дазволілі б нам дзе-небудзь каля ног прытуліцца.

- А яны і сапраўды смяяліся і гаварылі, што тыя ліхачы, гэта значыць вы, яшчэ да іх будуць прасіцца. Усіх здзіўляла, што вы так абыякава адносіцеся да будаўніцтва для сябе жылля. Вунь некаторыя партызаны пералаяліся нават з-за месца, дзе яны будуць рабіць зямлянкі.

- Яны меркавалі тут прыгрэцца і сядзець, а нам горача было без зямлянкі. Мне вунь скуранку самога начальніка паліцыі прынеслі. Наогул, яна павінна была быць Паўлавай, бо ён на мосце вызначыўся, - засмяяўся Валодзя.

- А што... Начальніка ўжо няма? - запытаў Пыліла.

- Так, няма. Твой палонны аказаўся небяспечным здраднікам. Хацелі пакінуць у атрадзе, а потым здаць яго ў армію як штрафніка, але ж самі паліцэйскія вынеслі начальніку прыгавор і самі выканалі яго. Начальнік заўзята арганізоўваў паліцыю, і яго рукі па самыя локці ў крыві нашых людзей. Паліцэйскія расказвалі пра яго дзеянні, дык агідна і балюча слухаць было. Ён толькі ў Жлобіне пяць жонак меў, сам удзельнічаў у масавых расстрэлах савецкіх людзей.

- Гэта наш Паўлуша такога здрадніка захапіў, - засмяяўся Анатоль. - Раскажы, Паўлуша, не саромейся, як твой палонны цябе з-пад Жлобіна гнаў?

- Ты б у маё становішча трапіў, не смяяўся б, - злосна адказаў Павел.

- Так, становішча было цяжкае, спачатку баяўся ехаць на мост, а калі камандзір прывёз яго, дык ён на другі бок рэчкі - і залёг там. Як жа, страшна. Няхай бы немцы білі, ды звычайнымі кулямі, а то пусцяць вогненны ланцужок, і збоку здаецца, што ён прама на цябе ляціць. Павел не дурны наперад ланцужку заязджаць, - кпіў Анатоль.

- Ну, хопіць табе, разбалбатаўся, нібы балабон на збродлівым кані, - яшчэ больш раззлаваўся Пыліла.

- Трэба правільна ўспрымаць заўвагі сяброў, - сур'ёзна сказаў камандзір.

- Я ўспрымаю, але ён на мосце мяне не бачыў, і не яго справа гаварыць.

- Вось каб ты своечасова на мост прыехаў, ён бы цябе ўбачыў і нічога б не гаварыў. Хопіць, гэта ўжо старая песня, - махнуў рукой Валодзя. - Усё добра, што добра канчаецца.

- Вунь ужо становяцца ў строй, пойдзем і мы да роты далучымся, - прапанавала Валя.

- А нам не абавязкова далучацца, - выйшаў з будана Валодзя. - Уперадзе разведчыкі пойдуць, а мы, відаць, ззаду ў прыкрыцці. Ты, Валечка, сядзеш на маю кабылу, а то не дойдзеш, пераход вялікі.

- Не, я пайду.

- Камандзір, яна паедзе на маім, - выскачыў з будана Анатоль.

- Вось, Анатоль, малайчына! Удваіх з Валодзем ехаць я згодна.

Коні дыверсантаў адпачылі і цяпер нецярпліва тапталіся на месцы. З зямлянкі выйшаў камандзір атрада, і яму адразу ж падвялі каня. Ён узяў павады, глянуў на Валодзю з Валяй і сказаў:

- Валя магла б на падводзе ехаць.

- Нічога, мы верхам паедзем, - адказаў Валодзя.

- Хаця я ведаю, - падміргнуў і засмяяўся камандзір. - Добрая пара.

- Канешне, нашы коні не горш за вашага, - усміхнуўся Валодзя.

- Якія коні, я пра ездакоў гавару. Зайздрошчу вам.

- Навошта, зрабіце, як... - запнуўся Валодзя.

- Як хто?

- Як Капыцкі.

- Думаю, што Валя не згодзіцца.

- Вы правільна думаеце, - без усмешкі сказала дзяўчына.

- Не, я жартую і радуюся вам. У мяне двое кіндараў і жонка ёсць. - Камандзір апусціў вочы і задумаўся, а потым глянуў на Валодзю. - Дзе твая група будзе ісці?

- Вось тут, думаю, у хвасце.

- Правільна вызначыў сваё месца.

Камандзір пайшоў са сваім канём у галаву калоны, а Валодзя з Валяй павярнулі коней і пад'ехалі да сваіх хлопцаў.

- Калоша, ты баян паклаў на калёсы? - запытаў Валодзя.

- Канешне, ён мне адарваў плечы, калі я з Дубовай Грады нёс.

Пачулася каманда, і баявая калона па лясной дарозе рушыла наперад. Следам крануўся абоз. Замыкалі калону дыверсанты.

Кіламетраў пяць партызанскі атрад рухаўся лесам, а потым выйшаў на палявую дарогу. Уперадзе атрада былі відаць яшчэ дзве калоны - гэта пайшлі іншыя атрады брыгады Ядлоўца. Адну за адной партызаны міналі спаленыя фашыстамі вёскі. Паблізу ад абгарэлых печак стаялі, нібы змеценыя венікі, дрэвы. Дзе-нідзе ў садочках, каля папялішчаў, узвышаліся зямлянкі, над якімі паблісквалі камянкі, зробленыя з гільзаў дальнябойных гармат. З некаторых зямлянак на вуліцу выскоквалі хлапчукі. Яны, нібы генералы, толькі ў салдацкіх чаравіках, уздзетых на босую нагу, уважліва аглядалі кожную калону і з сур'ёзным выглядам размаўлялі паміж сабой.

Над лесам за Бярэзінай кружылася нямецкая «рама», бубнеў партызанскі кулямёт. У глыбокім тыле гітлераўцы не пасылалі самалёт-«раму» для выяўлення партызанскіх стаянак. Гэты моцны фашысцкі сцярвятнік звычайна разведваў перадавыя пазіцыі нашых войск. На ім тоўстая браня і выдатная оптыка. Гэта быў самалёт-разведчык, і партызанскага агню ён мала баяўся. Ды і не варта было страляць па ім, бо магчымасць пашкодзіць была вельмі малая. Толькі боепрыпасы дарэмна патраціш.

З'яўленне «рамы» каля Бярэзіны ўжо сведчыла аб тым, што фронт недалёка. Яна, відаць, аглядала і фатаграфавала вызначаныя шляхі для адступлення фашысцкіх войск. А партызанскі кулямёт, напэўна, вёў агонь, каб адцягнуць увагу нямецкага разведчыка ад рэчкі, на якой быў наладжаны мост. Праўда, самалёт не дасягнуў Бярэзіны, а павярнуў і знік у блакіце ўсходняга неба.

Мінуўшы луг, партызаны падышлі да пераправы. Які атрад паклапаціўся, каб зрабіць такі мост, невядома. Відаць было, што мост зроблены не сапёрамі, але па-майстэрску - проста і мудра. Звязаныя бярвенні ў выглядзе плыта трымаліся на двух доўгіх тросах. З правага боку рэчкі канцы тросаў былі замацаваны да ўкапаных слупоў, а з левага - да дрэў, якія стаялі на крутым беразе. Тросы былі нацягнуты, нібы струны, бо хуткае цячэнне Бярэзіны з магутнай сілай уразалася ў бярвенні моста і на сярэдзіне выгінала яго ў дугу.

Брыгада пераправілася хутка, і ўжо на малых інтэрвалах атрад за атрадам пакрочыў каля берага рэчкі. Вось і пагарэлішча былой вёскі Святое. Валодзя рашыў завярнуць да сядзібы дзеда Астапа, даведацца, як ён там жыве, і рыссю памчаў да вішнёвага садка, які ўжо стаяў без лісця. Каля аблупленай печкі партызан спыніў кабылу. На двары ніякіх прыкмет жыцця: пасівелі абчасаныя бярвенні, апаўзлі выкапаныя ямкі для падмурка, толькі маўкліва пазірае чорным вокам у вішняку адчынены склеп. Сцяжынка да яго засыпана апаўшым лісцем. На кучы трэсак ляжыць пакрытая рыжымі вяснушкамі сякера. «Напэўна, не захацеў стары Астап жыць у адзіноце і падаўся да людзей. Або і яго дзе-небудзь на човенчыку гітлераўцы застрэлілі. Ну што ж, такі ўжо, відаць, лёс у старога...» - падумаў партызан, зняў пілотку на хвілінку, нібы над труной дзядулі, і памчаў назад з папялішча.

Партызаны спыніліся на скрыжаванні трох дарог, якія выходзілі з лесу на пакаты бераг Бярэзіны. Тут да вайны цераз рэчку быў мост, і немцы па ім перапраўляліся, калі ішлі на ўсход. Але партызаны знішчылі мост, і руху ўжо ў гэтым месцы не было. Партызанскае камандаванне ведала, што гітлераўцы, якім шляхам наступалі, такім цяпер і ўцякаюць. І вось брыгадзе Ядлоўца якраз выпала задача ўтрымліваць былую прыстань на Бярэзіне і не даць магчымасці гітлераўцам наладзіць пераправу.

Атрад Булынкі размясціўся ў цэнтры брыгады і павінен быў кантраляваць галоўную магістраль, якая ідзе з Рэчыцы. Кожнаму партызану было вядома, што гэта самы адказны і небяспечны ўчастак абароны. Па гравейцы могуць ісці матарызаваныя войскі ворага. Таму Булынка аддаў загад асноўным сілам атрада неадкладна рабіць завалы на гравейцы. Партызаны ўспрынялі яго як выключна мудрае рашэнне. Дыверсійная група Байкача пачала рыхтаваць міны.

- Таварыш камандзір, - звярнуўся Валодзя да Булынкі, - мне патрэбна вельмі многа толу. Мяркую паставіць міны націскнога дзеяння паміж заваламі і нацяжнога - абапал гравейкі. Калі ўсё зробім так, дык не толькі машына, а нават гітлераўскі салдат не пранікне да нашай абароны.

- Тады яны кінуцца на суседні атрад.

Валодзя засмяяўся:

- Няхай і той атрад робіць так, каб да іх не падышлі.

- Але ж камандаванне брыгады лічыць, што самы моцны ўдар гітлераўцам павінны нанесці мы.

- Чым мы нанясём? Патронаў, гранат на паўгадзіны бою.

- Сёння ноччу ў размяшчэнні брыгады нашы самалёты павінны скінуць многа боепрыпасаў і зброі. Штаб злучэння ўжо трымае сувязь з камандаваннем фронту. Зразумела, мы не ўтрымаем гітлераўцаў, але ж павінны скаваць іх хоць на некаторы час, а потым калі ўсё-такі прарвуцца праз партызанскую абарону, дык ужо не паспеюць замацавацца на Бярэзіне, бо па пятах наступаюць рэгулярныя нашы часці. Заўтра ваша група павінна закончыць мініраванне подступаў і пераправіцца на той бок рэчкі. Там, наперадзе ў ворага, які будзе адступаць, мініраваць дарогі, сеяць паніку, - гаварыў камандзір атрада.

- У такім выпадку я буду заўтра прысутнічаць пры размеркаванні грузаў. Вы злучыцеся са сваімі, а мы адарвёмся ад атрада, дык нам трэба мець вялікую колькасць боепрыпасаў.

- Думаю, што тваю групу ўзброім як належыць. А цяпер тол ёсць, можаш браць, колькі спатрэбіцца.

Валодзя пайшоў да сваёй групы. Хлопцы ўжо збудавалі нейкі бліндаж у яры. Ён не быў падобны на бліндажы, што майстравалі іншыя партызаны, а хутчэй нагадваў пячору сівой старажытнасці. Збоку ў яры быў пракапаны пясчаны грунт, пастаўлена некалькі падпорак і нацягана туды шмат яловых лапак. Валодзя ўсунуў галаву ў пячору і гучна сказаў:

- Вы, нібы краты... закапаліся, вылазьце, бо адлежвацца не давядзецца. Ці ўсе вы тут, не відаць нікога.

- Усе! - адразу пачулася некалькі галасоў.

- Давайце, браткі, пойдзем папрацуем крыху да змяркання.

- Ды няхай завалы робяць, а то яшчэ сваіх падарвём, - сказаў Пыліла.

- Што, стаміўся ўжо? Трэба спяшацца, бо заўтра нам трэба перабірацца назад на той бок Бярэзіны.

- Чаго? - запытала Валя.

- Трэба будзе паскубваць ворага на шляху адступлення.

- А гэта лепш, чым сядзець у гэтай нары, - сказаў Анатоль і выйшаў у яр. - Пайшлі, таварышы.

Быў ужо завалены вялікі адрэзак гравейкі, калі падышлі дыверсанты. Яны пачалі ставіць міны з такім разлікам, каб да спілаваных дрэў не мог нават ступіць салдацкі бот.

- Вось гэта прыдумалі добра, - гаварылі некаторыя партызаны. - А мы лічылі, што наша праца будзе дарэмнай. Танкі падыдуць, дрэвы расцягнуць, і шлях адкрыты. А цяпер трасцу...

Такія ацэнкі партызан натхнялі дыверсантаў, і кожны быў задаволены, што без іх нельга абысціся атраду ні ў якім выпадку. Шкада толькі падрыўнікам, што яны не будуць бачыць тут выніку сваёй працы.

Вечарэла. Згусціўся змрок у бары, затое неба нібы пасвятлела. Хмарак не было, і месяц не гойдаўся, а яго сёстры-зоркі рассеяліся па ўсім нябесным купале. Адна мільганула ў сіні і пайшла ўніз, пакідаючы за сабой іскрысты хвост. Але хутка яна нібы перадумала падаць на гэтую трывожную зямлю, дзесьці патухла, не даляцеўшы да цёмнай паласы лесу.

Хаця вечар і быў ціхі, але хвалі Бярэзіны зганялі сцюдзёнае паветра на бераг, і халадок лез пад лёгкае партызанскае абмундзіраванне. Цяпер многія ўспаміналі выступленне самадзейнага артыста, які крытыкаваў партызанскія світкі. Сапраўды, у гэтым годзе партызаны да зімоўкі не рыхтаваліся. Кожны думаў, што цёплая вопратка ўжо больш не спатрэбіцца ў лесе. Усе чакалі вайсковых шынялёў, паўкажушкоў. Злучацца са сваімі войскамі, а там Радзіма паклапоціцца: апране, абуе байца.

Кастры паліць не дазвалялася, а бліндажы не закончаны, і для многіх партызан ноч была салаўінай. Яны не спалі, а скакалі, шчоўкалі, свісталі. Днём, калі ўсе працавалі, дык і не ўяўлялася, што будзе так холадна. Лепш адчувалі сябе дыверсанты ў пячоры. Праўда, Валодзя са сваімі не начаваў. Ён паліў кастры на паляне, каб зарыентаваць лётчыкаў, дзе скінуць груз. Вярнуўся ў пячору толькі раніцай, упаў каля ног сваіх сяброў і заснуў.

Сонечныя праменні змянілі срэбны бляск ад месяца на Бярэзіне і запалілі яе чырванню. Пафарбавалі ракітнік на плёсах, крутыя пясчаныя берагі, ствалы сосен. Партызанская абарона была маўклівай. Усе, хто ноччу не спаў, запалілі кастры і паляглі плячамі да іх, каб пагрэцца. Але ў небе пачуўся гул самалёта, і панеслася па лесе каманда: «Гасі кастры! Гасі кастры!..» Зноў да Бярэзіны над гравейкай ляцела «рама». Мінуўшы завалы, яна развярнулася і над рэчкай паплыла ўніз да партызанскага моста. Але мост ужо быў зняты і зведзены да аднаго берага. Па самалёце партызаны не стралялі. Ён знізіўся і шнырыў над берагамі Бярэзіны. Невядома, заўважыў гітлераўскі сцярвятнік змены на гравейцы ці не, але зноў павіс над ёю.

Булынка не вытрымліваў, каб не ўдарыць па самалёце з супрацьтанкавых ружжаў, якія атрымаў атрад сёння ноччу, але сам не адважыўся на такое рашэнне. Ён ускочыў на каня і памчаў у штаб брыгады.

Выслухаўшы камандзіра атрада, Ядловец глянуў на Сяргеева, усміхнуўся і сказаў:

- Вось чаму ў іх атрадзе ўсе гарачыя, бо сам камандзір такі. Мы лічылі цябе, Булынка, больш разважлівым. Напэўна, закруцілі табе галаву супрацьтанкавыя ружжы. Былі б яны раней у атрадзе, мы б выкарыстоўвалі іх інакш. Стралялі б і па самалётах, і па паравозах. А цяпер мы не толькі выдадзім сябе, але і сваю зброю. Вось мы думаем, як траншэі пракапаць, кулямётныя кропкі ўстанавіць, каб вораг не заўважыў, а ён па паветранаму разведчыку хоча агонь адкрываць. Як толькі гітлераўцы даведаюцца, што мы тут умацаванні робім, дык яны з артылерыі, з самалётаў змяшаюць гэты бераг і нас разам. Аб завалах гітлераўцы ведаюць, дык трэба сёння ж заваліць гравейку кіламетраў за пяць ад нас. Пры адступленні яны расцягнуць і будуць спакойна рухацца ўперад.

- Зразумела, - адказаў Булынка.

- Так, цяпер паедзеш і адпусціш дыверсійную групу Байкача, - сказаў Сяргееў.

- Яны яшчэ не закончылі мініраваць падыходы.

- Знайдзі іншых мінёраў. Мы не ўпэўнены, што адтуль не падыдзе якая-небудзь часць. А будзе там група Байкача, лічы, што нашы вочы там.

- Таварыш камісар, Валодзя заўсёды разведку праводзіць на сябе, лепш...

- Зараз жа накіруй яго да мяне, - перабіў Сяргееў.

- Ёсць! - павярнуўся і пайшоў з бліндажа Булынка.

- Я разумею Булынку, не хоча групу адпускаць, - усміхнуўся Сяргееў.

- А што, сапраўды можна было за Бярэзіну паслаць некалькі разведчыкаў, - сказаў Ядловец.

- У масавы бой не варта такую групу ўцягваць. Хлопцы там смелыя, і будзе недаравальна, калі ў апошнім нашым баі загінуць. Няхай лепш самастойна злучацца з войскамі. Байкача пусціць за Бярэзіну, гэта як рыбу ў рэчку. Там ён зарыентуецца, бо кожны куст ведае. Праўда, трэба папярэдзіць...

Не паспеў камісар выказаць камбрыгу сваю думку, як на парозе з'явіўся Байкач.

- Праходзь, Валодзя, - сказаў Сяргееў.

- Ды ў вас цёмна. Я прывык навокал сябе ўсё бачыць і цемры баюся горш, чым немцаў.

- А яшчэ начны салдат, - папракнуў Ядловец і ўсміхнуўся.

- Ноччу і сава вылятае на паляванне, але ж не хаваецца ў нару. У мяне розніца з савой у тым, што днём я павінен усё бачыць, а ноччу ўжо ведаць, дзе хто ёсць.

- Дык вось мы і вырашылі не трымаць цябе ў нары. Зараз жа перабірайся на той бок Бярэзіны.

- Прызнацца, таварышы камандзіры, я не зусім хачу пакідаць атрад. Заўважаю, што і хлопцы не маюць настрою, хаця і маўчаць. Праўда, Пыліла захварэў...

- Мы разгледзелі тваю заяву і аднагалосна прынялі цябе ў партыю.

Валодзя ўдыхнуў на поўныя грудзі паветра і выпраміўся.

- Але ж я гранату кідаў пад ногі камандзіру і, можа, не...

- Ты пра гэта не ўспамінай, галубок, усе даравалі табе, - сказаў Ядловец.

- А якое заданне мне за Бярэзінай?

- Вось мы цябе і выклікалі, каб расказаць, - падняў галаву камісар. - Займацца толькі разведкай. Калі будзе рухацца значная колькасць варожых войск да Бярэзіны, неадкладна паведаміць нам.

- Ну, а што тады вы зробіце, назад будзеце страляць?

- Мы паведамім у штаб арміі, і адтуль накіруюць авіяцыю. Нашы ведаюць, што немцы паспрабуюць замацавацца на водным рубяжы. І тады фарсаваць Бярэзіну будзе не так проста. А гітлераўцам з Гомеля на Жлобін шлях адступлення адкрыты, а са Жлобіна да Бярэзіны - рукой падаць, - гаварыў камбрыг.

- Я пра гэта не думаў. У такім выпадку нам неабходна будзе ставіць міны і знішчаць усе масточкі цераз канавы ў былой партызанскай зоне. Так што нам давядзецца займацца не толькі разведкай. Склаўшы рукі я чакаць сваіх самалётаў не буду.

Ядловец і Сяргееў усміхнуліся, але Байкачу не пярэчылі. Яго довады былі правільныя. Кожны партызан, выкарыстоўваючы свой вопыт і сілу, павінен зрабіць усё, каб сарваць планы ворага, бо ў варожым тыле ні адзін камандзір не прадугадае тых абставін, з якімі можа сутыкнуцца баец на кожным сваім кроку.

- Але ж галоўным для вашай групы цяпер павінна быць разведка, - пасля некаторага маўчання сказаў Сяргееў. - Бо можаце ўвязацца ў штосьці важнае, але другараднае і выпусціць з поля зроку галоўнае, што будзе каштаваць потым многіх жыццяў савецкіх воінаў. Што б ты ні рабіў там, аб гэтым, Валодзя, павінен памятаць заўсёды. Ты ўжо камуніст, і трэба думаць шырока - пра лёс многіх, пра лёс Радзімы.

- Я заўсёды думаю ад канкрэтнага да агульнага. Вось мы пакуль маўчалі, я думаў, як пераправіцца цераз раку. Хачу пару коней з сабой узяць.

- А гэтага не трэба было б рабіць, - сказаў Сяргееў.

- Што - думаць?

- Не, коней браць. Трэба добра ўзброіцца, узяць з сабой сухароў і хадзіць непрыкметна па скрытых мясцінах.

- Я сваю немку не пакіну, яна мяне з любога агню вынесе, а тут здохне. Яе ж вазьмі за шчотку пярэдняй нагі і скажы ляж - лажыцца.

- І па-расейску разумее загады? - усміхнуўся Ядловец.

- Немец так хутка не навучыўся б нашай грамаце, як жывёліна. Таго трэба біць, каб зразумеў, а яе папрасі, яна ўсё выканае. Скажу стой, а сам саскочу з сядла і пабягу ў хату. Вярнуся, стаіць сярод вуліцы, чакае. Не, я не пакіну кабылу. Мне трэба будзе тэрмінова да вас, адно імгненне - і я тут. А што за разведка, калі я буду з данясеннем на некалькі метраў уперадзе нямецкай калоны ісці? На кабыле я лёгка цераз Бярэзіну пераплыву, яна заўсёды паслухмяна ў ваду ідзе. Трэба ўсё ўлічваць, таварышы камандзіры.

- Ну, пераканаў, бяры, - засмяяліся камбрыг з камісарам.

- Тут я ведаў, дзе ў спаленай вёсцы схаваны човен. Калі ён ёсць там, дык мы лёгка перабяромся цераз рэчку. Я распрануся і вярхом на кабыле паплыву.

- Прастудзішся, глядзі, - папярэдзіў Ядловец.

- У мяне ж не арыйская кроў, не блакітная, а чырвоная і холаду не баіцца.

- Слухай, калі ёсць човен, дык ты захапі з сабой партызана, ён вас пераправіць і прыплыве сюды. Човен можа нам спатрэбіцца, - сказаў камісар.

- Я вас зразумеў, гэта калі нас не будзе чуваць, дык вы разведчыкаў за Бярэзіну накіруеце, - прыжмурыўся Валодзя і адразу ж перавёў размову: - Мяне здзіўляе, чаму немцы не будавалі ўмацаванні на рэчцы, а на чыгунку ў Слабаду прыслалі сапёрную дывізію?

- Хто іх ведае. Але ж там таксама рубеж вельмі зручны для абароны: узвышша, а на подступах - балота, - сказаў камбрыг. - Ды, наогул, калі б гітлераўцы затрымаліся на Бярэзіне, дык гэта б была іх агульная глыбокая абарона. Чыгунка ж адсюль недалёка.

- Нашы самалёты ўжо бамбілі ўмацаванні каля Слабады. Але ж, напэўна, рана яны гэта рабілі. Тады ўмацаванні яшчэ не былі, як кажуць, заселены, - разважаў Валодзя.

- Чаму, там ужо зенітак у іх многа, бо агонь быў магутны, - заўважыў Сяргееў.

- Зенітную артылерыю немцы ў апошні час падцягнулі туды, раней не было. Дзе яна там стаіць? - задумаўся Валодзя. - Але я разведаю і паведамлю вам. У атрадзе з групы застанецца Іван Жураўчык. Калі спатрэбіцца сувязь са мной, накіруйце яго за Бярэзіну. Ды і Пыліла, можа, ачуняе.

Камбрыг і камісар выйшлі з бліндажа разам з Валодзем і праводзілі яго па лесе. Шуршэла пад нагамі пажухлае лісце, з лапак елак і соснаў сыпалася рудая ігліца, якую змяняла зялёная. Камбрыг ішоў першым. Затым ён спыніўся ля вялізнага сівога каменя на ўскраіне лесу, паставіў на яго нагу і ўсміхнуўся:

- Я яшчэ да вайны чуў легенды пра гэты камень. Адны расказвалі, што мужык запрог вала і паехаў на Вялікдзень у лес па дровы. Сек, сек, а калі вярнуўся да калёс, дык вол яго ўжо акамянелы ляжыць. Другія ж гаварылі, што гэты камень чэрці неслі ў Бярэзіну, але заспявалі пеўні, і яны не ўтрымалі яго, бо калі пеўні заспяваюць, сіла ў чарцей знікае...

- Больш верагодная, відаць, першая легенда, - сказаў Сяргееў. - Глядзіце, вельмі ж камень падобны на вала. І галава акрэслена і лапаткі, вядома, час крыху абрысы сцёр, а прыгледзішся добра - вол.

Валодзя пільна глядзеў на камісара, каб заўважыць, сапраўды ён так думае ці жартуе. Але Сяргееў засмяяўся, і хлопец зразумеў, што камісар сваёй фантазіяй абгрунтоўвае легенду.

- Ну, мне трэба спяшацца, каб да пеўняў быць на месцы. Бо і ў мяне, нібы ў тых чарцей, калі заспяваюць пеўні, дык сіла знікае, спаць хочацца, - засмяяўся Валодзя.

- Добра, - трасануў за плечы дыверсанта камісар. - Жадаем табе поспехаў і шчасця. Да сустрэчы на вызваленай зямлі.

Валодзя развітаўся з камбрыгам. Зрабіўшы некалькі крокаў, ён азірнуўся, памахаў рукой і знік у лясным гушчары.


Загрузка...